ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1

Быкаў Васіль

Шрифт:

Так настала сёмае мая. Мы ўсё ў тым пасёлку, пяхота таксама на ягонай заходняй ускраіне. Амерыканцы яшчэ далёка. І вось уначы нашыя радысты дачуліся, што заўтра падпісанне капітуляцыі Германіі. А мы атрымліваем загад: у 19.00 атака на нямецкія пазіцыі. Падрыхтавацца да атакі. Загадана ставіць гарматы на прамую наводку, суправаджаць пяхоту агнём і коламі. Ну, мы найперш напісалі лісты дадому, маўляў — ідзём у апошні бой. Калі што, дык…

А. А.: Ну, і які стан у гэты момант?

В. Б.: Болей чым паршывы.

А. А.: Мабыць, думаеце: ну, на храна гэтая атака?

В. Б.: Бо ўжо пераналадзіліся на мір, ужо паявілася надзея, што выжылі. А тут… Праўда, яшчэ прамарудзілі з гадзіну, а тады пасля кароткага артналёту паднялася пяхота. Але немцы не страляюць, во дзіва! Калі яна дабрыла да варожых траншэй, тыя аказаліся пустыя. Немцы змыліся. І нам загадалі чапляць за машыны гарматы і даганяць немцаў. Але без пяхоты. Калі што, самім быць за пяхоту. І за артылерыю таксама. Што ж, мы паехалі. Ехалі ўсю ноч і ранак. Немцаў дагналі. Далей усе дарогі былі запруджаны нямецкімі калонамі…

А. А.: Якімі? Палоннымі ўжо?

В. Б.: Ды не палоннымі — нямецкімі часцямі. Пяхота, артылерыя — усе кіруюць на захад, здавацца амерыканцам.

Нам яны здавацца не хочуць. А мы і не бярэм. Мы атрымалі новую задачу — як мага хутчэй злучыцца з саюзнікамі. А гэтых мы проста мінаем.

А. А.: Дарогу саступаюць вам?

В. Б.: Пяхота саступае, ідзе па ўзбочынах. А танкі дзенебудзь спыняюцца і з засады робяць колькі апошніх стрэлаў.

А. А.: А пяхота саступае і вы не чапаеце яе? І яна вітае вас?

В. Б.: Некаторыя мовяць: Гітлер капут, — і ўскідваюць рукі. У каторых на руках гадзіннікі, нашыя іх знімаюць. Гадзіннікі — самы папулярны трафей. Некаторых раззбройваем. Я там разжыўся новенькім пісталетам і афіцэрскім плашчом…

А. А.: Так. Ну, а якая сустрэча была з амерыканцамі?

В. Б.: Дамчалі да ракі Энс, у цэнтральнай Аўстрыі. Гэта быў мой апошні рубеж той вайны. За ракой амерыканцы. Пакідалі на лужку абы-як пастаўленыя машыны, пачалі «сустрэчу». Нас на той бок не пускалі, затое амерыканцы свабодна прыйшлі на гэты бок. Некаторыя з амерыканцаў мелі славянскае паходжанне (пераважна з палякаў), а ў нас былі хлопцы з Заходняй Беларусі, якія разумелі па-польску, такім чынам устанавіліся зносіны. Яны нам дарылі свае гадзіннікі, запальнічкі, розную драбязу — на памяць. Мы ім што маглі падарыць — зорку з пілоткі. Але знайшлося віно, і мы добра ўпіліся разам — пераможцы розных армій і нацыянальнасцяў. І ўсе паснулі проста ў кузавах нашых «студэбекераў». Начальства некуды знікла, можа, да іншага начальства, у кожнага знайшлася свая кампанія. Уначы я прачнуўся і пабрыў у горад. Маленькі такі гарадок, але спрытны, як і ўсе іхнія гарады. І не разбураны, цэлы.

Бачу ў адным месцы святло з фараў, і нашыя хлопцы штось робяць. Аказваецца, тут харчовы склад гэтага горада. Хлопцы, прынеслі супрацьтанкавую гранату і бабахнулі ёй па замку, дзверы і праваліліся. А там процьма скрынак, мяхоў — спіртное, кансервы, мука, шакалад… Пачалі выгрузку. Я таксама збегаў да сваіх, прыгнаў «студэбекер». І мы нагрузіліся. Але не абдзялялі і аўстрыйцаў, якія прыйшлі да пераможцаў.

А. А.: Жыхары?

В. Б.: Так. Аўстрыякі жылі галаднавата, харч быў па картках.

Падышоў адзін дзядуля з місачкай, просіць дазволу набраць мукі. Кажу, што табе місачка — бяры мех. Кажа — цяжка. Але падстаўляе згорбленую спіну, салдаты навальваюць яму мех мукі, пайшоў дзед, хістаючыся. Мы былі добрыя. Чужога дабра не шкадавалі… Можа, і добра рабілі, то была наша ноч, ноч пераможцаў. Наступны за ёй дзень ужо належаў не нам.

Удзень з’явілася вялікае начальства, усіх чужынцаў выгналі з гэтага берага на той, на мосце паставілі трайную варту. Нікога — ні туды, ні адтуль. А мы толькі марылі пачаставаць нарабаваным нашых саюзнікаў. Не ўдалося. Полк хутка адвялі ў тыл, пад горад Леабэн, дзе ў лесе найперш загадалі здаць усё здабытае тою ноччу. Калі не дачакаліся добраахвотнай здачы, начальства пайшло само і выгрузіла з аўтамабіляў нашыя запасы — бутэлькі, сыр, шакалад. Сказалі, будзеце атрымліваць у парадку харчавання. Нічога не атрымалі. Тыя скрынкі паехалі ў тыл. А нас праз пару дзён пастроілі на лужку з нагоды Перамогі. Палічылі, хто самы старэйшы (не па ўзросту, а па часу прабывання ў палку), хто найболей заслужаны (лічы — узнагароджаны). Даўжэй за ўсіх праслужыў у палку начфін, а самы ўзнагароджаны — камандзір маёй гарматы старшына Лук’янчанка. Але заслужана ўзнагароджаны гэты немалады ўжо сялянскі сын аднекуль з Кубані. Камандзіры батарэй узнагароджаны не надта, узводныя яшчэ меней. Ордэн Чырвонай Зоркі — звычайная наша ўзнагарода за вайну. У мяне таксама. А Вальку Бахцігозіна так і не узнагародзілі нічым. Раней усё казалі — малады, паспее яшчэ. А тут і вайна скончылася.

Праз дзень-другі новы загад: падрыхтавацца да маршу. Куды? Кажуць, быццам аж у Сафію. Праз Венгрыю, Югаславію, Румынію. Па слядах нядаўніх баёў. Выцягнулі на дарозе калону, але перад тым, як рушыць, — начальства пайшло трэсці машыны. Камбрыг сказаў: я вас, барахольшчыкаў, цераз Еўропу не павязу. Зноў загад: здаць усё майно, прадукты, нічога, апроч боепрыпасаў, у кузавах не павінна быць. Пачалі адбіраць. Пажылыя ветэраны, што праваявалі ўсю вайну, у каго панішчана ўсё на радзіме, голыя дзеці і галодныя жонкі, ледзьве не плачучы, прасілі: ну, дазвольце хоць гэтыя гамашы адвесці. Ну, хоць гэтыя падэшвы на боты. Нічога не дазвалялася. Тады з машын пачалі кідаць усё у раку, што цякла побач з дарогай, і на яе хвалях паплылі ўсялякія шмоткі, акардэоны, гітары, скрынкі з правізіяй, а то і бутэлькі. Хай прападзе, але не здамо. Хаця хапіла і здадзенага. Толькі начальнік палітаддзела ўжо з Балгарыі адправіў тры «студэбекеры» ў Адэсу, дзе жыла яго сям’я. Не адсталі ад яго і іншыя начальнікі, у тым ліку і новы начальнік аддзела контрразведкі СМЕРШ.

Па наплаўным мосце цераз прыгажун Дунай пераехалі ў сонечную Балгарыю, дзе нам суджана было пражыць год. Балгары спатыкалі нас, бы родных, бы вызваліцеляў, якіх вечна любілі. Варта было сысці з машыны, як цябе тут жа абкружалі сяляне: братушкі, братушкі, добра дошлі! Тут жа паяўлялася чарка або кварта, пілі за Расею, за Балгарыю, за вечную дружбу. Здавалася, той дружбе не скончыцца век. (Як я праз 20 год зноў прыехаў у Сафію, пачуў ад балгараў такі анекдот: да дзеда Тодара ў вінаграднік прыбягаюць дзеці, радасна кажуць: дзед Тодар, дзед Тодар, рускія на месяц паляцелі! Дзед выпрастаўся.

Што — усе? Слава табе, Гасподзь!) Дваццаці гадоў хапіла, каб ад векавой дружбы нічога не засталося. Апроч хіба абдымкаў Брэжнева з Жыўкавым.

Пачалося нуднае, рэгулярнае гарнізоннае жыццё ў вайсковым гарадку на Плоўдзіўскай шашы ў Сафіі. Як звычайна — пад’ём, зарадка, развод на заняткі, гарнізонная служба, нарады. У горад да восені нікога не пускалі, усе — салдаты і афіцэры, маладыя і старыя — таміліся на спякоце за калючым дротам вайсковага гарадка. Бальшыня афіцэраў, асабліва маладых, пасля вайны служыць не хацела, хацела дадому, дзе заставаліся родныя, якіх не бачылі ўсю вайну. Уся наша радасць было купіць пару бутэлек вермуту, што з таго боку прыносілі да дроту, і выпіць. Таму пілі і афіцэры, і салдаты. Да восені нікога не дэмабілізоўвалі, таму ўсе разам — маладыя, 18-гадовыя і старыя да 50 год — вучылі вайсковыя статуты, будову матчасці і палітыку на рэгулярных палітзанятках. Спярша нашыя адносіны да англа-амерыканскіх саюзнікаў былі лаяльныя, усё ж мы памяталі, хто нам памагаў у вайну, чыю мы елі тушонку, на чыіх аўтамабілях ездзілі. Але затым раптам, бы па камандзе (канешне, па камандзе, як у нас усё робіцца), тыя адносіны змяніліся, і мы пачулі ад нашых палітрукоў-выхавацеляў, што найпершыя цяпер нашыя ворагі гэта Амерыка з Англіяй. Таму трэба пільнасць і пільнасць! Не паддавацца на правакацыі і захоўваць боегатоўнасць.

Увосень салдат некалькіх ўзростаў (да 1924 года нараджэння ўключна) дэмабілізавалі, афіцэраў пакінулі. Я напісаў некалькі рапартаў аб дэмабілізацыі, ніводнаму з іх не далі хады. Служы, прафесія афіцэра ў нас прэстыжная, быў адказ. Я не хацеў служыць нават у благаславеннай краіне Балгарыі, я хацеў дамоў, у бедную маю Беларусь, хацеў вучыцца. У партыю на фронце я не ўступіў, хапіла з мяне камсамола, які мне нямала дапёк. Ці не заўсёды я быў камсоргам батарэі, дзе клопату было не шмат, але цеганіна даволі апрыкрая. Найперш сходы, паперы, баявыя лісткі… А галоўнае на кожны тыдзень, месяц, квартал — планы мерапрыемстваў, дзеля блізіру, бо ніхто іх выконваць і не збіраўся. Але за тым сачыў камсорг палка, у якога іншых абавязкаў і не было. Надакучыў мне камсамол. Але неяк паклікаў нампаліт камандзіра палка, кажа: Быкаў, а калі мы выберам цябе камсоргам палка? Пасада вызваленая, пойдзеш на самастойную работу, на заняткі хадзіць не трэба. Ты афіцэр граматны, вучылішча скончыў, думаю, справішся… Камсамол мне абрыдзеў, але і заняткі штодзень у спёку і непагадзь таксама не мёд, і я пагадзіўся. На чарговым сходзе быў аднагалосна абраны камсоргам. Яшчэ праз нейкі час той жа нампаліт кажа: камсорг палка павінны быць членам партыі, таму трэба табе ўступіць. Я дам рэкамендацыю. Тое ўжо было горш, я ведаў, што членства ў партыі — гэта рабства душы, што я ўжо перастану належаць сабе, а галоўнае — тады бывай дэмабілізацыя і ўсе мае мары. Але жыццё ці лёс распарадзіліся інакш. Не паводле нампаліта маёра Цквітарыя, ні паводле майго жадання.

Увосень нас пачалі пускаць у горад — у вольны ад службы час афіцэры, бы застаялыя ў загарадках коні, рынуліся на гарадскую волю. У слаўную, стаўшую ўжо мілай нашаму сэрцу Сафію. На плошчы Народнага сходу, якраз насупроць помніка цару — вызваліцелю ўлады, зрабілі Дом афіцэраў, вядома ж, з рэстаранам, у якім можна было найперш выпіць і закусіць. Канешне, такі выпадак грэх было ўпусціць, і мы яго не ўпускалі. Абы былі грошы. З грашыма часам здаралася напруга. Заробак ўзводнага быў невялікі, да таго ж шмат у каго былі адасланыя грашовыя атэстаты родным і блізкім. Я таксама паслаў атэстат сваім на 600 рублёў, прыкладна столькі ж атрымліваў на рукі. Аднойчы, памятаю, у суботу добра выпілі ў рэстаране (кампанія чалавек шэсць), але не хапіла. І віна, і грошай. Тады Лёшка Рыжкоў і кажа: Быкаў, ты ж, здаецца, збіраў камсамольскія ўзносы, дзе яны? У сейфе, кажу. Дык што ж яны ляжаць у сейфе, марнуюцца. Грошы павінны працаваць. Давай, а ў панядзелак палучка, усё вернем. Эх, Лёшка, які ты разумны, мабыць, падумаў тады не адзін я. Паехаў, забраў з сейфа, што там было, і слаўна мы дагулялі той дзень у рэстаране насупроць цара-вызваліцеля.

Поделиться с друзьями: