ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1

Быкаў Васіль

Шрифт:

Нескладаная на першы погляд схема многіх характараў, аднак, таіла ў сабе ўсю заблытанасць чалавечых адносін, разабрацца ў якой — удзячная задача мастака. Адна з такіх няпростых, па-свойму ўскладненых бясконцым ланцугом злачынстваў натура самога Дзірлевангера, якая ў нечым паўтарае паталагічную сутнасць фюрэра і развівае яе крывавай канкрэтыкай дзеяння. Дзірлевангер дзейсны, па-свойму разумны і рашучы, ён цвёрда верыць, як сам фармулюе, у сілу «нацыянал-сацыялістычных ідэй і дзіцячай крыві». У той жа час гэта тыповы дробнабуржуазны дзялок, які нават на вайне возіць з сабой шавецкую майстэрню з групай асуджаных яўрэяў, якая працуе на яго, знаходзіцца ў сувязях з жанчынай, «сумніцельнай» у расавых адносінах, што, паводле нацысцкіх законаў, лічылася немалой рызыкай. «Сарвігалава гэты Дзірлевангер!» — з захапленнем думаюць аб ім падначаленыя, лісліва слухаючы яго канібальскія запаведзі накшталт такой:

«Я не супраць, каб вы спалі з рускай дзеўкай, але вы павінны тут жа, сваёй рукой застрэліць яе».

Страляць яны ўмелі.

Радавы паліцай Тупіга, адзін з самых старанных забойцаў батальёна, так авалодаў сваёй справай, што «цягне кулямётнаю чаргой, як вопытны кравец шво — цвёрда і плаўна…». Гэта кат па прызванні, ён паталагічна ўлюбёны ў сваё рамяство і пераканана ненавідзіць тых, хто ад гэтага рамяства імкнецца ўвільнуць.

Асаблівае месца ў аповесці займаюць узаемаадносіны камандзіра ўзвода карнікаў Белага з яго сябрам Суравым, увасабленнем чорнага сумлення ўзводнага, своеасаблівым яго алібі на непрадбачаны выпадак, чалавекам-«ксяндзом», у якога штосьці зашыта ў падкладцы — індульгенцыя на праграшэнні на двух. Пры ўсёй фатальнай раз’яднанасці фашысцкіх прыслужнікаў гэтыя двое да часу сапраўды аб’яднаны адной таемнай гнятліваю марай — выблытацца са становішча, якое ў прынцыпе не мае выйсця. Нягледзячы на ўсе іх намаганні, фашысцкая рэчаіснасць аказваецца непераадольнай, і планы Белага — Сурава рушацца. Наперадзе тупік.

Амаль гэткім самым тупіком, толькі расцягнутым па часе, заканчваецца злачынна-мітуслівае жыццё ротнага Мельнічэнкі, аднаго з прыспешнікаў нацыяналістычнага ахвосця, якое пайшло за Гітлерам па перакананні.

Паслухмяна распраўляючыся з беларускімі вёскамі, забіваючы ў дварах, у хатах, хлявах, яны тым самым няўхільна набліжалі сябе да той апошняе рысы, за якой іх чакала поўнае расчалавечанне, татальнае вызваленне ад усіх маральных абавязкаў перад людзьмі і краінай. Маральны і духоўны прымітывізм гэтых людзей дазволіў фашызму выкарыстаць іх сабе на патрэбу і з найбольшым эфектам, незалежна ад волі ўсіх і кожнага паасобку.

Усе яны схільныя да разважанняў і рэфлексій у вольную гадзіну, так ці інакш тлумачачы сабе сваё становішча. Праўда, паліцаі меншыя чынамі разважалі не шмат, яны рабілі сваю крывавую справу з фанатычнай тупагаловасцю. З пераканаўчай праўдзівасцю ў аповесці ствараецца сапраўды апакаліптычная карціна знішчэння аднаго з лагераў у Бабруйску, калі, справакаваўшы беспарадкі, гітлераўцы расстралялі ўсю шматтысячную масу ваеннапалонных. Нямногія ўцалелыя ў гэтым пекле пасля ўсяго перажытага, зломленыя і душэўна пакалечаныя, пайшлі служыць немцам, не падазраючы, што наперадзе іх чакае і яшчэ горшае.

Гэтых людзей нельга ні зразумець, ні апраўдаць.

Таму што, гінучы самі, яны не мелі людскага права губіць сваіх суайчыннікаў, пасабляць ворагу, рабіцца паслухмянай зброяй у злачынных фашысцкіх дзеяннях. Усё далейшае, што адбылося з тымі, хто пайшоў ва ўслужэнне да катаў, знаходзілася за мяжой чалавечнасці, бо платай за злачыннае ўласнае жыццё былі рэкі крыві бязвінных. Паступова, але няўхільна абрываліся ўсе ніці, якія звязвалі іх з ранейшым даваенным жыццём, і кожны дзень іхняга існавання толькі павялічваў іх і без таго непамерную віну перад Радзімай. Пры ўсёй, на першы погляд, інтэграванасці іх лёсаў і ўчынкаў яны да канца заставаліся надзіва адмежаванымі адзін ад аднаго, страшэнна адзінокімі ў сваім роспачным намаганні перахітрыць пагібель. Вядома, што выжыць было няпроста ў абставінах няспынных баёў з партызанамі, атмасферы нянавісці з боку насельніцтва, бязлітаснага фашысцкага тэрору, калі здаралася, што з аднолькавай лёгкасцю каціліся ў агульную яму галовы ахвяр і галовы іх катаў.

Кампазіцыйная будова аповесці нагадвае бязлітасны разрэз — агаленне ўсёй сістэмы фашызму. Нямнога знойдзецца ў нашай літаратуры твораў, дзе б на такой адносна невялікай плошчы з такой яркасцю і глыбінёй была прэпарыравана ўся гэта д’ябальская сацыяльная з’ява, пабудаваная на страху, бяздумным падначаленні і авантурызме. Кнігу пачынае і заканчвае выпісаны знутры вобраз Шыкльгрубера-Гітлера з яго рэфлексіямі-маналогамі, поўнымі непамернага славалюбства і выхвалення, якія прытым выкрываюць нікчэмнасць абывацеля, што капрызнаю воляй выпадку ўзвысіўся над адной са старажытнейшых дзяржаў Еўропы. Многія з ягоных трызненняў проста цяжка спасцігнуць, калі адлучыцца ад думкі, што ў свой час яны рухалі мільёнамі і вызначалі лёсы народаў. Менавіта гэты ва ўсіх адносінах звычайны авантурыст, які ўбачыў у сабе ўвасабленне «провидения» і месію германцаў, стаў непасрэдным віноўнікам пагібелі больш як 40 мільёнаў чалавек у Еўропе. Аднак і гэтага яму было мала, ён марыў аб уладзе над светам, якая б здзяйснялася з вышынь Гімалаяў. Гісторыя, аднак, распарадзілася інакш, і незадачлівы ніцшэанскі выпладак на вачах усяго чалавецтва сам ператварыўся ў недачалавека, галазадую малпу на дрэве.

Аповесць насычана багатым дакументальным матэрыялам аб людзях і падзеях мінулай вайны і з’яўляецца новым сведчаннем гераічнай барацьбы народа супраць яго прыгнятальнікаў.

Многія яе з высокім майстэрствам напісаныя старонкі сагрэты высакародным пачуццём любові і ўдзячнасці да тых, хто загінуў, не здрадзіўшы чалавечнасці, іншыя поўныя нянавісці да катаў, якія пралілі нявінную кроў у імя вар’яцкіх ідэй фашызму. Аўтар з усёй відавочнасцю і глыбінёй і выкрывае подлую прыроду страху і здрадніцтва, у фінале якіх — заўжды смерць і пагарда.

Гэтая самабытная і ў многіх адносінах павучальная аповесць, безумоўна, належыць да тых шчаслівых твораў літаратуры, якім суджана доўгае жыццё.

[1980]

Ад імя пакалення

— Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Але… Ведаеце, у Твардоўскага ёсць такое сведчанне, што ён не любіць свайго юнацтва. Я не люблю свайго дзяцінства. Галоднае жыццё, калі трэба ісці ў школу, а няма чаго паесці і апрануць… Адзінае, што было радасцю, дык гэта прырода і кнігі. Улетку возера, лес, рыбалка. Калі дазваляў час, вядома. Бо трэба было працаваць. Трэба, ды і прымушалі. Але ў пісьменніцтва, напэўна, прывяла любоў да кнігі. Чытаў заўжды, як памятаю сябе. Першую кніжку мне прачытаў бацька. А ўжо год з дванаццаці пайшла класіка. «Уваскрасенне», «Ганна Карэніна», «Вайна і мір»… Гэта, канешне, было надта рана, але перачытваць не ўмею. Памятаю і так.

У школьнай бібліятэцы кніг было няшмат. Але ў вёсцы жылі людзі, якія збераглі старыя выданні. У хаце сельскага настаўніка Баброўскага, з сынам якога я сябраваў, стаяў куфар старых кніг. Пісемскі, Дастаеўскі, Станюковіч, заходнія рамантыкі — Жуль Верн, Вальтэр Скот, Майн Рыд. Памятаю, трапіўся мне Шэлер-Міхайлаў — чатыры тамы аб свецкім жыцці рускай арыстакратыі… Чытаў без усякай сістэмы, без разбору. Але час і вопыт усё расставілі па сваіх месцах. З класікаў я, вядома, вылучаю Талстога і Дастаеўскага, хоць лічу, што рускіх пісьменнікаў-класікаў трэба любіць усіх без выключэння. Талстой, як мне здаецца, вялікі сваім светаадчуваннем, здольнасцю ўвабраць у сябе і асэнсаваць цэлыя эпохі з іх складанасцямі і супярэчнасцямі. Дастаеўскі — незвычайнай паглыбленасцю ў чалавека, у яго ўнутраны свет. Маёй пісьменніцкай прыродзе блізкая таксама проза Пушкіна. Яна ясная, нешматслоўная, трапная, амаль без тропаў. Вось вершы — не па маёй часці. Хаця даводзілася імі займацца ў жыцці — год дванаццаць быў літкансультантам у гродзенскай абласной газеце.

Юнаком Быкаў вучыўся ў Віцебскім мастацкім вучылішчы. Хоць сялянскаму хлапчуку ў пэўным сэнсе лягчэй стаць пісьменнікам, чым мастаком або музыкантам, — гэта патрабуе спецыяльнай падрыхтоўкі, якую ў вёсцы, практычна, атрымаць было нельга…

— Маляваў, як усе дзеці, можа, трохі лепш. I, мабыць, таму ў школе мне заўжды даводзілася займацца насценгазетай. У суседняй вёсцы жыў селянін па прозвішчы Бобрык. Пасля грамадзянскай вайны ён прывёз з Сібіры мноства кніг, гадавыя камплекты «Нивы», «Огонька», некалькі карцін алеем у багетавых рамах, пейзажы. Былі там рэпрадукцыі і артыкулы аб Рэпіне, Крамскім, Каровіне, а таксама Клеверы, пейзажы якога мне вельмі тады спадабаліся. Усё гэта неяк адгукнулася ў маёй душы. Пачаў даставаць фарбы, маляваць, пісаць у нейкія метадычныя кабінеты. Мне прысылалі адтуль брашуры аб тым, як трэба маляваць. Потым наш піянерскі важаты — малады, энергічны хлапец Кандрацкі — паступіў у Віцебскае мастацкае вучылішча. I я туды паехаў і паступіў. Але ў хуткім часе прыйшлося кінуць — у 1940 годзе адмянілі стыпендыі студэнтам тэхнікумаў. Паехаў дадому, зноў пайшоў у школу. Потым пачалася вайна…

Васіль Быкаў, як і тысячы ягоных аднагодкаў, васемнаццацігадовым юнаком трапіў у самае пекла. Не, ён не пісаў у франтавыя газеты, не вёў дзённікаў — апошняе строга забаранялася загадамі ваеннага часу.

— Наогул да пісьменніцтва сябе не рыхтаваў, не да таго было. На фронце, бывала, не ведаеш, ці дажывеш да вечара, і ўжо тым больш — да перамогі. Вось кажуць: скончыўся бой… Для нас ён ніколі не канчаўся. Калі немцы не наступалі, працавала іх артылерыя, авіяцыя… Калі нас адводзілі ў другую паласу, чакай прарыву на гэтым участку танкаў. Ды і там таксама баі. Мяне неяк запыталі чытачы, ці былі ў мяне на фронце светлыя хвіліны. Былі, калі ўдавалася жывому вырвацца з пекла. Тады было светла і радасна. Але ненадоўга. Наогул на вайне і нават нейкі час пасля яе не толькі пісаць, але і чытаць аб ёй не хацелася.

Поделиться с друзьями: