Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1
Шрифт:
А. А.: Быў.
В. Б.: Мы наступалі з поўдня, напрамкам на Балатон. Гэта былі жахлівыя баі кожны дзень і кожную ноч.
А. А.: І венгерская армія там была?
В. Б.: Так. Памятаю, калі камбат аддаваў загад, мы заўсёды цікавіліся, хто перад намі: немцы ці венгры? Калі венгры, дык яны надта не супраціўляліся, пад націскам адыходзілі. А немцы, канешне, як заўсёды: колькі хацелі, столькі і абараняліся. Лёгка збіць іх з занятых пазіцый было немагчыма, пакуль яны самі не пакідалі іх. А восень позняя, сцюжа, слота, дажджы… Спярша ад Дуная ішлі лясістыя пагоркі, а пасля раскінуліся балоцістыя поймы, меліярацыйныя каналы. Акапацца там не было як, поле бою наскрозь прастрэльвалася. Так доўжылася, прыкладна, месяц.
А. А.: Якая дывізія была ў цябе, не памятаеш?
В. Б.: Усё тая ж, 252-я, чацвёртай гвардзейскай арміі… Цяжкія былі дзень і ноч, няспынная агнявая калатнеча, пра што там расказваць…
А. А.: З табою што там было?
В. Б.: Ну што са мной было? Аднойчы мяне хацелі расстраляць, напрыклад.
А. А.: Гэта за што?
В. Б.: Зрэшты, гэта ўжо другі раз. Першы раз Балатон ва Украіне, як апісана ў апавяданні «Ранак-світанак»…
А. А.: А я не помню. Ну, а рэальна, як было ва Украіне?
В. Б.: Там хутар здалі салдацікі.
А. А.: Твае? Узвода твайго?
В. Б.: Так.
А. А.: А дзе ты быў?
В. Б.: Ну, і я разам з імі здаваў. Спярша мы хутар узялі, а потым здалі. Ну, як у апавяданні, прачытай калі. Ноччу прыбег камандзір палка і сказаў: взять к утру! Не возьмешь, вот на этом месте из этого пистолета я тебя расстреляю. Аказалася, пра той узяты хутар ён ужо данёс у дывізію і атрымаў падзяку адтуль. А я яго здаў. Ну, што рабіць, пайшлі мы браць. А немцы нас адтуль здорава турнулі назад, да самай дарогі. Ну і ўсё.
У аднаго сяржанта быў там гадзіннік, пачаў я глядзець за часам: тры гадзіны засталося, дзве, паўгадзіны…
А. А.: А ты быў упэўнены, што кокне?
В. Б.: А чаму б і не? Тое проста рабілася, спісалі б на «баявыя пацеры». І вось перад світаннем ззаду нейкая шалёная страляніна, прыбягае адтуль аўтаматчык, крычыць, што на КП напалі немцы.
А. А.: Там, дзе твой камандзір?
В. Б.: Ну. І начальнік штаба загадаў, каб мы — туды…
А. А.: Ратаваць іх?
В. Б.: Але, пакуль мы беглі, немцы сваю справу зрабілі. Карацей кажучы, раніцай каля школы мы капалі магілу для нашага маёра.
А. А.: Так вось… Гульня выпадку. У гэтым выпадку праклятыя немцы нам Быкава выратавалі.
В. Б.: Ну, можа, і занадта — выратавалі… Але вернемся ў Венгрыю. Значыць, мы наступаем. Увесь дзень ішоў дождж, позна ўвечары занялі нейкую вёску, батальён разышоўся па хатах, начальства таксама. Стомленасць страшная, халадэча. Спаць жа ніколі не дазвалялася, калі можна было, хвіліну якую ўрывалі дзе і хто мог. Галоўным чынам, як знікалі куды камандзіры.
А. А.: І вы — артылерысты?
В. Б.: І мы. Закацілі ў нейкі падворак гарматы, і тут жа ў хаце прылеглі. Толькі я прыдрамаў, здаецца, а ўжо світае, і за вёскай у лесе ідзе бой. Батальён туды на світанні рушыў, а нас не гукнулі. Ну вось бачу: справы мае кепскія…
А. А.: Ты абавязаны быў…
В. Б.: Я абавязаны быць там, дзе батальён, а я праспаў. І салдаты мае праспалі. І вось мы рванулі туды цераз поле пад абстрэлам што было сілы ў коней. Даскакалі да лесу, а тут якраз камандзір батальёна, адразу да мяне з пісталетам: за уклонение от боя… Падобна, ён тут жа хацеў са мной расправіцца, бо батальён ляжыць, а немцы сякуць разрыўнымі, ліха працуюць іхнія хуткастрэльныя МГ. Але тут жа астыў і загадвае: збіць кулямёты! 20 мінут часу. Мы хутчэй гармату ўстанаўліваем, і тут высвятляецца: няма снарадаў.
А. А.: Чаму?
В. Б.: Таму што, як заўжды, для гатоўнасці снарады клалі на станіны, а як гналі пад агнём цераз поле, тыя пападалі, парассыпаліся. Дзе цяпер іх шукаць?
А. А.: Ну ўсё. Тут ужо і расстраляць можна.
В. Б.: Кулямёты сякуць, толькі вецце сыплецца. Камбат крычыць: Быкаў, агонь! А чым агонь? Ну, гэта было, канешне, жахліва, я тады хацеў, каб мяне як найхутчэй забіла. Усё ж паслаў перадок на поле, знайшлі ў быльнягу снарады, пачалі мы страляць. Словам, у гэтым лесе яны калашмацілі нас добра, а што мы зрабілі ім нашым агнём, тое невядома. Можа, збілі, а можа, тыя пад вечар самі адышлі.
Як я ўжо казаў, другая гармата ў мяне была без прыцэла, а без прыцэла якая ж стральба? Такім чынам ў запасе заставалася, апроч гарматы, яшчэ пара коней, шэсць чалавек салдат. Я іх трымаю ў тыле — што ім рабіць на перадавой? На перадавой у нас ладныя хлопцы Свінцоў і Пронін, камандзір і наводчык — харошы наводчык. А старшы сяржант Закіраў, спец па конях, у нас за інтэнданта. Пакуль мы гібеем пад агнём, цягаем сюды-туды нашу гармату, вядома ж у холадзе і голадзе, яны там, дзесь у бліжняй вёсцы, для нас стараюцца.
І во як пацішэе пад вечар, пацямнее, глядзім: Закіраў з салдатам паўзуць. Цягнуць нам у вядры мяса ці кураціну, белага хлеба пару боханаў у рэчмяшку і віна ў тэрмасе ці каністры. Во тады мы раскашуем між станін, за гарматным шчытом.
А. А.: А ты не мяняў разлік? Гэтых туды…
В. Б.: Не. Усё ж гэты, са мной, быў лепшы. Маладыя хлопцы.
А. А.: Так што ў цябе быў свой рэзерв галоўнага камандавання.
В. Б.: Нешта накшталт. Я ўжо казаў, што гэты Закіраў пасля высачэзнага дрыганта дастаў мне маладую кабылку, якая двойчы ўратавала маё жыццё. Аднаго разу, як наступленне трохі прыпынілася, выклікае мяне камандзір батальёна. Быў вечар, туман, дробны дожджык сыпле. Месца незнаёмае, мы толькі надвячоркам тут апынуліся, але мне чамусьці здалося, што КП блізка, за пагоркам. І я паехаў. Страляніны блізка няма, і я ехаў, ехаў, ды раптам не ведаю, куды ехаць. Чую нейкія галасы, я павярнуў да іх, гляджу, на касагорчыку вінаграднік і на ягоным краі нешта капаюць. Паціху пад’язджаю бліжэй, прыслухаўся — немцы! Завярнуў у іншы бок, ехаў, ехаў, узбіўся на нейкую дарогу, а там нямецкія машыны ідуць…