Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3
Шрифт:
I дарма сказаў так рашуча — той наступны раз ён наогул не трапіў на суботняе кіно — суботу і нядзелю праседзеў у Глыбачанскім сельскім савеце, дзе разваліўся сарганізаваны калгас і з ім камсамольская ячэйка. Паўцякалі камсамольцы — хто куды. Прыехаўшы ў панядзелак, пайшоў у аптэку, але тая ўжо зачынілася, тады ён проста пайшоў да падворка суседзяў. Пастаяў каля веснічак, паслухаў. Чакаў, можа, яна выйдзе з хаты, убачыць яго, загаворыць. Але замест дачкі выйшла маці — нестарая яшчэ кабеціна з гладка зачэсанымі валасамі і куртаценькім фартушком наперадзе. Яна сказала, што Анэлі пакуль няма ў хаце, але павінна вось-вось прыйсці. Калі яму трэба бачыць яе, дык можа зайсці ў пакой, дзе можна будзе яе пачакаць. Ён падумаў і нясмела патопаў цераз падворак да ганка.
Не шмат у каго з ягоных знаёмых местачкоўцаў ён быў дома, болей у Вайцяшонка, хатні лад якога мала чым адрозніваўся ад звычайнага вясковага. Вялікі стол у таго заўжды быў завалены кніжкамі і пачкамі вучнёўскіх сшыткаў жонкі-настаўніцы, сярод якіх часцяком выглядвалі шклянкі і талеркі з недаедкамі, даччыны лялькі; на ложку ляжала вопратка, сярод якой можна было прысесці, бо зэдлікаў было ўсяго два. Таму яго прыемна падзівіла ў гэтай кватэры не так абстава — круглы стол пад сурвэткай, камод, канапа, — як свежая чысціня вышараванай да жоўтага колеру падлогі, пакрытай пярэстымі паласамі дываноў. На ўсіх трох невялікіх вокнах з чысцюткімі шыбамі ружавелі кветкі, кветкі былі і на лаўках пад вокнамі. Мабыць, тут любілі кветкі, не дзіва, што цэлыя зараснікі іх буялі на падворку. У куце за некалі шыкоўным, хоць і пацёртым крэслам высілася шафа з кнігамі ў некалькі ярусаў. Такой чысціні і парадку Ягор яшчэ не бачыў — ні ў прыватным жытле, ні ў важных казённых установах, — аж боязна было ступіць. Тым не менш гаспадыня ветліва запрасіла яго ў тое самае шыкоўнае крэсла, у якім ён сеў — бы праваліўся да самай падлогі. «Вы наш сусед, кватарант бабкі Мальвіны? — з ветлай усмешкай пыталася гаспадыня. — Анэля расказвала, як вы з ёй хадзілі ў кіно. Яна кіно дужа любіць, не прапускае ніводнай карціны. Раней з Лінай, сяброўкай, хадзіла, а цяпер засталася адна. Лінка паехала вучыцца ў Віцебск, а ёй тут трохі адзінока. Дык вось вы…» — «Ну, я так, за кампанію, — сказаў Ягор. — Мне, ведаеце, не надта да кіно: мала часу». — «Ведама ж, у вас дэфіцыт часу, вы ж у райкоме працуеце? Наш бацька таксама совслужачы, праўда, не такога маштабу, але вольнага часу зусім не мае. Усё праца, праца…» — «А дзе працуе ваш бацька?» — папытаўся Ягор, тое было для яго важна. «Ды ён на льнозаводзе. Бухгалтарам», — сціпла адказала жанчына, стоячы з ручніком па другі бок стала, і Азевіч прыпамятаў. Ён некалі нават знаёміўся на нарадзе з бухгалтарам ільнозавода — немаладым ужо, ціхманым чалавекам у акулярах. Тады льнозавод не выканаў план, і ўсё яго кіраўніцтва на бюро райкома атрымала добрую нахлабучку ад Дашэўскага. Думалі, дырэктара пасадзяць, ды неяк абышлося. «Анэля павінна прыйсці, а пакуль, каб не было сумна, я пачастую вас гарбаткай з малінай. Ну і кніжкі можаце паглядзець. Вунь Дзюма ў нас ёсць. Ці Дастаеўскі, калі паважаеце». Гаспадыня выйшла, а ён павярнуўся да паліцы з кнігамі. Было шмат мяккіх кніжак з разрэзанымі старонкамі, а яшчэ болей тоўстых, у каляных вокладках з чорнай або пярэстай, пад мармур, паперы, з залатымі літарамі на скураных корках. Ягор выцягнуў адну, пагартаў, ды малюнкаў у ёй не было, і ён запіхнуў яе назад у вузкую шчыліну між іншых кніжак. Побач была і яшчэ такая, і яшчэ. Нешта падобнае на ціхенькае шкадаванне ці зайздрасць з’явілася ў ім — усё ж столькі чалавечай мудрасці ідзе стараной, паўз яго, неспазнанае, няздзейснае для яго. Ну, але, мабыць, такое іхняе жыццё, такі лёс. Да ўсяго не дапнешся, тут хоць бы ўхапіць якія вяршкі людскіх ведаў.
Гаспадыня тым часам прынесла шклянку гарбаткі і сподачак варэння, але ён не спяшаўся піць. Ён не мог адарвацца ад кніжак, аўтары якіх былі яму амаль спрэс невядомыя. Хіба апроч некалькіх тамоў Талстога, Пушкіна і дзвюх кніжак Купалы. Такога багацця ён не бачыў нават у даволі вялікай бібліятэцы нардома, дзе, як хваліўся яго загадчык, быў самы поўны збор твораў класікаў марксізму. «Спадабаліся вам кніжкі? — спытала гаспадыня. — Анэлі дужа падабаліся. Дзюма, Вальтэра Скота, Гюго яна прачытала яшчэ ў школе. Тады дужа любіла чытаць. Цяпер меней. Ну, але такі час. Усё ж падрасла, тэхнікум скончыла». — «Які яна скончыла тэхнікум?» — запытаў Ягор. «Аптэкарскі, — сказала гаспадыня. — Я ж таксама фельчаркай рабіла. Зараз не раблю», — сказала гаспадыня і сціпла прымоўкла. Ягор хацеў папытацца, чаму яна цяпер не працуе, як грукнулі дзверы і ў пакой ступіла Анэля. Згледзела яго, і шчокі яе сарамліва запунсавелі. «Мама! — сказала яна нібы з дакорам. Але тут жа знайшла жартоўны тон і весела засмяялася. — Вы майго кавалера гарбаткай частуеце? Але яму, мабыць, няма часу. Ён чалавек партыйны і нават на спатканне не прыходзіць». — «Нічога, якраз сёння я маю часу». — «Маеце, ну дык добра. Тады мы разам адзначым юбілей нашага татачкі», — жвава абвясціла Анэля. Ягор ніякавата паморшчыўся, дзяўчына заўважыла тое і энергічна запратэставала: «Не адмаўляйцеся, татачка будзе рады. Я яму ўжо расказвала, як мы хадзілі на „Кацьку“, а ён некалі ведаў таго рэжысёра. Як мы жылі ў Піцеры. Можа расказаць, будзе цікава».
Каб не замінаць жанчынам, якія ўзяліся накрываць стол, Ягор перайшоў у бакоўку, мабыць, Анэлін пакойчык з акуратна засланым ложкам, столікам ля акна, на якім буялі ўсё тыя ж кветкі, ад чаго тут было нават трохі з прыцемкам. Анэля пасадзіла Ягора да таго століка з кнігамі, сярод якіх адна вылучалася надта вялікімі памерамі, і Ягор асцярожна выцягнуў яе з-пад іншых. Гэта, аднак, аказалася не кніга, а старасвецкі сямейны фотаальбом. Застаўшыся на адзіноце, Ягор пачаў разглядваць яго незнаемых насельнікаў — маладых і старых, з бародамі і без барод, мужчын у мундзірах з радамі бліскучых гузікаў, дам у доўгіх спадніцах, старанна прычасаных, прыбраных дзяўчат, падлеткаў, што сціпла пазіралі на яго з каляных старонак альбома. Былі тут і афіцэры з шашкамі, у пагонах, і нават адзін, мусіць, нейкі важны святар у расе з вялікім крыжом на бліскучым металічным ланцугу. Гэтыя хоць і выклікалі пэўную цікавасць, але не падабаліся Ягору, бо, пэўна ж, былі ворагамі пралетарыяту. Зрэшты, таксама як і іншыя, думаў Ягор. Ён яшчэ не дагартаў альбом, як у пакой убегла Анэля, таксама з куртаценькім фартушком, падвязаным на яе тоненькай таліі. Яна аж здзівілася: «Няўжо зацікавіліся? Ды не трэба гэта», — і хацела адабраць альбом, але ён не даў. «Не, цікава, столькі фатаграфій!» — «Дык гэта ж уся радня яшчэ з таго веку. Піцерскія ўсё». — «I ты тут ёсць?» — пацікавіўся Ягор. «Ай, я саплячка яшчэ, во ў канцы, на апошняй старонцы». Яна адгарнула некалькі аркушаў і паказала на два бляклыя здымкі, дзе была знята, мабыць, яшчэ ў школьныя гады, можа, дзесяцігадовай дзяўчынкай, што напружана ўзіралася ў фотаапарат. «А гэта хто?» — папытаўся ён, паказваючы на невысокага чалавека ў форменнай тужурцы з гальштукам і ў акулярах, штосьці ў ім здалося Ягору знаёмым. «Дык гэта ж наш татка, — сказала Анэля. — Яшчэ як у гімназіі вучыў». — «А ён што, вучыцель?» — «Выкладчык матэматыкі. А цяпер бухгалтар», — сціпла паведаміла Анэля. «Так, так, — сказаў Ягор, адчуўшы і тут невядомую яму жыццёвую драму, якая, напэўна, спасцігла гэтых людзей. — А гэты поп?» — паказаў Ягор на святара. «То мой дзядзечка архірэй. Ён памёр ужо… Я была ў яго любімая пляменніца», — уздыхнула Анэля. Ягор паўзіраўся ў святара, але не сказаў нічога.
Неўзабаве прыйшоў з працы і гаспадар — таўставаты задышлівы чалавек у акулярах. Жонка і дачка пацалавалі яго, віншуючы з юбілеем, пасля Анэля пазнаёміла з Азевічам. Яе бацька сціпла паціснуў яго руку: «Бухгалтар Свядэрскі». Нядоўгі час ён прыбіраўся за шафай, каб сесці за стол, скінуў паношаную талстоўку і надзеў белую сарочку ў палоску, гальштук, камізэльку і чорны, пацёрты, але яшчэ прыстойны пінжак. На стале з вялізным букетам півоняў ужо бялелі чатыры чысцюткія талеркі і каля іх былі раскладзены нажы і відэльцы — кожнаму па пары. Ягор прыгледзеўся: ці не срэбра? Можа, аднак, і не срэбра, але прыгожыя відэльцы ды нажы таксама. Тут жа гаспадыня паставіла насупраць кожнай талеркі па адным невялікім кілішку — пэўна ж, для выпіўкі, і Ягор адчуў незразумелую прыкрасць да гэтае вытанчанасці, якая яму была нязвыклая і нават незнаёмая. Але і прыемнасць у чымсь адначасна. Як запрасілі сесці, ён нейкі час баяўся дакрануцца да гэтых далікатных рэчаў, не ведаў, што ўзяць першым і ў якую руку, і трошкі сумеўся ад няёмкасці. У галаву аднекуль убілася недарэчнае слова і гучала: «Абыватальства, абыватальства…» Тым не менш усё ж прыемнае было тое абыватальства.
Пачастунак, аднак, быў даволі сціплы: тушоная капуста з печы і дранікі ў смятане.
Яны з бацькам выпілі па адным кілішку нейкай саладкаватай наліўкі, жанчыны толькі прыгубілі, пажадаўшы бацьку здароўя і шчасця. Той, аднак, трудна ўздыхнуў: «Ці думаў калі, што такое будзе маё пяцідзесяцігоддзе…» Ягор ахвотна выпіў свой кілішак, але еў не надта, усё ж было няёмка чужому ў гэтай невялічкай сямейцы, ладнай сваёй згоднай еднасцю. Рэшту таго дня, на змярканні, яны з Анэляй пайшлі пагуляць па-над рэчкай, і Анэля ціхенька апавядала яму пра колішняе жыццё ў Петраградзе, дзе бацька вучыў у гімназіі. Да рэвалюцыі, канешне. Бацька паходзіў з простай сям’і, ягоны брат нават быў відны рэвалюцыянер, сацыял-дэмакрат, сядзеў у турмах, а пасля эмігрыраваў у Германію. А вось з маці ім не пашэнціла — маці была дваранскага роду. Гэтыя ўсе афіцэры і дамы — радня матчына, праз іх і яе паходжанне гэтую сямейку гімназічнага вучыцеля Свядэрскага выслалі з Ленінграда, тры гады яны жылі ў Полацку, але мусілі з’ехаць і адтуль. Так вось і апынуліся ў мястэчку, бо далей ужо ехаць не было куды. Мабыць, тут ужо і будуць яны дажываць. А з імі і яна, Анэля, якая іх дужа любіць і не ўяўляе сабе, як можна іх пакінуць. Яны ціхенька ішлі вузенькай, добра, аднак, пратаптанай сцежкай па местачковай аселіцы. Збоку ля рэчкі ў вечаровым сутонні высіліся вялізныя вольхі, з аселіцы веяла вечаровай сырызнай, побач бялела стракаценькая Анэліна сукенка. «Ты — камсамолка?» — запытаў Ягор. «Неа, — сказала яна. — Хто мяне прыме такую», — і кораценька засмяялася, няўмела стаіўшы ў тым смеху свой трудны клопат. Ён не пярэчыў, сапраўды, з такім, далёка не пралетарскім паходжаннем не шмат чаго даб’ешся ў жыцці. Гэта горш, чым сялянскае паходжанне. Чым нават серадняцкае. Тут, лічы, амаль што кулацкім пахне. Калі не горай.
Для Азевіча настала пара новага радасна-сумнага клопату. Дзе б ён ні быў удзень, але як толькі надаралася вечаровая часіна, бег да суседзяў, і яны з Анэляй ішлі ці да ракі, ці ў нардом, калі там было што цікавае, ці проста сядзелі на лавачцы пад сцяной ля яе півоняў. Анэля аказалася разумнай, гаваркой дзяўчынай, яна прачытала нямала кніжак і ўзяла за мэту расказачь пра ўсе іх Ягору, які, канешне ж, не прачытаў і дзесятае часткі таго. Ужо былі расказаны два раманы Аляксандра Дзюма, «Айвенга» Вальтэра Скота, «Крыжаносцы» Сянкевіча. «Дон Кіхота» ён узяў у яе, каб прачытаць самому. Але не было часу, і ён паспеў адолець толькі сотню старонак гэтай тоўстай кніжкі. У дажджлівыя вечары яны сядзелі ў Анэлінай бакоўцы, і Анэля ўсё гаварыла і гаварыла. Менавіта там, у бакоўцы, ён першы раз пацалаваў яе, і дзяўчына дужа спалохалася таго пацалунку і пасля нават нічога не магла расказваць. Адно прыхінулася да яго, ён абняў яе і тады, поўны нязведанага замілавання, вырашыў у думках: «Ажанюся!» Хацеў сказаць аб тым Анэлі ці, як пісалі ў старых кніжках, папрасіць рукі, ды штось перашкодзіла таму, дужа замінала няёмкасць. Мусіць, трэба было пачакаць ці выбраць іншы, болей прыдатны момант. Ці, можа, набрацца большай рашучасці. Так ці інакш, ён не сказаў таго слова, і хто ведае, ці не зрабіў правільна. А можа, і не — як падумаць, зрабіў самую сваю вялікую памылку ў жыцці.
Напярэдадні той начы ён некалькі дзён прабыў на раёне, вярнуўся позна, вуліца ўжо спала, нідзе не свяцілася ніводнае акенца. Ён падышоў да суседскіх варотцаў, пастаяў, паслухаў. Анэліна акно таксама было цёмнае. Час, мабыць, пераваліў за поўнач, і ён пайшоў у сваю хаціну, не адразу, але моцна заснуў. Прачнуўся трохі пазнавата, у сподняй кашулі выбег памыцца на падворак і амаль сутыкнуўся з бабкай Мальвінай. Тая устала з прызбы, як ён выйшаў, і ён зразумеў: чакала яго. Але што здарылася?
«Няшчасце ў суседзяў. Бухгалтара ноччу забралі». — «Хто забраў?» — недарэчна спытаў Ягор. «А хто ж іх ведае — хто? Хапун, пэўна».
Ягор павярнуўся і, не памыўшыся, пабрыў на сваю палавіну. Дрыготкімі рукамі апрануў кашулю і, апанураны, пабрыў у райком. Ні той дзень, ні наступны ён не наважыўся зайсці да суседзяў, думаў, Анэля прыбяжыць сама, але тая не прыбягала. I ён злавіў сябе на тым, што і не хоча, каб яна прыбегла.
Ён не бачыў яе, можа, месяц ці болей, а як аднойчы сустрэўся ў мястэчку каля базару, дык перайшоў на другі бок вуліцы. Ён баяўся сустрэчы з ёй і яе бядой, як баяцца спатыкаць радню нябожчыка ці злачынца. Дужа непрыемна было яму ўспамінаць свае паходкі да бухгалтара Свядэрскага, выкрытага шкодніка на льнозаводзе, хоць сэрца па ягонай дачцэ Анэлі яшчэ балела доўга. Пакуль не адбалела дарэшты…
Звычайна, скалясіўшы раён уздоўж і ўпоперак, Азевіч пазбягаў наведвацца ў свой родны кут. Адчуваў, што тое наведанне, асабліва пасля памятнай восені збожжанарыхтовак з ліквідацыяй жорнаў, не прынясе радасці ні яму, ні яго вяскоўцам. Калі ўжо абавязкова трэба было каму ехаць у бок Ліпаўкі, дык ехаў Вайцяшонак, які таксама пазбягаў свайго Завішша ў Запушчанскім канцы раёна. Туды ехаў Азевіч, дзе ён адчуваў сябе вальней, бо ведаў толькі калгаснае кіраўніцтва ды сяго-таго з камсамольскага актыву. Але во так здарылася аднойчы, што ў сувязі з падпіскай на пазыку выязджалі ўсе дарэшты: райком партыі, райвыканком, райком камсамола, увесь раённы і партыйны актыў. З акругі і з Менска прыехалі ўпаўнаважаныя, і райком разбіў усіх на брыгады. I камусьці з кіраўнікоў спатрэбілася прызначыць Азевіча менавіта ў Ліпаўку. Калі ён, ледзьве не абураны, пайшоў у аргаддзел папрасіць, каб памянялі, загадчык Пацябун заўпарціўся: аказваецца, спісы ўжо зацвердзіў асабіста таварыш Дашэўскі. Да таго ж, маўляў, яму, Азевічу, у роднай вёсцы падпіску будзе правесці лягчэй, бо ён ведае кожнага з землякоў, хто колькі мае і чым хто дыхае. Нічога не зробіш, Азевіч мусіў паехаць у Ліпаўку.
Ехаць павінны былі трое, апроч Азевіча яшчэ раённы пракурор Гарадзілаў, нядаўна прысланы з Менска, і Ягоўдзік з райзага. Але Ягоўдзіка ў апошні момант перакінулі ў іншую брыгаду, а яму, Азевічу, сказалі: «Управіцеся і ўдвох». Так яны пагодлівым красавіцкім днём паехалі фурманкай ў родныя, даўнавата не бачаныя Ягоравы мясціны.
Пакуль ехалі, Ягор дужа трывожыўся. Арганізаваны ў Ліпаўцы калгас ледзьве ліпеў, насення для сяўбы не хапала, коні за зіму падупалі ад бяскорміцы. За год у калгасе змяніліся аж тры старшыні: аднаго пасадзілі за шкодніцтва, другі ўцёк — з’ехаў немаведама куды, прыхапіўшы дзве тысячы калгасных грошай. Цяпер там старшынстваваў Мікіцёнак-старэйшы, неблагі, старанны, але малапісьменны і мяккаваты чалавек, нейкая дальняя радня Азевічаў. Разоў колькі ён прыязджаў у райцэнтр і ўсё звяртаўся да Ягора па тое-гэта, але чым яму мог памагчы райкомаўскі інструктар Азевіч? Тут ужо без карысці быў і Дашэўскі, які таксама нічога не мог і не меў, апроч хрыплага, сарванага ад пастаянных мацюгоў голасу. Азевіч ведаў, што ў Ліпаўцы, як і скрозь, было голадна, хлеба ў красавіку, мусіць, ужо ні ў каго не асталося, даядалі бульбачку. Ён узяў з сабой у партфель паўбохана хлеба, што атрымаў на тры дні па картках, бляшанку рыбных кансерваў. Пракурор Гарадзілаў, мяркуючы па ўсім, быў чалавек гарадскі, бо, як ехалі, усё захапляўся краявідамі: які прыгожы беразняк, якое здатнае возера! Азевічу было не да краявідаў, ён думаў, як там у маці. Бацьку яна пахавала зімой, Ягор праз сваю працу не мог прыехаць на пахаванне — быў на семінары ў акрузе і даведаўся аб той смерці, як бацьку ўжо закапалі. Цяпер там маці і сястра. Сястра так і не выйшла замуж — пазнікалі жаніхі, а каторыя асталіся, дбалі не пра жаніцьбу — пра тое, як пракарміцца.