Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3
Шрифт:
З вокрыкамі і лаянкай іх штурхнулі на драбіну ўніз, у сенцы, дзе ля расчыненых у хату дзвярэй хліпала Дзёмчыха і недзе за перагародкай спалохана румзаў малы. Рыбак злез па драбіне хутка, а Сотнікаў замарудзіў, паўзучы задам, на адных руках, і той старшы паліцыянт — плячысты мужык у чорным чыгуначным шынялі, са звераватым бандыцкім абліччам — так хапіў яго за плячо, што ён разам з драбінай паляцеў цераз жорны. Праўда, ён не надта ўдарыўся, толькі павярэдзіў нагу — уваччу пацямнела, захлынулася дыханне, і ён не адразу, пакутна пачаў уставаць з долу.
— Што вы робіце, злодзеі! Ён жа раніты, ці вы не бачыце! Людаеды вы! — закрычала Дзёмчыха.
Старшы паліцай важна павярнуўся да таго, у кубанцы.
— Стась!
Той, відаць, ужо ведаў, што ад яго патрабавалася, — дзерануў з вінтоўкі шомпал і з віскам выцяў ім па жанчыне.
— Ой!
— Сволач ты! — трацячы разважлівасць, сіпата выкрыкнуў Сотнікаў. — За што? Жанчыну за што?
У ім усё нервова затрэслася ад гневу, які, аднак, вярнуў рэшту ягонае сілы, і Сотнікаў неяк узгробся пад сцяной на адну нагу і павярнуўся да таго Стася. Ён, можа, толькі цяпер адчуў, якая яна, гэтая Дзёмчыха, і міжвольна памкнуўся абараніць яе. Падхоплены хваляй гневу, ён зусім забыўся на сябе і ніколькі не баяўся паліцая, хоць і падумаў, што той Стась, мусіць, дасць і яму. Але спрытны, ухопісты Стась толькі ўхмыльнуўся на яго крык і дакладным напрактыкаваным рухам саўгануў шомпал назад у вінтоўку.
— Будзе ведаць, за што!
Сотнікаў пакрысе саўладаў з сабой, пачаў аддыхвацца і спакойнець.
Усё было вядома, проста і надта звычайна — яны самі аддалі сябе ва ўладу вылюдкаў — чаго было іншага ад іх чакаць. Калі не застрэляць адразу, трэба рыхтавацца да допытаў, катавання, пакутнай, зняважлівай смерці. На які паратунак ён ні разлічваў, усе яго шансы-надзеі ўжо беззваротна скончыліся.
У сенцах іх абшукалі — выграблі ўсю драбязу з кішэняў, патроны, раменнымі супонямі туга звязалі рукі — Рыбаку ззаду, а Сотнікаву спераду — і пасадзілі на шурпаты гліняны дол. Потым той, старшы, са звераватым абліччам паліцай пайшоў у хату да Дзёмчыхі, а другі, якога называлі Стасем, астаўся на ганку іх пільнаваць.
Марознае паветра апякала хворыя грудзі Сотнікава, у галаве яго блажліва кружылася, пашчыпвала ад сцюжы падмёрзлыя вушы — пілотку ён недзе згубіў, мабыць, на гарышчы. Мерзла і таму яшчэ болей балела яго параненая нага. Калена распухла, ён проста не мог варухнуць ім, а босая ступня ссінела і азызла. Мусіць, трэба было б папрасіць бурак, але ён уявіў, як балюча будзе надзець яго, і перадумаў: чорт з ім! Цяпер ужо ўсё адно, хай мерзне нага, мабыць, хутка яна яму будзе ўжо без патрэбы. Седзячы ў доле і ўсё кашляючы, ён пазіраў на свайго канваіра — маладога хлопца ў чорнай фарсістай кубанцы, яго прыгожы з пародзістым носам твар, на якім часам з’яўлялася нечакана прываблівая ўсмешка. Адчувалася ў ім нешта людскае і нібы знаёмае, вайсковае, ці што; можа, таму, што той быў у вайсковым бушлаце і ботах — спраўных хромавых ботах, у якія былі запраўлены, аднак, чорныя цывільныя штаны. Стась трымаў на плячы вінтоўку, другім прысланіўся да шула і, палузгваючы гарбузныя семкі, паглядваў то на палонных, то некуды на вуліцу — мусіць, чакаў транспарт. Але транспарту пакуль не было, і ён, патаптаўшыся крыху, сеў на парозе, паставіў між ног вінтоўку. Зблізку пільна, але без злосці, хутчэй насмешліва агледзеў абодвух.
— За пакулле залезлі, ха! Як прусакі!
Яны маўчалі, толькі Рыбак, з пакутнаю спробай нешта зразумець, зірнуў на яго і патупіўся.
— Цяпер вас памыюць, папрасуюць і таго — трошкі павесяць! Пасушыцца, ха-ха! — засмяяўся паліцай так дабрадушна і натуральна, што Сотнікаў аж схамянуўся — так гэта было падобна на прыяцельскі, нахабнаваты, але добразычлівы жарт. Але смех гэты раптам абарваўся, і ўжо зусім іншым тонам, ад якога нельга было не здрыгануцца, паліцай вылаяўся.
— Такія-сякія нямазаныя! Хадаронка ўгробілі? Цяпер мы вам разматаем на плоце кішкі.
— За што матаць? Не ведаем мы ніякага Хадаронка, — паныла сказаў Рыбак.
— Ах, не ведаеце? Можа, гэта не вы ноччу стралялі?
— Мы не стралялі.
— Вы ці не, а рэбры ўсё роўна вам ламаць будзем. Паняў?
Стась пасур’ёзнеў, вочы яго пагрозліва засцюдзянелі, і ўсё тое чалавечае, што маладою добрасцю ляжала на твары, неяк дзіўна знікла з яго, саступіўшы месца злой бяздушнай рашучасці.
Яны ненадоўга змоўклі, паліцай — пазіраючы на іх са злосцю, а палонныя — непрыемна перажываючы яго жахлівую пагрозу. Пэўна, каб хутчэй пазбыцца яе, Рыбак запытаў пра іншае:
— У арміі служыў?
— У якой арміі?
— Чырвонай хаця б.
— С… я хацеў на вашу армію! — яшчэ больш вызверыўся паліцай і зрабіў страшныя вочы. Потым неяк паступова твар яго перамяніўся, на ім з’явілася ўсё тая ж паблажлівая ўсмешка. Адставіўшы ўбок нагу, ён наском бота размерана пацепаў па зямлі. — Ось так!
— А бушлат? — паказаў позіркам Рыбак.
— Ах, бушлат! У аднаго жыдка-камісара ўзяў. Таму не спатрэбіўся, — сказаў паліцай і, заўважыўшы яго запытальны позірк, спакойна дадаў: — Твой паўшубачак таксама прыбяром. Будзіла возьме, ягоная чарга. От так.
— А не падавіцеся? — раптам цвёрда, трошкі стрымліваючы хваляванне, сказаў Сотнікаў.
Стась ускінуў галаву.
— Што?
— Не падавіцеся, кажу? Паўшубачкамі, і наогул!
— Гэта чаму нам давіцца? За нас Германія — паняў ты, чмур? А вот вам точна капут! Будзьце ўпэўнены, у бога душу маць! — свірэпа закончыў Стась.
Што ж, і гэта было зразумела і натуральна. Рыбак задумліва апусціў галаву, Сотнікаў асцярожна паспрабаваў варухнуцца — дранцвела сцягно, вузкая сырамятная супонь рэзала яго тонкія рукі.
Урэшце паліцай прыгнаў двое саней. Адны асталіся на вуліцы, а другія са скрыпам і конскім тупатам пад’ехалі пад самы ганак, і Стась усхапіўся з парога. Першага ён упіхнуў у развальні Рыбака, потым дужым рыўком за каршэнь падняў з долу Сотнікава. Калі той, дастыргікаўшы, неяк уладкаваўся поруч з таварышам, паліцай уваліўся ў сані ззаду. Возчык — стараваты напалоханы дзядзька ў драным кажуху — боязна прыткнуўся ў перадку. Змёрзлую босую нагу Сотнікаў патроху падапхнуў пад сена, зверху прыкрыў палой шыняля. Яму зноў рабілася надта дрэнна, але неяк трэба было трываць. Цяпер трэба было толькі адно: трываць. І ён трываў, ашчадна выдаткоўваючы не надта багаты запас гэтага свайго трывання.
Ён думаў, што яны адразу паедуць, але з хаты нешта не выходзіў старшы паліцай, па яго пайшоў той, што хадзіў па сані. Неўзабаве адтуль пачуліся галасы і плач Дзёмчыхі, Сотнікаў нявесела ўслухаўся: пакінуць яе ці не? Хвіліну яшчэ, падобна было, там нешта шукалі, стукала аб папярочыну драбіна ўгары, плакалі дзеці, а потым гучней загаласіла Дзёмчыха.
— Праклятыя вы! Каб вам да нядзелі не дажыць! Каб вы маці сваіх не ўбачылі!
— Ну-ну! Жыва, сказана! Жыва!!
— На каго я дзяцей пакіну, гадаўё вы неміласэрнае!..
— Жыва!
Так, не выйшла, забіралі і яе — значыць, іхняе становішча і яшчэ ўскладнялася. Мабыць, будзе і горш. Сотнікаў зірнуў на Рыбака. Той сядзеў да яго бокам, і здалося, на яго аброслым шчаціннем твары слізгануў пакутлівы цень. Было ад чаго.
Па той самай сцяжынцы ўздоўж плота яны выехалі на дарогу і павярнулі паўз могілкі. Сотнікаў уцягнуў галаву ў каўнер, трохі прыхінуўся плячом да аўчыннае спіны Рыбака і заплюшчыў вочы. Развальні тузаліся пад імі, палазы часам заносіла ўбок. Стась ззаду, чуваць было, лузгаў і пляваўся сваімі семкамі… Мусіць, іх везлі ў паліцыю або СД — значыць, спакойнага часу асталося надта мала — трэба сабрацца з душэўнымі сіламі, падрыхтавацца да яшчэ большых пакут. Вядома, яны не скажуць ім праўды, хоць таго, што яны з лесу, відаць, утаіць не ўдасца, але каб хоць выгарадзіць Дзёмчыху. Бедная цётка! Бегла дадому і не сніла, не ведала, што яе чакае там. Цяпер яна нешта ўсё крычала ззаду, сварылася і плакала, звераваты паліцай лаяўся на яе — брыдка, са смакам і з намерам як найбольш дапячы жанчыну. Але Дзёмчыха таксама не аставалася ў даўгу.