ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1

Быкаў Васіль

Шрифт:

Быццам прадчуваючы свой фатальны канец, яна заўсёды спяшалася. Усё ёй здавалася мала, яна баялася не паспець, спазніцца. Ужо былі зняты выдатныя карціны, якія прынеслі ёй прэміі і сусветную вядомасць, а прагнасць яе да працы не меншала з гадамі. Здаецца, яна заўсёды ведала, што няма «вечнасці», і няспынна білася над удасканаленнем сродкаў выяўлення сваіх ідэй мовай кіно, імкнучыся да высокага сэнсу і высокай артыстычнасці ў кожным фільме. Мабыць, як нямногія ў сучасным кінематографе, яна разумела сэнс духоўнага зместу мастацтва і ўмела гарманічна ўвасобіць яго ў кожнай рабоце. Часта гэта было няпроста. Усе, хто працаваў з ёю над «Узыходжаннем», ведаюць, як давалася ёй гэтая далёка не «жаночая» карціна, але і Ларыса была надзелена безумоўным разуменнем таго, што толькі яна можа зрабіць тое, што яна робіць. Так ужо здарылася, што менавіта гэта яна — слабая жанчына і цудоўны рэжысёр — узваліла на сябе цяжкую глыбу труднейшага матэрыялу і ўпэўнена паднялася з ёю на адну з вышынь сучаснага кінематографа. У ёй жыў мужны мастак сучаснага кіно, урокі якога не страцяць сэнсу і для будучых пакаленняў кінематаграфістаў.

Яна заўсёды дакопвалася да першапрычын і каранёў, шукала ў глыбінях народнага жыцця, у таямніцах чалавечага духу. Логіка яе мыслення часам здзіўляла, часам захапляла, што наогул зразумела — яна была мастаком, які напружана думаў. I яшчэ — яна заўсёды была аптымісткай, ніколі і ніякія няўдачы не маглі кінуць яе ў роспач. Яна свята верыла ў сваю шчаслівую зорку, гэтак жа, як і ў шчаслівы зыход сваіх творчых намераў, якія б церні ні ляжалі на яе далёка не лёгкім шляху. Цяпер я разумею, чаму так: думкі яе былі светлыя, а дзейсная яе натура таіла ў сабе невычэрпныя запасы энергіі.

Яна заўсёды была ў працы. Яе мастакоўскае ўяўленне заўсёды тварыла цікавыя вобразы, яе задумам не было канца. I ў яе верылі, ад яе многага чакалі…

Але што рабіць — даўно і не намі сказана, што жыць — значыць губляць. Канешне, губляць заўсёды горка, і як бы мы ні суцяшалі сябе тым, што пасля Шапіцькі застанецца многае, як бы ні кляліся памятаць яе цудоўныя фільмы і яе мілы вобраз, — дрэнная гэта ўцеха. Назаўсёды абарвалася жыццё чалавека, спыніўся творчы шлях мастака, і ніхто болей на гэтай зямлі не створыць таго, што магла і хацела стварыць Ларыса Шапіцька, ніхто і ніколі не заменіць яе. Мастацтва кіно страціла аднаго з самых цудоўных сваіх мастакоў, і наш смутак няўцешны.

[1979]

Па праву памяці

Ёсць пісьменнікі-ўніверсалы, здольныя дзякуючы асаблівасцям свайго таленту адлюстраваць любую карціну, распрацаваць усялякую тэму, якія пад іх пяром нязменна набываюць мастацкую выразнасць і значнасць. Ёсць і іншая катэгорыя аўтараў — верных аднойчы выбранай тэме, у даследаванні якой яны дасягаюць часам значнай глыбіні, недаступнай для рознабаковага таленту. З майго пункту гледжання, Рыгор Бакланаў належыць да гэтай апошняй катэгорыі пісьменнікаў, чый талент дасягнуў значнага ўзлёту менавіта ў адлюстраванні мінулай вайны, хоць у яго творчым актыве значацца і такія безумоўныя ўдачы мірнай тэмы, як многія апавяданні або шырокавядомая аповесць «Карпухін». У апошнім, майскім, нумары часопіса «Октябрь» ён выступіў з новым творам на сваю ранейшую тэму — аповесцю пра вайну «Навекі дзевятнаццацігадовыя».

Трэба адразу зазначыць, што ўся ваенная проза Р. Бакланава, пачынаючы ад яго першай аповесці «На поўдзень ад галоўнага ўдару», вылучаецца скрупулёзнай увагай да непаўторных дробязей вайсковага быту, акопнага жыцця, складаных перыпетый бою і чалавечай псіхалогіі ў баі. Будучы майстрам выразнага і ёмістага слова, ён упэўнена валодае фразай, якая нараджаецца думкай і незамутнёным мастацкім бачаннем свету.

Як і ў папярэдніх сваіх творах («Пядзя зямлі», «Мёртвыя ганьбы не імуць», «Ліпень 41 года»), у гэтай ягонай аповесці праяўляецца зайздросная свежасць памяці аб тых агняных гадах, якія ўжо так аддаліліся ад нас, уносячы ў забыццё многае, што яшчэ нядаўна, здавалася, немагчыма было забыць.

Але такая, відаць, асаблівасць чалавечай памяці. На шчасце, сапраўдны мастак не можа сабе дазволіць забыць не толькі важнейшыя падзеі той цяжкай пары, але нават яе, здавалася б, другарадныя дробязі і, што важней за ўсё — такія важныя для мастацтва моманты, як псіхалогію людзей вайны, іх пачуцці, настрой — свет іх душы.

Сюжэтная будова аповесці грунтуецца пераважна на раманнай аснове і ўключае ў сябе год жыцця героя, дзевятнаццацігадовага лейтэнанта Траццякова. Гэта аповесць пра вайну, але ў ёй вы нямнога знойдзеце батальных карцін, а тыя, што там ёсць, напісаны з уласцівым Бакланаву густам і мноствам істотных падрабязнасцей. Менавіта аўтарскі густ дазваляе яму пазбегнуць распаўсюджаных трывіяльнасцей у адлюстраванні салдацкага гераізму, хоць паводзіны Траццякова ў часе атакі можна расцаніць як подзвіг. Гэта, калі так можна сказаць, двойчы на працягу года ажыццёўлены ўдзел лейтэнанта ў вайне, пасля першага з якіх паследаваў доўгі перыяд лячэння ў тылавым шпіталі, а пасля другога яму суджана было навек застацца дзевятнаццацігадовым. Паміж першым і другім баямі пралегла ўся цяжкая шпітальная маладосць Траццякова з яе перажываннямі і марамі, пакутамі і каханнем — увесь лёс людзей пакалення, якое ў раннім юнацтве безаглядна ступіла насустрач шквалу вайны і пераважна ўсё незваротна засталося там. Так ужо склалася, што менавіта гэтыя 18–20-гадовыя хлопцы навек супакоіліся ў шматлікіх брацкіх магілах, раскіданых па Еўропе, у засыпаных выбухамі варонках, абрушаных траншэях і ровіках. Вядома са статыстыкі, што іх, народжаных у 1922–1925 гадах, вярнулася з вайны толькі трое на сотню.

Заўчасная іх страта — гэта не толькі жалобны фінал індывідуальнага лёсу, але і несціханы душэўны боль блізкіх, страта народа, якая ўплывае на лёс і наступных пакаленняў. Гэта, нарэшце, вечны абавязак, які лёг на плечы нешматлікіх іх аднагодкаў і толькі часткова можа быць аплачаны непазбыўнаю памяццю. Таленавіта засведчаная ў мастацтве салдацкая памяць становіцца своеасаблівым духоўным абеліскам, пастаўленым жывымі ў гонар сваіх мёртвых братоў.

У аповесці толькі адзін галоўны герой, які праходзіць перад чытачом з першай да апошняй старонкі, хоць дакранаецца ён да многіх чалавечых лёсаў на фронце, у тыле, у шпіталі. Пільная ўвага аўтара да свайго Траццякова, аднак, не перашкаджае яму жыва, на вачах у чытача, ляпіць іншыя характары, як бы асвятляючы іх сваім унутраным мастацкім зрокам. Гэта, трэба меркаваць, нялёгка, калі памятаць аб дыстанцыі часу, які раздзяляе нас, і тут немагчыма не парадавацца зайздроснай здольнасці аўтара памятаць і бачыць усё. Цудоўна, што ў аповесці зусім не адчуваецца выдуманага, усё быццам пачэрпнута, перажыта, вынесена з уласнага вопыту аўтара. Хоць, зразумела, гэта не так. Якім бы рознабаковым ні быў ён, гэты аўтарскі вопыт, яго заўсёды недастаткова для стварэння значнага мастацкага твора. Тым больш здзіўляючая гэта здольнасць таленту — з такой верагоднасцю выклікаць з небыцця мінулае, насяляць яго жывымі паўнакроўнымі вобразамі.

У адрозненне ад папярэдніх ваенных аповесцей Р. Бакланава апошняя мае мноства характэрных рысаў і бытавых рэалій жыцця ў тыле, далёкім уральскім шпіталі з яго рознахарактарнымі тыпамі параненых, дактароў, санітарак.

Перагарнуўшы апошнюю старонку аповесці, вы будзеце доўга памятаць знявечанага на вайне малодшага лейтэнанта Гошку, аслепленага капітана Ройзмана, камандзіра роты Старых, чалавека нялёгкага лёсу Атракоўскага. Рэалістычна напісанае, пазбаўленае нярэдкага ў такіх выпадках налёту саладжавасці, юнацкае каханне Траццякова да ўчарашняй школьніцы Сашы падкупляе цнатлівасцю адносін, тонка падмечаным душэўным станам.

Аповесць пачынаецца лаканічнай па апісанні, але шматзначнай па сэнсу сцэнай знаходкі ў старым засыпаным акопе астанкаў воіна, армейскую прыналежнасць якога можна вызначыць толькі па ледзьве пазнанай афіцэрскай спражцы. Гэта вельмі знаёмая, нават характэрная для Беларусі карціна, дзе вось ужо шмат год намаганнямі грамадскасці і юных следапытаў працягваюцца пошукі адзіночных і выпадковых воінскіх магіл, пасля чаго ідуць доўгія месяцы пошукаў імён герояў. Не заўсёды яны заканчваюцца паспяхова. Але калі гэта здараецца, нішто са здабытага ў мінулым і адваяванага ў забыцця не пакідаецца без ўвагі. Друк, радыё, тэлебачанне расказваюць аб жыцці і апошнім баі забітых, сэнс іх ратнага подзвігу становіцца здабыткам усіх. Асабліва цяпер, калі беларускі народ урачыста адзначае 35-годдзе вызвалення рэспублікі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

У заключэнне хочацца выказаць упэўненасць, што апошняя аповесць Рыгора Бакланава з’явіцца сур’ёзным набыткам нашай ваеннай прозы, своеасаблівым абеліскам памяці «навекі дзевятнаццацігадовым», пра якіх таленавіта расказаў адзін з іх жывых аднагодкаў.

[1979]

Пазначана высокаю гармоніяй

Кожнага, хто знаёміцца з ім, найперш уражваюць ягоныя рукі — мазалявыя, працавітыя далоні з абпаленымі травільнай кіслатой пальцамі. Спярша цяжка нават паверыць, што гэтымі далёка не артыстычнымі, абмазалелымі рукамі працаўніка Арлен Кашкурэвіч робіць свой мастакоўскі цуд. Тым не менш менавіта гэтыя рукі здольныя на самую тонкую рыску, на самы непрыкметны рух, якімі поўная і з якіх складаецца ягоная цудоўная графіка.

Так, гэта майстра тонкай, філіграннай і вельмі выразнай лініі, на якой звычайна трымаецца ўся кампазіцыя ягоных графічных работ, яна — выразнік яго эмоцый і яго філасофскага зместу. Безумоўна, гэта вельмі не проста — у кніжнай ілюстрацыі або ў станковых работах галоўны сэнс выявіць праз некалькі скупых ліній; трэба знайсці гэтыя лініі, адпрацаваць іх, давёўшы да гранічнай выразнасці, і, апроч таго, яны павінны быць эстэтычна дасканалыя, надзеленыя выключнай гармоніяй, без якой графіка перастае быць мастацтвам.

Поделиться с друзьями: