Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1
Шрифт:
Шмат якія карціны М. Савіцкага менавіта пра іх, простых сялян, рабочых, жанчын, маці. Вось яны спыніліся чамусьці пасярод жытнёвага поля, пяцёра сельскіх працаўнікоў: пажылы, працавіты, умудроны жыццём селянін, яго малады сын ці, можа, аднавясковец, дзяўчына ў камбінезоне і дзве жанчыны ў цёмных хусцінках. Яны ў дзелавой заклапочанасці вырашаюць лёс поля, ягонага ўраджаю, магчыма, успамінаючы ў гэтыя хвіліны тых, хто тут працаваў раней, а можа, і загінуў на гэтай зямлі, багата палітай чалавечым потам і крывёю. Карціна так і называецца: «У полі».
Міхась Савіцкі заўжды шмат ведае пра аб’ект свайго адлюстравання і шмат памятае аб ім. Біяграфія народа, уласная біяграфія мастака абавязваюць яго ашчадна захоўваць у памяці ўсё ім перажытае і сваім яркім талентам нястомна служыць памяці тых, хто разам з ім адстойваў Севастопаль, гінуў у Бухенвальдзе і Дахаў, хто чатыры разы ўцякаў на волю і цудам застаўся жывы. Але перш пра тых, хто аддаў жыццё ў барацьбе з фашызмам.
Савіцкім створана шмат выдатных палотнаў на тэмы вайны і міру. Ягоныя работы выстаўляліся ў дзясятках краін свету, шматлікія з іх адзначаны прэміямі, дыпломамі і медалямі. За дзесяць гадоў пасля заканчэння інстытута імя Сурыкава мастак стварыў некалькі дзясяткаў палотнаў, якія патрабавалі тытанічнай працы. Сярод іх шэраг складаных шматфігурных кампазіцый, у іх ліку і манументальны роспіс у Музеі Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску плошчай сорак восем квадратных метраў. А зусім нядаўна масквічы і госці сталіцы на выстаўцы «На варце Радзімы» знаёміліся з новай, не менш цудоўнай работай мастака «Поле», карцінай, якая дае падставу гаварыць пра яе аўтара, як пра майстра высокай грамадзянскай адказнасці і выдатнага жывапісца нашага часу.
[1973]
Як была напісана аповесць «Сотнікаў»
На канферэнцыях чытачоў, у пісьмах і асабістых размовах мне часта даводзіцца чуць пытанне: «Як вы, не маючы асабістага вопыту партызанскай вайны, рашыліся напісаць гэтую аповесць?» Прызнацца, кожны раз, адказваючы на яго, хочацца пачаць здалёк, спаслацца на прыроду мастацкага ўяўлення, законы літаратуры, прыклад вялікіх. Але, падумаўшы, знаходзіш іншы адказ, які ляжыць значна бліжэй і фармулюецца таксама ў выглядзе пытання:
— А ці ж гэтая аповесць аб партызанскай вайне?
— Не зусім. Але ж… Сапраўды, але ж…
Партызанскага вопыту вайны ў мяне сапраўды няма, і, зразумела, каб я ім валодаў у дастатковай меры, магчыма, аповесць атрымалася б больш багатай на дэталі, акалічнасці, з больш канкрэтным і змястоўным фонам. Але справа ў тым, што, беручыся за яе, я ўсё ж меў неабходныя веды, якія ўзяў з успамінаў партызанскіх кіраўнікоў, са шматлікіх вусных апавяданняў радавых удзельнікаў барацьбы, маіх землякоў. Вось, скажам, авечка, якую героі аповесці хочуць прынесці ў свой лагер. Гэты эпізод быў запазычаны мной у Аляксея Карпюка, які дасканала ведае ўсё, што датычыць своеасаблівасцей партызанскага быту. Такога роду расказаў, успамінаў багата ў кожным кутку Беларусі, і толькі лянівы або глухі можа ігнараваць іх. У гэтым сэнсе галоўная мая цяжкасць заключалася не ў недахопе інфармацыі, а хутчэй у яе празмернасці, якая абцяжарвала адбор, у «непрычасанасці» і разнастайнасці фактаў, іх нежаданні падпарадкавацца звыклым сюжэтным схемам.
Але, зразумела, я ўзяўся за аповесць не таму, што вельмі многа дазнаўся аб партызанскім жыцці, і не затым, каб дадаць да яго штосьці мною асабіста адкрытае. Перш за ўсё і галоўным чынам мяне цікавілі два маральныя моманты, якія, спрасціўшы, можна сфармуляваць так: «Што такое чалавек перад знішчальнаю сілай бесчалавечных абставін? На што ён здольны, калі магчымасці абараніць жыццё вычарпаны ім да канца і прадухіліць смерць немагчыма?»
Кожны, хто ведае пра вайну не па чутках, лёгка разумее ўсю значнасць гэтых пытанняў, што не адзін раз паўставалі перад тымі, хто змагаўся са зброяй у руках. Мне думаецца, як франтавікам, так і партызанам аднолькава памятныя выпадкі з іх уласнага баявога вопыту, калі гэтае і падобныя пытанні даводзілася вырашаць не разумова, а практычна, цаною крыві, ставячы на карту жыццё. Але ж нікому не хацелася страціць сваё адзінае і такое дарагое яму жыццё, і толькі неабходнасць да канца заставацца чалавекам прымушала ісці на смерць. У той жа час знаходзіліся людзі, якія спрабавалі сумясціць несумяшчальнае — захаваць жыццё і не паграшыць супраць чалавечнасці, што ў пэўных трагічных абставінах аказвалася неверагодна цяжкім, калі не зусім безнадзейным.
Шмат год у маёй памяці жыў адзін выпадак, які недарэчнай сваёй парадаксальнасцю настойліва бударажыў маю свядомасць.
Здарылася гэта ў жніўні сорак чацвёртага, у самы разгар Яска-Кішынёўскай аперацыі, калі нашы войскі паспяхова прарвалі абарону ворага, акружылі кішынёўскую групоўку, узялі вялікую колькасць палонных. Неяк у час наступлення за Прутам начальнік артылерыі палка, у якім я служыў камандзірам узвода, паслаў мяне за некалькі кіламетраў у тыл, каб сустрэць і павярнуць на другую дарогу затрыманы дзесь транспарт з боепрыпасамі. Удвух з разведчыкам мы прыскакалі на конях у нейкае румынскае сяло на захад ад станцыі Унгены. Тут у вялікім, абнесеным драцяной загародкай двары размяшчаўся зборны пункт для ваеннапалонных, і ў вялізным загоне стаялі, сядзелі і ляжалі на стаптанай траве сотні румын і немцаў. Праязджаючы каля іх, я няўважлівым позіркам слізгаў па іх сумных тварах, на якіх ужо не было і цені ваяўнічасці, а быў тупы выраз стомленых, размораных спёкай людзей. I раптам загарэлы няголены твар аднаго з тых, што паныла сядзелі ў канаве ля самай загародкі, здаўся мне знаёмым. Палонны таксама затрымаў на мне свой безуважны позірк, і ў наступнае імгненне я пазнаў у ім колішняга свайго саслужыўца, які з восені сорак трэцяга лічыўся забітым. Болей таго, за стойкасць, праяўленую ў цяжкім баі на Дняпроўскім плацдарме, за ўмелае камандаванне акружаным батальёнам, у якім ён быў начальнікам штаба, гэты чалавек пасмяротна быў удастоены высокай узнагароды. Аб ім расказвалі новаму папаўненню, аб яго подзвігу праводзілі гутаркі, на яго вопыце вучылі ваяваць. А ён вось сядзеў цяпер перада мной у прапацелым нямецкім кіцелі з трохкаляровым шаўронам на рукаве, на якім красамоўна паблісквалі тры знаёмыя літары «РОА».
Я прытрымаў каня, злез на абочыну каля некалькіх іржавых нітак калючага дроту і доўга не мог сказаць ані слова. Я глядзеў на яго, а ён таксама моўчкі глядзеў на мяне, але ў адрозненне ад мяне не здзівіўся. Ён ужо перастаў здзіўляцца, але, відаць, зразумеўшы, што маўчаннем не абысціся, сказаў пасля цяжкога ўздыху:
— Вось як яно атрымліваецца!
— Як жа гэта здарылася? — запытаў я.
У яго сумных вачах не было ні злосці, ні адчаю, была толькі ціхая пакора лёсу, на які ён неўзабаве спаслаўся.
— Што рабіць? Такі лёс.
Потым мы пагаварылі трохі. Ён папрасіў закурыць і коратка паведаміў сумную і адначасна страшную ў сваёй знішчальнай прастаце гісторыю. Аказваецца, у тым памятным баі на плацдарме ён не быў забіты, а быў толькі паранены і трапіў у палон. У лагеры, дзе ён апынуўся, сотнямі паміралі з голаду, а ён хацеў жыць і, надумаўшы абхітрыць немцаў, запісаўся ва ўласаўскую армію з надзеяй знайсці момант і перабегчы да сваіх. Але, як на тое ліха, здатнага моманту ўсё не было, фронт знаходзіўся ў жорсткай абароне, а за ўласаўцамі строга сачылі немцы. З самага пачатку нашага наступлення яму давялося прыняць удзел у баях супраць сваіх, хоць, зразумела, ён страляў угору: ці ж ён вораг сваім? — суцяшаў ён сябе. Урэшце аказаўся ў палоне, вядома ж, здаўся сам, інакш бы тут не сядзеў…
Я слухаў яго і верыў яму: ён гаварыў праўду. Безумоўна, ён не быў з ліку тых, якія прагнулі служыць ворагу, яго асабістая храбрасць і воінскае майстэрства былі пацверджаны высокай узнагародай. Проста, апынуўшыся ў палоне, ён вышэй за ўсё паставіў уласнае жыццё і вырашыў абхітрыць фашыстаў. I вось варты жалю вынік гэтых хітрошчаў…
Такі не вельмі складаны, хоць і не просты шлях прывёў мяне да асэнсавання той маральнай ідэі, якая паслужыла асновай аповесці «Сотнікаў». Для мастацкага ажыццяўлення яе патрабаваліся адпаведныя характары і прыдатныя для іх абставіны. Можна было б спыніцца на вышэй прыведзенай гісторыі або на падобным матэрыяле з франтавой рэчаіснасці, але мне больш прывабным здалося партызанскае мінулае з яго меншай рэгламентаванасцю, значна большай доляй выпадковага, стыхійнага, са стракатай рознахарактарнасцю яго чалавечай масы. У якасці асноўных герояў я ўзяў двух партызан, амаль таварышаў, але не сяброў, не добрых і не благіх — розных. У кожнага з іх свае прынцыпы, абумоўленыя выхаваннем, маральнай і духоўнай сутнасцю. Сотнікаў па натуры зусім не герой без «страху і дакору», і калі ён сумленна памірае, дык перш за ўсё таму, што яго маральная аснова ў дадзеных акалічнасцях не дазваляла яму зрабіць інакш, шукаць іншы канец. Рыбак таксама не нягоднік па натуры: складзіся абставіны інакш, магчыма, праявіўся б зусім іншы бок ягонага характару і ён прадстаў бы перад людзьмі ў іншым святле. Але няўмольная сіла ваенных абставін вымусіла кожнага зрабіць самы рашучы ў чалавечым жыцці выбар — годна памерці або застацца жыць подла. I кожны выбраў сваё.
У пераважнай большасці сваіх водгукаў чытачы становяцца на бок Сотнікава, хоць некаторым і не зусім па душы яго чалавечая жорсткасць, аскетычны максімалізм, якія некалькі сушаць вобраз, збядняюць яго жыццёва. Але нельга выпускаць з-пад увагі тое, як шмат давялося перажыць гэтаму яшчэ маладому чалавеку (разгром палка, палон, уцёкі, хвароба, раненне і новы палон), каб зразумець, як разцялася ягоная душа. Некаторым больш імпануе прагматычная натура Рыбака, які амаль да канца наогул цярпіма адносіцца да Сотнікава і ў жахлівых умовах палону не траціць надзеі на выратаванне, хоць, можа, і не зусім прыстойным чынам. Са свайго боку, я б мог заўважыць толькі, што «прагматызм» цярпімы, калі ён не пераступае сацыяльна-маральных асноў нашага чалавечага супольнага жыцця. Так, зразумела, цяжка патрабаваць ад чалавека высокай чалавечнасці ў абставінах бесчалавечных, але ж існуе мяжа, за якой чалавечнасць рызыкуе ператварыцца ў сваю процілегласць!
Аб гэтым аповесць.
Фон, як я ўжо казаў, мог бы атрымацца болей канкрэтны, хоць ва ўсім, што датычыць абставін, акалічнасцей, я стараўся быць максімальна дакладным. Здаецца, наогул гэта ўдалося, я пазбег прыблізнасці, тым больш недакладнасці ў дэталях і абставінах. Пасля некалькіх публікацый чытачы не знайшлі колькі-небудзь сур’ёзных пагрэшнасцей, апроч хіба адной. Чытач-астраном з Масквы паведаміў, што малады месяц, які тою парой паяўляецца ў небе вечарам, не можа свяціць і ноччу: да поўначы ён павінен зайсці. Гэта правільна, і я пасля гэта выправіў.