ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2

Быкаў Васіль

Шрифт:

Пры ўсёй яе жаночай дасканаласці Анечка, аднак, не ўлічыла некаторых асаблівасцяў прафесіі генерала-мужа. Хоць той і адлучаўся з дому, але, мабыць, не пакідаў яго без нагляду, і што-нішто з яе адносінаў з кухарам яму стала вядома. Тыдзень таму, неспадзявана вярнуўшыся з камандзіроўкі, ён пакінуў свой «віліс» у пачатку вуліцы і да лецішча падышоў пехатой. У іхняй спальні наверсе жонкі не аказалася, Анечка ў той час бяспечна дасыпала сабе ў прыбудоўцы, а старшына-кухар распальваў пліту на кухні. Там жа генерал і абвясціў Агрызкаву, што яму ўсё вядома, што такія адносіны між кухарам і ягонаю жонкай недапушчальныя, і ён адсылае Аляксея ў партызанскую зону — на выпраўленне. «Куды?» — запытаў збянтэжаны кухар. У распараджэньне беларускага сябра генерала, сакратара падпольнага абкаму. «Што ж, — абыякава падумаў Агрызкаў, — мабыць, і падпольныя сакратары любяць пажарскія катлеты, не ўсе харчуюцца канцэнтратамі з маскоўскага харчкамбіната імя таварыша Мікаяна». Таго ж дня ён сабраў сваё небагатае майно і, трохі пастаяўшы перад генеральскай спальняй, дзе, замкнуўшыся, плакала няшчасная Анечка, пайшоў на цягнік. У партызанскім штабе ўжо былі ў курсе, яго чакалі…

Тумаш заснуу адразу, як толькі паваліўся долу, і, здалося, яго тут жа піхнулі ў бок — уставай. Фельчар нават не адразу сцяміў, хто гэта і дзе ён. Аказалася, будзіць яго Агрызкаў, які стаіць над ім і штосьці ціха гамоніць.

Фельчар борздзенька сеў на траве і азірнуўся. Ну і месцечка яны выбралі для начлегу! Балота не балота, але і не лес — нейкая хмызняковая няўдобіца, парослая крапівой. Мабыць, ад яе ці, можа, ад камароў надта свярбелі рукі і твар. Ужо сьвітала ці, можа, і зусім развіднела, але тут, у алешніку, было змрачнавата, смярдзела грыбной мухаморнай сырасцю, і ён настыла скалануўся са сну. Камандзір насупроць поркаўся ў сваім шматкаштоўным рэчмяшку, хлопчык Косця з маркотным выглядам стаяў зводдаль, чакаў.

— Доктар, у цябе сухарыка не засталося? — папытаўся Агрызкаў. — То дай пагрызьці. А то ў нас пуста.

Тумаш развязаў сваю не новую, з дзіркамі, атрыманую ў шпіталі тарбіну, дастаў спадыспаду два акрышаныя сухары. Адзін сухар старшына разламаў напалам, палавіну працягнуў Косцю. Той пакруціў галавой.

— Не хачу.

— Думаеш малінай пітацца? — сказаў старшына і схаваў сухар у кішэню. Побач падняўся на ногі і камандзір. Ён па-ранейшаму быў заклапочаны, нават раззлаваны з твару, начапіў на сябе майно — кірзовую сумку і рэчмяшок, дбайна паправіў гімнасцёрку пад дзягай з цяжкавата абвіслай кабурой. Увогуле ношку камандзір меў, мабыць, лягчэйшую за іхнія, падумаў фельчар, беручы з долу замакрэлую ад расы вінтоўку. Грузу ў яго ўсё ж набіралася болей за ўсіх.

— Хочаш, дам панясці, — сказаў ён да Косці, трымаючы за почапку санітарную сумку. Косця нясмела ўзяў яе аберуч, быццам паважыў.

— Не цяжкая, самы раз будзе, — запэўніў фельчар, зірнуўшы ў бок камандзіра, які строга пазіраў на яго. Але не сказаў нічога.

Хрумкаючы сухары, яны выбраліся з кустоўя на ўчарашнюю дарожку.

У хмызняковым наваколлі стаяла золкая ранішняя цішыня, неба ўгары паволі святлела, але сонца яшчэ не было відаць. Каля вушэй ціха зудзелі камары, але не так, як учора звечару. «Мабыць, яшчэ не згаладнелі», — падумаў Тумаш. I яму чамусьці прыпомнілася, як колісь гэткім жа росным раннем ён хадзіў з вудай на возера — парыбачыць. Тады ён быў малады, нядаўна скончыў фельчарскую вучэльню і на пару з доктарам Дашкевічам рабіў у местачковым медпункце. Быў халасты, вадзіўся з местачковымі дзеўкамі і неяк аднаго лета ўлёг у рыбалку, тым болей што адразу за местачковай аколіцай разлеглася невялікае маляўнічае азярко з трысняговымі берагамі. У адным месцы трысьнёг расступаўся, і на нешырокай пясчанай водмелі каля дарогі купалася ў поўдзень і надвячоркам галасістая местачковая дзятва. Тумаш абраў сабе рыбацкі закутак наводдаль, ля дуба, паваленага бабрамі ў ваду, дзе часам браліся краснапёркі і акунькі. Але як калі. Рыбак з Тумаша быў ня надта ўдачлівы, часам за ўвесь ранак прыносіў якіх пару плотачак — кату на сьняданак. Калі-нікалі, аднак, шчасціла болей. Аднойчы ён паставіў рэкорд — тузін акунькоў, якіх і засмажыў якраз на дзень уласных народзінаў і запрасіў на пачастунак калегу — доктара Дашкевіча. Дашкевіч быў чалавек у гадах, жыў халасцяком і кватараваў у сварлівай яўрэйкі Голды, з якой апошнім часам не размаўляў, пасварыўшыся і назваўшы яе прагнай жыдоўкай. Болей пра ягоныя адносіны з гаспадыняй фельчару не было вядома, ды ён і не пытаўся пра тое, заняты сваімі клопатамі — дзяўчатамі, дочкамі Лейбы Модаля, у кватэры якога нядаўна пасяліўся. Адносіны доктара з фельчарам былі адно службовыя, чыста афіцыйныя, — такія запачаткаваў негаваркі, амаль заўсёды маўклівы Дашкевіч. Цікава, што ён ніколі і ні з кім не піў — ні на працы, калі прымаў хворых, ні на выкліках у вёсках, нават калі ездзіў да парадзіх. Тое не ўсім падабалася ў мястэчку, некаторыя не любілі доктара, казалі: ганарысты, грэбуе простым чалавекам. А тут на дні народзінаў калегі нечакана для фельчара выпіў, — можа, нават цэлую шклянку гарэлкі, бутэльку якой адмыслова для таго Тумаш купіў у сельпоўскай краме. I раптам доктар зрабіўся гаваркім, бы што ў ім прарвалася, — столькі ён нагаварыў за той вечар маладому фельчару, з жарам і болем, — і пра іхнюю занядбаную працу, і пра класавую барацьбу і калектывізацыю, пра ворагаў народу і нялюдскія органы. Аказалася, у горадзе арыштавалі доктаравага сына, навукоўца-хіміка, і бацька быў упэўнены, што бязвінна. Тумаш спярша аж спалохаўся, спрабаваў пярэчыць, не пагаджацца, але разумеў, што пярэчыць марна, доктар гаварыў праўду. Толькі пра тую праўду ў мястэчку не гаварыў ніхто, усе разумелі, але баяліся, нашто было гаварыць і доктару Дашкевічу? Хто не ведаў, што калгаснікі галадаюць, што інтэлігенцыя запалохана і прыцяла вушы, што над усім пануюць органы, якія ўзялі ў свае кіпці і партыйнае кіраўніцтва. У раёне ўжо сёмы сакратар райкама партыі, шасцёра ранейшых рэпрэсаваныя. Але рэпрэсавана і безліч калгаснікаў, дырэктар школы і дзве настаўніцы. Нашто было гаварыць пра тое? Ці доўга з такімі поглядамі можна было гуляць на волі?

Мабыць, разумеючы тое, Тумаш не здзівіўся, калі праз тыдзень, прыйшоўшы ранкам у амбулаторыю, убачыў на яе дзвярах сургучную пячатку — ноччу доктара ўзялі. На ягонай кватэры ў Голды ўсю ноч ішоў ператрус, а да амбулаторыі ў тых, мабыць, яшчэ не дапрасталіся рукі. Менавіта тады Тумаш спалохаўся: цяпер возьмуць яго. Падумаўшы так, вярнуўся дахаты, узяў сваю звітую з конскага воласу вуду і зашыўся на возеры ў самы дальні закутак. Рыба, аднак, ня брала, ды ён і не надта сачыў за паклёўкай, ягоная галава трашчэла ад страхавітых думак — што цяпер будзе? Усё ж яны там, за бутэлькай, былі толькі ўдвух. Што можа падумаць доктар? Тумаш нічога не казаў нікому, але ж у старым і вялікім Лейбавым доме, апроч гаспадароў ды іхніх дачок, былі і яшчэ кватаранты. Цераз дашчаную, абклееную старымі газетамі сцяну кватараваў з сям’ёй настаўнік грамадазнаўства Квяткоўскі, з другога боку жыў пажылы бухгалтар сельпо — ціхі і непрыкметны чалавек, прозвішча якога за два гады так і не запомніў Тумаш. Можа, іхнюю гаворку пачулі? Напэўна пачулі! Але ж на каго было наракаць?

Тумаш чакаў і баяўся арышту, але яго не арыштоўвалі — яго толькі паклікалі ў райаддзел НКВД і далі прачытаць некаторыя з выказваньняў Дашкевіча. Пытанне следчага было пастаўлена рубам: казаў тое доктар ці не? Тумаш трохі павагаўся: увогуле ўсё было запісана правільна ці амаль правільна, мабыць, адмаўляць было марна, і ён пацвердзіў: так, гаварыў. I падпісаў. Тое следчага задаволіла, яго адпусцілі, сказалі: калі будзе трэба — паклічам.

Усё лета, восень, пачатак зімы, фінскую вайну і аж да пачатку Айчыннай фельчар Тумаш жыў пад гнётам страхавітага, трывожнага чакання — калі паклічуць? Праз тое панішчылася ягонае каханне з малодшай Лейбавай дачкой, ён ні з кім не ажаніўся, — страх перасіліў усё. Як пачалася вайна і яго мабілізавалі ў войска, Тумашу ў пэўным сэнсе стала нават лягчэй — чым далей, тым болей прыходзіла ўпэўненасць, што не паклічуць. I праўда, не паклікалі, і ён пакрысе адчуў сябе, як усе, з душы зваліўся штодзённы пакутлівы гнёт. Праўда, з вайной абрынуўся другі, які, пэўна, і выцясніў першы. Але то быў гнёт чакання пагібелі, які фельчар Тумаш перажываў не адзін, а нароўні з усімі. Тут ужо наракаць не было на каго.

— Возера? — са звыклай трывогай гукнуў камандзір, убачыўшы, што Косця наперадзе спыніўся.

— Возера, ага. Я ведаю. Гэта Кузыроўскае…

Яны ўсе прыпыніліся на пагорку ў рэдкім прыазёрным хвойніку — наперадзе, між рэдкіх і стромкіх хвояў сонечна блішчэла роўная паверхня выцягнутага ўпоперак возера з аброслымі трыснягом берагамі. Пад супрацьлеглым берагам відаць быў густа парослы кустоўем невялікі астравок.

— Во і астравок. Пэўна! — узрадавана мовіў хлопец з нізка павіслай санітарнай сумкай, надзетай цераз плячо. — Цяперака трэба абысці. Тут блізка, цераз рэчку.

— Як называецца рэчка? — пытаўся камандзір. Ён ужо разгарнуў вынятую з сумкі карту, распрастаў яе на каленях. Але як называецца рэчка, хлопец не ведаў і няўцямна паціснуў худымі плечукамі.

Хвіліну камандзір углядаўся ў карту, агледзеў усе крывулястыя рэчкі з нязвыклымі курсіўнымі назвамі. Там іх было некалькі, але гэтага возера не было. Але, мяркуючы па ўсім, яны ішлі правільна, іначай хлопец так лёгка не пазнаў бы знаёмую мясціну. Той факт надта ўзрадаваў камандзіра.

— То — шагам марш! Вядзі ў абход, Косця! — бадзёра скамандаваў Гусакоў.

Косця паглядзеў у адзін бок, у другі і рашуча, амаль подбегам пусціўся між хвой з пагорка. Яны ўтрох жвава пайшлі следам.

На душы ў камандзіра паспакайнела, нарэшце з’явілася ўпэўненасць. Хоць на карце гэтай мясцовасці яшчэ не было, але, калі хлопец яе пазнаў, дык, мабыць, неўзабаве будзе. Гусакову галоўнае, каб якую адзнаку тае мясцовасці ўбачыць на карце, астатняе ён вызначыць без праблемаў. Незалежна ад каго б там ні было. Тым болей — ад гэтага хлопца-падлетка. Смешна будзе прызнацца каму ў штабе, што вясковы пастушок два дні ратаваў іх, трох узброеных кадравых вайскоўцаў, вёў у партызанскі штаб, якога яны не маглі адшукаць нават з картай. Заблудзіліся, бы недарэкі. Бы апошнія малапісьменныя абармоты не маглі даць сабе рады…

Але, мусіць, так — заблудзіліся, хоць і не па сваёй віне — па чужой, як гэта ўсё ж часам бывае на вайне. Хоць капітан Гусакоў ваяваў нядоўга, да цяжкога ранення ў галаву, але хапіла на фронце і яму. Асабліва на пачатку вайны, калі ён з групай пагранічнікаў адступаў ад самага Беластока праз усю Беларусь да Салаўёўскай пераправы, дзе яго і параніла. Увесь час ішлі — удзень, а болей уначы па ўжо занятай немцамі тэрыторыі, харчаваліся, а то і хаваліся па вёсках і хутарах, спатыкалі рознае. Былі харошыя дзядзькі і цёткі, кармілі, прывячалі, паказвалі шлях на ўсход, плакалі, успамінаючы сваіх крэўных, што вось так недзе мыкаюць вайсковую долю. Але былі і інакшыя. Такія, што хацелі, каб хутчэй прыйшлі немцы ды ўстанавілі еўрапейскі парадак, распусцілі калгасы і вярнулі сялянам іхнюю, адабраную ў калгасы зямлю. Адзін настаўнік, як яны начавалі ў сельскай школе, усё даводзіў увечары, што нямецкая нацыя культурная, верыць у Бога. Што краіна, якая дала свету Іетэ і Шылера, не можа зрабіць некаму кепскага, — наладзіць і ў Беларусі цывілізаванае жыццё. Абы толькі скончылася вайна, а там усё будзе добра, лепей, чым пры саветах. Таго надта разумнага настаўніка давялося шлёпнуць уранку пад сцяной яго школы. Нельга было такіх пакідаць акупантам, якія адразу зрабілі б з іх паліцаяў і паслалі забіваць камуністаў і камсамольцаў. Праўда, трохі было няёмка, што перад тым яны добра пасьнедалі ў яго, нават пачаставаліся мёдам. Ну, але мёд — асобна, а палітыка асобна, як сказаў пасля іхні палітрук Сядзёлкін.

А то было горш. У другім месцы, на хутары маладая прыгожая шляхцянка нават не захацела размаўляць з імі, адно дзяўбла: не разумем і не разумем. Хаця як было не разумець простых пытаньняў, якія ёй задавалі ясным рускім языком? Як пасля яны дазналіся ў суседнім сяле, муж шляхцянкі быў афіцэр польскага войска, разбітага Чырвонай Арміяй у 39-м. Значыць, затаіла крыўду! Шкада, нязручна было вяртацца на хутар, а то б яны паказалі ёй, як крыўдаваць на савецкую ўласць.

Праўда, то было ў Заходняй Беларусі, толькі два гады таму далучанай да СССР, — уплывала доўгае знаходжанне пад буржуазнай уладай. Ва Усходняй жа было трохі інакш. Найперш складвалася ўражанне, што Усходняя абязлюднела — адны бабы ды дзеці ў вёсках, а мужыкі ці на фронце, ці ў партызанах, ці куды пахаваліся? Не магло ж так быць, каб усіх тамашніх калгасьнікаў рэпрэсавалі ў трыццатыя гады, калі ішла непрымірымая класавая барацьба. Хаця, калі і рэпрэсавалі, дык, мабыць, было за што. Калі б так у свой час не зрабілі, дык во цяпер, як пачалася вайна, яны б напэўна стралялі чырвонаармейцам у спіну. Як у Прыбалтыцы.

Поделиться с друзьями: