ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4

Быкаў Васіль

Шрифт:

Не ў стане пазбыцца страху, што ў сне апанаваў яго, Пятрусь неяк устрапянуўся і прачнуўся. Ён падняўся, наўкола была маўклівая цемра, ледзь-ледзь шумела кустоўе. Сэрца моцна стукала ў грудзях, спіна і бок вельмі азяблі ад расы, і хлопца скаланулі дрыжыкі. Спалох, аднак, пакрысе развеяўся, але трывога ўжо моцна завалодала Петрусёвай істотай. I ўсё ж мацней за ўсё іншае зараз быў сон, хутка ён зноў заплюшчыў хлопцавы вочы, і баец, скурчыўшыся ад холаду, зноў паваліўся ў сена.

Невядома, колькі мінула часу, як раптам нехта балюча штурхнуў яго ў бок. Сонны яшчэ Пятрусь хуценька ўсхапіўся і адразу ўбачыў над сабой нейкага чалавека ў чырвонаармейскай форме, з вінтоўкай, у пілотцы — ён штурхаў сержанта ў бок і нешта казаў. Хлопец са сну не разумеў ягоных слоў, але на няголеным твары байца, у яго маркотных вачах убачыў трывогу і хуценька ўскочыў з сена.

— Бяжы хутчэй! Ну!

Адчуваючы нядобрае, хлопец азірнуўся. Праз кустоўе відаць была дарога з стракатымі слупкамі на насыпе, там грукацелі машыны, бразгаталі парожнія бочкі і сноўдалі немцы. Гэта было зусім блізка — якіх трыццаць крокаў адсюль.

Зразумеўшы бяду, Пятрусь хуценька падаўся за сваім выратоўцам уздоўж ручаіны, далей ад гэтага месца. За імі няспрытна, па-старэчаму падскокваючы, бег нейкі босы сівы дзядок з клункам у руках. Парадкам ужо адбегшы ад тае дарогі, трое зведзеных выпадкам людзей замарудзілі крок, пайшлі сцяжынкай над раўком, і баец з дакорам заўважыў Петрусю:

— Што гэта ты, сержант, разлёгся ля дарогі? Ці да немцаў захацеў?

Сержант, канчаткова ўжо адагнаўшы сон, зірнуў у твар чалавеку.

— Якое да немцаў. Уначы з лесу прыбіўся да раўка і заснуў ў стажку.

— Добра, што гэта мы натрапілі, а то было б табе.

— I праўда, было б, — вінавата ўсміхнуўся Пятрусь. Ён з цікавасцю аглядаў сваіх нечаканых спадарожнікаў, адчуваючы сябе трошкі ніякавата за сваю неасцярожнасць. Сержанту спадабалася, што ў байца была вінтоўка і ўся вайсковая амуніцыя — процівагаз, падсумкі і нават малая лапатка на баку. Відаць, і ў яго былі невясёлыя справы, але ён, здаецца, не ўпаў духам, не разгубіўся, калі нясе зброю. Ён нетаропка ступаў сваімі стаптанымі гамашамі ў зялёных абмотках і спакойна, без страху аглядаў лясное наваколле. У чалавека былі вельмі адметныя натапыраныя бровы, глыбока пад сабой хавалі яны памяркоўныя ўдумлівыя вочы на крыху папсутым воспаю твары. Пятрусь моўчкі пазіраў на яго, і здавалася хлопцу, што ён недзе ўжо бачыў гэты твар і гэтую жылістую шыю, на якой злёгся зашмальцаваны ад поту салдацкі каўнер з пятліцамі. Мо’ было тут штосьці захаванае ў памяці з дзяцінства, мо’ гэты твар нечым нагадваў яго бацьку.

Наперадзе па сцяжынцы, хуценька перастаўляючы босыя ногі, дыбаў другі яго сённяшні знаёмы, маленькі, сівенькі дзед, відаць па ўсім, вельмі рухавы чалавек, у шэрай світцы і старой вайсковай шапцы з зялёным патрэсканым казырком. Ён усмешліва азірнуўся на хлопца і сказаў жвавым тонам гаваркога чалавека:

— Мы самі, бач, тыцнуліся з лесу, а яны на мастку. Ледзьве чорту ў лапы не скочылі. Пашкадаваў бог — не заўважылі.

— Было б і вам тады, — зазначыў сержант і запытаў пра тое, што цяпер больш за ўсё іншае цікавіла яго: — А куды ж вы кіруеце?

— А туды, — махнуў рукой дзед за раўчук, дзе ўжо на паўнеба шугала святло ўзышоўшага, але яшчэ не бачнага за лесам сонца.

— А ты куды ідзеш? — запытаў баец.

— Ды і я туды, — сказаў Пятрусь. — Часць нашу разбілі, вось і іду. А не чулі, дзе нашы?

— Э, братка, далёка, — уздыхнуў дзед. — Казалі ўчора людзі, аж пад Полацкам.

Тая навіна, як пярун з неба, аглушыла хлопца. Нейкі час ён маўчаў, не ведаючы, што думаць і казаць. Тысячы жудасных пытанняў паўсталі зараз у яго галаве, але адказу на іх, здаецца, не было ні ў кога.

Людзі заўважылі, як спахмурнеў хлопец, ды і яны былі не весялейшыя ў той час. Дзед цяжка, працягла ўздыхнуў і на хаду пачухаў нястрыжаную патыліцу.

— Эх, бяда, бяда! — казаў ён. — Што робіцца толькі на белым свеце!

Нейкі час яны ўсе задуменна памаўчалі, потым баец сказаў:

— Значыць, па дарозе будзе, сержант. Разам пойдзем.

Неўзабаве сцяжынка вывела іх да травяністай, з рэдкім кустоўем забалаці, далей у асацэ і багне ляжалі жэрдкі.

— Ну, вось тут вам, абутым, крызіс, — пажартаваў дзед. — Скідай шчыблеты, а я закуру.

Яны разуваліся, каб перайсці забалаць. Над прасторамі нараджаўся новы, прамяністы ранак, і разам з ім святлела і на Петрусёвай душы. Ужо знікла ўчарашняя трывога, нечым супакойваючым і надзейным павеяла на хлопца ад гэтых пажылых людзей, так нечакана напатканых на яго шляху. Невядома, што яшчэ чакала іх наперадзе, але было радасна, што скончылася сёння самае страшнае ў жыцці — адзінота, побач зноў былі свае людзі, і пакрысе мацнела спадзяванне, што ўсё абыдзецца добра.

Раздзел чацвёрты

— Як жа гэта вы выкараскаліся так ладна: з вінтоўкай і ўсім майном? — пытаўся Пятрусь, гледзячы, як пажылы баец, выклаўшы на процівагаз затвор, чысціў шчэпкай вінтоўку.

Яны ўтрох сядзелі ў алешнікавым гушчары. Было каля паўдня, моцна пякло сонца, і над ляснымі прасторамі вісела нерухомая бязветраная ціш. Сонечныя промні, прабіваючыся праз альховае вецце, хавалі ў травяністым доле блішчастыя далоні. Угары гудзеў чмель, недзе далёка кукавала зязюля.

— Як выбраўся, пытаеш? Гэта, брат, гісторыя — як выбраўся, — казаў баец, калупаючы ў патронніку. Ён сядзеў, прыхінуўшыся да пакручастай закаржэлай алешыны, зняўшы з сябе ўсе рамяні, успатнелы і спакойна засяроджаны ў сваім занятку. Дзед, скрыжаваўшы пад сабой натруджаныя босыя ногі, курыў самакрутку і кашляў усё, аж захліпаўся ад нейкага старэчага ўдушша. Яму, пэўна, былі ўжо знаёмы прыгоды байца, і ён пазіраў на сержанта, нібы спадзеючыся ўбачыць новае ўражанне ад іх.

— Ішлі мы, значыць, маршам, — я ў пяхоце быў — трое сутак ішлі. Фарсіраваны марш, значыцца. Ну, неяк на світанні сталі. Доўга стаялі на дарозе, немца быццам не чутно, чакаем загаду. Прыбягае камбат, сабраў камандзіраў — кажуць займаць баявы парадак. Ну, значыць, разгарнуліся мы ў полі, наша рота якраз ля ўзмежка, на канюшынішчы. Давай акопвацца. Ужо добра развіднела, я гэта лапатай працую, як раптам над ланцугом як трэсне — руды такі, ведаеце, клубок дыму ў паветры, — шрапнель, значыць. Ну, і давай біць. Так, мабыць, з гадзіну білі. Я дык такія штукі ведаю, на фінскай яшчэ нагледзеўся. Калі шрапнель, дык трэба хутчэй падстрэшак гэткі, нішу, значыць, у акопе ладзіць: ад шрапнелі ніша — першы паратунак. Ну я і налягаю на лапатку. А некаторыя маладыя апанурыліся, затаіліся, ну і пабіла іх. Суседа майго Турсунбаева забіла — проста ў патыліцу асколкам, кулямётчыка з другога ўзвода параніла. Ну, думаю, ліха: ён нас б’е, а мы яго і не бачым нават. Але тое яшчэ не ліха, браце. Ліха было наперадзе.

— Ды ўжо ж так. Бяда за бядою ходзіць ды яшчэ сябровак водзіць, — зазначыў дзед. — Таксама вось і ў германскую было…

Дзеду, відаць, хацелася нешта расказаць сваё, але ён у час абарваў сябе і засоп самакруткай. Баец тым часам заклаў у вінтоўку затвор, спусціў курок і паклаў зброю на калені. Пятрусь асцярожна расперазаўся і масціўся побач, прытрымліваючы пад гімнасцёркай сваю ношу. Ён уважліва слухаў чалавека, які з прыкметнай тугой патрывожанай душэўнай раны апавядаў пра невясёлае.

— Але страшнае было потым, — уздыхаючы, казаў ён. — Чуем, нешта загыркатала ўдалечы, і вось з імшарынкі наперадзе высоўваюцца танкі. Я гэта палічыў з цікаўнасці — васемнаццаць штук! Ідуць, значыць, а між іх і ззаду за імі немцы. Ну і сыпнулі яны па нас. Усё, брат, закурэла ад пылу і дыму, што тут рабіць будзеш? Праўда, і мы спачатку далі агню, але хіба ты іх вінтоўкамі стрымаеш? Танкі ўжо з узмежка скульнуліся, адзін проста на мяне шыбуе; гудзе, лязгаціць, куды ты тут дзенешся? Ледзьве я ногі паспеў падцягнуць, каб гусеніцай не аддушыла — праскочыў. Не паспеў я яшчэ што і падумаць, як тут аўтаматчыкі. I да мяне падлятае адзін з потным гэткім звярыным тварам. Прыплюшчыў я вочы, ды і сунуў голаў у канюшыну: ляжу, як мёртвы. Заб’е, дык заб’е, а можа і не стрэліць, думаю.

Поделиться с друзьями: