ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2

Быкаў Васіль

Шрифт:

— Ну, як? Дастаецца вам тут? На самым, лічы, перадку. Ня тое, што ў трэцяй — сядзяць, як у бога за пазухай. Камбат на акардэоне грае. Параненых няма? — запытаўся ён.

Салдаты павылазілі з раўка, пачалі рэзаць хлеб на палатцы, усаджваліся над кацялкамі з астылай пярлоўкай. Пятрушын, падобна было, пасьнедаў ужо і не выказваў цікавасьці да ежы. Ён дастаў з кішэні «бархотку» і, паставіўшы бот на станіну, узяўся яго начышчаць. Пасьля старанна начышчаў другі. З усіх сяржантаў у палку адзін ён фарсіў у зграбных хромавых ботах, аб якіх не пераставаў дбаць нават у часе абстрэлаў.

Начысьціўшы боты і палюбаваўшыся на іх амаль люстраны бляск, санінструктар раптам успомніў:

— А дзе мой трафэй?

— Які трафэй? — знарок не зразумеў я.

— Ровар.

— Ровар камбрыг адабраў, — схлусіў я.

— Ды ну? Так і адабраў?

— Менавіта адабраў. Вунь хай Кананок скажа.

Пятрушын павярнуўся да Кананка, які з маладым Атрошчанкам распачаў сьнедаць на бруствэры. На мае словы той сьпярша заўсьміхаўся.

— Ну, адабраў…

— Так я і паверыў, — засумняваўся санінструктар. — Схавалі недзе.

Ён пачаў азірацца каля агнявой, шукаць ровар: зазірнуў у апусьцелы равок, за штабэль снарадных скрынак пад брызэнтавай накрыўкай.

— Не шукай, ня знойдзеш, — раптам сказаў Мядзьведзеў. — Камбрыг загадаў аддаць.

— Каму аддаць?

— У каго ўзялі.

Ну, навошта было гаварыць тое, зласьліва падумаў я, хай бы шукаў, дзе хоча. Але Пятрушын адразу зразумеў, што Мядзьведзеў не падманвае і, ні слова ня мовіўшы, пераскочыў бруствэр.

— Ты куды? Назад!

Той толькі буркнуў штось на хаду і хуткім крокам скіраваў да катэджа. Гэта ўжо мне не спадабалася, але што было зь ім рабіць? Па службе ён мне не падпарадкоўваўся, а зьвяртацца цяпер да камбата ня мела сэнсу. Камбат з гэтым сяржантам чуўся ў надта прыязных адносінах: той нядаўна яшчэ цягаў яму бутлі зь віном, выручаў, калі ён, перабраўшы, ляжаў у кабіне «студэбэкера», казаў па тэлефоне: камбат хворы, дыягназ — малярыя. Той і праўда хварэў на малярыю, як зрэшты, шмат хто на батарэі. Але хварэлі ўлетку і ўвосень, зімой малярыя ня брала.

Абстрэл ужо сьціхаў, здаецца, з абодвух бакоў; закацілася за вяршыні гор далёкае рэха, надоўга ці не — невядома. Санінструктар перайшоў масток, рашуча пераскочыў цераз невысокую брамку і скіраваў да дзьвярэй катэджа. Штосьці пагрозьлівае здалося мне ў той яго самаўпэўненай, амаль злой рашучасьці, быццам і я ўжо меў пэўнае дачыненьне да таго катэджа. Я выскачыў з агнявой і, накульгваючы на пабітую нагу, перайшоў масток, пералез цераз агароджу. З дамоўкі ніхто не паказваўся, а Пятрушын раз-пораз дубасіў кулаком у цяжкія дзьверы.

— Адчыніце!

Я падбег ззаду і рвануў яго за плячо.

— Прэч адсюль!

Санінструктар павярнуўся, працяў мяне злым позіркам, але паслухаўся і пайшоў да брамкі. Здаля толькі брыдка нягучна вылаяўся. Я павярнуўся быў, каб падацца сьледам, як ззаду забразгалі дзьверы.

— Дзякуй вам. Ён другі раз ужо…

На парозе ў паўрасчыненых дзьвярах стаяла яна — мая зямлячка. Толькі зірнуўшы ў яе кірпаценькі, зь некалькімі рабацінкамі ля пераносься тварык, я адразу пазнаў наш паўзабыты дзявочы выраз — ветліва стрыманы, мо трошкі з боязьзю перад незнаёмым чалавекам. З выгляду яна была зусім яшчэ дзяўчо, падобная на хлопчыка-падлетка, — у цёмнай кофтачцы зь белым каўнерыкам і вузкіх штоніках замест спаднічкі. Сьпераду быў прышпілены куртаценькі белы фартушок — як у пакаёўкі, ці што. Уражаны гэтай сустрэчай, я на момант забыўся пра санінструктара і нават ня бачыў, як той пералез цераз брамку.

— Вы зь Беларусі? — зьдзіўлена папытаўся я.

— Ну, — ціхенька адказала яна і бы насьцярожылася затым.

— I я ж таксама.

— Ведаю. Мне ваш салдат сказаў.

— Але… Вы тут даўно?

Падобна было, яна ўздыхнула ці толькі памкнулася да таго, стрымаўшы ўздых. Затым павярнулася ў дзьвярах, не запрашаючы мяне заходзіць, але й сама не выходзячы на нізенькі каменны ганак. Уся такая спрытненькая, тоненькая, бы цьвічок, з адзнакай чагось устрывожанага на прывабным тварыку.

— Як вам сказаць… Хутка ня скажаш, — вымавіла яна й зрабіла нясьмелую спробу трошкі ўсьміхнуцца. Бы на разьвітаньне. Але разьвітвацца зь ёю мне ўжо не хацелася.

— Нікога не пушчайце, — сказаў я, адчуўшы цьмяную прыязнасьць да яе. — Калі будуць стукаць, не адчыняйце. Мы вас абаронім.

— Тут ужо стукаліся.

— Хто стукаўся?

— Вашыя ваенныя, — сказала яна і памаўчала. — То можа, зойдзеце? — нечакана папыталася ці прапанавала яна і трошкі збочыла ў дзьвярах, пераступіўшы на сьлізкім граніце маленькімі, у мяккіх пантофліках ножкамі. Я міжволі зірнуў на свае белыя ад пылу кірзачы і ступіў на нізкі парожак.

Тут быў ня дужа вялікі, з высокаю столяй вэстыбюль, бы шахматная дошка, вымашчаны чорна-белаю кафлянаю пліткай, з высокаю чорнай шафай збоку і двума стрэльчатымі вокнамі насупраць. Пасярэдзіне стаяў лёгенькі прыгожы столік на выгнутых ножках, пакрыты квяцістым абрусам. Некалькі гэткіх жа гнутых зэдлікаў мясьцілася побач, а ля сьцяны стаялі два цяжкія скураныя крэслы. Скрозь было чыста, дагледжана і цемнавата: вокны знадворку напалову затулялі галіны старых зазелянелых дрэваў.

— А вы тут — адна? — папытаўся я, трохі зьдзіўлены яўнай заможнасьцю яе жытла.

— Не, чаму ж… Гаспадары ёсьць, — сказала яна, стоячы насупраць. Яна ня зводзіла зь мяне сваіх зыркіх вачэй, бы чагосьці чакала. Чакала пытаньня.

— Немцы, канечне?

— Не-а. Аўстрыйцы.

— Во як! Але ж… Як вы тут апынуліся?

Яна не пасьпела адказаць, як паблізу знадворку раскоціста грымнула, аж, чуваць было, штосьці з дробным стукам пакацілася з даху. Дзяўчына міжволі скаланулася, у позірку яе мільгануў спалох, і я выскачыў у дзьверы. За маёй агнявой якраз над лесапільняй вецер разганяў у небе руды клубок дыму — то немцы пальнулі шрапнэляй. У такіх выпадках лепей было схавацца ў доме ці дзе пад дахам. Але я змушаны быў бегчы на агнявую.

Я бег да агнявой і думаў, ці не прыстрэлачная гэта шрапнэль? Ці не засеклі яны пазыцыі маіх гарматаў? Другі разьлік узвода быў па той бок заваленай дошкамі лесапільні, як бы яму там не дасталося. На гэтай агнявой усе сядзелі ў раўку, хоць ад шрапнэлі ў раўку не схаваесься. У гэты час яшчэ з прарэзьлівым трэскам разарваліся два шрапнэльныя, але цяпер далей — па той бок дарогі. Я гукнуў Скібаву зьбегаць у другі разьлік даведацца, ці не параніла каго там. Немцы тым часам перанесьлі агонь за дарогу, мабыць, штосьці там згледзелі — ці ня рух пяхоты? Скібаў толькі адбег, як зазумерыў тэлефон — гэта камбат пытаўся, што ў нас здарылася. Сказаў, нічога пакуль ня здарылася. А калі ў каго й здарылася, дык ня ў нас, гваздаюць пакуль па суседзях. Можа, па пяхоце.

Паклаў трубку і сядзеў, прытуліўшыся да нейчай сьпіны, думаў, што абстрэл, вядома, паганая справа, але ў адным здатная — абстрэлу ня любіць начальства таксама. Калі абстрэльваюць, дык можна не асьцерагацца, што на цябе нечакана наедзе які-небудзь «віліс» з крыклівым камандзірам ці прыдзяўбецца які нахлебнік-камсорг, парторг ці асабіст. У час абстрэлу ты сам сабе гаспадар, лейтэнант-узводны, і болей за немца ворага тут няма.

Абстрэл шрапнэляй цягнуўся, здаецца, бясконца доўга. Усё яснае неба над гарадком было спляжанае жоўта-рудымі плямамі, якія спакваля расплываліся, выцягваліся ў ветраныя космы, і сярод іх пыхкалі новыя — па адным, парамі, а то й па чатыры адразу. Прарэзьлівы трэск выбухаў голасна аддаваўся горным рэхам; ад асабліва блізкіх закладвала ўвушшу і прыгнятала да глыбіні душы. Толькі б стрываць. Толькі перачакаць. Не загінуць. Гінуць напрыканцы вайны — проста жах…

Поделиться с друзьями: