ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4

Быкаў Васіль

Шрифт:

— Баязліўцы! Нічога не здарыцца.

Сержант маўчаў, адзначыўшы ў думках, што характар бесклапотнага разведчыка даволі ўпарты. Ён падумаў крыху і сказаў Нупрэеву:

— Вы павартуйце ў першую змену, а потым разбудзіце мяне.

— А ты ўжо мяне, — уставіў дзед. — Як бы ў каравуле.

Змораныя людзі адразу суцішыліся, паснулі дзе сядзелі, а Нупрэеў узняўся на варту.

Так яны ўтрох, укараціўшы сабе дарагі адпачынак, дзяжурылі да світання, а на золку з цяжкімі галовамі адправіліся ў шлях. Ніхто з іх не папракнуў спадарожнікаў, але ім было няёмка глядзець у іхнія вочы, размаўляць з імі, бадзёрымі і свежымі і да таго ж маладымі. Сержанта вельмі ўразіла гэтая першая нязгода ў калектыве, і, затаіўшы крыўду на старшыну, ён чакаў зручнага выпадку, каб сур’ёзна пагутарыць з ім.

Раздзел шосты

Але для размовы ён так і не знайшоў часу.

У той жа ранак, перайшоўшы нейкую забалаць, хлопцы апынуліся перад невядомай шырокай ракою. Трохі пастаяўшы ў поплаве перад шчыльным зараснікам чароту, яны паціху пайшлі ўздоўж берага шукаць якой пераправы. Вядома, распрануўшыся, можна было б пераплысці раку (Агальцоў нават браўся зрабіць гэта тры разы запар), але ў людзей была зброя, вопратка, да таго ж, Нупрэеў адразу прызнаўся, што плаваць не ўмее. Трэба было знайсці човен, ці плыт, ці хоць бы якое бервяно.

I байцы ішлі па беразе, намачыўшы ногі і аглядаючыся наўкола, каб убачыць што-небудзь здатнае для пераправы. Наперадзе на грудку віднеўся невялічкі хваёвы гаёк.

— Вось там знойдзем дрэва і пераправім пяхоту, — казаў старшына, маючы на ўвазе Нупрэева. Ён па-ранейшаму быў жвавы, вясёлы, спрытны — здавалася, чалавек не ведаў ніякай душэўнай скрухі, да ўсяго ставіўся лёгка і проста.

Але варта было ім узняцца на грудок, пад яловыя шаты ўзлеску, як вочы старшыны загарэліся новым жаданнем:

— Браткі, гляньце: мост! Далібог мост, і цэлы, спраўны, спецыяльна для нас!

Сапраўды, на завароце цераз раку ад берага да берага пралёг доўгі драўляны мост на цыбатых бёрнах-сваях. Там бегла дарога, яна была зараз пустая, на лужку ля моста пасвіўся стрыножаны гняды конік, на дроце ўгары, сабраўшыся ў рад, церабіліся ластаўкі.

— Гайда! Нікога няма — пераскочым і ўсё, — настойваў старшына.

Яны таропка выйшлі на лужок; конік, убачыўшы незнаёмых, цікаўна ўзняў голаў.

— А давай рысака захопім, — прапанаваў Агальцоў. — Дзеду якраз па росту. Або камандзіру: на кані, пад сцягам павядзе нас, як Чапай.

— Кінь дурэць, — коратка буркнуў сержант. — Давай хутчэй.

Пятрусь трымаўся наперадзе і ўжо ўзбег на адхон, як ззаду данёсся да яго той самы жахлівы гук, якога асцерагаўся сержант. Ён прысеў на травяністым адхоне, зірнуў назад і адразу скаціўся ўніз. Іншыя таксама, відаць, уцямілі небяспеку і, не згаворваючыся, кінуліся ў адзінае тут сховішча — пад мост. Услед за сержантам яны ўзлезлі па адхону ў самы верх падмастоўя і, затаіўшы дыханне, напружылі слых.

Па дарозе ішлі машыны.

Яны набліжаліся, ужо чуваць стала, як лязгае нешта ў іх кузавах, як дрыжыць зямля; з набрынялых сырасцю бярвенняў недарэчна шархотка сыпалася зямля. «Заўважылі, заўважылі», — тачыла голаў кожнага думка і пакутліва-гарачым было жаданне, каб не спыніліся, праехалі далей. Аберуч узяўшыся за вінтоўку, насцярожана і сурова пазіраў з-пад моста Нупрэеў, старожка чакалі гатовыя да бою Жук і Калдобінскі; дзед ад напружанай увагі і чакання быццам скамянеў, адкрыўшы старэчы рот. Усе прытаіліся, маўчалі, нават Агальцоў і той шчыльна сціснуў вусны, сцяў над пераноссем бровы і драпежна схіліўся, нарыхтаваўшы аўтамат.

Прыціснуўшыся спіной да нізкай гнілой столі, Пятрусь праклінаў старшыну і сябе за неасцярожнасць і пакутліва перабіраў у думках магчымыя варыянты выратавання. Машыны набліжаліся, і раптам гул матораў, так добра чутны тут, пад мостам, спыніўся. «Заўважылі!» — мільганула страшнае меркаванне, і, адчуўшы, як разліваецца па целе млявасць, сержант выняў з кішэні сваю адзіную гранату.

— Хлопцы, жывымі не здавацца. Помніце: сцяг! — чужым натужлівым голасам сказаў ён і зірнуў на байцоў, каб упэўніцца, што яны падтрымаюць яго. Твар старшыны па-ранейшаму быў засяроджаны і рашучы, усмешлівы шыраканосы Жук выглядаў спакойна, быццам не разумеў яшчэ той бяды, што навісла над імі. Адзін толькі Калдобінскі неяк, нібы незадаволена зірнуў на сержанта і зноў насупіўся сваім круканосым тварам. Пад Нупрэевымі бровамі яшчэ глыбей запалі яго нетаропкія разважлівыя вочы.

— Нічога, нічога, — зашаптаў стары баец. — Станавіцеся двое ў той бок і двое ў гэты. Дзед і сержант хай у кут лезуць. Нічога, нядужа зручна возьмуць. Хай сунуцца.

Яны разбегліся, як раіў Нупрэеў — Жук і старшына сталі з аднаго боку, Нупрэеў і Калдобінскі з другога. Пятрусь, шырока расставіўшы ногі, застаўся на сярэдзіне, гатовы рынуцца ў любы бок. Дзеду не цярпелася на адным месцы, і ён мітусіўся па адхону, падбягаючы то да Нупрэева, то да старшыны, і ўсё шаптаў устрывожана:

— От халера, от улезлі… Трэба ж было, га!

Але ворагі штосьці марудзілі, і ніводзін з іх не паказваўся пад мост. Хлопцы пакутліва чакалі, пакуль новы гук не ўспалашыў усю іхнюю групу. Гэта быў моцны пляск у рацэ, услед за якім раздаўся гучны голас чужынца:

— Цум тойфель, дэр русішэ Рэін іст ганц кляйн… [1]

Сержант кінуўся да ўскрайку, высунуўся з сырой засекі падмастоўя і ўбачыў нешта нечаканае.

Пакінуўшы, відаць, на дарозе машыны, ворагі высыпалі на лужок, дзе нядаўна ішлі хлопцы і пасвіўся гняды конік, дружна паскідалі з сябе мундзіры і з вясёлым рогатам лезлі ў ваду. Чалавек двое ўжо плылі ўшыркі ракі, некаторыя стаялі яшчэ на беразе, паціраючы свае голыя грудзі. Відаць было па ўсім, хлопцаў ніхто не заўважыў.

1

Да д’ябла, рускі Рэйн зусім малы. (ням.)

Зноў не згаворваючыся, байцы кінуліся да другога боку моста, спадзеючыся па-за насыпам адбегчы далей ад гэтага месца. Аднак старшына, які першы высунуўся, зноў падаўся назад. На дарозе, ля самай узбочыны, стаялі машыны — там таксама былі ворагі, яны б адразу заўважылі байцоў.

Як было выбрацца адсюль?

— Ах вы, вепрукі паганыя! — абураўся дзед, — не маглі сабе іншага месца знайсці!

— Ціха, — сказаў сержант. — З ценю не вылазіць.

Нупрэеў усё супакойваў людзей:

— Нічога, можа не ўбачаць. Пакупаюцца і паедуць: не на гулянку ж прыехалі.

Але немцы, відаць, не вельмі спяшаліся. Ужо многія павылазілі з вады і разлягліся на лужку, падставіўшы сонцу блішчастыя мокрыя спіны. Некаторыя пачалі мыць сваю адзежыну.

Невядома, колькі прайшло часу. Доўгая паласа ценю ад моста ўжо парадкам пасунулася ўбок, людзі пачалі губляць цярпенне.

— Да вечара яны сюды дарваліся ці што? — першы не стрываў Агальцоў. — Давайце скочым на дарогу ды лупянём па ўсёй гэтай свалаце.

— Ну, а потым? — злосна спытаў Нупрэеў. — А потым што?

Поделиться с друзьями: