Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2
Шрифт:
Усё не пераставаў дзівіцца, як гэтак удала дамогся свайго, відаць, яму ўсё ж здорава пашэнціла, можа, першы раз у жыцці. Праўда, каб ведаў адразу, што чакае яго, мо яшчэ і падумаў бы: ці варта наважыцца на такое? А не ведаў, і мусіць, добра, што не ведаў, не ўяўляў нават. І цяпер во — дома. Як будзе далей, ён не думаў ні тады, ні цяпер, думаць аб тым ён быў бяссільны, не хацеў і спрабаваць марна. Галоўнае — была шчасліва дасягнута нязбыўная яго мара, а там — што будзе. Як у п’яніцы, які імкнецца займець бутэльку, а пра хуткае пахмелле і не думае. Ці як згаладнелы — абы наесціся, а што затым — яго не дужа цікавіць. Здаецца, Хведар спатоліў прагу свае душы, а што будзе далей, хай тое і будзе.
Ноччу зноў хацелася есці, дзве свае бульбіны ён даўно ўжо з’еў, бадзяючыся па лесе, у кішэні яшчэ былі тры сырыя. Там, пад Котласам ці Сыктыўкарам, няблага елі і сырыя. Калі парэзаць бульбіну скрылькамі на хлеб, як рэдзьку ці бручку, з’ясі за мілую душу. І памагае ад цынгі. Мусіць, прыйдзецца і тут перайсці на сырызну, як скончацца сернікі. Як ён ні бярог іх, засталося ўсяго шэсць штук у дужа пацёртым карабку, а болей дзе возьмеш? У лесе не знойдзеш. Хіба папрасіць у вёсцы? А тут не папросіш. Гэта можна было прасіць у той старане, дзе цябе ніхто ведаць не мог. А тут пазнаюць адразу. Во дзіва, падумаў Хведар, выходзіць, што ў чужой старане лепш, чым у роднай? Да якой імкнуўся, пра якую думаў удзень і ўначы. І дзе столькі знаёмых, суседзяў, аднасяльчан. З кім мінулася яго жыццё. Але менавіта да іх і не паткніся, іх трэба сцерагчыся найбольш. Чаму так сталася? Так не па-людску і не па-боску? Чаму так?
Цяпер у яго, бы ў малога, былі сотні гэтых чаму, адказаць на якія ён, колькі ні думаў, не мог. Як не мог і ніхто. У каго толькі ён не пытаўся.
Гэтая ноч, здаецца, была бясконцай, як бясконцымі былі ягоныя турботы ад сцюжы. Ён усё круціўся на вогкім імшыстым доле, курчачыся і так і гэтак, калаціўся, ляскаў рэштаю зубоў, каб як сагрэцца. Але сагрэцца не было як. Ды і дрымотная знямога на мяжы сну моцна трымала яго ў сваіх кіпцюрах, ён то забываўся трохі, штось трызнячы, то прахопліваўся зноў. Вакол было ціха. Апоўначы амаль сціхнуў звыклы лесавы шум, вяршаліны елак у небе зусім пазнікалі ў густой цемрадзі, між хмар трохі пабліскала і знікла высокая зорка. Мусіць, за поўнач недзе пакугікала лясная сава — у балотным баку, за расцяробамі. Урэшце коратка кугікнула апошні раз і змоўкла, бы падавілася. Можа, і ён трохі задрамаў пад ранак, зусім ужо занямогшыся ў барацьбе са сцюжай ці прытрываўшыся да яе.
Прачнуўся, адразу ахоплены нейкай трывогай, бадай страхам — узняў галаву і адразу ўбачыў насупроць у хмызняку мокрую каровіну пысу з ніткай зялёнай сліны на валасатай губе — карова цікаўна ўперлася ў яго самотным позіркам вялікіх вачэй. Поруч зашархацела вецце, і да першай вылезла з кустоўя другая кароўка, рыжая са зламаным рогам на крутым кароўім ілбе, таксама ўставілася ў яго. У наступнае імгненне Хведар з прыкрасцю сцяміў, што трапіў у вясковы статак, які, мабыць, зараз увесь абступіць яго, і ўскочыў. Каровы былі не страшныя яму, але ж дзесь тут ішлі пастухі. (Усё ж, мусіць, не трэба было так неабачліва класціся пад кустом.) Хведар махнуў рукамі на цікаўных кароў і толькі памкнуўся ўбок, у кустоўе, як дзесьці побач гаўкнуў сабака. Па звяглівым голасе Хведар даўмеўся, што сабачка так сабе, мабыць, не ваўкадаў. Але, халера на яго, той заекатаў так апантана, што, здалося, напрабіў вэрхалу на ўвесь лес. Хведар бегма кінуўся прэч, далей у лес, і тады сабака выскачыў з алешніку збоч і пабег, пабег — напярэймы яму, ці што? Што было сілы бегучы між кустоўя, Хведар у думках лаяўся і шэптам гукаў на сабаку: ды адстань ты, пракляты пёс! Але пёс не адставаў, екатаў з яшчэ большым імпэтам і гнаўся за ім, аж захліпваючыся ад звяглівае сабачае злосці. «Малы, а злы, як чарцяка, каб ты здох!» — казаў сабе Хведар. Ды сабака не думаў здыхаць, ён доўга гнаў чалавека па зарослым алешнікам лесе, і Хведар не мог на яго крыкнуць ці як адагнаць, мог толькі лаяцца ў думках і махаць рукамі. Сабака ж, відаць, махання таго не баяўся, а злых думак не разумеў. Сабачае ж злосці ў яго хапала не на адну вярсту.
