ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4

Быкаў Васіль

Шрифт:

Пшанічнаму не хацелася зварушвацца з месца, але не было ахвоты і заводзіцца з гэтым Свістам, і ён нязграбна ўзняўся з падлогі, завязаў сваю тарбіну і выйшаў. Як толькі за ім зачыніліся дзверы, Віцька ўраз падхапіў гэты напакаваны мяшок і спрытна запусціў туды руку.

— Так, папружку камандзірскую на канец вайны Мурло прыпасае, нейкая банка, новая кашуля, сухія анучкі — на, салага, на падмену трымай. — Ён тыцнуў Глечыку пару ануч і зноў расхінуў торбу. — Ага, вось ён, акрайчык, так, так… цукру драбок… о, братва, сала! Ура Пшанічнаму, от малайчына, не ўсё з’еў. Каша будзе з салам.

Ён хуценька завязаў лямкі гэтай тарбіны і шпурнуў яе ў кут.

— Слухай, Свіст, нядобра робіш, — сказаў з тапчана Карпенка. — Трэба спытацца.

— Ого, спытацца! Скулу ты з яго возьмеш: скнара.

Неўзабаве прыйшоў з вадой Пшанічны, падаў кацялок Свісту і ціха сеў на сваё месца ў куце. Свіст, міргнуўшы белымі вейкамі, хітравата паглядзеў на яго.

— Братачка Пшанічны, ці няма ў цябе якога куса да агульнай кучы?

Пшанічны моўчкі пакруціў галавой. Свіст зноў падміргнуў сябрам.

— Ну, што ж… Абыдземся грэчка-аўсянай сумессю.

Хутка кацялок з вадой, уціснены ў грубку, зашыпеў на вуголлях, а Свіст на разасланай пале шыняля пачаў церці ўсохлыя кавалкі канцэнтрату. Аўсееў паныла глядзеў у агонь, спаважна туліўся за спіной Свіста Глечык, і ў куце невыразна варушылася шырокае аблічча Пшанічнага. Старшына, падпёршы голаў рукою, ляжаў на баку, пазіраў на свой малалікі ўзвод і думаў. Хто ведае, як ім пашанцуе заўтра справіцца з той задачай, дзеля якой іх пакінулі тут? Ці хопіць у іх сілы і ўмельства, ці ўсе адолеюць страх, каму суджана будзе датрываць да канца? Камандзір усё не мог пагадзіцца, што людзей яму далі без выбару, першых, што трапіліся камбату, а гэта, на яго думку, было няправільна. Старшыне не падабалася сённяшняя надзьмутасць Аўсеева, няшмат чаго здатнага чакаў ён ад Глечыка, ведаў, што заўтра трэба будзе яго, камандзірскі, нагляд за ўсім і за ўсімі. Яму даспадобы быў Свіст, ён нядрэнна паводзіў сябе за гэтыя тыдні адступлення, але хто яго ведае?.. Чалавек сядзеў у турме, і хоць з выгляду вясёлы і свойскі, але невядома, што ён носіць у сабе.

Яшчэ думалася пра Фішара. На момант старшыне чамусьці стала шкада таго вучонага, разумнага чалавека, не прызвычаенага да нягод ваеннага жыцця, слабага і кволага. Як яны ад батальёна, так і Фішар ад узвода падстаўлены цяпер пад першы ўдар, ад якога, хто ведае, ці будзе які паратунак. Думалася, каб ён хоць не заснуў там пад ранак, бо тады можа здарыцца ліха, ад якога і ім не ўратавацца. Пра сябе Карпенка дбаў не надта, ён сам для сябе быў зразумелы і просты і без ніякіх сумненняў ці ваганняў ведаў, што калі панадзеяліся на яго камбат і камандзір палка, дык ён спраўдзіць тыя надзеі. Можа, заб’юць яго, можа, параняць, але калі застанецца цэлы, дык ён зробіць усё, што ад яго патрабуецца.

Гудзела, пырскала іскрамі грубка, за сцяной недзе цурчала з даху вада, шумеў у завуголлі вецер, і вельмі хацелася спаць. Але старшына напружаннем волі адганяў дрымоту і ляжаў. Байцы сядзелі на падлозе і пільна глядзелі за кацялком у грубцы.

— Так, так… Уліплі мы на гэтым чортавым пераездзе, — тужліва сказаў Аўсееў, кладучы падбародак на скурчаныя калені. — Гэта ўжо аксіёма.

Яму ніхто не азваўся — ні запярэчыў, ні падтрымаў тых невясёлых думак, толькі Глечык уздыхнуў у цішыні ды Пшанічны гучна высмаркаўся.

— Аўсееў, — глухаватым, але рашучым голасам пасля паўзы сказаў Карпенка, — бяры вінтоўку — і на варту.

Аўсееў крута павярнуўся на падлозе.

— А чаго я? Што я, горшы за ўсіх?

— Без размоў.

— Давай, давай, паніч, — загаварыў Свіст. — Не бойся, кашы не празяваеш. Пакінем, клянуся салёным агурком з хвастом асяледца.

Аўсееў пасядзеў яшчэ, пасля нетаропка зашпіліўся і неахвотна выйшаў, мацней чым трэба прыстукнуўшы дзвярыма.

Каша выдалася надзіва смачная. Свіст неўзаметку паклаў на спод кацялка выцягнутае ў Пшанічнага сала, ад чаго ўсё гэта несалёнае месіва атрымалася вельмі тлустае і наварыстае. Елі ўсе разам, з адной пасудзіны, згодна шкрэбаючы драўлянымі і алюмініевымі лыжкамі, а Свіст — нават трафейным відэльцам на тронку лыжкі. Калі ўжо на сподзе засталося нямнога, Карпенка аблізаў лыжку і сказаў:

— Годзе. Рэшта Аўсееву і Фішару…

— Ну, братка Мурло, як кашка? — хітравата спытаў Свіст.

— А нішто. З галадухі сама ў роце растае, — задаволена сказаў Пшанічны. На яго мардаты, з тлустымі вуснамі твар лягла ленаватая сытасць.

— За гэта дзякуй самому сабе. Добрае ў цябе было сальца.

Пшанічны здзіўлена залыпаў вачыма, здагадаўся і адразу ўхапіўся за торбу.

— Зладзюга ты, Свіст, вось хто, — злосна кінуў ён з цемры, мацаючы свой напакаваны мяшок. — За такія ўчынкі табе трэба морду біць, блатняга.

— Для твайго ж бруха, дзівак, — жартаваў Свіст. — А то кокнулі б цябе заўтра, галоднага, і які-небудзь Ганс пакроіў бы тваё сала тоненькімі скрылікамі на свой бутэрброд. А так вось і жысць павесялела, бы сто грамаў прапусціў.

Пшанічны яшчэ бурчаў нешта ў сваім куце, а размораны сытасцю Свіст соладка разлёгся на падлозе, раскінуўшы крываватыя ногі.

— Ну вось і цудоўна, — казаў ён, пагладжваючы свій жывот. — Даўно такой асалоды не меў. Хіба тады, як з лагера выйшаў, от.

— Слухай, Свіст, а завошта ты ў лагер трапіў? — спытаў Карпенка, скручваючы цыгарку.

Ён зноў размясціўся на тапчане, таксама падабрэў ад цяпла і ежы і стаў па-хатняму просты, свойскі, прыязны — такі, як і ўсе.

— Ат, доўгая гісторыя. Гісторыя з геаграфіяй. Была справа, ага.

— Можа, нізавошта?

— Не скажу, — адразу пасур’ёзнеўшы і нешта ўспамінаючы, сказаў Свіст. — Было за што. Маглі б і болей прыпаяць, адбрыкаўся двума гадамі. Магу расказаць, калі цікавіць.

Ён памаўчаў, пазіраючы ў задымленую столь, услухаўся ў гукі непагоды знадворку, пасля ўздыхнуў і пашураваў у грубцы. Там нешта стрэльнула ў прыску, ярчэй загарэліся дровы, асвяціўшы насупленага ў куце Пшанічнага, цікаўны кірпаты твар Глечыка і задуменныя твары астатніх байцоў.

7

— Дурны я чалавек… вось. Шалёны, безгаловы… — казаў Свіст. — Наогул абармот. Толькі цяпер зразумеў гэта. Як кажуць, не вошы мяне заелі, а маладосць загубіла. Жыў у Саратаве, на Манастырцы. Любата гарадок, скажу вам, першы сорт — Саратаў… так… — Ён памаўчаў, летуценна прыпамінаючы штось і ўсё пазіраючы ў грубку— Чатыры гады ўжо як не быў, душа занылася. Так… Дык вось, вучыўся троху. Вучыцца не любіў. Ды і з дысцыплінай не ладзілася. Матка, бывала, ходзіць, ходзіць у школу па выкліках, лупіць мяне, а толку мала… А наогул мала біла. Трэба было б болей, тады, можа, і чалавек выйшаў бы, а так — аскалёпак.

Падрос крыху, зашыўся ў кампанію — дружкі-мілушкі, ярына зялёная. А ўсё ж ладны быў час. Раздолле, асабліва ўлетку. Маці на працы (на падшыпнікавым заводзе рабіла), а я — бы ў раі. Па могілках у вайну гуляем — дарэчы, там у нас Чарнышэўскі, пісьменнік, пахаваны, — дзелавіта паведаміў Свіст, паварочваючыся да Карпенкі. — Такі помнік вялізны, як будан, стаіць. Дык вось — на могілках, на Лысай гары, у сасняку, а калі вырвемся і на Волгу. От, браце, шчасце, ярына зялёная, сто чарцей і бочка рому. Ніхто там не бачыў Волгі? Не? О, гэта ёсць на што паглядзець. Шыр, прастор, вада, сонца, неба і, каб вы ведалі, райскі куток — Зялёны востраў насярэдзіне. Схопім чыю лодку, перабяромся туды і — забаў на два дні. Маці шукае — і ў міліцыі, і ў калоніі, і ў турме, а мы на востраве кінжалы выстружам і разбойнікаў строім.

Поделиться с друзьями: