Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4
Шрифт:
Толькі на адзінае імгненне ясным прасветам слізганула яно па сырой гліне траншэі, шэрай сівізне ржышча, полымем кранула рэдкае пажоўклае лісце бяроз, і гэта яго ціхая ласка вострым болем тугі працяла людскія сэрцы. Глечык скіраваў удалячынь вінтоўку, асцярожна загааў у патроннік патрон і ўціснуў у плячо пашкрэбаны драўляны прыклад. Ён трошкі пабялеў, зябка ўздрыгваў і, каб суняць тую дрыготкую самоту, тужэй прыціскаўся да зямлі і мацней сціскаў ложа. Карпенка высунуў наперад цяжкую сваю сківіцу, у дзесятак маршчын сцяў нізкі шырокі лоб. Аўсееў зморшчыўся, нібы ад зубнога болю, і здзічэлым позіркам лыпаў па абшарах, шукаючы, пэўна, ратунку. У гэтым пакутным напружанні раптам незвычайна і дзіўна прагучала заўзятая Свістава прымаўка:
— Эх, ярына зялёная, вышэй голавы, тужэй дзягі! Слухай байку.
Глечык, якому за рогам старожкі не відзён быў гэты дзівакаваты чалавек, аднак учуў яго і здзівіўся. Здзіўлена варухнуў брывамі зацяты заклапочаны камандзір, нервозна вертануўся к суседу Аўсееў. А Свіст, прыгарнуўшы да бока абшыты кірзай прыклад свайго «пэтээра» і сочачы за ворагам, казаў:
— Ось, браткі. Сядзяць у турме два басякі. Аблаялі ўрадніка, вось і сядзяць галодныя і пра жратву думаюць. Кажа адзін: «Давай, Ягор, зробім падкоп і ўцячом», — «Давай», — згаджаецца Ягор. «Пасля давай зломім замок і ўлезем у хлебную лаўку». — «Давай», — кажа Ягор. «Возьмем бохан і ходу». — «Давай». — «Схаваемся дзе ў падваротню і па чарзе: я кусь, ты кусь…» — «Ага, — аблізваецца Ягор. — Ты кусь, і я кусь… кусь». — «Я кусь, а ты кусь-кусь! — як зараве Піліп. — Во табе!» — і кулаком у рыла Ягору. Той і завыў: «Ты ж сам два разы кусь-кусь». I давай яны біцца. Уляцеў надзірацель, разняў і абодвух у карцэр — на адну ваду. Вось. Можна смяяцца, — жартоўна абвясціў Свіст.
Але і гэты раз ніхто не смяяўся. Карпенка не спускаў вачэй з калоны, якая ўсё расла і расла на дарозе, ужо чуваць было, як дрыжала зямля ад танкаў, як ляскацелі іх цяжкія шырокія тракі. Пяхоты, здаецца, было небагата — некалькі машын, а далей у калоне ішлі гружаныя аўтамабілі. Крыху не дасягнуўшы бяроз, якраз на самым пагорку, пяхота пасаскаквала з кузавоў і тут жа пачала разбягацца абапал дарогі ў няроўны мітуслівы ланцуг. Машыны спыніліся, і далей уніз пайшлі танкі — тры грукатлівыя сталёвыя аграмадзіны.
— Віцька! — сярод наплыўшага густога грукату ўстрывожана крыкнуў Карпенка. — Глядзі не спяшайся!
Свіст не спяшаўся. Недзе ўнутры яго маркотна заныла нядобрае прадчуванне: ведаў баец — пачнецца нялёгкае. Але гэта на адзін толькі кароценькі момант. Хлопец адразу ж перайначыў сябе на звычайны зухавата-дзелавы настрой і сачыў за ворагам. Трохі засмучала яго, што танкі ішлі ў лоб. Хоць бы адзін крутнуў дзе ўбок, падставіў борт, і тады Віцька напэўна пранізаў бы яго. Але яны ішлі прама, а ля дарогі, не спраўляючыся за імі і адстаючы, разгортваўся ланцуг.
З сярэдзіны пагорка пярэдні танк, не спыняючыся, грымнуў стрэлам — над пераездам нешта фыркнула, і ззаду ў полі скалануў зямлю выбух. Другі снарад ударыў у чыгунку перад траншэяй — байцоў аглушыла, абдало пылам, зямлёй, кіслым смуродам тратылу. На лініі ўздыбілася некалькі вывернутых з насыпу шпал, задраўся ўгору сагнуты канец перабітай рэйкі.
Пагойдваючыся і пакалыхваючы гарматамі, танкі ішлі ў лагчыну, а пераезд маўчаў. Пярэдні ўжо набліжаўся да абгарэлых транспарцёраў, дасягнуў іх, сапхнуў у канаву пакінуты матацыкл і павярнуў крыху, каб абысці завернутую ўпоперак дарогі машыну. I тады без каманды Карпенкі, але вельмі ў час звонка грукнула Свістава ружжо, і танк адразу стаў. Яшчэ нічога не было відаць — ні дыму, ні полымя, але збоку ўжо адскочыла накрыўка люка, з якога, бы тараканы са шчыліны, кінуліся на дарогу чорныя танкісты. Старшына даў першую чаргу, і пераезд азваўся беспарадачным грукатам.
Яшчэ праз хвіліну ўвесь гэты восеньскі панылы абшар напоўніўся бязладным грымоццем стрэлаў. Трапіўшы пад кулямётны абстрэл, пяхота ў полі залягла і адкрыла па пераездзе агонь. Другі танк асцярожна пасоўваўся па дарозе, адпіхнуў убок транспарцёр і, прыпыніўшыся, навёў гармату.
— Лажысь!!! — галасіста крыкнуў Карпенка, і не паспеў яшчэ яго крык патануць у грукаце бою, як страшэннае сілы выбух чорнай земляной хмарай накрыў пераезд-траншэю, людзей, старожку.
Калі пыл здзьмула ветрам, стала відаць, што ад той дарожнай будыніны разляцеліся ў бакі кавалкі дошак, тынкоўкі, ад даху не засталося і следу, а ў тым месцы, дзе некалі была грубка, курылася вялізная варонка з мучніста-мяккай зямлёй.
Пераезд змоўк, здавалася, нікога жывога ўжо не засталося ў траншэі. Аднак у самым канцы яе мільганула зацярушаная пяском постаць Свіста — ён ухапіў ружжо і роспачна-злосна вылаяўся. Яго ўлюбёная зброя, якая не раз ужо выратоўвала людзей з бяды, недарэчна пазірала з бруствера кароткім перабітым ствалом.
— Старшына, братка! Што нарабілі, гады паўзучыя! Ах, чортавы вырадкі! — лямантаваў Свіст, без патрэбы ляпаючы затворам сваёй сапсаванай зброі.
I тады з акопа ўзнялася збялелая ў твары, дзіўна павольная і расслабленая постаць Карпенкі. Невідушчым позіркам змярцвелых вачэй старшына паглядзеў на дарогу, дакрануўся рукой да разбітай галавы, з якой на плечы шыняля, на бруствер і прыклад кулямёта лілася густая неўтаймаваная кроў.
— Свіст!.. Не пушчаць! — слабым дрыготкім голасам выкрыкнуў ён і паваліўся ў траншэю.
Свіст кінуўся да яго, мінаючы Аўсеева, які, уцяўшы голаў у плечы, курчыўся ў ячэйцы. Бранябойшчык падхапіў старшыну, прыўзняў яго, той цяжка, задышліва соп, круціў галавой і асіпла прасіў:
— Танкі, танкі… Бі, не спазніся…
Ён не ведаў, што біць танкі ўжо не было чым, і Свіст яму не сказаў пра гэта. Крывавячы свае рукі, бранябойшчык пацёртым у кішэні пакетам перавязваў яго галаву са зліплымі ад крыві валасамі, услухоўваўся ў грукат бою і недарэчна супакойваў параненага:
— Нічога, нічога! Ты ляжы, ляжы…
Пасля баец ускочыў у траншэю, працяты благой думкай, што немцы ўжо побач, а іх засталося ўсяго двое. Але ў гэты час з боку ад руін старожкі забахалі стрэлы Глечыка, Свіст узрадаваўся і схапіў кулямёт старшыны. Немцы ў полі пакрысе перабягалі ў нізіну, а два танкі вельмі асцярожна, адзін па правым баку дарогі, другі па левым, мінулі транспарцёры і набліжаліся да мастка. Кулі з іх кулямётаў секлі зямлю, чыгунку, быльнёг, верашчалі ўвысі, рыкашэцячы ад рэек. Разрывы і стрэлы поўнілі наваколле грымотным жахлівым стогнам.
Свіст быў чалавек дзеяння, не ў яго характары было разважаць і думаць нават у спакойны, здатны для гэтага час. Цяпер ён бачыў, што, прарваўшыся на пераезд, танкі падушаць іх у траншэі і, нікім не затрыманыя, пойдуць далей, да лесу. Адзінае месца, дзе можна было затрымаць іх, — гэта на мастку, абапал якога ляжала гразкая балацявіна. Гэтая думка імгненна ўзнікла ў яго галаве, калі пярэдні танк быў ад мастка ў якіх пяцідзесяці кроках.
Бранябойшчык кінуў кулямёт і, бегучы ў свой канец траншэі, крыкнуў усё яшчэ скурчанаму ў ячэйцы Аўсееву:
— Давай к кулямёту! Прыкрый!
Ён ухапіў у абедзве рукі дзве цяжкія супрацьтанкавыя гранаты, на локцях і каленях вылез з акопа, пераваліўся цераз бруствер, ускочыў, прыгнуўшыся, разы тры сігануў да чыгункі і кульнуўся ў выбітую снарадам варонку. Там ён агледзеўся. Танкі ўсё ішлі, б’ючы з кулямётаў, кулі коратка, люта фыркалі над самым насыпам. Ён трошкі марудзіў, цяжка дыхаў і збіраўся на апошні, рашучы скачок. Разбіваючы сырую зямлю, наўскасяк ад шпалаў к канаве прабегла чарга — вжык, вжык, вжык, — і на абочыне застаўся роўны ланцужок чорных плямак-адмецін. Свіст ускочыў і што было сілы кінуўся ўніз, пад прыкрыццё невысокага дарожнага насыпу.