Усё ж, мабыць, трохі знямогшыся, ён пачаў адставаць, сцішаць свой брэх, пакуль зусім не змоўк ззаду. Але і Хведар нямала стаміўся ад гэтага бегу і ледзьве плёўся між дрэў у змрочным сукаватым ельніку. Яго душылі знямога і крыўда. Гэта ж трэба — яшчэ і сабака! Баяўся сабак у вёсцы, а спаткаўся з імі ў лесе. Хай бы ўжо воўк, дзік ці якая аўчарка, што вадзіліся там на Поўначы, а то дробны, звяглівы шчанюк. Каб ты здох, пракляты, як ты выматаў апошнія сілы… Добра яшчэ, калі ў тым кустоўі яго не згледзелі пастухі.
Гэты пракляты сабака загнаў яго ў той куток лесу, які ён ведаў найгорш. На голым і змрочным доле тут не было нават травы ці моху — усё скрозь густа абсыпала ігліца, на якой не расло нічога. Вакол цесна стаялі разлапістыя таўшчэзныя елкі, праз іхні гушчар амаль не праглядвала далёкае неба. Затое было ціха, здавалася, людскі клопат зусім не пранікаў сюды. Роўны лесавы пошым ішоў-сплываў некуды верхам, амаль не дасягаючы долу, дзе трэск сучка пад нагой быў чутны далёка. У гэтым яловым кутку Хведар быў мо разы два за жыццё — зімой, як пілавалі елкі на вывазку ў Данбас; тады ж вазіў свае кубаметры на станцыю, за сорак кіламетраў ад вёскі. Ведаў, далей у гэтым кірунку пачыналася знакамітая ў тутэйшых краях Багавізна — вялікі балотны абшар без дарог і паселішчаў, які шырокаю паласой цягнуўся аж да самай польскай граніцы. Але гэта быў ужо зусім чужы край, малавядомы і таямнічы.
Ад ператомы дрыжэлі калені, хацелася адпачыць. Але Хведар усё не мог супакоіць сябе пасля знянацкай трывогі і разгублена брыў ельнікам, выбіраючы вальнейшыя мясціны, каб не натыкацца на сухое яловае суччо. Цяпер ужо, мабыць, можна было не баяцца, статак сюды наўрад ці ганялі, людзі тут не мелі чаго рабіць. Патроху ён спакайнеў, і разам са спакоем пачало ўладарна расці вострае адчуванне голаду. Міжволі ён пазіраў па баках, бы шукаючы, што б з’есці. Толькі з’есці тут не было чаго. Тады ён сеў на адтапыраны корань вывараціны, дастаў з кішэні свой даўні ножык. Ножык быў начэплены на раменьчыку, і Хведар бярог яго ўжо колькі гадоў. Некалі, яшчэ за тым, далёкім, жыццём купіў яго ў сельпоўскай краме і карыстаўся штодня. Большае лязо ўжо стачылася да вузкага пёрка, затое меншае было амаль новае і спраўна сядзела ў пацямнелым жалезным тронку. Гэтым лязом Хведар тоненька абскабліў большую бульбіну і пачаў яе есці, рэжучы на невялічкія скрылёчкі. Смак сырой бульбіны быў не надта прыемны, але цяпер было не да смаку. Абы ўпіхнуць што ў страўнік, каб прыглушыць голад. Бо ўжо проста не ставала сілы ісці па гэтым непрытульным дзікаватым лесе.
