Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3
Шрифт:
Аднойчы ў нядзелю пасля працы ён забегся ў нардом, каб пачытаць штоколечы ў апошніх газетах. Асабліва апошнія пастановы і выступленні па сельскай гаспадарцы. Ды і прамову тав. Сталіна на пленуме ён прачытаў толькі адзін раз, а таго было мала. У панядзелак планавалася паседжанне партыйнага бюро, дзе яго меліся прымаць у партыю.
Увесь той тыдзень Ягор хваляваўся, і хваляванне яго ўсё расло, чым болей набліжаўся панядзелак. Завярнуўшы з вуліцы ў вузенькі праезд на бабчын падворак ля рэчкі, Ягор згледзеў на ім свайго Варанка. Конік, відаць, таксама пазнаў колішняга знаёмца, трывожліва ўзняў галаву ад фурманкі, у якой перабіраў ахапку сена, і ў Ягора нешта жаласна страпянулася ўнутры. Збоч на прызбе, склаўшы між каленяў вялікія рукі, панура сядзеў яго бацька.
Ягор стрымана прывітаўся, а бацька неяк імкліва ўскочыў, паціснуў яго руку, можа, хацеў абняць ці пацалавацца з сынам, ды не рашыўся, усхвалявана загаманіў штось жаласлівае. I Ягор убачыў, як пастарэў бацька — перастаў галіцца, вочы слязіліся, а штаны былі не дужа ахайна залаплены на каленях. «А я цябе, сынок, чакаю. Даўно ўжо чакаю. Хацеў ехаць, ды бабка кажа: прыйдзе. Вот ты прыйшоў…» — «Трохі затрымаўся. Каб жа ведаў…» — «Ды і я не збіраўся. Маці кажа — не едзь, на Пакрова з’ездзіш… Але тут такое дзела…»
Яны прыселі абодва на прызбу, у канцы якой неспакойна перабірала белымі лапкамі ласкавая кошачка — хацела ў сенцы і баялася незнаёмага чалавека. Зводдаль з крапіўных зараснікаў пільна назіраў за імі задзірлівы бабчын певень. «Тут такое дзела, сынок. Дзеравенцы кажуць: з’ездзі, можа, Ягор паможа, усё ж там начальства… Жыць стала неяк — гоняць у калхоз. А Калінін жа сказаў, каб па сваёй ахвоце, каб без прынукі. Пісалі, і Сталін так наказваў, бо галавакружэнне ад такіх парадкаў. А гэтыя як усселі…» — «Хто гэтыя?» — перапытаў Ягор. Тая размова яму не падабалася ў самым пачатку. «Ну гэтыя сельсавецкія — Пракапчук ды Свірыдзёнак, ды ўпаўнаважаны гэты, адбіцца неяк. Дык каб ты тут перад Дашэўскім заступіўся. Можа б, далі палёгку…» — «Не дадуць, — сказаў Ягор, — і не прасіце. Пастаўлена задача: да гадаўшчыны Акцябра ўсіх калектывізаваць. На сто працэнтаў», — сказаў ён, адразу пазмрачнеўшы ўнутры. Не хапала яму гэткіх размоў напярэдадні прыёму ў партыю. Бацька неяк адразу абвяў, высмаркаўся, выцер далонню нос. «Значыць, няма праўды? I ў нас няма, і ў вас няма. Можа, у Менску тады?» — і запытальна зірнуў на сына. «I ў Менску вашае праўды не будзе. I ў Маскве таксама. Тая вашая праўда скончылася. Іншая пачынаецца», — стараючыся як найразважней, вытлумачыў Ягор. На тое бацька, падумаўшы, зазначыў: «Калі наша, сялянская, праўда скончылася, дык ніякая не пачнецца. Тады ўсяму канец. Кранты!»
Ягор не хацеў з бацькам спрачацца, нешта пачаў яму падрабязна расказваць пра палітыку партыі ў галіне сельскай гаспадаркі. Але бацька сядзеў панылы, прымоўклы і хутка пачаў збірацца дамоў. Ягор не ўпрошваў, праводзіў нават з палёгкай. Бацькава прысутнасць яго ўжо прыгнятала, адзін выгляд пастарэлага, забітага і заклапочанага твару выклікаў у ім жаласлівую прыкрасць.
Бацька паехаў, а Ягор рэшту таго дня сядзеў над «Правдой» ды сваімі запісамі — рыхтаваўся да прыёму, які цяпер хваляваў яго болей за бацькавы клопаты. Вельмі баяўся засыпацца ў райкоме, адказаць не так на якое пытанне, чагосьці не ведаць. Баяўся, што экзамен яму наладзяць прыдзірлівы, і азіраў у думках сваю кароценькую біяграфію. Але быццам нідзе нічога. Рабіў, стараўся, спагнанняў не меў ні ў выканкоме, ні ў райкоме камсамола. Чаго было баяцца? Але ўсё роўна баяўся.
Баяўся, аднак, не таго, чаго сапраўды належала яму баяцца. Пытанняў на тым страхавітым паседжанні было і няшмат. Спыталіся пра задачы моладзі ў справе змычкі горада з вёскай, затым уедлівая Іда Шацман задала пытанне наконт апазіцыі на трэцім з’ездзе РСДРП. Усё тое ён ведаў і адказаў увогуле складна. Але вось Дашэўскі, які ўвесь час маўчаў за сваім сакратарскім сталом, папытаўся — рэзка і зласліва: «Отец вступил в колхоз?» Падлога пад нагамі ў Азевіча хіснулася, і ён, мярцвеючы, выціснуў з сябе: «Яшчэ не, не ўступіў», і ўсе ў тым пакоі ўскінулі галовы, з трывогай уставіліся ў яго. «Ну вот, видали? — сказаў Дашэўскі. — А ему проводить коллективизацию. Агитировать за колхозы. А родной отец — единоличник. Или, может, даже кулак, а?» — «Не, не кулак. Серадняк», — зусім ужо апанурана адказаў разам сцішэлы Азевіч. «Середняк, а в колхоз не вступает. В чем дело?»
Выручыў Азевіча ягоны камсамольскі начальнік Маладцоў, якога, дарэчы, Ягор недалюбліваў за няпэўны, надта ўжо мітуслівы нораў. Ускочыўшы з свайго месца ля парога, той растлумачыў, што ведае бацьку Азевіча (і калі толькі яго ўведаў?), што той вялікі прыхільнік калгаснага ладу, а не ўступіў у калгас толькі па той прычыне, што ў іх вёсцы калгас яшчэ не арганізоўваўся, і тут найбольшая віна не Азевічавага бацькі, а раённай партыйнай арганізацыі, якая яшчэ ў чымсь не дапрацавала, не растлумачыла — не ахапіла стопрацэнтнай калектывізацыяй сельскае жыхарства, як таго патрабуе пастанова ЦК ВКП(б) і асабіста таварыш Сталін. Усе згодна заківалі галовамі, а Дашэўскі прыстукнуў па стале далонню, даючы тым зразумець, што пытанне вырашана. Азевіча прынялі кандыдатам ВКП(б).
Здаецца, можна было б перадыхнуць з палёгкай, адна гара сышла з плячэй, ды ўскацілася другая, не меншая. На тым жа паседжанні прынялі рашэнне: неадкладна, заўтра раніцай усім членам бюро райкома і актыву, разбіўшыся на брыгады, выехаць у аднаасобніцкія вёскі і выбіць план збожжанарыхтовак. У асабліва ўпартых сабатажніцкіх вёсках пабіць жорны — каб не малолі збожжа, здавалі дзяржаве. Выпадкам ці па чыёй волі наўмысля Азевіч трапіў у брыгаду, куды трапіць зусім не хацеў — у брыгаду пад кіраўніцтвам Дашэўскага. Яшчэ туды ж быў прымеркаваны Вайцяшонак і адзін міліцыянер. Двое іншыя павінны былі далучыцца ў сельсавеце — з ліку мясцовага актыву.
Раніцай сабраліся перад райкомам, падагналі фурманкі. Дзянёк выдаўся шэры, восеньскі, часам браўся накрапваць дожджык, але сціхаў. Ягор адчуваў сябе дужа няёмка ў міліцэйскай лінейцы побач з Дашэўскім. Не тое што некалі з Зарубам. Той хоць і вораг народа, а быў мяккі і спагадлівы чалавек. Гэты ж — сталь! I позірк такі — з-пад ілба, звераваты, як і выгляд усяго худога, кастлявага твару. Вайцяшонак, мусіць, як кульгавы, сеў побач, а Азевіч прымасціўся ў перадку побач з возчыкам-міліцыянерам. У таго целяпаўся на рэмені наган у жоўтай кабуры, што ўсім надавала важнасці і выклікала адчуванне бяспекі. Куды ехаць, ніхто з іх не ведаў, і толькі як уселіся, першы сакратар дастаў з чыгуначнага кіцеля складзеную ў чатыры столкі паперку. «Значит, так, — абвясціў ён. — Первая деревня Кан… Кандыбовичи…» — «Кандыбічы, — паправіў Вайцяшонак. — Гэта дзесяць кіламетраў». — «Вот едем в те Кандыбовичи! Айда!»
Прыехалі ў тыя Кандыбічы, спыніліся каля сельсавецкае хаціны са сцяжком над ганкам. Там ужо чакалі — старшыня, звычайнага выгляду мужык у кортавай, аднак, талстоўцы, і двое, відаць з актыву. Дашэўскі, не злазячы з лінейкі, папытаўся: «У каво жорны?» — «Дык шмат у каго», — сказаў старшыня і палез у партфель. «А ну становись, показывай!» — скамандаваў Дашэўскі. Сельсавецкі старшыня нязграбна ўмясціўся на падножцы лінейкі, і яны паехалі па вёсцы. Зайшлі ў сенцы першай хаціны, адкуль старшыня адразу павёў у істопку, дзе ў запавуціненым куце мясціліся старыя жорны. «Так, Дашэўскі раздумна азірнуўся. — Ты!! — паказаў ён на Азевіча. — Снимай камень!»
Адольваючы пэўную няёмкасць, Ягор адкінуў убок млён, натужыўся, зняў цяжкі верхні камень, паставіў яго рубам, не ведаючы, што рабіць далей. «Давай, давай! — працягваў камандаваць Дашэўскі. — Неси на двор и бей вдребезги!» Ягор вывалак камень на двор, але разбіць яго не было аб што, і ён няўцямна прысланіўся з сваім цяжарам да гразкага кола лінейкі. «Что, не найдешь, о что расчехвостить? — гырчэў Дашэўскі. — О фундамент бей! Вон об угловой камень». Азевіч няўмела ўдарыў аб вугал, камень адскочыў і пляската лёг у гразь. «Ну ты, неумека, мать твою перемать! — вызверыўся Дашэўскі. — Бей сильней! Как врага революции бей! Чтоб искры из него — в Бога душу мать!» Другі ўдар здаўся болей удалы, каменны кругляк ляснуў бокам і разваліўся на тры часткі.
Якраз у той момант з хаты выскачыла кабета з растрэпанымі валасамі, узняла крыку на ўсю вёску. Яна так бэсціла і кляла іх, што стала няёмка, нават боязна стала. Старшыня сельсавета кінуўся яе ўгаворваць, але тая ўсё крычала і плакала. З нізкага акенца цікаўна пазіралі на падворак некалькі мурзатых дзіцячых тварыкаў. Дашэўскі, аднак, нічога, здаецца, не чуў і не заўважаў, адно ведаў — камандаваць: «Поехали дальше!»
За якіх пару гадзін яны пабілі, можа, з дзесятак жорнаў, наслухаліся крыку, праклёнаў і лаянкі, асабліва ад жанок. У адным падворку, як яны прыйшлі туды, гаспадар, мусіць, ужо ведаў, па што. То быў мажны малады мужчына, ён сам зняў тоўсты верхні камень і ладна садануў яго аб вугал. «Вот, сполнена. Будзьце спакойны», — сказаў трохі азадачанаму той добраахвотнасцю Дашэўскаму і выцер аб штаны рукі. У крайняй ад выгану хаце верхняга каменя на жорнах не аказалася, не было і гаспадара. Гаспадыня ж, нейкая дурнаватая босая баба, нічога не знала — не ведала. На ўсе пытанні старшыні сельсавета і Дашэўскага адказвала: «Нічога не знаю, нічога не ведаю». «Врет, сука, — сказаў Дашэўскі. — Попрятали».