ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2

Быкаў Васіль

Шрифт:

Але ж тут — хлопчык. Не вораг і не партызан, можа, сын партызана. Узялі, пакарысталіся і — прэч. Бы якую анучу. I ўсё з меркаванняў бяспекі, сакрэтнасці, каб не прычыніць шкоды. Але каму? Тым, што сядзяць за балотам і бароняць краіну. I сацыялізм. I камунізм. Каб ім зручней і спакайней было бараніць, ён, беспартыйны фельчар, змушаны застрэліць хлопца. Тыя ж, канешне, страляць не будуць, яны таго сабе не дазволяць.

А ягонымі рукамі можна. Мабыць, чужымі рукамі ўсё можна — і забіць, і памілаваць.

Вось жа д’ябальская нявыкрутка! I што зробіш? Не выканаеш загаду, сам можаш атрымаць кулю ў лоб. Але і як выканаць?

Мабыць, зусім не прадчуваючы, што над ім навісла, Косця ў мокрай апратцы спакойна сядзеў сабе на сухім беражку і дробна тросся ад сцюжы. I як удзень — у сваёй велікаватай кепцы, якая адна і засталася ў яго сухая. Калі Тумаш вылез з хвойніку, хлопец запытальна ўгледзеўся ў яго — чаго, маўляў, тут марудзяць, не ідуць, куды трэба. Бо ж сапраўды Востраў Барок зусім побач, ён да яго прывёў, не заблудзіў, і тым быў амаль задаволены. Можа, нават чакаў падзякі ці ўзнагароды з ліку тых медалёў, што нёс камандзір. Хіба ж не заслужыў?

Тумаш, аднак, не чуў хлопцавых думак, ён дужа маркоціўся ад скрухі, бо не ведаў, як вымавіць тое слова, за якім пачнецца нялюдскасць. Ён ледзьве змусіў сябе прыціхла прамармытаць: «Ну, пойдзем!..»

Хлопец устаў, здрыгануўся і чакаў, яшчэ не ведаючы, куды ісці. Сваё ён адвёў, цяпер, мабыць, павінны весці яго. Толькі куды?

— А куды?

— Туды. У сасоннік, — перасмыкнуўшы абпаленымі вуснамі, прамовіў Тумаш. — Тут, недалёка.

Відаць было ў паўзмроку, як Косця няўцямна цепнуў плячыма, але пайшоў, — спярша па беразе, а пасля мусіў улезці ў гушчар, бо прайсці па беразе ўжо не было як — не стала і берага. Тумаш палез за ім следам. Ужо ўпоцемку, прабіраючыся праз калючы хвойнік, хлопец пару разоў прыпыніўся, мяркуючы, што фельчар яму штосьці скажа. Але фельчар не казаў нічога — фельчар усё думаў — дзе? Дзе яму стрэльнуць? У гушчары было цёмна і нязручна, ён мог не трапіць. А пасля з’явілася маленькая думка — можа, ён уцячэ? Уцячы было ўвогуле лёгка, і Тумаш бы яго не дагнаў. А можа, і не спрабаваў бы дагнаць, што ён, сабака? Ці які міліцыянт. Ён фельчар, медык, ягоны абавязак лячыць людзей, а не забіваць іх. Ды во змушаны…

Але хлопец не ўцякаў, спакойна ішоў да свае пагібелі, і фельчару аж зрабілася злосна. Трэба нарадзіцца гэткаму дурню! Ці ён не разумее?

А хіба ж усё разумеў Тумаш?

— А куды… куды мы ідзём? — упершыню з ціхай трывогай папытаўся Косця. Яны ўжо далекавата адышліся ад берага, ужо трэба было паспяшацца зрабіць, што загадана, а Тумаш усё не мог набрацца рашучасці і толькі мармытаў штось бездапаможнае. I хлопец, мабыць, адчуў штосьці нядобрае ў настроі гэтага чалавека.

— Куды вы мяне ведзяце? — ужо голасна, з надрывам, папытаўся Косця і стаў. «Ах, каб ты прапаў, дурань, — падумаў Тумаш. — Ну што з ім рабіць?»

— Слухай, — няцвёрда сказаў ён. — Ты — бяжы!

— Куды?

— Бяжы ты, халера на цябе. Не разумееш, ці што?

— Бегчы? Дзядзька, вы не партызаны? Вы не партызаны! — раптам праз плач закрычаў ён, бы штось зразумеўшы.

— Уцякай! — крыкнуў Тумаш. — Бяжы, ну!..

Мабыць, Косця ўсё ж зразумеў, што ад яго патрабавалася, і падаўся ў чорны гушчар. Тумаш аж уздыхнуў з палёгкай, падняў сваю СВТ і стрэліў угару. Стрэл грымнуў нечакана гучна, аж аглушыў фельчара. Той стаіўся, трохі счакаў, пакуль заглухла над балотам далёкае рэха, услухаўся. Хлопца ўжо не чутна было ў хвойніку, мабыць, можна было вяртацца на бераг. Але вяртацца туды не хацелася, і Тумаш стаяў, слухаў, чакаў, аж покуль здаля не данесліся выгукі ці, можа, яму здалося. Але — не здалося, бо зараз жа за імі грымотна пратрашчэла чарга, другая, дзве запар — гучнае водгулле разнеслася над балотам. Тумаш спярша прысеў, затым ускочыў і кінуўся ў другі бок, — да камандзіра з Агрызкавым. Але па ягоным шляху гучна зашчоўкалі кулі, ссечаныя імі галінкі сыпанулі з хвой. «Авохці мне, ну ўліп! Ну ўліп!» — стукала пякельная думка. Бегучы, фельчар усё чакаў — зрэжа, во гэтая зрэжа і яго. Ён і прысядаў у хвойніку, і бег, бы заяц, — блытана і не ўлад, абдзіраючы галаву і твар аб калючае голле.

Як выскачыў з хвойніку на вузенькі асакаваты бераг, кулі хвасталі воддаль, мабыць, цяпер па яго двух спадарожніках — рыкашэтам разьляталіся і візгалі над балотам — Тумаш прыпыніўся, лёг. Куды ж было бегчы? Хто і адкуль страляў, яму было ўсё роўна. Тыя ці іншыя, але яго намагаліся забіць, і ён мусіў ад іх ратавацца. Толькі дзе тут было ратавацца? Памарудзіўшы, ён шаснуў у балотную глыб, адразу праваліўшыся па сцёгны. Добра, што ягоная ношка — рэчмяшок і сумка — засталіся там, улегцы яму стала зручней. I ён пабрыў па багне, далей ад хвойніку, усё болей улазячы ў ваду. Вінтоўку, аднак, не кідаў, вінтоўка яшчэ магла спатрэбіцца. Хаця і не для паратунку — адчуваў, уратаваць яго магло толькі балота.

Як там спынілася страляніна, тады і ён спыніўся, стаіўся ў багне, прыціх, думаў, куды падацца.

Старшына на беразе скалануўся — пачуў галасы. Здалося, у тым баку, куды пайшоў Тумаш. Два ці тры выгукі, і даўгая аўтаматная чарга зрушыла начную цішыню. Зусім блізка — над галавой і побач страхавіта ціўкнулі кулі.

— Што гэта? — вырвалася ў Гусакова.

— Ярунда гэта, камандзір! — з адчаем выгукнуў старшына. Ягоны голас адразу заглушыла некалькі чэргаў зблізку — ужо з самага хвойніку. Білі ў бок трыгапункта, а кулі ляцелі цераз іх галовы па беразе, разляталіся над балотам. Старшына схапіўся за аўтамат, але камандзір побач крыкнуў:

— Не страляй!

Яны ляжалі на самым беразе, тулячыся да воглага пяску; бегчы ў балота, аднак, не адважваліся. Праз кароткі час зноў ударыла некалькі чэргаў — ужо з двух накірункаў, ад хвойніку і ад трыгапункта. Іх перакрыжаваныя трасы агнянымі мухамі нізка паляцелі над балотам і згаслі ў тумане. Камандзір з пісталетам у руцэ прыўстаў на каленях і хацеў штось крыкнуць. Але толькі войкнуў і споўз долу. Старшына ўцяўся ў пясок як мага ніжэй і ляжаў так, з аўтаматам у руках. Ён не страляў. Ён ужо разумеў, што гэта — свае і што зараз яны іх расстраляюць, як, мабыць, ужо расстралялі Тумаша. Гэтыя хлопцы сваю справу знаюць — спрактыкаваныя партызаны!..

Гусакоў зноў прыўзняўся на адно калена і зноў хацеў штось крыкнуць, ды ўжо не крыкнуў. Пад новай чаргой ва ўпор торкнуўся ілбом у пясок і заціх.

— Гэй, вашу маць! — губляючы вытрымку, ва ўсё горла закрычаў Агрызкаў. — Што робіце, блядзі! — і лежачы, даў даўгую чаргу з аўтамата — у неба.

Надзіва, чэргі з хвойніку разам спыніліся, пачуліся недалёкія, бы сцішаныя галасы. З цёмнага гушчару вынікла шэрая постаць, прыгнуўшыся спынілася ў нерашучасці. За ёй з’явілася яшчэ адна.

— Тут яны! Во ляжаць…

— Улажылі такі.

— Іш адкуль падбіраліся. Думалі, не ўбачым…

Гусакоў не варушыўся. Наўкола на траве бялелі новенькія партызанскія медалі з расшкуматанага чаргой яго рэчмяшка. Старшына памалу падняўся і сеў на пяску, сціскаючы рукой плячо. Праз пальцы па рукаве горача лілася кроў, і было нясцерпна паныла…

Чорт ведае, што яны нарабілі!.

Апавяданьні

Пагорак

Позьняй веснавой раніцай мы з капітанам Лемешам сядзелі каля дымлівага цяпельца і бавілі час у ленай, нешматслоўнай гаворцы. Увогуле было маркотна, у мяне для радасьці не было падставы. Капітан жа мог бы і парадавацца, але яго, відавочна, займалі новыя думкі, далёкія ад гэтага пагорка і дагарэлага на ім цяпельца. Учора да нас на НП перадалі загад па дывізіі, якім капітан Лемеш прызначаўся начальнікам артылерыі суседняга палка. Для нядаўняга камандзіра батарэяў «саракапятак» гэта было падвышэньне, якое абяцала зусім іншую вайну і службу, іншую, чым тая, што за немалы час добра агоркла капітану. Тыдзень таму на Днястры мы страцілі апошнюю нашу «саракапятку», якую ўшчэнт разьнёс нямецкі снарад. Байцоў, што засталіся ад батарэі, перадалі на папаўненьне ў стралковы батальён, а самі пяты дзень сядзелі на НП камандзіра палка. Ноччу, пакуль камандзір спаў, мы дзяжурылі ў камандзірскім бліндажы, слухалі і глядзелі, што адбываецца на недалёкай перадавой, перазвоньваліся з НП дывізіі. Вядома, мы разумелі, што гэтая наша служба — часовая. Полк вёў баі, спрабаваў наступаць, штодня нёс страты. У кожную хвіліну нас маглі накіраваць куды заўгодна, але найбольш верагодна — у які-небудзь стралковы батальён: капітана — камандзірам роты, а мяне — узводным. Каб не дарма елі салдацкі хлеб, як казаў капітан. Аднак яму нечакана пашанцавала — яго ўжо не пашлюць у стралковую роту, цяпер ягонае месца ў палкавым штабе. Але што чакае мяне?

Капітан быў чалавек выхаваны, паходзіў зь ленінградзкіх інтэлігентаў, мабыць ён разумеў стан мае душы і памкнуўся мяне суцешыць.

— Ладна, не тужы, лейтэнант. Станем у абарону, падкінуць гарматкі. Табе ж шмат ня трэба? Якіх пару…

— Хай не даюць, — няшчыра пярэчыў я. — Аўтамат знойдзецца.

— Аўтамат пасьпеецца…

Цяпельца то затухала, то пад лёгкім ветрыкам пачынала бязьлітасна дыміць, выядаючы вочы. Ісьці па дровы ў недалёкі вінаграднік не хацелася. Тут быў схіл пагорка, на якім з таго боку сапёры абсталявалі бліндаж назіральнага пункту. Там жа, за пагоркам, чутна было, грукацелі кулямётныя чэргі, але сюды кулі не заляталі, пагорак нас укрываў. Наперадзе ж перад намі разьлеглася даволі шырокая даліна, па той бок якой таксама на схіле відаць былі роўныя шнуркі вінаграднікаў і бегла крываватая палявая дарожка, абсыпаная абапал старымі і сьвежымі варонкамі ад выбухаў. Капітан усё ўзіраўся туды, чакаючы пасыльнага, які павінен быў прыехаць па новага начарта. Але пасыльны затрымліваўся, хаця ўжо гадзіну таму па тэлефоне перадалі, што паехаў.

Поделиться с друзьями: