ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2

Быкаў Васіль

Шрифт:

— Што? Што табе?..

У наступную хвіліну ён зразумеў, што Бураў лаяўся, мусіць, ад болю, а пасля запытаўся здушаным шэптам:

— Куды… Куды ты нясеш?..

— І сам не знаю, — узрадаваўшыся, што паранены загаварыў, сказаў Сушчэня, усё яшчэ цяжка аддыхваючыся.

— Войцік? — тузануўся Бураў, заграбаючы побач рукой.

— Не Войцік — Сушчэня я, — сказаў Сушчэня, і Бураў зноў змоўк, бы насцярожыўся. Падобна, ён успамінаў штось ці думаў і пасля спакайней сказаў:

— Сушчэня, мяне добра падстрэлілі?

— А хто ж яго ведае. Але падстрэлілі, — пагадзіўся Сушчэня.

— А я цябе не паспеў…

— Дык калі ж было?.. Яны знянацку наскочылі… — сказаў Сушчэня і змоўк, не ведаючы, што сказаць яшчэ.

Бураў, відаць было, неяк утаймаваў свой боль, расплюшчыў вочы, паўзіраўся між цёмных хваін у трохі святлявае начное неба.

— Куды ты мяне валачэш?

— І сам не ведаю, — сказаў Сушчэня. — Але ўжо не дагоняць.

— Ты мяне ў Зубраўку. У Зубраўку мяне, — скрыгаючы ад болю зубамі, сказаў Бураў. — Там папытаеш Хвашчэўскага…

— Хвашчэўскага? Добра…

Сушчэня памаўчаў, каб лепей запомніць тое прозвішча, і падумаў: дзе тая Зубраўка? Ведаў, ёсць недзе пад Сінянскім борам вёска з такою назвай, толькі як да яе дапяцца? Колькі туды кіламетраў?

Бураў тым часам змоўк, і ён трошкі пакратаў яго за нагу, падумаўшы, каб хоць не сканаў ненарокам. Мусіць, трэба б яго перавязаць, ды перавязаць не было чым, зноў жа ў гэтай цемры нічарта немагчыма было згледзець. Але цягнуць так на сабе колькі кіламетраў па лесе таксама было небяспечна, найперш для самога параненага — як бы не сцёк крывёю. Разважыўшы трохі, Сушчэня прыйшоў да думкі, што трэба недзе расстарацца каня. Дзе толькі? На станцыю ісці ён баяўся, каб зноў не налезці там на паліцыю. Тады хіба ў Бабічах? У гэтым баку, ведаў, кіламетры праз тры была невялікая лясная вёсачка, мабыць, там яшчэ хтосьці застаўся і там бы ён разжыўся канём.

Вырашыўшы так, ён зноў нахіліўся над нерухомым Буравым, трохі патрос яго за борт шыняля.

— Слухай… Ну, як ты? Можа, дабярэмся да Бабіч? А там, можа, каня расстараемся…

Бураў нібы прахапіўся, напружыўся і, апаўшы затым, спытаў:

— Дзе Войцік?

— Дык хто ж яго ведае, — ціха сказаў Сушчэня. — Можа, забілі.

Бураў, здаецца, вылаяўся і зноў знямогла аціх у доле.

Счакаўшы трохі, Сушчэня ўстаў на калені, бураўскі карабін надзеў рамянём на шыю, каб той не замінаў пры хадзе. Гэты раз узваліць на сябе Бурава аказалася трудней, чым раней, і ён, хістаючыся, ледзьве падняўся на ногі. Хісткім крокам між дрэў і голля ён скіраваў у той бок, дзе, памятаў, за сенакосамі і Цімаковым балотам былі тыя лесавыя Бабічы.

Ведучы на повадзе каня, Войцік тады спусціўся з баравінкі, прадраўся праз алешкавы гушчар да гравійкі. Тут, ля дарогі, была яшчэ спазнелая трава, у якую адразу ўлёг яго згаладнелы конь (там жа, на выспе пад хвоямі, не было нічога). Войцік спярша патрымаў яго на повадзе, а пасля пусціў самапасам; паначы між кустоўя нідзе не дзенецца, падумаў Войцік, а сам закінуў за плячо вінтоўку і прыпёрся да камля адзінокай хвоі, што бліжэй за іншых стаяла ля дарогі. Было сцюдзёна, з поля дзьмуў золкі настырны вецер, добра яшчэ — без дажджу, а то б зусім дапякло на гэтым іх бязглуздым заданні. Коні дык зусім падбіліся за дарогу без ніводнай папаскі, а яны… Яны згаладнелі не менш за коней, толькі пра іх каму клопат? Пра сябе яны вінны былі клапаціцца самі, так заўжды было заведзена на заданнях, па крайняй меры, з самай вясны, як Войцік прыйшоў у атрад. Але ў такіх заданнях, ведаў ён, не ўсё абыходзіцца гладка і шмат што залежыць ад старшага. Ад камандзіра. Цяпер камандзірам назначылі Бурава. Што ж, Войцік не пярэчыў: Бураў быў партызан з вопытам, зноў жа, разведчык, ён гойсаў па заданнях, можа, болей за Войціка, можа, і пад кулямі быў часцей. Толькі ці разумнейшы ён — вось у чым справа. Калі браць па нядаўнім яшчэ даваенным жыцці, дык усё ж Войцік як інспектар райза, мусіць, значыў крышку больш, чым нейкі там шафёр райпоўскай палутаркі Колька Бураў. Але ён ужо ведаў, што цяпер, у вайну, не надта зважалі на ранейшы, даваенны статус, цяпер неяк неўпрыцям павылучаліся новыя — хто іх да вайны калі і ведаў, — як во камандзір падрыўнікоў Рыбчонак, што перад вайной, мабыць, толькі паспеў скончыць школу, ці пажарнік Сліпчанка, цяперашні начштаба іхняга атрада. Пра Войціка яны нібы забыліся, нібы яго і не было ў раёне, не сядзеў ён у прэзідыумах, не круціўся па вёсках упаўнаважаным, не выступаў з допісамі ў газеце. Усё-такі ён быў чалавек вядомы і нават складаў прамовы старшыні выканкома таварышу Корбуту, які хоць і меў ордэн і быў кіраўнік хвацкі, але не ўмеў звязаць тры словы па-людску. Заўжды ў яго выходзіла не прамова, а нейкая слоўная каша. Ну, дома, у раёне, вядома, гэта была не бяда, тут да ягоных прамоў-трасянак даўно прывыклі, але ж часам трэба было выступіць і ў вобласці, на якой нарадзе, перад начальствам. Во тады старшыня выканкома і клікаў Войціка да сябе ў кабінет, садзіў за стол насупраць, і Войцік за два дні сачыняў яму любое выступленне. На любую мудрагелістую тэму.

Па сваім часе Войцік лічыў сябе чалавекам адукаваным, усё ж скончыў сем класаў, а галоўнае — меў зграбны, каліграфічны почырк, якім ганарыўся ўсе тыя гады, што працаваў у раёне. І асабліва калі яшчэ рабіў у сельсавеце. Ён і ў сельсавет трапіў менавіта праз гэты свой почырк. Неяк напярэдадні калектывізацыі абралі яго ў прэзідыум вясковага сходу і даручылі пісаць пратакол. Папера была так сабе, сшытак у клетачку, чарніла даволі вадзяністае, але ручку ён меў сваю, вучнёўскую, з літарамі КУШТО на бліскучай апраўцы, з выдатна распісаным пяром нумар 86. І там ужо ён пастараўся. Ён так акуратна, з палямі і выкручастымі росчыркамі вялікіх літар напісаў пратакол, што старшыня сельсавета, падпісваючы яго ў канцы, выкаціў вочы: ну і майстар! Ды і астатнія члены прэзідыума здзіўлена паўзіраліся — такога почырку яны ніколі не бачылі. Старшыня сельсавета на яго, аднак, не забыўся, і ў маі таго ж года ён ужо сядзеў у сельсавецкай хаце і пісаў. А калі таварыша Корбута пасадзілі кіраваць раёнам, Войцік таксама перайшоў у выканком — кадр ён быў ужо спрактыкаваны і даволі правераны.

Тут жа, у атрадзе, рабіць па ягонай спецыяльнасці, пэўна, не было чаго, ды ён, зрэшты, і не набіваўся на штось адметнае. Сказалі ўзяць вінтоўку і стаць у строй, ён узяў вінтоўку і стаў у строй. Праўда, і тут ён значна вылучаўся сярод малапісьменных калгаснікаў, якія ні дня не служылі ў войску і, канешне, тае вінтоўкі не трымалі ў руках. А ўжо калі разабраць і сабраць затвор… Ён жа хоць таксама не служыў абавязковай, але добра вывучыў вінтоўку на занятках Асаавіяхіма, дзе нават страляў тры разы, як здаваў нормы на значок «Варашылаўскі стралок». Значок і цяпер у яго на грудзях, бы ордэн. Хоць, можа, яшчэ заслужыць і ордэн, Чырвонай Зоркі, напрыклад, як у камандзіра. Што ён, дурнейшы за гэтага нахрапістага пяхотнага лейтэнанта? Можа, разумнейшы нават, бо старэйшы за яго аж на восем гадоў і ўсіх і ўсё тут ведае, а што радавы дагэтуль, дык гэта таму, што сціплы. Са словам не выскоквае, на бога не бярэ, усё па-добраму, паслухмяна і ціха.

Вось хоць бы і з гэтым Буравым.

Войцік яшчэ звечара, як яны пад’ехалі да сушчэнеўскай хаты, зразумеў, што Бураў нешта мудрыць, нешта цямніць ці хітруе, калі адзін ідзе ў хату і бавіцца там чорт ведае чаго, пакідаючы яго з коньмі калець у завуголлі на ветры. Усё тут можна было зрабіць проста і хутка: паклікаць на парог і стрэльнуць. Сабаку сабачая смерць, чаго валаводзіцца? Дык не, сядзеў паўгадзіны ў хаце, пасля павёў яго за раку, у лес. Магілу яму капае… Глядзі, яшчэ будзе лапкамі яе высцілаць, як той Паліванаў, калі расстрэльваў свайго сябрука Шургачова за праяўленую трусасць у баі. Абодва яны былі лейтэнанты з акружэнцаў, нядаўна прыйшлі ў атрад, і ў першым баі з кнігаўскім гарнізонам гэты Шургачоў збаяўся, уцёк з-пад агню, падставіўшы там пад агонь увесь іх узвод. Узвод, вядома, выбіла напалавіну, ну, камандзіры і рашылі, каб узводны сам выканаў прысуд, які Шургачову вынес атрад. Паліванаў загад выканаў, але, як для сябра, магілу на дне выслаў лапнікам, каб утульней было дружбаку, з якім, мабыць, хапілі ліха на фронце. Але тут не фронт — тут партызанка. Зноў жа, Сушчэня нікому з іх не дружбак, проста здраднік, хоць і колішні знаёмы Бурава. Нашто яму такая ўвага? Канешне, Войцік мог бы сказаць пра сваю нязгоду, ды ён ужо ведаў характар гэтага райпоўскага шафёра яшчэ з той пары, як той ганяў свой грузавік паміж мястэчкам і Лепелем — вазіў тавары, лён, пяньку і заўжды каго-небудзь побач — нарыхтоўшчыкаў, бухгалтараў ці начальства. Аднаго разу з ім паехаў і Войцік, трэба было тэрмінова адвезці звесткі пра тэмпы бульбаўборкі. Бураў у горадзе загрузіў сваю палутарку мяхамі з пярлоўкай, яны ўжо збіраліся ад’язджаць, як немаведама адкуль да машыны прыбілася бабка з суседняе з мястэчкам вёскі — ездзіла хаваць сына і цяпер вярталася дадому. Войцік пагадзіўся падвезці (што ж ён які злыдзень, не разумее, што і бабка — чалавек, хоць цёмная і старая, але не ісці ж ёй пехатой па гразі сорак кіламетраў). Ён яшчэ дапамог бабцы ўлезці ў машыну, і тая неяк уладкавалася там у куточку кузава ля мяшкоў і была страшэнна давольная яго дабрынёй і гасціннасцю. Тым болей, што пачынаў ісці дождж, і нідзе не было ніякай фурманкі. Але тут выскачыў з канторы запыханы, з квіткамі ў руках Бураў і, калі Войцік паказаў яму на бабку ў кузаве, закрычаў як рэзаны: «Злазь!» Бабка, вядома, злезла, а ён тады расчыняе дзверы кабіны, дзе ўжо сядзеў Войцік, і крычыць на яго: «Вылазь!» Здурнеў ён, ці што, падумаў Войцік ды вылез, і той усадзіў на ягонае месца бабку. Яны пасварыліся там, бабка сядзела, бы мыш, але не вылезла, і Войцік змушаны быў сорак вёрст трэсціся на дажджы і ветры ў дрогкім кузаве палутаркі. І ніякай увагі на яго ўсё ж раённага маштабу пасаду, на яго службовы аўтарытэт. І ўсё тое на вачах у бабкі. Войцік тады прастудзіўся, вядома, пасля з паўгода абходзіў гэтага Бурава стараной, вызнаў, ці не радня якая яму тая бабка, аказалася, не, не радня, нават не дужа знаёмая. Значыць, звычайная наравістасць, нахабнасць і хуліганства — іначай як назавеш той выбрык райпоўскага шафёра.

Цяпер во гэты Сушчэня…

Конь рупна поркаўся ў цемры ля канавы, дарога ляжала пустая, трошкі пабліскваючы ў цемры гразкімі крывулямі каляін. За полем на станцыі ўзяліся брахаць сабакі, там жа, дзесь на падворку, бліснула чырвонае святло — мусіць, з сенцаў. Там цяпер цёпла і сытна, вараць на вячэру бульбачку, падумаў Войцік, а тут во глытай слінкі ды калей на гэтым узлеску. Ён усё чакаў стрэлу на выспачцы, пасля якога яны адчулі б сябе вальней і паехалі б паначы да Зубраўкі, дзе былі свае людзі і дзе можна было б абагрэцца, паесці, пераначаваць. Мінула, мабыць, ужо з гадзіну, а стрэлу ўсё не было, і Войцік адышоўся ад хвоі, зябка патупаў нагамі — ногі зусім акалелі ў худых стаптаных гамашах. Ён наставіў каўнер воглай суконнай паддзёўкі, глыбей на вушы насунуў кепку і толькі зноў прыхінуўся да хвоі, як пачуў на дарозе галасы — якраз там, дзе поркаўся ля канавы згаладнелы конь. Ля лужыны там стаялі ўжо дзве фурманкі (і адкуль яны ўзяліся?), і з іх моўчкі ссыпаліся людзі — постацей мо з шэсць, якія неяк крадком, уроссып шаснулі ўсе за канаву ў падлесак. Адзін дык зусім блізка прайшоў ля хваіны, Войцік, абмёршы і перастаўшы дыхаць, праводзіў позіркам яго цьмяную постаць з вінтоўкаю ў руках і нават заўважыў, як ён высака ставіў ногі, мусіць, каб не надта шархацець у быльнягу пры дарозе. (Як на тую бяду, з баравінкі данеслася некалькі слоў, мусіць, Бураў нешта гукаў Сушчэню.) Спярша змярцвеламу Войціку здалося, што гэтая постаць прэ проста на яго да хваіны, але яна моўчкі і ціха падалася ў падлесак. Тады Войцік ураз апрытомнеў і, прыгнуўшыся, кінуўся за хвою, а пасля — па ўзлеску далей. У гэты час ззаду ўжо раздалося галёканне, крык і стрэлы — пругкія хлёсткія ўдары іх паласнулі па голлі — ці не над самай галавой Войціка. Ламаючы нейкі ссохлы прыдарожны быльнёг, Войцік бег як ашалелы, засцярожліва гнучыся да самай зямлі. Пасля трохі разагнуўся, няпэўна сцяміўшы, што страляюць не па ім, — кулі, чуваць было, дзігалі кудысь збоч, да выспы, там жа асядаў уначы крык ці, можа, лаянка — гучна задыханы Войцік не шмат што мог разабраць на бягу.

Унізе, якраз ля забалаці з алешнікам, ён знямогла прыпыніў свой бег, слухаючы, ці не пачуецца дзе Бураў. Але Бурава нідзе не было, навакол было ціха, спакваля спыніліся і стрэлы на баравінцы. Што там здарылася? Але што там магло здарыцца, калі абрынуліся паліцаі, — мусіць, забілі Бурава і асвабадзілі Сушчэню — трэба было яго валачы ў гэты лес! Мабыць, жонка збегала да каменданта, той і паслаў даганяць… Ну, трэба было яму ўсчынаць тую магілу! Цяпер у тую магілу Сушчэня сам скіне Бурава. Зрэшты, можа, так яму і трэба, дурню.

Горш, аднак, што ён, Войцік, застаўся без каня, якога цяпер, напэўна, падабрала паліцыя. А можа, і не падабрала, можа, ён там пасецца і спакваля яго можна будзе ўзяць? Гэтая думка змусіла яго наблізіцца да дарогі — не той, гравійкі, дзе яго напаткала бяда, а да лесавой, па якой надвячоркам яны сюды ехалі. Дарожка ціха і сонна ляжала між дзвюх змрочных сцен з хмызняку і хвой, угары светлаватай шчылінай бліскала змрочнае неба. Каб лепш чуць, Войцік прыпыніў дыханне і сціх: здалося, быццам ад баравінкі данесліся галасы. Але калі ён лепей услухаўся, галасы прапалі. Можа, тыя паехалі? Забралі забітага Бурава і паехалі на станцыю? А калі пакінулі там засаду — гэта ў тым выпадку, калі Бураў уцёк? Зрэшты, на чарта яму баравіна, яму трэба быў конь, а ягоны конь заставаўся каля гравійкі, там, дзе стаялі і іхнія дзве падводы.

Поделиться с друзьями: