ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2

Быкаў Васіль

Шрифт:

Нашая калёна трохі пастаяла на ўезьдзе ў гарадок, а затым нехта з начальства павярнуў яе ў бакавы завулак. Неўзабаве мы апынуліся на гарадзкой ускраіне, ля шырокай надрэчнай лугавіны. Не пасьпелі выраўняць у які-небудзь парадак аўтамабілі з гарматамі, як нас апанавалі вясёлыя людзі ў нябачанай, спартыўнага крою форме, грубых грувасткіх гамашах, яшчэ болей грувасткіх касках з чахламі. То былі амэрыканцы. Яны адразу кідаліся ў абдымкі зь першым, хто ім трапляўся насустрач — салдат ці афіцэр, гучна ляскалі па плячах, штось ва ўсё горла крычалі на незразумелай мове. Нешта разумеў па-ангельску толькі мой пасажыр-маёр, і яны пасьля першых ягоных словаў з радасным крыкам пачалі кідаць яго ўгору, бы найвялікшага савецкага героя. Нашыя салдаты сьпярша неяк нясьмела паддаваліся іх весялосьці, пасьля пачалі сьмялей і ахвотней, гучна здароўкаліся і таксама па-свойму крычалі, бы да глухіх. Некаторыя з гасьцей ужо паўзлазілі на нашыя машыны, аднекуль зьявіліся бутэлькі ды салдацкія пляшкі, ужо налівалі ў кварты, а то і жлукцілі па чарзе з бутэлек. Лугавіна ўмомант ператварылася ў гаманкі бязладны кірмаш, замест вазоў застаўлены вялізнымі «студэбэкерамі» з гарматамі на прычэпе. Ніхто не камандаваў, не імкнуўся навесьці парадак. Тут былі толькі малодшыя афіцэры, камбаты і ўзводныя, старэйшыя камандзіры кудысь пазьнікалі, мабыць, туды, дзе быў мост цераз раку і дзе цяпер адбывалася галоўная сустрэча.

Але нам і тут хапала радасьці. Некалькі амэрыканцаў, здаецца, ужо на добрым падпітку, апынуліся перад маёй машынай і ўжо весела гарланілі, двое абдымаліся з тэлефаністам Мухам. Аказваецца, гэтыя разумелі па-польску, таксама, як і Муха, што трапіў у полк з польскай арміі. I ўжо там чутна было, як гучала «Бардзо прошэ», «Пан капрал», «германско быдло». Убачыўшы мяне, Муха радасна растлумачыў:

— Таварыш лейтэнант, во дзіва! Землякі! Іхныя бацькі з-пад Познані. Во ромам частуюць…

Адзін з тых землякоў — расхрыстаны, плячысты вярзіла ўжо соваў мне вялізную бутэльку, у якой яшчэ штось плёскалася, а Муха падахвочваў: «За пабеду, лейтэнант!» I я выпіў — без вялікай ахвоты некалькі глыткоў цёплага сьмярдзючага пойла. Пасьля мяне спаважна выпіў сяржант Мядзьведзеў. Затым аднекуль зьявілася алюміневая пляшка, жвава пайшла па руках. Муха раздаваў невядома дзе ўзятыя цьвёрдыя кавалкі шакаляду — на закусь. Мы яшчэ выпілі, і ля мяне апынуўся здаравенны белазубы негр, увесь у хакі, пачаў бесцырымонна мацаць на грудзях маю «чырвоную зорку».

— Прэзэнт, сэр офіцыр? Эс, прэзэнт? Эс?

Я не разумеў, што значыць — прэзэнт? Ці ня хоча ён атрымаць у падарунак мой ордэн? Сапраўды, мабыць так. У адплату ён ужо скінуў з рукі мэталічны бранзалет гадзіньніка і соваў мне. Як было ад яго адчапіцца? Іншыя, аднак, не адчапляліся, скрозь адбываўся п’яны абмен сувэніраў — гадзіньнікаў, зорак зь пілотак, дзягаў і нават пісталетаў. Гляджу, мой ціхі Кананок ужо прыцэльваецца кудысь у кузаве з ладнай амэрыканскай вінтоўкі, выменяў ці што? Не наваяваўся хлопец. Побач сядзіць на борце і паблажліва ўхмыляецца расхрыстаны амэрыканец.

— Ну, яшчэ трохі прымем за пабеду, — трохі разьвязна соваў мне пляшку Мядзьведзеў.

— Давай!

Чорт яе бяры, сапраўды перамога. Найвялікшая перамога ў найвялікшай вайне. Давай, Мядзьведзь, будзем піць. За тых, хто ніколі ня вып’е.

I я выпіў, ці ня першы раз са сваім падначаленым, камандзірам гарматы. Увогуле тое не было ў нас прынята — піць з падначаленымі. Калі й пілі, дык болей з роўнымі сабе: узводныя — з узводнымі, камбаты — з камбатамі. Але тут такая падзея — канец вайны. А мы зь Мядзьведзевым болей за чатыры месяцы кожны дзень і кожную ноч разам. У адным акопчыку і ля адной гарматы. А з адной пляшкі выпіваць не даводзілася.

— Усё ж маглі ў адной яме ляжаць, — сказаў Мядзьведзеў, боўтаючы паднятую пляшку і быццам не адважваючыся дапіць.

— Пад Шаманторніяй?

— Пад Шаманторніяй гэтай. Там я ўжо не спадзяваўся. Нявыкрутка поўная.

Так, ён казаў праўду, на Шаманторнію я не забыўся. У час веснавога прарыву нямецкіх танкаў нашую гармату адрэзалі ад сваіх, мы суткі праседзелі ў кукурузе, ужо не спадзеючыся выбрацца жывымі. Наперадзе на вышыні былі немцы, ззаду на дарозе нямецкія танкі, наш цягач «студэбэкер» згарэў яшчэ ранкам ля пераправы. I мы апанурыліся. Тады Мядзьведзеў кажа: трэба, як пацямнее, паслаць каго ў пяхоту, каб далі чалавек пяць, і тады б мы паспрабавалі выкаціць гармату. Так і зрабілі. Паслалі Сьцяпанава, той прабраўся між нямецкіх танкаў і прывёў чатырох зь пяхоты; пад ранак у тумане мы неяк выкацілі з кукурузы нашую гармату і прабраліся да сваіх. Нават нікога ня страцілі. Але натрываліся — дай Бог! Уранку па той кукурузе ўжо гойсалі нямецкія грэнадзёры.

Якраз да нашае вясёлае купкі далучыўся і Сьцяпанаў — дужы, немалады ўжо малодшы сяржант з ордэнам Славы на зашмальцаванай гімнасьцёрцы — гэта за той яго ня надта звычайны подзьвіг. Зьлез з машыны Кананок. На гэтым кірмашы гарэзнае весялосьці ён выглядаў нейкім найменш радасным, заўсёдная яго ўсьмешка сёньня сышла з курносага твару, і я разумеў, чаму. Скончылася вайна, а ў хлопца ніводнага мэдаля, што, пэўна, яго засмучала. Казалі: не заслужыў. Праваяваў зіму побач з усімі, як і ўсе, трываў пад агнём, але во — не заслужыў. Бо малады і сьціплы. Хаця галоўнае — заслужыў жыцьцё, ці гэта не найбольшая ўзнагарода для кожнага салдата?

Наўкола гуў, гаманіў, мітусіўся салдацкі наўтоп. Салдаты нашай ды іншых батарэяў палка перамяшаліся з амэрыканскімі, якіх прымалі сапраўды як братоў, — гаманілі, абдымаліся і пілі разам зь імі. Але і між сабой у нашых бруіла ніколі дагэтуль ня чутая радасьць. Дзесьці зводдаль ужо гарланілі «Кацюшу», а бліжэй узьнікала новая песьня, якую пачынаў прыгожы барытон батарэйнага запявалы:

Пакахай мяне, салдацік, Буду вернай жонкаю… А забудзеш — толькі разам З роднаю старонкаю…

Мядзьведзева, падобна было, хмель браў ня хутка, выглядаў ён цьвярозым і ціхім голасам прамаўляў мне:

— Замірацца — прыяжджай на госьці. Калі можна, зь сям’ёй. Ці адзін. Я ж каля Цяляцкага возера жыву.

Тое я ведаў. За зіму і вясну даволі ўжо наслухаўся пра яго возера, поўнае рыбных цудаў і незямной прыгажосьці. Але сяржант і зараз ня мог стрымацца, каб не напомніць пра тое.

— Гэта ж возера — цуд. Першае месца займае па хараству.

— Можа, і прыеду, — сказаў я няпэўна.

— А чаго? Малады, жаніцца трэба. А ў мяне глядзі — і нявеста гатовая. Тоська мая якраз упару…

Я ведаў і пра ягоную Тоську. Мядзьведзеў быў удвая старэйшы за мяне, меў дарослую дачку і сына-кулямётчыка, што загінуў пад Сталінградам. Засталася адна дачка, во ён і стараўся годна ўладкаваць яе ў жыцьці. Але наўрад ці я гадзіўся ў жаніхі да алтайскіх нявестаў.

Ззаду між мной і Мядзьведзевым праціснуўся санінструктар Пятрушын — зь перакручанай на галаве пілоткай і счырванелым тварам. Гэты ўжо быў на добрым падпітку.

— Чур, Мядзьведзь, не сватай дачку лейтэнанту. Мне абяцаў.

Мядзьведзеў толькі паморшчыўся ад п’янага нахабства.

— Зашмат хочаш, — ціха вымавіў ён і працягнуў мне пляшку. — Дык вып’ем, лейтэнант.

Здаецца, я і яшчэ выпіў зь Мядзьведзевым, а пасьля і са зважлівым Кананком і нават зь Пятрушыным. Я ўжо не злаваў на санінструктара, тым болей, што ён не злаваў на мяне і сам мне пра тое сказаў. Падобна, пасьля мы нават абдымаліся зь ім, і ён усё пахваляўся, як яго паважаюць афіцэры; начальнік санслужбы заўжды вітаецца зь ім за руку. Ужо п’яным позіркам я згледзеў перад сабой хісткую постаць маёра-прапагандыста, — здаецца, поруч з камбатам ці яшчэ з кім, каго я ўжо не пазнаў. Марудна, але пэўна я адключаўся, прыхінуўшыся да крыла «студэбэкера». Нейкі час яшчэ чуў вялікую гаману побач, як скрозь пілі, сьпявалі, сьмяяліся. А некаторыя і плакалі п’янымі гаручымі сьлязьмі. Аж покуль узварушаную лугавіну не змарыў п’яны сон.

Як я заснуў, дык і не прыкмеціў, але прачнуўся раптам на золку. Намацаў ля галавы вялізнае пыльнае кола «студэбэкера» і, неяк учапіўшыся за яго, сеў.

На ўсёй лугавіне стаялі ўразброд нашыя «студэбэкеры», ніхто іх не параўняў, — як учора паставілі, так і засталіся. I між іх, пад станінамі гарматаў, на стаптанай траве, у кузавах і парасчыняных кабінах ляжалі, спалі, храплі салдаты — савецкія ўперамешку з амэрыканскімі — хто дзе і хто як. Побач выцягся той учарашні нэгр, што хацеў у мяне выменяць ордэн; на ягоныя ногі ўзьлёгся хтось з нашых, пад ім, утаптаны ў зямлю, валяўся чыйсьці карабін. Кабур у амэрыканца ўжо быў пусты і расшпілены, — мабыць, ужо падарыў камусьці свой кольт. Ці памяняў на гэты іржавы карабін. Я з натугай падняўся на ногі. Балела галава, нязвыклая слабасьць адчувалася ў целе. Але новае памкненьне адразу ахапіла мяне. Я памятаў прыкладна, зь якога боку мы сюды прыехалі і хістка пабрыў у тым накірунку. Абыйшоў «студэбэкеры» сваёй батарэі, нідзе ня згледзеў камбата і падумаў, што так, можа, і лепш. Праўда, натыкнуўся на знаёмыя боты санінструктара Пятрушына, які, зьвесіўшы ногі з расчыненай кабіны, салодка спаў на мяккім сядзеньні. Мусіць, перабраў, — падумаў я, хоць сам быў ня ў лепшым стане.

Поделиться с друзьями: