Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4
Шрифт:
— Калі так — хай!
Мусіць, ён зрабіў трошкі празмерна, неабдумана, — такая гарачка (сам разумеў) была недарэчы тут, за дваццаць крокаў ад ворагаў. Але ён не хацеў, каб сяржанту здалося, што ён баіцца ці таксама шукае лягчэйшага. I ён рушыў да дарогі, не азіраючыся і не думаючы, як і што будзе далей. Наперадзе чарнеў тупарылы абрыс «мерседэса», за ім быў прамежак крокаў пятнаццаць, і хлопец скіраваў туды. У гэты час ззаду пачуўся шэпт Блішчынскага:
— Пачакай, — пайшлі разам.
Ён дагнаў хлопца, і яны паволі пайшлі ўздоўж агароджы. Вось абрыс машыны пабольшаў, пад прыдарожнымі дрэвамі вышэйшы стаў яе брызентавы дах, Цімошкін сігануў да яго і праваліўся ў занесеную снегам канаву. Блішчынскі ў той час зноў недзе прапаў, але хлопец не азіраўся, зямляк цяпер стаў для яго ненавісны і непатрэбны. Сцяўшы сэрца і стараючыся ступаць як мага спакайней, ён узышоў на дарогу. За шклом у кабіне задняй машыны цьмяна ўспыхнуў і згас агеньчык цыгаркі. У кузаве «мерседэса» нешта грукнула, і сонны хрыпаты голас прабурчаў пад брызентам.
— Рухігер, Гейдаль.
Хуткім крокам Цімошкін перайшоў дарогу, пераскочыў цераз канаву, і яго сэрца, абмершае дагэтуль, раптам абнадзеена і скоранька затахкала ў грудзях. Хацелася бегчы, але ён, ледзьве стрымліваючы сябе, ішоў памалу. Ззаду зноў пачулася зморанае дыханне — гэта бег Блішчынскі. Ён дагнаў, палахліва азірнуўся і пачаў хутка апярэджваць хлопца.
— Цішэй! — шапнуў Цімошкін. — Не бяжы! Відаць!..
Блішчынскі зразумеў, што такая яго паспешлівасць можа скончыцца кепска, і пайшоў цішэй. Відаць, перамагаючы ў сабе страх, ён хутка набіраўся звычайнае свае начальніцкае сталасці.
Тулячыся да нейкіх гаспадарчых будынкаў, яны трохі адышліся ад дарогі. Цімошкін пакрысе супакоіўся, агледзеўся. Машыны ўжо ледзьве выступалі шэрымі плямамі, хлопцаў ніхто не заўважыў ці, можа, не звярнуў увагі, палічыўшы за немцаў. Наперадзе цямнела нейкая доўгая будыніна, мабыць, абора, яны зайшлі за яе рог. Дарога была яшчэ блізка, але тое, што будыніна добра хавала іх, надало смеласці, і Цімошкін даў волю сваёй злосці на земляка.
— Эх ты! Хваліўся толькі: умею, разумею. А здарылася, дык за спіну хавацца. Шкурнік!
Блішчынскі забег наперад.
— Шкурнік? — узрушана спытаў пісар. — Гэта я шкурнік? Ты думаеш, сваю шкуру ратую? Памыляешся. Во, маёрава сумка. Ты ведаеш, якія там дакументы? Ведаеш?
— Не ведаю і ведаць не хачу.
— Ось так і скажы. Каб ведаў, так бы не брахаў. Разумееш? Дурань ты. У гэтай сумцы — ваенная тайна, вот! А ты балбатун. Вот!
Блішчынскі незадаволена памаўчаў, атрос вываляныя ў снег полы свайго шыняля, але ўсё не мог супакоіцца і бурчаў:
— А то шкурнік! Трэба галавой думаць. Разумець, што да чаго. Вучыў, вучыў немец — і ніякага следу. Лезем, як у плот свінні. Гэта як у нас у акупацыю… Памятаеш, у сорак другім ля Забалоцця. Якісь дурань забіў нейкага пархатага немца. Прыехалі карнікі, спалілі вёску, расстралялі дваццаць чалавек. I за што? За аднаго немца. Ну варта было лезці?
— Ага. Ведаеш, як у тым анекдоце, — сказаў Цімошкін. — Як жа ісці на вайну: там могуць вока выбіць?
— Дурань! — зазначыў Блішчынскі. — Яшчэ табе кажу, Цімошкін: дурны ты, як затычка. Мала цябе жыццё церла.
— Ладна ўжо. Добра, што ты разумны.
Ён, відаць, не на жарт зазлаваў і надзьмуўся. Моўчкі яны ішлі яшчэ доўга. Відаць, блізка быў ранак, ноч пацямнела, палявое наваколле паглушэла, неяк дужа дацінала стома, і ў хлопцаў пачалі зліпацца павекі. Абодва яны змагаліся з надакучлівым сном, на хаду драмалі і спатыкаліся. Аднойчы Цімошкін паваліўся ў снег, а калі прахапіўся і ўстаў, неяк нечакана згледзеў, што цемра рассунулася, наваколле пасвятлела. У свежым чысцюткім доле сталі відаць рэдкія сцяблінкі быльнёгу, узмежак з кустамі; наперадзе ў полі з’явілася сцірта саломы.
Вецер не сціхаў, у доле паўзла завея, і над заснежанай трывожнай зямлёй паціху світала.
5
— Ну, вось і выйшлі, сабачая псіна! — злосна сказаў Блішчынскі.
Яны спыніліся ля сцірты, знясілена прыхінуліся да яе запарушанага снегам саламянага боку і з роспаччу глядзелі на ўсход, куды пралягаў іх шлях і куды ўжо нельга было паткнуцца.
Непрыкметна неяк развіднела. Хмарнае ранішняе неба прыўзнялося над белым прасцягам, аздобленым плямамі ўсяго, што не было засыпана снегам. Наўскасяк ад сцірты беглі роўныя радкі вінаградніку, праз паўкіламетра ўпоперак поля, пэўна на мяжы двух уладанняў, пасталі ў рад маладзенькія дрэўцы пасадкі. Дальнім сваім канцом гэты рад прытыкаўся да невялічкага, у дзве-тры будыніны, хутара, які сіратліва туліўся сярод вялізнага снежнага поля. Крыху збоч ад яго і далей за дрэўцамі ледзь не на самым даляглядзе высіўся пукаты, як гуз, узгорак, і на ім — бачна было адсюль — хадзілі, стаялі, капалі зямлю немцы. Гэта было далёка, але хлопцы не сумняваліся, што перад імі ворагі. Толькі што з узгорка ўніз сышла група людзей, пэўна камандзіраў, адзін пастаяў яшчэ, размахваючы рукамі, мабыць, даючы ўказанні, сеў у машыну і па дарозе пакаціў у той бок, адкуль землякі ішлі ноч.
Блішчынскі дастаў з маёравай сумкі яго артылерыйскую карту і, раз-пораз пазіраючы навокал, пачаў вадзіць у ёй рудым пазногцем — шукаць месца, дзе яны цяпер апынуліся. Відаць было, што ён ужо зусім ацверазеў, пераход дарогі і гэтая няўдача з выхадам да сваіх занепакоілі яго; ад былое ўпэўненасці неяк мала што засталося.
— А давай ось так і пойдзем, — сказаў Цімошкін, паказваючы рукою ў бок ад выспы з немцамі. Блішчынскі падняў ад карты свой заклапочаны твар, прыплюшчыў блізарукія шчылінкі-вочкі і паглядзеў, нібы панюхаў, у прастор.
— Што ты, Цімошкін! Не пройдзеш… I не высоўвайся так! Сядай! — па-начальніцку спахапіўся ён, убачыўшы, што хлопец высунуўся з-за сцірты.
Цімошкін пастаяў крыху і адчуў, як пачынае мутнець уваччу. Ідучы, неяк лягчэй было выцягваць з сябе апошнія сілы, ды і не так працінала сцюжа, цяпер жа мерзлі ногі і ўсё цела налілося страшэнным цяжарам. Зноў жа ўладарнаю сілай падступаў да іх голад. Цімошкін абмацаў свае кішэні, выбраў у адным некалькі сухіх крошак і кінуў у рот. У галаве ад стомы і бяссонніцы цягуча, аднастайна гудзела, і думкі ніяк не маглі сагнаць нейкай санлівай ленасці. Хацелася сесці, сцішыцца, і болей, здаецца, нічога не трэба было б.
Цімошкін ссунуўся спіною па саломе і, нейкі абыякавы да ўсяго, аб чым трэба было цяпер дбаць, аддаўся спакою.
Сцірта была вялікая, трошкі нахіленая, з вялізнаю снегавою шапкай наверсе. З гэтага боку, дзе прыткнуліся хлопцы, хтосьці падскуб салому, ад таго зрабіўся застрэшак, пад якім амаль не было снегу. Праз дзесяць крокаў адгэтуль валялася жалезная бочка з двума таўровымі абручамі, і ля яе, прыпарушаны снегам, ляжаў конскі труп. Плоская канячая шыя ўліпла ў снег, чэрава неймаверным горбам выперла ўгору, задняя нага высока задралася, і на ёй свежай іржой чырванела падкова.
— I што ж рабіць? — з трывожнай паныласцю ў голасе спытаўся Блішчынскі, седзячы над картай.
— Трэба чакаць. Можа, увечары выберамся, — сказаў Цімошкін, адчуваючы, што перамагчы стому ў яго ўжо няма сілы.
— Цяпер нам канцы, разумееш? — нерваваўся пісар. — Вось дык улезлі!
— Вось табе і тылавыя часці! — з Ціхай злосцю азваўся Цімошкін. — Хоць бы да франтавых выбіцца.
— Чорт ведае што такое.
— Думай. Ты ж разумны. Ты вёў.
— Ага, я вёў, — зазлаваў Блішчынскі. — Я вёў не да немцаў, а да сваіх вёў. Не забывайся.
— Можа, скажаш яшчэ, што ты ратаваў мяне? — без усякага запалу запытаў Цімошкін, тулячыся да саломы. Блішчынскі скіраваў на яго свае маленькія і вельмі рухавыя вочкі і глядзеў, нібы на вінаватага — са злосцю і прыкрасцю ад усіх іхніх цяперашніх няўдач.
— Свінчо нясмаленае! Каб не я, ты і цяпер пад тым кустом ляжаў бы, сябрука б чакаў.
— А ты б і цяпер пад агароджай сядзеў, — нядоўга думаючы, выпаліў Цімошкін, У хлопца ўжо накіпала на земляка — і за пахвальбу, і за бессаромную баязлівасць, і наогул за ўсё ранейшае, змоўчанае, перажытае ў сабе.