Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2
Шрифт:
— I там у Мядзьведзева тушонка была. Папрасі баначку.
Кананок пабег на агнявую, а я вярнуўся ў вэстыбюль. Гаспадары былі тут, толькі цяпер сядзелі ля сьцяны ў скураных крэслах — старыя і аднолькава бездапаможныя, то было відно зь першага позірку. За столікам Франя наліла ў чатыры чаркі.
— Трохі счакаем, — сказаў я. — Зараз прынясуць закусь.
— То добра, — сказала Франя. — Немцы як выпіваюць, не закусваюць.
— А мы закусваем. Калі ёсьць чым.
— У нас дык і нічога няма. Тыя дні я па хлеб на ровары езьдзіла. Па картках выдавалі. А цяпер усё скончылася. Як будзе далей?
— А ўжо неяк будзе, — сказаў я. — Галоўнае, вайна сканчаецца. Амэрыканцы сюды ідуць. Скора і тут — Гітлер капут!
Старыя з крэслаў пакутнымі позіркамі глядзелі на мяне, савецкага афіцэра, які ў іхных вачах поўніўся здаровым, маладым аптымізмам. Але, падобна, мой аптымізм іх мала ахвоціў. У іх былі нейкія свае адносіны да вайны і да жыцьця таксама. Але тое мяне ня надта цікавіла. Я чакаў Кананка, які хутка прынес цагліну салдацкага хлеба і бляшанку сьвіной тушонкі, — усё паклаў на край цеснага століка.
— О, амэрыкен, — ціха зазначыў стары, згледзеўшы пяціканцовыя зоркі на бляшанцы.
— Лэнд-ліз, — сказаў я.
Франя прынесла сталовы нож, якім я разрэзаў кансэрву, і яна адрэзала ад бохана некалькі тоненькіх лустаў.
— Зараз я нарыхтую вам сэндвічы.
Пакуль яна рыхтавала сэндвічы — намазвала на хлеб тлушч з бляшанкі, я тайком, з даўно не адчуванай любасьцю, назіраў за хуткімі рухамі яе спрытных пальчыкаў, раз-пораз кідаючы позіркі на яе ажывелы, радасны, дужа прывабны дзявочы тварык. Мне яна падабалася ўсё болей. Скончыўшы сваю працу, паклала дзьве лусткі на сподак і найперш паднесла гаспадарам у крэслах.
— Данке шон, — кіўнуў гаспадар, затым падняўся і дрыготкімі пальцамі ўзяў са століка чарку. Фраў ня зрушылася зь месца, яна на ўсе вочы разглядала мяне.
Мы выпілі — я, гаспадар і Франя, чацьвертая чарка засталася на століку.
Каньяк аказаўся моцны, здаецца, я адразу пачаў п’янець. Ці, можа, таму, што быў нязвыклы да яго — дасюль ва Угоршчыне мы пілі віно і ведалі яго моц. Ці, болей дакладна, ведалі: ад віна мала моцы. Толькі адзін раз у жыцьці, пад Шыяфокам, я таксама пачаставаўся каньяком, дык дасюль не забыўся таго пачастунку. Затое зразумеў: каньяк — не віно, яго трэба ўжываць памяркоўна.
— Пан прафэсар, — вымавіў я чамусьці па-польску. — Вы тут ня крыўдзіце маю зямлячку?
Гаспадар, мабыць, ня надта зразумеў маё пытаньне, і Франя патлумачыла яго па-нямецку. Праўда, тут жа і адказала:
— Яны ня крыўдзяць. Яны для мяне як бацькі.
— Ну то добра, калі так. Гут!
— Гут, гут, — згодна паўтарылі гаспадары.
— Але цяпер мы яе забярэм, — сказаў я, набіраючыся п’янай рашучасьці, і зірнуў на Франю.
Я чакаў, што яна перакладзе мае словы гаспадарам, тая, аднак, маўчала. Лёгкі клапотны цень прамільгнуў па яе тварыку, і я сьцяміў, што тут штосьці ня так. Ня так, як звычайна, калі мы вызвалялі ў гарадах працоўныя лягеры, перапоўненыя людам баракі, зь якіх іхныя насельнікі адразу кідаліся кожны ў напрамку сваёй радзімы. Усе рваліся дамоў. Я чакаў, што ў гэты момант найперш мне падзякуе Франя, а затым і гаспадары — за вызваленьне ад фашысцкай няволі. Аднак не дачакаўся таго.
Настала трохі няёмкая паўза. Я сядзеў ля століка, Франя насупраць рыхтавала маленькія, з запалкавы карабок, сэндвічы. Старыя нерухома сядзелі ў сваіх мяккіх крэслах. У вэстыбюлі ўжо стала відней — праз вузкія вокны зазірнулі сонечныя промні, паклалі на керамічную падлогу рваны ўзор ад рухавай лістоты знадворку. Пару нарыхтаваных сэндвічаў Франя вынесла на ганак Кананку і вярнулася з пустым сподкам — Кананок абышоўся бяз сподка.
Пасьля таго, як я выпіў чаркі са тры, і ў графінчыку засталося няшмат, старыя падняліся і нямогла патэпалі ў бакавыя дзьверы — на кухню, ці што. Франя тады прысела за столік, неяк са стрыманай увагай угледзелася ў мяне.
Я трохі ап’янеў, але пачаў адчуваць, што мае ранейшыя, звыклыя на вайне меркі трохі захісталіся, сутыкнуўшыся зь іншаю, не знаёмаю дагэтуль рэальнасьцю. Усё ж гэта быў інакшы, чым ранейшы мой сьвет, зь яго інакшымі складанасьцямі, у якіх я быў, мабыць, прафан. Ня тое што мая зямлячка, беларуска Франя — яна ў гэтым сьвеце жыла, а я зь ім толькі знаёміўся. Цікавасьць мая да яе ўсё большала. Але распытваць яе было трохі няёмка, а яна, бачна было, ня дужа сьпяшалася расказваць пра сябе. Ці хоць бы паскардзіцца, як гэта звычайна любяць жанчыны. Франя ня скардзілася, хоць і радасьці на яе твары я заўважаў ня шмат. Ці яна так навучылася — хаваць свае пачуцьці? Але ж нашто хаваць іх, усё ж я ёй не чужы. Я зямляк на чужыне.
Там, на агнявых пазыцыях, я ня надта дбаў пра свой зьнешні выгляд — выпацканыя ў зямлі штаны, нячышчаныя кірзачы, неахайна зашытае рукаво. Цяпер у гэтым вэстыбюлі прыйшло іншае адчуваньне, і я спрабаваў стаць ці павярнуцца такім чынам, каб мае хібы ня надта траплялі каму на вочы. Але пасьля, мусіць, забыўся на тое і не схаваў разадраны рукаў ад хуткага позірку Франі.
— Дайце зашыю, — сказала яна дужа проста, і ў тых яе словах мне пачулася забытая інтанацыя маёй малодшай сястры Ніны, пра якую я нічога ня ведаў з пачатку вайны.
— Дайце, дайце! Я хутка. А то… Непрыгожа так, — сказала яна і ўсьміхнулася.
Мусіць, тая яе ўсьмешка ўсё й вырашыла, — адразу прагнала маю няёмкасьць. Я расьперазаўся, сьцягнуў цераз галаву маю заношаную гімнасьцёрку, нечакана і зь непрыемнасьцю апынуўшыся ў нясьвежай сподняй сарочцы зь недарэчнымі матузамі на грудзях. Памкнуўся быў адмовіцца ад Франінай паслугі, ды дзяўчына ўжо ўзяла гімнасьцёрку і кароткім дакладным рухам распрастала яе на каленях. Яна спрытна зашывала маю прарэху, і тое яе зашываньне азначыла дужа шмат у рухах маёй, ужо скіраванай да яе душы.
Як гэта я здаўна рабіў на вайне, дзе б ні быў і чым бы ні займаўся, скрозь справы і размовы звыкла ўслухоўваўся ў навакольле, лавіў гукі, якія маглі данесьці знакі трывогі, нейкія зьмены у абставінах. Найперш кепскія зьмены. Мусіць, тая мая насьцярожанасьць перадалася Франі, позірк якой таксама час ад часу пыхкаў трывогай.
— Яшчэ страляць будуць?
— Будуць, вядома. Пакуль усё тое ня скончыцца.
— А як скончыцца?
— Тады будзе мір. I шчасьце. I жыцьцё, — сказаў я не безь некаторага пафасу. Канечне, цяжкі клопат сядзеў і ўва мне, цяпер я стараўся заганяць яго ўглыб, каб ён не замінаў маёй лагодзе да Франі. Здаецца, я ўжо пачынаў адчуваць нейкую радасную магчымасьць, што абяцала нязьведанае. Але ўсё тое было дужа няпэўнае і невыразнае, якое магло зараз жа зьнікнуць.
Франя ціхенька ўздыхнула.
— У мяне якраз сястрычка такая, як ты. Сямнаццаць гадоў, калі жывая яшчэ, — сказаў я.
— Мне крышку больш, — ціха зазначыла Франя. — А дзе зараз сястрычка?
— Можа, у Нямеччыну пагналі.
— У Нямеччыне кепска. Апроч усяго — бамбёжкі жахлівыя. Мае ж гаспадары таму й прыехалі сюды. Як дом разбамбілі.
— А тут лепей?
— Дагэтуль лепей было. Пакуль вайна не дакацілася. Дзіўна, раней я думала: можа, у Нямеччыне цішэй будзе, а то ж у нас ужо немагчыма стала: усе ўсіх б’юць, забіваюць. Партызаны б’юць немцаў, немцы б’юць усіх без разбору. Жыць нельга стала. Як мой дзядзька Лукаш казаў: хоць жывы ў труну лажыся.