ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2

Быкаў Васіль

Шрифт:

— Бураў не ў пару. Малады яшчэ. Шкада…

— Табе чаго шкадаваць?

— Бо праз мяне быдта. Але ж я ні пры чым. Ці ж я хацеў? Я толькі там, у балоціне, не хацеў ляжаць.

— Вот лёг бы ў балоціне, Бураў жывы быў бы. Так жа?

— Гэта так, мусіць, — паморшчыўся Сушчэня. — Але вы ўжо скажыце там, камандзірам…

— Што сказаць? — насцярожыўся Войцік.

— Ну пра мяне, калі што. Калі не дайду. Усё ж жонка ў мяне, дзіця…

— А, во што! — здагадаўся Войцік. — Гэта скажу. Не турбуйся. Шчэ мо і напісаць прыйдзецца.

— Напісаць гэта добра. Усё ж дакумант.

— На дакумант спадзяешся? — здзівіўся Войцік.

— Ну. Усё ж, можа б, разабраліся калі.

— А ўсё ж завербавалі, ага? Ну прызнайся!

Войцік пільным выпрабавальным позіркам павёў на Сушчэню, і той ад няёмкасці крыва перасмыкнуў вуснамі.

— Каб жа завербавалі, дык не ж! Вербавалі, ага! Але я не мог. Ну не мог я, і ўсё.

— Так ужо і не мог? — сказаў Войцік.

Сушчэня шчыра здзівіўся:

— Ну як жа можна, памяркуйце самі! На такое дзела? Мала, што сябе загубіш, дык яшчэ і сям’ю. Як жа ім жыць?..

Ён гаварыў тое быцца бы і шчыра, адзначыў у думках Войцік, і калі меркаваць наогул, дык пэўная праўда была ў ягоных словах. Але ўсё роўна паверыць яму Войцік не мог. Войцік за жыццё ўжо зведаў, як дасканала хітруе вораг, як прыкідваецца сваім, сябрам, нават партыйцам. Як той Хмялеўскі. Колькі гадоў віў сваю шкодніцкую вяровачку, прытвараўся, арганізоўваў слабыя калгасы. Ды ўсё ж выкрылі разумныя людзі, заўважылі і пакаралі. І хіба аднаго Хмялеўскага! А дырэктара школы Пратасевіча, міліцэйскага начальніка Лакцёнка, старшыню райспажыўсаюза Кузьміча. Ды ў кожнай вёсцы, у кожным калгасе. А ў вобласці! Скрозь паналезла процьма заядлых ворагаў, шкоднікаў, здраднікаў. А ў вайну іх вылезла яшчэ болей. Надта шмат было тых урокаў класавай барацьбы, каб і дурань чаму-нічаму навучыўся. Не, мусіць на тое дадзена і пільнасць, каб заўжды быць начаку і не паддавацца на зман. Не даць адмякнуць у сабе непрымірымасці і заўжды да ўсіх прыглядацца. Да суседа, да сябра, а то і да бацькі з маткай. Ці мала што? Часам, можа, шкадаванне возьме да каторага, асабліва калі знаёмы ці там радня. Але тое бабскае пачуццё міласэрнасці належала задушыць у сабе, сцяць зубы і намагчыся на тое, чаго вымагае бязлітасны класавы прынцып. Канешне, бывае агідна, боязна нават, часам не хапае рашучасці. Ну, але гэта таму, што ў Войціка слабы характар. Што зробіш…

— Ну, яно ўсяляк бывае. Вядома, вайна, — знарок прымірэнча зазначыў Войцік.

Але тыя ягоныя словы Сушчэня падхапіў з нязгодай і загаманіў са сцішаным запалам у голасе, чым нават здзівіў раздумна-насцярожанага Войціка.

— Вось вы кажаце — вайна! Што ўсё бывае… Але ж ці за год гэтай вайны ўсё так змянілася? Хіба людзі так хутка могуць мяняцца? Каб да вайны адзін, а ў вайну — іншы. Я тут усе трыццаць сем год пражыў, мяне ўсе ведаюць. Заўжды ўсе паважалі, ні з кім не пасварыўся ні разу. Але ж чаму цяпер перасталі верыць? Вот палучаецца, што немцам вераць, а свайму чалавеку — не. І суседзі, і вы. Жонка нават і тая… сумняваецца. Перамяніўся! Як гэта я перамянюся, калі мяне нарадзілі такім? — з ціхім абурэннем гаварыў Сушчэня.

— Э, шчэ як мяняюцца! — сказаў Войцік. — Асабліва няўстойлівыя элементы. Калі жыць захочацца…

— Вот іменна: калі жыць захочацца, дык як жа на горшага мяняцца? Гэта калі ўжо смерць, дык, быць можа, усё роўна. Але ж жывы на жывое спадзяецца. Хай не для самога, дык для дзіцёнка, можа. Калі хоць таму жыць пашэнціць.

Адхінуўшыся на адстаўленую руку, Войцік пазіраў у недалёкі прытуманены падлесак, не надта ўважліва слухаў Сушчэню і думаў, што доўга марудзіць тут нельга. Відаць, гэты чалавек умеў сваёй памаркоўнасцю размякчыць сэрца. Бач, прыпомніў ужо і дзіцёнка! Так, чаго добрага, нядоўга і пашкадаваць яго, а там недалёка застанецца і да апраўдання.

Не, трэба канчаць.

Вось пяройдуць шашу, і Сушчэня яму ўжо не спатрэбіцца. Дарогу далей Сушчэня збольшага ведаў, неяк дабярэцца. Бурава трэба будзе дзесь прыхаваць, каб пасля прыехаць па яго на фурманцы. Цяпер холадна, суткі-другія пачакае разведчык. Гэта — калі камандзір загадае. А можа, і не загадае. Атрад мяняе дыслакацыю, пад пушчу наехала карнікаў, мабыць, цяпер будзе не да забітага Бурава.

Цямнела, аднак, марудна. Белаваты туман хвалямі расплываўся па лесе, асядаў зверху і насоўваўся нізам, змрокам і сцюжай ахінаючы голае кустоўе падлеску, цёмнае куп’ё маладых хвоек паблізу.

— Так, давай! — прыўзняўся на каленях Войцік. — Пярэйдзіш, дзе пачакай. Я — следам.

Сушчэня не дужа ахвотна падняўся, Войцік рупна памог яму ўзваліць на спіну цела Бурава, і той, трохі хістаючыся, павалокся ў падлесак.

Як толькі Сушчэня схаваўся ў падлеску, на душы ў Войціка нядобра зашчымела — здалося, ён даў прамашку. Нешта ўжо надта ахвотна гэты здраднік нясе на сабе труп Бурава, паслухмяна выконвае ўсё, што яму скажуць, — мусіць, у гэтым тоіцца нейкая хітрасць, — занепакоена думаў Войцік, лежачы ніц на імшаніку. Усё ж яго не мог ашукаць той імпэт, з якім Сушчэня спрабаваў апраўдацца, на памяці ў Войціка ўжо былі выпадкі, калі гэтак жа апантана, а то са слязьмі і кляцьбой, спрабавалі апраўдацца некаторыя здраднікі ці нямецкія паслугачы; іншыя ж наадварот — нібы гублялі мову і ўпарта маўчалі. Войцік ведаў, што ў такой справе ўсё залежала ад характару чалавека, паводзіны якога зусім не вызначаюць ступені ягонай віны або невіноўнасці. Ён не ўяўляў, як бы паводзіў сябе сам, калі б незнарок выплыў на свет ягоны леташні выпадак у Вайноўскім урочышчы, што ледзьве не скончыўся для яго пагібеллю. На шчасце, не выплыў, і ўсе малавясёлыя драбніцы таго здарэння ён насіў у сваёй памяці, глыбока схаваныя на самым сподзе душы. Хаця часам яны і варушыліся там, неспакойна і апрыкла, і трэба было намаганне, каб прыглушыць пачуццё вінаватасці, улагодзіць развярэджанае сумленне. Напэўна, аднак, будзе доўга помніцца яму той світальны золак на пачатку зімы, калі па гразкаватым цаліку ён таропка бег з хутара ў Вайноўскае ўрочышча, дзе яны, трое раённых саўработнікаў, туліліся ў выкапанай на пагорку зямлянцы. Увогуле там было схоўна, спакойна і нават утульна каля напаленай бляшанай печкі ў кутку; харч здабывалі па чарзе ў навакольных вёсках ды на рэдкіх, уцалелых ад даваеннага зносу хутарах. Таго разу чарга падышла да Войціка, і ён позняй ноччу прывалокся на гэты адзінокі хутар. Гаспадара хутара рыжага Клімку і яго маўклівую бабу ён ведаў даўно, яшчэ з калектывізацыі, людзі яны былі неблагія, хоць і не дужа ласкавыя, і менавіта з тае прычыны да іх уладкавалі хворага акружэнца лейтэнанта Свірыдава. У адну з чарговых вылазак за харчам той спярша намок пад дажджом, а пасля падмёрз у мокрым адзенні і неўзабаве захварэў на гарачку. Баючыся за жыццё лейтэнанта, яны тыдзень таму прывезлі яго на гэты хутар. Тады Войцік адведаў хворага, добра пад’еў, сагрэўся і нават неўпрыцям задрамаў у цяпле на лаўцы. Але на сваю бяду, задрамаў трошкі болей, чым трэба, і калі выйшаў на сцежку, пачало віднець. Ён устрывожана наддаў кроку, наперадзе ў кустоўі трэба было перайсці дарогу і далей каля рова, пералескамі прабірацца да іх урочышча. У сідары за спіной у яго ляжаў бохан хлеба і муляла з паўвядра бульбы, якой яго надзяліў рыжы Клімка. Увогуле не багата, але пакуль што павінна хапіць, думаў Войцік, а там сходзіць хто іншы, прынясе яшчэ. Людзі ў навакольных паселішчах былі чулыя на чужую бяду і без прынукі дзяліліся ўсім, што мелі самі.

Войціку ўжо зусім трохі заставалася да кустоўя і дарогі, як невыразна яшчэ ў світальным сутонні ён згледзеў наперадзе людзей. Іх было трое, і яны таксама ўбачылі яго ў полі, насцярожана знерухомеўшы, чакалі. Сэрца ў Войціка скаланулася ў грудзях, але ён, быццам па інерцыі, дробнымі крокамі ўсё бег па ледзьве прыкметнай у мокрым снезе сцяжынцы. Зброі ў яго не было — за харчам яны заўжды хадзілі без зброі — і цяпер ён затрывожыўся: хто тыя людзі? Здалёку было не згледзець, але, падышоўшы бліжэй, Войцік і зусім азмрачнеў душой — на дарозе чакалі яго трое мужчын з вінтоўкамі. Рабіць, аднак, не было чаго, ён пераскочыў канаву і апынуўся насупраць. Адзін з іх груба спытаўся «куды?», пасля «адкуль?», двое іншых аблапілі за спіной яго сідар, садралі з плячэй вераўчаныя почапкі. Войцік зразумеў, што апраўдвацца было бескарысна, тым больш што тыя ўжо аблаялі яго «бандзюком» і пачалі дапытвацца, дзе ўзяў прадукты. Усё ж Войцік паспрабаваў выкруціцца, сказаў, што не ведае дзе, маўляў, завітаў да знаёмага чалавека і папрасіў. Пасля нядоўгае лаянкі тыя загадалі зараз жа паказаць хату гэтага знаёмага і руляй зараджанай вінтоўкі балюча піхнулі яго між лапатак у спіну.

Рабіць не было чаго, Войцік павярнуў на праклятую сцяжынку, якая гэтак па-здрадніцку завяла яго ў пастку. Ваўкавата зацяўшыся, паліцаі ішлі следам, а ён ашалела думаў, куды іх прывесці? На пагорачку ў полі сцежка дзялілася на тры: адна бегла ў недалёкую вёсачку пры нізінцы, дзе ён ніколі не быў і нікога там не ведаў, другая вяла ўбок, да недалёкага Фамічоўскага хутара, гаспадар якога, казалі, ужо знюхаўся з паліцыяй. І толькі трэцяя кіравала па полі да Клімкавага хутарка, што сціпла прыткнуўся ў хмызняку да рова. Войцік нерашуча мінуў першую паваротку, усё пакутна думаючы, куды яму скіраваць? Вельмі яму не хацелася весці іх да Клімкі, дзе выкашліваў хворыя лёгкія Федзя Свірыдаў, але куды ж яшчэ ён мог павесці? Фамічоўскі хутар адпадаў з тае прычыны, што гэтыя самі там маглі начаваць сёння, значыць — толькі да Клімкі. І ён прайшоў паўз і другой павароткі — цяпер ужо выбару ў яго не заставалася, і ён усё з большай пакутай уяўляў, што будзе далей. Але што ён мог зрабіць? Ён толькі прымарудзіў крок, каб як мага даўжэй расцягнуць гэты апошні кіламетр шляху. Але як ён яго ні расцягваў, усё ж яны апынуліся нарэшце на Клімкавым падворку, і паліцаі сунуліся ў дзверы. Дзверы, аднак, былі зачынены, паліцаі пачалі стукаць, гучна патрабуючы адчыніць, і тады за дзвярыма грукнула разам тры ці чатыры стрэлы. Адзін паліцай выпусціў з рук вінтоўку, да яго кінуўся другі, а трэці, разбіўшы прыкладам акно, кінуў у хату гранату. Як толькі там грымнула, са звонам сыпануўшы на двор бітым шклом, Войцік сарваўся з месца, кінуўся за вугол, абабег хляўчук і праз кустоўе стрымгалоў скаціўся па схіле ў роў. Падхапіўшыся на ногі, што было сілы паімчаў прэч ад гэтага хутара. Па ім стралялі, стралялі на хутары; там яшчэ колькі разоў выбухнулі гранаты, і хутка ў неба паваліў белы дым — яны падпалілі хутар. Зрэдчасу азіраючыся, ён доўга бег па рове, пакуль не выбраўся на раўнейшае, збочыў у лес і, з паўдня паблукаўшы па ўрочышчы, дабраўся нарэшце да іхняга стойбішча. Там ён сказаў толькі, што раніцай хутар абклала паліцыя, яму пашэнціла ўратавацца пад дымам, а што сталася з іншымі, ён не ведае. Праз суткі, аднак, стала вядома, што хутар згарэў з людзьмі, адзін паліцай там забіты, другі паранены. Але паліцаі, відаць, аказаліся не тутэйшыя, Войціка з твару не ведалі, і жахлівая сустрэча і імі заставалася тайнай, якою ён не меў ахвоты з кім-небудзь дзяліцца. Канешне, часам было непрыемна перад сабой, але яго супакойвала думка, што гэта яшчэ не прадажніцтва, што іншыя прадалі болей, чым гэты богам забыты хутар з трыма жыхарамі. Ды і хіба ён прадаў? Ён толькі быў змушаны пад пагрозай расстрэлу паказаць, дзе ўзяў прадукты, і ці яго віна, што паліцаяў на хутары сустрэлі стрэламі праз дзверы? Усяго кантакту з паліцыяй у яго было якіх паўгадзіны ці гадзіна часу, але і таго хапіла, каб пагубіць трох чалавек. Сушчэня ж праседзеў два тыдні ў СД і яшчэ наважваецца хлусіць, што не здаўся. Выстаяў, не скарыўся. Ведаем мы такіх нескароных, зласліва разважаў Войцік. Зламалі і завербавалі, інакш не магло і быць.

Але што ж, мабыць, цяпер было позна праяўляць пільнасць — ён яго ўпусціў, дарэчы, са зброяй, бураўскім наганам у кішэні, — як бы неўзабаве не атрымаць з яго кулю ў лоб. Каб яно ўсё згарэла! — лаяўся Войцік. І які нячысцік наслаў на яго гэтага здрадніка! Чым бліжэй яны прыходзілі да партызанскай пушчы, тым усё большы неспакой агортваў Войціка, і ўсё праз таго Сушчэню.

Хвілін, можа, праз дзесяць пасля Сушчэні Войцік таксама падняўся, яшчэ раз паслухаў — быццам нідзе нікога. Наваколле прыцьмела, ужо трэба было добра ўгледзецца, каб адрозніць у доле гнілы пень ад маленькай хвойкі. Пад нагамі часам глуха шорхала апалае лісце, і ён стараўся ступаць цішэй. Ціхенька выбраўся з драбноты падлеска, падышоў да дарожнае выемкі, зірнуў у адзін канец гразкай шашы-гравійкі, у другі. Трохі памарудзіў і па крутаватым адхоне засцярожліва, каб не ўпасці, пайшоў уніз. Толькі ступіў некалькі крокаў, як паслізнуўся на стаптаных абцасах, і ягоныя вінтоўкі ззаду знянацку стукнуліся прыкладамі. Стукнуліся зусім трошкі, ледзь-ледзь, але тут, над шашой, іхні стук прагучаў страхавіта-далёка, і Войцік занепакоена зірнуў па баках і насупраць. І ў тое ж імгненне ён сцяўся, знерухомеў, зусім збянтэжаны. На тым баку за адхонам шарэлі ў тумане нерухомыя постаці двух чалавек — адзін, як можна было зразумець, узіраўся праз хмызняк у поле, а другі, тонка падпяразаны і высокі, бы жардзіна, трывожна матлянуў рукой.

— Стой!

Крутнуўшыся на травяністым сціле, Войцік адразу сцяміў, што ўліп. Чамусьці на імгненне здалося, што другі побач з гэтым даўгім — Сушчэня; значыць, навёў, падпільнавалі ўрэшце. Войцік роспачна сігануў па адхоне ўгору; карабін яго, споўзшы з пляча, зваліўся пад ногі, толькі ён ухапіў яго, як туманны прыцемак ззаду агняна пыхнуў ад траскотнай аўтаматнай чаргі. Кулі ўдарылі ў траву на адхоне, здаецца, адна ляснула па карабіне з ціхім вуркатам адляцела ў цемру. Ззаду ўжо закрычалі, злосна і патрабавальна, зноў пратрашчала чарга, здалося, бліжэй; яму ўжо зусім трошкі заставалася гэтага адхону, у лесе ён, можа б, уратаваўся. Але ўсё ж не хапіла якіх пяці метраў, куля з наступнай чаргі імпэтна выцяла пад лапатку — бы загнала ў грудзі гарачы кастыль, ён захліпнуўся, выпрастаўся і паляцеў назад — уніз галавой па мокрым, травяністым схіле. Вінтоўкі таксама паляцелі кудысь з плячэй, ды, мусіць, вінтоўкі яму ўжо былі не патрэбны, ён ужо адчуў, што забіты. Забіты недарэчна, не ў пару, па-дурному, праз сваю неабачлівасць. Нашто ён пусціў Сушчэню…

Поделиться с друзьями: