ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4

Быкаў Васіль

Шрифт:

— А патроны? — спытаў ён Свіста. — Гэта і ўсё? Не, брат, не падыдзе. На, Аўсееў, асвойвай, ваяваць будзеш, а мне мой болей здатны.

Свіст, здзівіўшыся, свіснуў і крануў на віхрах пілотку.

— Ну і дарма. Я яго сам схапіў бы, ды ПТР — з двума не зладзіш.

Аўсееў без усякай радасці ўзяў кулямёт, а Свіст, запусціўшы руку ў глыбокую кішэню свайго шыняля, нешта выняў у сцятым кулаку.

— Ну, а на гэта што скажаш? Га?

Карпенка далікатна ўзяў з яго далоні круглы кішэнны гадзіннік на доўгім бліскучым ланцужку, заскарузлымі вялікімі пальцамі беражна расчыніў футляр, пакруціў галоўку. Гэта быў добры кішэнны гадзіннік з секунднай стрэлкай, выпуклымі фосфарнымі лічбамі на крэмавым цыферблаце.

— Пятнаццаць камянёў, анкерны ход — вот, брат, трафей! — хваліўся Свіст. — Хочаш, бяры. На імяніны не дам, а цяпер — калі ласка.

— Глядзі ты, ладная штуковіна: пятнаццаць камянёў, кажаш? — не то ўсур’ёз, не то з іроніяй казаў старшына. — Маладзец ты, Свіст, малайчына. Так праз год-два з цябе выйдзе выдатны марадзёр, ці не так, ярына зялёная?

— Ну, яшчэ што скажаш: марадзёр! — засмяяўся Свіст. — Не хочаш — давай сюды.

Ён працягнуў руку, але Карпенка, не зважаючы на гэта, размахнуўся з усяе свае немалое сілы і так ляпнуў гадзіннікам аб пашчэрбленую сцяну старожкі, што аж пасыпалася тынкоўка і з тонкім звонам разляцеліся ў бакі, пэўна, усе пятнаццаць каменьчыкаў.

— Вось і ўсё, і маўчок — справа скончана, — сказаў камандзір і адвярнуўся да свайго кулямёта ў ячэйцы.

Свіст пачухаў патыліцу, па-блазенску падміргнуў Глечыку і сапраўды ые сказаў ні слова.

17

Зацікавіўшыся новаю зброяй, Глечык падышоў да Аўсеева, і яны ўдвух пачалі даследаваць гэты трафейны кулямёт. Аўсееў чамусьці зноў стаў невясёлы і маўклівы, і нельга было зразумець, што рабілася ў яго душы. Дэманстратыўна, не прыкмячаючы Глечыка, ён паставіў на бруствер трафей, здзьмухнуў пыл і расчыніў затворную каробку.

— «Эмга трыццаць чатыры», апошняй мадэлі, — буркнуў ён. — У вучылішчы мы вывучалі. Хуткастрэльнасць велізарная — не раўня нашаму «дзегцяру».

Глечык уважліва глядзеў, слухаючы болей за сябе спрактыкаванага таварыша, і думаў, што той пакажа, як абыходзіцца з кулямётам. Але Аўсееў з незразумелай варожасцю закрычаў на хлопца:

— А наогул на якога д’ябла! Ты прынёс — ты і страляй!

— Дык я ж не ўмею, — шчыра прызнаўся Глечык. — А чаму ты не хочаш?

Аўсееў памаўчаў, пашчоўкаў затворам і злосна гыркнуў:

— Мне яшчэ жыць хочацца.

Глечыку ён не хацеў казаць усяго, што разумеў сам, — таго, што з кулямётам куды больш небяспечна ў баі, чымся з вінтоўкай, што ў першую чаргу б’юць кулямётчыкаў, што цяпер яму не схавацца ў траншэю, бо Карпенка запатрабуе агню і зноў Аўсееву прыйдзецца рызыкаваць галавой. Адразу чорным ценем азмрочыўся яго спачатку праяснелы настрой, зноў у голаў шыбануў жаль, што, паддаўшыся нерашучасці і стоме, праспаў такую здатную для паратунку ноч. Трывожнае пачуццё асуджанасці ўсё больш ахоплівала яго, і Аўсееў, напружыўшы ўсе сілы розуму, узяўся шукаць выйсця.

Ён прыкінуў, што калі перадаць кулямёт Глечыку і дамовіцца з ім, дык можна было б, прыкрываючыся ад старшыны рогам старожкі, па траншэі і канаве як-небудзь прабрацца к лесу. Думалася яму, што напалоханы ў першай сутычцы Глечык можа пагадзіцца на ўцёкі, а ён паабяцае, што затым паможа знікнуць і яму. Таму, раптам перамяніўшы свае адносіны да маладога байца, Аўсееў па-сяброўску спытаў:

— Слухай, хочаш кулямёт? Страляць я цябе навучу.

— Ага, навучы, — згадзіўся Глечык і падступіў бліжэй.

Аўсееў ужо акрыяў ад першай удачы і ўзяўся тлумачыць, як зараджаць кулямёт, калі ад старожкі пачуўся строгі Карпенкаў голас:

— Не хітруй, Аўсееў. Тут табе не кірмаш — таргавацца. Табе загадана, ты і выконвай.

Звузіўшы на ветры злосныя вочы, Аўсееў з нянавісцю паглядзеў на старшыну і прыкусіў губу.

— Сабака, — ціха сказаў ён праз зубы. — Фельдфебель. Чорта лысага ты тут да вечара пратрымаешся. Паб’юць, як мышэй.

Глечык з раптоўнай трывогай у душы зірнуў на яго, памаўчаў, прыкідваючы сэнс благіх слоў, і не паверыў таварышу.

— Няўжо паб’юць? А мы з кулямётаў, ды «пэтээр» ёсць.

— З кулямётаў! — пагардліва чмыхнуў Аўсееў. — Прафан ты ў гэтых справах. Невук зялёны.

Глечык збянтэжана паціраў рукавом варанёную сталь кулямёта. Настойлівая ўпэўненасць Аўсеева ў благім урэшце ўстрывожыла і яго, але хлопец не хацеў верыць у тое, бо ўжо звыкся з думкай аб іх удачы, і з кепскім проста не было сіл пагадзіцца.

— Пшанічны вось змыўся, — змрочна паведаміў Аўсееў. — I, пэўна, зрабіў правільна.

— Як змыўся? — прастадушна здзівіўся Глечык, узняўшы на хлопца вялікія чысцютка-сінія вочы.

— Так. Махнуў у тыл і цяпер дзе-небудзь у абозе анучы сушыць.

Глечык паныла змоўчаў, стараючыся зразумець таямнічае знікненне Пшанічнага. Як можна было пакінуць таварышаў, узвод, уцячы ў тыл, — гэтага Глечык, як ні стараўся, ніяк уявіць не мог. У галаве паўставалі неадольныя ў яго разуменні перашкоды для такога ўчынку — загад камбата, які належала выканаць, гнеў таварышаў, каторы ў такіх умовах нельга было стрываць, вечная ганьба трусасці, што разадрала б яго душу, урэшце — такія далёкія, але ўладарныя паняцці, як прысяга і абавязак перад Радзімай.

Пакуль хлопец пакутліва меркаваў, Аўсееў адступіў у траншэю і пільна пазіраў на яго. Першы план паратунку праваліўся ў самым яго пачатку, і цяпер хітры Аўсееў цяміў, што прыдумаць яшчэ. Згаворвацца з Глечыкам было, відаць, марнай справай, бо хлопец ён недалёкі і цяпер трохі абстраляўся, пасмялеў і на ўцёкі, пэўна, не згодзіцца. Не адважваючыся канчаткова раскрываць яму свой намер, Аўсееў усё думаў, пакуль грымотны голас Карпенкі зноў не ўстрывожыў увесь пераезд:

— К бою!!!

Міжвольна падпарадкуючыся камандзе, Аўсееў ухапіўся за кулямёт, палахліва кінуўся на сваё месца Глечык, а старшына ўладарна і сурова распараджаўся далей:

— Свіст, на прыцэл — танкі! Аўсееў — па пяхоце! Глечык — гранаты к бою! Замры! Агонь па маёй камандзе!

Зноў смяротная небяспека падступіла да пераезда. Удалечы добра бачнай дарогі на выездзе з вёскі, стрэхі якой ледзьве тырчалі з-за ўзгорка, паказаліся немцы. Гэта была вялікая, відаць, калона, яна марудна пасоўвалася з некалькімі танкамі ў галаве.

Над шэрым восеньскім полем, над скрыжаваннем дарог і далёкім лесам, за якім быў такі зманлівы для гэтых людзей паратунак, сумнай усмешкай бліснула нізкае сонца.

Поделиться с друзьями: