Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4
Шрифт:
Вучачыся ў дзесятым класе, Алік зразумеў, што мастацтва — музыка, жывапіс, а таксама спорт — гэта не яго стыхія, бо там трэба фанатычныя бязлітаснасць да сябе, упартасць і праца. А ўсё тое, што даецца вялізным намаганнем, праз цяжкасці, тое — ведаў Аўсееў — перастае несці асалоду, радасць таго засмучаецца цяжарам дасягнення. Вайсковае ж вабіла яго рамантыкай быту і прыгажосцю формы. Ён любіў глядзець на чырвонаармейскі строй у час парадаў, яму падабаўся зухаваты выгляд маладых камандзіраў, апяразаных рамянямі, з сумкамі і пісталетамі на баку, любіў магутнасць баявых машын і захапляўся пазнанымі з кніг геройскімі ўчынкамі ў часе вайны. Бацька не пярэчыў супраць гэтай схільнасці юнака Аўсеева, маці ж, ва ўсім дагаджаючы сыну, саступіла са сваіх ранейшых жаданняў наконт яго бліскучай мастацкай будучыні, і за год да вайны Аўсееў стаў курсантам ваеннага вучылішча.
Але сталася так, што з першых жа дзён свайго вайсковага жыцця курсант Аўсееў адчуў расчараванне. Камандзірам аддзялення, у якое залічылі Аўсеева, назначылі мешкаватага тугадума Тодарава. Гэты няўклюдны чалавек з тупой упартасцю і асаблівым стараннем імкнуўся выканаць усё, што ад яго патрабавалася, не зважаючы ні на чые і ні на якія перавагі. Ён зусім не хацеў бачыць, што Аўсееў разумнейшы за яго і за шмат каго з курсантаў, што ён болей развіты і спрытнейшы, куды лепш выхаваны. Дарэчы, гэтага не хацелі заўважаць і старшына, і камандзір узвода — яго школілі так, як і ўсіх. I калі ён спрабаваў вылучыцца, паказаць свае веды і здольнасці, даказаць, што ён варты лепшага, тады яго не злюбілі таварышы.
Праўда, тыя нягоды хутка скончыліся. Улетку, калі пачалася вайна, яго ў ліку вялікай групы курсантаў адклікалі з вучылішча і з маршавай ротай накіравалі на фронт. Аўсееў спачатку ажно ўзрадаваўся і, па пыльных дарогах дабіраючыся да перадавой, быў поўны рашучасці на які-небудзь геройскі ўчынак, усё карцела яму паказаць людзям, на што здатны Аўсееў. Але ў першым жа баі яго аглушыла грымоццем страляніны, асляпіла страхам блізкае смерці, апаліла болем няўдачы і разгрому. «Не, — сказаў сабе Аўсееў, — гэта не для мяне» — і далей ужо толькі і дбаў, каб як уцалець.
Дагэтуль яму сяк-так шанцавала, але, здаецца, прыйшоў канец яго ўдачам. Аўсееў вельмі непакоіўся, чула яго сэрца — будзе непапраўнае ліха, і ўсё думалася, што зрабіць, каб як абмінуць пагібель.
Так, стоячы пад застрэшкам і марна думаючы, як выйсці цэлым з гэтай бяды, Аўсееў і не заўважыў, калі сціх дождж. Уначы пацішэла, перасталі ляскатаць кроплі па даху, здаецца, патроху сунімаўся і вецер. Невядома, колькі было часу, Аўсееў адчуваў млявую знямогу ва ўсім целе і, злосна падумаўшы пра тых, у старожцы, якія гэтулькі часу не змяняюць яго, адчыніў дзверы.
9
Са старожкі шуганула цяплом, дымам, кіслай парнасцю мокрых салдацкіх шынялёў. Не пераступаючы парога і трымаючы насцеж расчыненыя дзверы, Аўсееў запытаў:
— Ну што? Вы мяне зменіце сёння?
— Нешта ты хутка, — сказаў з тапчана Карпенка. — Яшчэ, мабыць, і дзвюх гадзін не мінула.
Ён нетаропка выцягнуў з кішэнькі стары «кіраўскі» гадзіннік на ланцужку, угледзеўся, павярнуўшыся да скупога святла з грубкі.
— Эге, пяць гадзін! Хутка і світанне. Ну хто? Глечык, давай ты!
Глечык з гатоўнасцю ўзняўся, але побач усхапіўся Пшанічны.
— Пастой. Я пайду. Хай адпачне Глечык. Ён капаў многа, так што…
Не чакаючы камандзіравай згоды, баец захінуў шынель і палез у дзверы. Аўсееў паставіў у кут вінтоўку і пачаў ладкавацца ля грубкі.
— Дождж сціхае, здаецца? — спытаў Карпенка.
— Сціх, — сказаў Аўсееў, выцягнуўшы да агню счырванелыя рукі.
Побач, размораны гарачынёй і падкурчыўшы пад сябе ногі, мясціўся Свіст. Ён усё, відаць, не мог адолець свайго разважлівага настрою і з раздумным спакоем у светлых вачах, утаропленых на вуголле ў печцы, казаў:
— Паглядзеў я на людзей і там, і тут, смерці нагледзеўся і думаю: эх, чалавек, чалавек, не ведаеш ты, што табе трэба. Вымуштроўваеш ты, як малое распешчанае дзіця, пакуль табе гарачы певень у зад не дзюбне. А дзюбне, тады ўраз розум дойме. Тады ты ўцяміш, як жыць трэба. Гэта я з самога сябе даўмеўся, вот, ярына зялёная.
— Яно так, — азваўся Карпенка, выцягваючы на тапчане ногі. — Але хай яна згарыць, вайна гэтая. Колькі ліха, колькі гора! Мне дык яна ўсё жыццё парушыла. Толькі на ногі ўзняўся, на сваю каляю ўзбіўся, а тут трах-трах — павяло…
— Гэта праўда, — згадзіўся Свіст. — I калі ўжо мы яго здужаем, гада? Прэ і прэ, паразіт!
— Нічога, здужаем. Да Масквы ўжо не пусцім. Гэта пэўна.
Аўсееў, грэючы мокрыя пальцы, непрыязна бліснуў на старшыну чорнымі сцюдзёнымі вачыма, у якіх былі здзек і пагарда.
— Ага. Можна падумаць, што Масква за Уралам.
— За Уралам не за Уралам, а Маскву не аддамо.
— Гэта мы ўжо чулі, — чмыхнуў Аўсееў. — А тры месяцы адступаем…
— Глупства, — жыва азваўся Свіст. — Кутузаў таксама адступаў. Тут, брат, план, можа, такі, як з французам. А што? Заманіць глыбей у лясы, балоты, акружыць і кокнуць к чортавай матары, каб ніводнага не засталося.
Карпенка курыў, пускаў у столь шырокія струмені дыму і нешта думаў. Аўсееў, нагрэўшыся, узяўся даядаць кашу, Віцька зграбаў ля печкі апошняе паліва, а Глечык, поўны ўвагі на круглявым хлапечым твары, абапёрся на руку і слухаў. Дровы ў грубцы дагаралі, зіхацела жарам куча вуголля, змрок затульваў постаці людзей, невыразна свяціліся толькі твары, рукі.
— Ах, гады, гады! Што зрабілі з Расіяй, — казаў Свіст, падбіраючы ў цемры рэшткі паліва. — Ну чакай, дабяромся — нікому літасці не будзе.
— Нашто так, — падумаўшы, заўважыў Карпенка. — Усіх не трэба пароўну мераць. Ёсць і ў немцаў людзі. Падпольшчыкі. Відаць жа, яны сваю справу робяць.
— Што, можа, пралетарскую рэвалюцыю рыхтуюць? — нявесела ўсміхнуўся Аўсееў. — Я чуў, адзін палітрук пра рэвалюцыю ў Германіі агітацыю разводзіў. Кажа, хутка нямецкі пралетарыят падымецца супраць Гітлера.
— А што? Можа, і падымецца. Што ты думаеш? Мы не ведаем, а там, мажліва, справа ідзе. Не можа ж быць, каб усе рабочыя там — за Гітлера.
— Ага, чакай, — буркнуў Аўсееў.
— Эх ты, разумнік, — зазлаваў Карпенка. — Нешта ты дужа знайка вялікі, гляджу. Усё ты знаеш, усё разумееш.
— I разумею, а што ж!
— Разумееш! Вось я пагляджу заўтра, які ты будзеш разумны.
Аўсееў змоўчаў. Стала ціха. Глечык насупіўся, Свіст разважна казаў:
— Гэта нічога, нічога. Хай! Пэўна што ліха, але няма ліха без дабра, а дабра без ліха. Перамучымся, але бяда жыць навучыць.
Заскрыпеўшы тапчаном, Карпенка павярнуўся на другі бок і заціх. Седзячы, прытуліўся да цёплай печкі прамоклы Аўсееў, на падлозе з галавой ухутаўся шынялём Свіст. Глечык падсунуўся бліжэй да грубкі і, ашчаперыўшы калені, маркотна глядзеў на рэшткі агню.