Так ён зжаваў патроху свае астатнія бульбіны (болей у кішэнях нічога не было), а голаду не спатоліў. Усё роўна хацелася есці. Тады ён падумаў, што трэба пашукаць грыбоў. Сырыя грыбы есці не адважыўся б, але калі распаліць цяпельца… Мабыць, тут можна. Ці зашыцца яшчэ глыбей у лес, туды, да Багавізны. Ужо там, мабыць, яго ніхто не ўпалюе.
І ён доўга нетаропка брыў ельнікам, не надта ўжо і ведаючы, дзе ён, а ельнік усё не канчаўся, і ніякіх грыбоў вакол не было відаць. Зрэдку трапляліся старыя, мабыць, летнія, счарнелыя мухаморы, і болей нічога. Ці, можа, такі быў год — не грыбны, думаў Хведар, усё болей нудзячыся ад свае няўдачы. Пасля ён павярнуў трохі ўбок — бліжэй да, мабыць, недалёкай лесавой вёсачкі Чазлякі, — ужо там, мабыць, гэтага ельніку не будзе. А ў тамашніх парасніках ён што-нішто знойдзе. Калі не баравікі, дык хоць сыраежкі. Абы толькі там не пасвілі статак. Дзе статак, туды па грыбы хадзіць марна.
Да Чазлякоў, аднак, ён яшчэ не дабрыў — не ведаў нават, ці далёка да іх засталося, — як на нейкай імшарыне сярод ельніку згледзеў журавіны. Густы россып чырвоных кропелек у дробнай, глянцавітай лістоце, здаецца, нікім не чапаны, бы знарок чакаў яго тут. І Хведар кінуўся ў ягады, пачаў зграбаць іх прыгаршчамі. Ён і еў іх, не дужа выбіраючы, — з лісцем і смеццем, і сыпаў у кішэні, поўзаючы на каленях у сыраватай, але не дужа балоцістай імшарыне. Канешне, журавіны кепска спатольвалі голад, ды іх смак быў прыемны — звыклы ягадны смак, вядомы яму з дзяцінства і не забыты на Поўначы. Там таксама калі-нікалі ён дарываўся да гэтага ласунку, які неаднойчы ратаваў яго, як і сотні такіс самых небарак, ад голаду і хваробы. Толькі там не часта выпадала тое, што тут — бяры хоць кашамі. Шкада, што ў яго цэлыя ўсяго тры кішэні — у штанах і паддзёўцы, — ці многа набярэш у іх. Калі кішэні былі поўныя, ён пачаў грэсці ягады ў шапку і так поўзаў на каленях па імшарыне, аж пакуль не сказаў сабе: годзе! Усяго не з’ясі, а ўзяць з сабою ўжо не было як. На ўсялякі выпадак ён пастараўся прыкмеціць шчаслівую імшарынку — за вялікім ельнікам у бок Чазлякоў. Мо яшчэ спатрэбіцца.
Трохі павесялеўшы, з цяжкімі кішэнямі і поўнаю ягад шапкай у руках пайшоў далей. Куды — і сам не ведаў. Ельніку, здавалася, не было канца-краю ці, можа, ён узяў няўдалы накірунак?
Мабыць, і праўда — няўдалы, ён зразумеў тое, як убачыў перад сабой нізкі, без елак, падлесак і за ім нешырокі прасцяг асакі, за якім усчыналіся глухія зараснікі лазы і алешніку. То пачыналася Багавізна, якая ў тутэйшым краі была д’ябальскай, старахавітай мясцінай. Многія пакаленні жыхароў шмат чаго начуліся пра яе ад старэйшых і ў сваю чаргу расказвалі ўнукам неверагодныя і страшныя гісторыі, што там здараліся з людзьмі. Усё незвычайнае і страшнае ў тутэйшай мясцовасці ішло з Багавізны. Ёю палохалі плаксівых дзяцей і п’яных мужыкоў, жадалі ў злосці крыўдзіцелям праваліцца пад зямлю ў Багавізне. Там і сапраўды можна было праваліцца так глыбока, што ніхто не змог бы дастаць. Казалі, там быў нейкі падземны ход ці рака, што злучала тамашнія прадонні з іншымі вірамі і азёрамі. Калі перад рэвалюцыяй у Багавізне залілася Змітракова карова, дык пад восень яе труп знайшлі аж у Белым возеры — праз сем вёрст ад Багавізны, хоць іх не злучала ніякая, нават самая малая рачулка. То быў людзьмі і богам пракляты край — дзесяць вёрст суцэльнае багны і віроў, між якімі ліпелі чэзлыя вольхі, аер, зараснікі трыснягу ды на купінах буяў улетку лазняк. Туды ніколі не хадзілі па ягады, нават журавіны, якіх там заўжды было процьма, не лавілі рыбу. Людзі спрадвеку абміналі тыя мясціны, а калі хто выпадкам туды трапляў дык пасля дзён колькі дрыжэў ад страху і ўпудна крычаў паначы. Зімой Багавізна трохі падмярзала, але яе шматлікія вокны-прадонні нават у самы люты мароз браліся тоненькім лёдам, які не трымаў чалавека. Хіба што ваўка. І ў калядныя марозныя ночы там да ранку гучала выццё шматлікіх ваўчыных зграяў. Некалі там вадзілася багата мядзведзяў, якія не давалі спакою і жыхарам суседніх паселішчаў. Хведар памятаў, як дзед расказваў пра адну такую сустрэчу з касалапым, акрай Багавізны, дзе старога заспела залева і ён мокры схаваўся ў выпаленае пастухамі дубовае дупло. Ліў дождж, было цемнавата, а ў дупле і зусім стала цёмна, калі ў яго сунулася нешта касматае і смярдзючае. Дзед сцяўся, ні жывы ні мёртвы, — мядзведзь так яго прыціснуў шырокім касматым задам, што нельга было дыхнуць. Касалапы зручна ўмясціўся ў дупле, мабыць, мяркуючы адпачыць тут да ранку. Але дзеду адпачываць не было як, яму трэба было араць прыгон, а раней знайсці і забрытаць каня, якога ён пусціў недалёка пасвіцца. І як было вылезці, каб не патрывожыць няпрошанага госця? Доўга дзед думаў, а тады як крыкне, і той мядзведзь, як корак з бутэлькі, выскачыў з дупла, абдаўшы, аднак, чалавека не дужа духмяным рэчывам. Такая была Багавізна.
Хведар павярнуўся прэч ад гіблай мясціны і зноў пайшоў лесам. Прытаміўшыся, сеў пад тоўстым яловым камлём, аблітым белай смалой, патроху еў з шапкі журавіны, думаў. Усё ж як добра ў лесе на волі! Ніхто цябе нікуды не гоніць, ты не патрэбны нікому, як і ніхто не патрэбны табе. Каб так можна было пражыць жыццё! Зрэшты, калісь так і жылі: у хаўрусе з прыродай і лесам, знаходзячы ў ім і пракорм у галодныя гады, і прытулак у часы ліхалецця. Лес абараняў, лес саграваў душу і цела. Хто ж яшчэ большы быў дабрадзей для тутэйшага люду? Мусіць, лепшага не было ніколі. Але гэта даўней. А цяпер во настала часіна — не паратуешся і ў лесе. Людзям заўжды знойдзецца да цябе патрэба ці злосць, знойдуць і пад зямлёй, адшукаюць і ў лесе. Не дай бог адбіцца ад людзей, стаць не такім, як усе. Гэта ён добра зведаў. Аднак і не прыкмеціў, як усё тое сталася, што таму стала прычынай. Вось і ў прыродзе, хто ведае, якія існуюць прычыны, але здараецца амаль тое самае. Яму прыгадаўся выпадак на паўночнай рацэ, калі ён рабіў плытагонам. Неяк сядзеў у дашчаным буданчыку на вадзе, часаў кліна пад аслабелае перавясла, і раптам праз дзверы ў нейкай здзічэлай трывозе куляю ўляцёў верабей, кінуўся яму на плечы, на галаву, аж збіў долу шапку. Хведар ад спалоху ўгнуўся, замахаў рукамі, адбіваючыся ад вераб’я, які праз момант вылецеў у дзверы. Выскачыўшы за ім, Хведар зразумеў прычыну дзіўнага ўчынку птушкі. Аднекуль над плытамі коса шуганула чародка вераб’ёў, і птушкі, бы па камандзе, кінуліся на небараку. Угары закруціўся птушыны клубок, усе люта рвалі аднаго, і хутка ад верабейчыка нічога не засталося. Нават нічога не ўпала на раку, толькі некалькі пушынак-пер’яў ціха апускаліся над вадою. Тут жа, даўшы круты разварот, вераб’іная чародка знікла за лясным абрывам ракі. Хведар тады стаяў і думаў: завошта? Нават і птушкі! Ці гэта такі спрадвечны закон прыроды — каб усе на аднаго? Але чаму на аднаго? Чым гэты верабей разгнявіў астатніх? Нейкім кепскім учынкам? А можа, толькі якімсьці непадабенствам да астатніх, ці можа быць так, што ён і не вінаваты — вінаватая стая? Як у людзей? Ці ў птушак так не бывае?