ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2

Быкаў Васіль

Шрифт:

— Добра, — паслухмяна сказаў Сушчэня, зноў сядаючы ля бухматае, з абвіслымі лапкамі хвоі.

Войцік пачаў хуценька збірацца ў дарогу: падняў з долу бураўскі карабін, уздзеў за спіну, узяў у рукі вінтоўку, ямчэй насунуў на голаў сваю казыркастую кепку. Ён ужо ступіў быў у хвойнік, як з долу ціха азваўся Бураў.

— Граната… А дзе граната?

Паранены абмацаў рукамі запалыя грудзі і зноў знерухомеў. Войцік працяглым позіркам паглядзеў на Сушчэню.

— Я не браў, — сказаў Сушчэня. — Мо згубілі ўначы?

Бураў паморшчыўся, падумаў штось і сказаў Войціку:

— Ты аддай мне наган.

— Наган? На, вазьмі, канешне.

Выняўшы з кабуры чорны міліцэйскі наган, Войцік уклаў яго ў выцягнутую руку Бурава, і той падапхнуў рэвальвер пад сцягно. Дзяга з кабурой засталася на Войціку.

— Я пастараюся хутка, — бадзёра сказаў ён. — Калі недалёка.

І палез у гушчар. Хвойкі паблізу трохі прашархацелі і сціхлі, і ўсё навакол сціхла. Сарока, чутна было, застракатала гучней, можа, пагналася за Войцікам, падумаў Сушчэня. Сарока, халера на яе, калі прывяжацца, дык не адгоніш.

— Во так, — выдыхнуў у цішыні Бураў. — Чаму я цябе не стрэльнуў у хаце?

Ён памыляў белымі, бяскроўнымі вуснамі і змоўк, а Сушчэня ніякавата перасмыкнуўся побач — ён ужо адпацеў, і ягоная спіна ў адной кашулі зноў пачала здорава зябнуць.

— Стрэльнуў бы цябе, сам быў бы жывы-здаровы.

— Як жа было ў хаце? — не пагадзіўся Сушчэня. — Дзіця там.

— Дзіця… А чаму ты не ўцёк, Сушчэня? — запытаўся Бураў і насцярожыўся, поўны нямоглае ўвагі.

Сушчэня выдраў з зямлі жмут травы, выбраў з яго даўжэйшую былку і разламаў яе напалам.

— Куды ж мне ўцякаць?

— А да немцаў.

— У немцаў я ўжо быў. Во глядзі!

Ён тузануў за падол кашулі, загарнуў яе да галавы, разам паварочваючыся да параненага голай, спаласаванай сінімі пісягамі спіной.

Бураў трошкі расплюшчыў вочы і зірнуў адзін толькі раз, павекі яго зноў зляпіліся, і ён змоўк. А Сушчэня ёжо нервова шкуматаў травіну, ірвучы яе вялікімі вузлаватымі пальцамі.

— І ты мяне нёс? — урэшце ціха вымавіў Бураў.

— Нёс. А што ж мне было рабіць?

— Але ж ты… выдаў. Тых, трох?

— Я нікога не выдаваў! — раптам узвіўся сцішаным крыкам Сушчэня, ускочыў на ногі і зноў сеў, уткнуўшыся тварам у рукавы. Мабыць, ён нават заплакаў, але хуценька авалодаў сабой, выцер бруднымі далонямі счырванелыя вочы. — Я нікога не выдаваў, гэта мяне выдалі, — сказаў ён спакайней.

Бураў у доле зацяў дыханне, слаба перабраў скрываўленымі пальцамі.

— А чаму не павесілі? Разам з тымі?

Сушчэня адказаў не адразу, неяк разважна памаўчаў і кінуў прэч травіну.

— Каб жа павесілі, я б ім дзякуй сказаў. Але выпусцілі. Думаў: нашто выпусцілі? Думаў, зноў возьмуць. Не ўзялі. Два тыдні дома сядзеў — куды мне было падацца? Цяпер стаў трохі разумець, чаму выпусцілі.

Гэта праўда, цяпер ён стаў разумець, і разуменне гэтае прыйшло спакваля, рознымі няпэўнымі прыкметамі стукалася ў ягоную свядомасць, каб канчаткова з’явіцца ўчора ўвечары разам во з гэтым Буравым, які цяпер ледзь жывы ляжыць на зямлі і не можа чагосьці ўцяміць у ягоным злашчасным лёсе. А тады, як яго перасталі біць у СД і доктар Гросмаер пасля двух зусім міласэрных допытаў сказаў, што ён прагоніць яго дамоў, калі ён такі незгаворлівы дурань, Сушчэня, канешне ж, зусім не паверыў яму. Дудкі, падумаў ён, каб яны выпусцілі, павесяць, як учора павесілі трох ягоных рабочых. Хіба што пасля.

А ён сапраўды ўзяў ды пусціў…

Сушчэня змалку ведаў за сабой адну недарэчную рысу ў характары — будучы пакрыўджаным, ён траціў натуральную здольнасць скардзіцца, пратэставаць, мог толькі заплакаць, зацяцца, адасобіцца ад людзей, забіцца ў які катух. Затым, ужо падросшы, у такіх выпадках мог толькі вылаяцца, апанурыцца, але не павініцца (калі быў вінаваты), ні апраўдацца (калі быў бязвінны). Ён сам не рады быў той не падуладнай яму зацятасці, і колькі натрываўся праз яе, аднаму яму і вядома. Добра яшчэ, калі побач былі сябры, якія ведалі яго і маглі абараніць ад крыўды. Калі ж ні сяброў, ні сведак не было паблізу, ён мусіў трываць усё сам-насам. Даказваць, бажыцца, спрачацца, браць за горла ці кідацца ў істэрыку, як некаторыя, ён не тое што не ўмеў, а нешта замінала яму так зрабіць, яго апаноўвала маўклівая крыўда, і ён мог толькі пакутна маўчаць.

— Я ж на пуцях трынаццаць гадоў прарабіў, — паспакайнеўшы, сказаў Сушчэня змарнеламу Бураву. — Ды ты ж ведаеш… Як немцы прыйшлі, быў кінуў. Аж прыходзіць начальнік станцыі, ну той наш Церашкоў: нада ісці працаваць, а то немцы мяне расстраляюць. Ну што рабіць, мусіў пайсці, хоць і не хацелася. Бы адчувала душа.

…І гэта была праўда, Сушчэню дужа не хацелася ісці пры немцах працаваць на чыгунку, бы чула яго душа, што дабром тая праца не скончыцца. Але было шкада і Церашкова, увогуле неблагога чалавека, з якім ён прарабіў апошнія шэсць год. Сабраў гэты начальнік брыгаду, усе ранейшыя хлопцы — аднагодак Сушчэні Тапчэўскі, які таксама гады тры працаваў тут на пуцях, харошы, кампанейскі мужык з гэтага ж Масцішча; Пятро Карабань з суседняе вёскі і малады яшчэ фэзэушнік Мішук, што, як пачалася вайна, вярнуўся да бацькі з Віцебска, дзе вучыўся на цесляра. Як і да вайны, пайшлі на пуці. Работа ўсё тая ж, знаёмая: рыхтоўка, падбіўка, замена гнілаватых шпал, рамонт стыкаў, калі дзе трэба, забіўка кастылёў. А на станцыі апроч свайго начальніка Церашкова паявіўся і нейкі немец, быццам цывільны, але ў мундзіры з чырвонай павязкай на рукаве. І па-руску трохі ўмее. Па пуцях неўзабаве пайшлі паязды — на ўсход, гружаныя тэхнікай і войскамі, на захад — больш паражняк, але былі і санітарныя, з палоннымі ў смярдзючых, глуха зачыненых вагонах.

— Знаеш, працуем, як і раней, але на душы так прыкра, што сказаць нельга: на каго робім?

— Што ж, не панімалі, на каго робіце? — прастагнаў Бураў.

— Панімалі, чаму ж. І гаварылі пра тое. Хлопцы ўсе свае, адзін аднаго не баяліся.

…Рабілі яны, аднак, не надта каб спраўна, болей бавілі час, а як толькі пачынала вечарэць, разбіралі інструмент і — на станцыю. Спярша ўсё ішло добра, і нават немец не дужа дапякаў, але вясной прыехаў новы начальнік па прозвішчы Ярашэвіч — чорт ведае што за чалавек. Быццам свой, але горшы за немца. Пачаў штодня правяраць працу пуцейцаў і прыдзірацца злосна і па-дробнаму: памерае пуць — не хапае міліметра або міліметр лішні — скандал! І ўзяў за правіла за ўсё спаганяць з брыгадзіра. Калі што дзе не так, ён брыгадзіра — па мордзе. Сушчэня спярша не разумеў, чаго ён гэтак на яго ўз’еўся, а пасля стаў здагадвацца: гэта ж ён настройваў брыгадзіра супраць ягоных хлопцаў, каб той больш з іх спаганяў, а яны каб яго баяліся і ненавідзелі. Во тады ён і пакарыстаецца сваёй уладай, як хоча.

Варожасці ў брыгадзе, аднак, ён не дамогся, хлопцы ўсе былі з розумам і калі каго ўзненавідзелі, дык гэта самога Ярашэвіча. І калі трохі раней, як начальнікам быў Церашкоў, пуцейцы яшчэ асцерагаліся чаго, дык цяпер тая асцярога адпала. Цяпер яны сталі адкрыта гаварыць між сабой — згаворвацца, як зрабіць немчуры «тарарам». Вельмі закарцеў хлопцам гэты «тарарам», тым больш што ў лясах ужо загуло-загрукатала, паявіліся партызаны, аднойчы спалілі два грузавікі на лясной дарозе воддаль ад станцыі. Брыгада пуцейцаў Сушчэні ў той час працавала на Кузоўскім балоце, там было шмат звычайнай работы па рыхтоўцы і замене шпал, наогул участак той быў самы горшы, і яны займаліся ім з вясны. А тут новы начальнік перакідвае іх на чыгуначнае закругленне перад Выспянскім мостам, кажа: шэф-немец праверыў надоечы, там трэба прайсціся, выверыць радыус і падбіць сотню шпал. Брыгадзір заўжды быў чалавек паслухмяны, і яны назаўтра ранічкай узялі інструменты і з ручной кацілкай патупалі палатном да Выспянскага моста.

Рабілі там дні са тры, і якраз тады немцы паязды на ўсход сталі пускаць ноччу. Што яны там везлі, пуцейцы не маглі бачыць, але так меркавалі, што, мабыць, важныя грузы, можа, танкі нават, калі для перавозкі карысталіся выключна цёмнай парой сутак. І вось неяк самы малады з іх, той фэзэушнік Мішук, калі яны, пасеўшы ў рад, перакусвалі за канавай, і кажа: «А давайце развінцім звяно і ўстроім „тарарам“. На закругленні здатна палучыцца». Тапчэўскі падумаў і падтрымаў: «А што, кажа, дзельная думка!» Кобрань тады прамаўчаў, а Сушчэня дык быў адразу супраць — што ўдумалі! «Немцы — яны дурні, ці што, не здагадаюцца хіба? Стык жа развінчаны, адразу відаць». Пачалі спрачацца, і Мішук з Тапчэўскім даводзяць, што, калі цягнік паляціць пад адхон, тут ні адзін стык не застанецца, усё перакрышыцца, перакруціцца, як вунь ля Лемяшоўскай будкі. Месяц таму там была аварыя ці, можа, падрыў, і яны бачылі, што там зрабілася. Там сапраўды была каша з рэек, шпалаў, вагонаў. Але там трохі іншы профіль пуці, там выемка, а не закругленне.

Поделиться с друзьями: