Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3
Шрифт:
Раптоўна абнадзеены, Рыбак лёгка збег з пагорка да нерухомае на снезе постаці Сотнікава.
— Дарога тут!.. Чуеш?
Той вяла падняў круглявую і нейкую ненатуральна малую ў пілотцы галаву, пачаў уставаць.
— З дарогі дзе-небудзь сашмыгнём — не знойдуць. Толькі не напароцца каб.
Сотнікаў маўчаў і здаваўся абыякавы да гэтай навіны. З дапамогай Рыбака ён падняўся са снегу, ямчэй ахапіў пальцамі ствол вінтоўкі.
Вельмі памалу яны пабрылі да дарогі, якую Рыбак яшчэ здалёк трывожліва азіраў у змроку — ці не пакажуцца дзе людзі. Ягоны напружаны позірк прабег аж да шараватага лапіка наводдаль, і тады зусім неспадзявана для сябе ён заўважыў, што неба над абсягам па-ранішняму засінелася, зоры прытушылі свой бляск, толькі самыя буйныя сям-там яшчэ ярка гарэлі на небасхіле. Гэтая нечакана ім заўважаная прыкмета світанку ўзварушыла яго болей, чым калі б ён убачыў людзей. Усё ў ім тузанулася, памкнула кудысь наперад, хутчэй з гэтага пагрозліва пустога поля. Але ногі былі скуты стомай, да таго ж стрымліваў таварыш — хочаш ці не, трэба было марудна валачыцца па дарозе, іншага выйсця ў іх не было.
Зразумеўшы гэта, ён прыглушыў у сабе непрыемнае пачуццё і тужэй сцяў сківіцы. Ён ні слова не сказаў Сотнікаву — той і так шкандыбаў ледзь жывы, выдаткоўваючы апошнія свае сілы, і ў Рыбака нешта роспачна сцялася ўнутры: ён пэўна ўжо ведаў — удачы не будзе. Ноч канчалася і тым знімала з іх сваю апеку, дзень жа абяцаў мала прыемнага, і Рыбак з паніклай душой назіраў, як павольна і няўхільна займалася ранне. Угары хутка святлела неба, з-пад начнога змроку ўсё выразней вынікаў самотны снежны абшар; дарога наперадзе даўжэла і рабілася бачнай далёка.
Па гэтай дарозе яны пайшлі да ляска.
8
Сотнікаў не горш за Рыбака бачыў, што ў полі віднее, і добра разумеў, якой нечаканасцю для іх можа абярнуцца гэты заўчасны ранак.
Але ён ішоў. Ён сабраў у сабе ўсё, на што яшчэ здольна было яго знясіленае цела, і, памагаючы сабе вінтоўкай, з натугай пераступаў нагамі. Сцягно яго пакутна балела, ступні ён ужо і не адчуваў нават, мокры ад крыві бурак змёрз і закасцянеў, другі, не да канца надзеты, загнуўся на палове халявы, доўгім носам грабучы снег. Сотнікаў ведаў, што повідну іх схопяць, але гэта ўжо не адзывалася ў ім вялікай трывогай — яго апанавала абыякавасць да ўсяго, што не было болем, яго рэальнай штохвіліннай, а не ўяўнай, пакутай. Каб не Рыбак, ён бы, мусіць, даўно ўжо скончыў гэтыя марныя пакуты, але цяпер, пасля ўсяго, што той зрабіў для яго, у Сотнікава ажылі зачаткі нейкага абавязку ў адносінах да намаганняў таварыша.
Пакуль яны дастыргікалі да ляска, развіднела яшчэ болей. Стала відаць поле наўкруг, пагоркі; злева, воддаль ад дарогі, цягнулася па лагчынцы кустоўе, але гэта, мусіць, у тых месцах, адкуль яны ўцякалі. Таго ж вялікага лесу, які так быў ім трэба цяпер, не было нават на краявідзе — нібы ён праваліўся за ноч пад зямлю.
Рыбак, як заўжды, настойліва імкнуўся наперад, зрэшты, гэта было зразумела: яны ішлі як па лязе брытвы, кожную секунду іх маглі згледзець, дагнаць або пераняць. Іхняе шчасце, што дарога ўсё яшчэ ляжала пустая, а купка хвоек наперадзе хоць і патроху, ды ўсё ж набліжалася. Шкандыбаючы, Сотнікаў праз боль раз-поразу кідаў туды кароткія позіркі — ці хутка дойдуць, але найперш не дзеля таго, каб схавацца, а больш — каб знайсці спакой.
Але яны яшчэ не дайшлі да гэтае купкі, як Рыбак разгублена вылаяўся і спыніўся.
— Тваё-маё! То ж могілкі!
Сотнікаў узняў голаў — сапраўды, цяпер ужо было ясна відаць, што той хамлачок хвоек, які ім здаўся ляском, быў вясковымі могілкамі — пад разложыстым суччам хваін тырчала некалькі крыжоў, агароджаў і невялікі цагляны помнік у глыбіні на пагорачку. А найгорш было тое, што з-за могілак выглядвалі саламяныя стрэхі хат; вецер, відаць было, коса цягнуў у неба хамлак дыму з коміна.
Рыбак высмаркаўся на дарогу, выцер рукой нос.
— Ну, куды дзявацца?
Дзявацца сапраўды не было куды, але і не стаяць жа пасярод дарогі. І яны, яшчэ больш апанураныя і ўстрывожаныя, маркотна пастыргікалі да вёскі.
Напачатку ім, мусіць, пашчасціла. Яны дашкандыбалі да могілак, і ніхто ім не папаўся насустрач — мабыць, вёска яшчэ толькі прачыналася. Слядоў жа тут хапала — на дарозе і каля яе ў полі. Па слаба азначанай у снезе сцяжынцы яны паспешліва сышлі з дарогі. Звычайна ў Сотнікава жыло нейкае страхавітае пачуццё да гэтай нярадаснай людской мясціны, заўжды ён імкнуўся абмінуць яе не затрымліваючыся, але цяпер могілкі тыя нібы паслаў Бог ім на паратунак. Хваіны і некалькі агароджаў трохі засланялі абодвух ад вясковых вокнаў, яны пратупалі паўз свежы, яшчэ не прысыпаны снегам, глеісты курганок дзіцячай магілкі. Сотнікаў тут памагаў сабе рукамі, хапаўся то за крыж, то за камель дрэва ці агароджу. Трохі адышоўшыся ад дарогі, ён дабраўся па снезе да таўшчэзнага камля хвоі і ўпаў. Цяпер толькі б сцішыцца, як-небудзь зацяць боль у назе, і, здаецца, для яго настала б шчасце. Усё ў ім напакутавалася, намерзлася, зайшлося ад болю, і ягоная прыцьмелая свядомасць часам ледзь успрымала абставіны, свет і сваё ў ім становішча. Вядома, становішча гэта было незайздроснае, калі не зусім безнадзейнае, і найбольшыя яго душэўныя пакуты ішлі ад выразнага ўсведамлення гэтае свае няздольнасці што-небудзь змяніць да лепшага. Так, розум, свядомасць тут адступаліся ўбок — цяпер усё вырашала элементарная фізічная сіла. А сілы якраз і не было.
Ён ляжаў, прываліўшыся каркам да шархоткага камля хваіны, заплюшчыў вочы, каб не сустракацца позіркам з Рыбаком, не размаўляць з ім. Ён адчуваў сябе нібы вінаватым, што, пакутуючы сам, вымагаў на пакуты таварыша, які без яго, вядома, быў бы ўжо далёка. Рыбак быў здаровы, меў большую, чым Сотнікаў, прагу жыць, і гэта ўскладвала на яго пэўную адказнасць за абодвух. Так думаў Сотнікаў, ніколькі не дзівячыся пэўнай настойлівасці Рыбака выручыць яго ў гэтую ноч — ён адносіў яе да звычайнай салдацкай узаемавыручкі і не меў нічога супроць Рыбаковай дапамогі, калі б яна была скіравана на іншага. Але сам ён, хоць і быў паранены, нізашто не хацеў прызнаць сябе слабым, які апусціўся да патрэбы ў дапамозе, гэта было агідна ягонай істоце. Як мог, ён стараўся ўправіцца з сабой сам, а там, дзе гэта было немагчыма, зменшыць сваю залежнасць ад каго б там ні было. І ад Рыбака таксама.
Але Рыбак, мабыць, мала турбуючыся клопатамі таварыша, па-ранейшаму дбаў пра яго і цяпер, крыху перадыхнуўшы, сказаў:
— Пачакай тут, а я падскочу. Вунь хата блізка. Калі што, мо ў гумне перахаваемся.
Пачакаць — гэта добра, адзначыў у думках Сотнікаў, абы не ісці. Чакаць ён гатовы быў доўга, толькі б дачакацца чаго. Рыбак зморана падняўся на ногі, карабін, каб не кідаўся здалёку ў вочы, узяў, як кіёк або палку, за ствол і пайшоў, ступаючы між перамеценага снегам куп’я магіл. Сотнікаў расплюшчыў вочы і павярнуўся крыху на бок, падабраў бліжэй вінтоўку. У тым канцы могілак між камлёў сосен за пагорачкам відаць была крайняя хата вёскі, развалены хляўчук пры ёй; на паламаным паркане вецер матляў нейкай забытай анучай. Людзей там не было.
Некалькі доўгіх хвілін Сотнікаў самотна дрыжаў за дрэвам, час ад часу пазіраючы між хвой у другі канец могілак. Рыбак неўзабаве прапаў з яго поля зроку, але ў вёсцы было па-ранейшаму пустэльна і ціха, гэта абнадзейвала. Каб трохі лаўчэй палажыць параненую нагу, ён ухапіўся за шурпатую палку агароджы, і тая, ціха хруснуўшы, асталася ў яго руцэ з іржавым цвіком на канцы. Магілка была старая, даўно закінутая, у агароджы тырчалі з-пад снегу нейкія тры камяні, не было нават крыжа. Струхлелая загародка дажывала свой век, мабыць, гэта было апошняе, што асталося ад чалавека на зямлі. І раптам Сотнікаву стала надта самотна на гэтых могілках, сярод загародак, камення і пахілых крыжоў, гледзячы на якія, ён з маркотай падумаў: навошта? Калі нельга навек, нашто тады на некалькі год — каму гэта трэба? У адвечным змаганні чалавека з часам перамога заўжды на баку апошняга, і ўся гэтая завядзёнка з помнікамі — хай сабе мармуровымі ці драўлянымі — не больш чым наіўная спроба чалавека прадоўжыць сваю прысутнасць на зямлі пасля смерці. Але хіба гэта магчыма? І навошта гэта патрэбна?
Усё, што Сотнікаў перажыў на вайне, яшчэ і каторы раз, даводзіла неабвержнасць не новага ўжо меркавання, што адзіная рэальная каштоўнасць у чалавека на свеце — яго жыццё. Калі-небудзь у дасканалым людскім грамадстве яно стане катэгорыяй-абсалютам, мерай і цаною ўсяго. Кожнае такое жыццё, з’яўляючыся галоўным сэнсам чалавечага існавання, зробіцца не меншай каштоўнасцю для ўсяго грамадства наогул, сіла і гармонія якога будуць вызначацца шчасцем кожнага яго члена. А смерць што ж — смерці не мінуць нікому. Важна толькі пазбыцца гвалтоўных смерцяў, даць чалавеку магчымасць разумна і добра выкарыстаць і без таго не надта вялікі свой час у гэтым свеце. Пры ўсёй сваёй неверагоднай магутнасці над прыродай чалавек, напэўна, доўга яшчэ астанецца ўсё такім жа абмежаваным у сваіх фізічных магчымасцях, калі самага маленькага кавалачка металу даволі на тое, каб назаўсёды адабраць адзінае і такое дарагое для кожнага жыццё.
Суцяшалі хіба што духоўныя магчымасці, часам непадуладныя ніякай самай пагрозлівай сіле. На ўсё жыццё Сотнікаў запомніў, як улетку ў шталагу немцы дапытвалі старога сівога палкоўніка, пакалечанага, з перабітымі кісцямі рук, ледзь жывога. Гэты палкоўнік, здавалася, проста не ведаў, што такое пачуццё страху, і не гаварыў, а адчайна крычаў у вочы нямецкаму афіцэру гнеўныя словы пра Гітлера, фашызм і не зважаў ні на што. Немец мог бы прыбіць яго кулаком, мог застрэліць, як за гадзіну перад тым застрэліў двух палітрукоў-пехацінцаў, але гэтага чалавека ён нават не абразіў лаянкай. Ён, падобна было, збянтэжыўся, мабыць, упершыню ўчуўшы такое, схапіўся за тэлефон і нешта далажыў, відаць — чакаючы загаду ад начальства. Вядома, палкоўніка потым расстралялі. Але тыя некалькі хвілін перад расстрэлам былі ягоным трыумфам, яго подзвігам, мабыць, не меншым, чымсьці на полі бою, бо палкоўнік не ведаў нават, што яго хто ўчуе са сваіх (яны выпадкам аказаліся побач за сцяной барака).