Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4
Шрифт:
Бегчы давялося доўга, а таварышаў усё не было, і ён ужо пачаў непакоіцца. Але вось з прыцемак невыразна пачулася: «Гэй!» Цімошкін угледзеўся — наперадзе праз снег чарнеў голы куст, і ля яго варушыліся людзі. Хлопец падышоў — ля куста стаяў Шчарбак. Ён чакаў сябра, аддаў назад ягоны аўтамат і запытаўся:
— Здабудзькі не бачыў?
Ля раскідзістай купкі галля, якое высвіствала на ветры сваю непрытульную песню, сядзеў на снезе Блішчынскі; Здабудзькі тут не было. Цімошкін таксама не бачыў яго, бо, калі пачуліся стрэлы, той ішоў наперадзе з хлопцамі.
Пакуль Шчарбак узіраўся ў ноч, Цімошкін падышоў да куста і паваліўся ў снег. Знямога, здаецца, скавала ўсё цела, хлопцу не хацелася ні думаць, ні варушыць нічым, толькі б ляжаць. Блішчынскі ж пасля хуткага бегу цяжка, зморана дыхаў, прываліўшыся на локаць к долу.
— Разумееш, ледзьве ў самыя іх лапы не ўлезлі, — задыхаўшыся, усхвалявана казаў сяржант. — Добра, што гэты салдат ваш неяк згледзеў і крыкнуў. Ось жа ліха яшчэ! Не хапала ўчарашняга…
Шчарбак, углядаючыся ў цемру, пратупаў каля куста і ціхенька, ледзьве не шэптам, паклікаў:
— Гэй! Здабудзька!
— Ды кінь ты! — усхапіўся з долу Блішчынскі. — Пачуюць яшчэ, тады будзе. Пойдзем.
Ён ускочыў на ногі, каб не даць Шчарбаку болей крычаць, але Іван без увагі на яго глядзеў сабе ў змрок і слухаў. Бо як было ісці, немаведама дзе пакінуўшы ездавога, мо нават на пагібель, пад носам у немцаў. Цімошкіну таксама было ніякавата тут, так блізка ад ворагаў, але ўсё думалася, што Здабудзька вось-вось знойдзецца і яны пойдуць.
Аднак ішоў час, а яго ўсё не было. Хлопцы ўжо трохі спачылі, Шчарбак з Блішчынскім, стоячы на нагах, углядаліся і чакалі, Цімошкін жа сядзеў у доле і яшчэ цяжка дыхаў.
— Ну, хопіць! — з канчатковай прыкрасцю сказаў Блішчынскі. — Пайшлі!
Пэўна адчуваючы сябе камандзірам, ён закінуў за плячо аўтамат і ступіў у снег, мяркуючы, што астатнія адразу рушаць за ім. Але Шчарбак адно толькі глядзеў ды слухаў і не звяртаў на яго ўвагі. Цімошкін таксама не ўстаў з долу.
— Ды пайшлі, што стаяць? Можа, яго ўжо ў палон узялі? Чаго ж чакаць?
— Ды ідзі ты! — злосна кінуў Шчарбак. — Ідзі! Хто табе не дае? — Ён ямчэй паддаў аўтамат на плячы, як кожны раз, калі выпраўляўся куды, і пайшоў у змрок. Хутка шэрая мітусня сняжынак паглынула яго.
Блішчынскі нерашуча патаптаўся на месцы і вярнуўся пад куст. Ён маўчаў і, відаць, быў злосны за гэтую затрымку. Цімошкін, яшчэ не ачуняўшы ад свае знямогі, ужо стыў на ветры і пачаў ціхенька дрыжаць.
— Трэба было яму ісці, вось дурань, — з непакоем у голасе сказаў Блішчынскі, і Цімошкін падумаў тады, што іхнія клопаты зусім чужыя яму. Ведама, што Блішчынскаму ездавы Здабудзька — нейкі незнаёмы салдат, якіх тысячы ў кожным палку. Хіба ён, пісар-штабіст, мог зразумець, што стары Здабудзька — для іх свой батарэец, нейкім чынам усё ж артылерыст, трэці з узвода, які ўцалеў у гэтым страшным разгроме. Як было кідаць яго на пагібель у тыле ворага?
— А можа, ён там паранены ляжыць, а ты тут гаўкаеш, — не вельмі дружалюбна сказаў Цімошкін. Але Грышку, відаць, непакоіла адно толькі ягонае становішча, і ён злосна агрызнуўся:
— Ну і што ж? Ты яго панясеш, параненага?
— А што ж, пакінуць?
— Ну, вядома, пакінуць — дрэнна. Непрыгожа, разумееш, неэтычна, — раздражнена замахаў рукамі зямляк. — Але ж іншага выйсця няма. Усім не дагодзіш. Трэба ж цвяроза глядзець на рэчы.
Гэтая яго цынічная адкрытасць хоць і не дужа новай была для Цімошкіна, але ўсё ж сваёю бессаромнасцю бянтэжыла яго. Хлопец ведаў, што ніхто ў іх у разліку ніколі не сказаў бы такіх слоў, усе яны гатовы былі ў цяжкую хвіліну дапамагчы адзін аднаму. Проста не верылася, што гэты чалавек — ягоны зямляк і колішні нават сябра — зрабіўся такім цынікам.
— Дзіўны ты, Блішчынскі! — падумаўшы, сказаў Цімошкін. — Чаму ж ты; калі выступаеш на сходзе, зусім не тое гаворыш. Тады ты — як усе. А цяпер вунь якія думкі ў цябе.
Блішчынскі ад прыкрасці аж пляснуў па шынялі далонню.
— Святая наіўнасць! На сходзе я прапаведаваў тое, што павінен кожны ў маім становішчы. Разумееш? Але ж тут зусім іншая справа, разумееш? Тут, брат, арыфметыка: або гінуць чацвярым, або аднаму. Што выгадней?
— Подласць тут, а не арыфметыка, вось!
— Ты проста дурань, — абвясціў Блішчынскі. — Наіўны, як затычка! Быў такі і такі застаўся. Жыццё цябе, разумееш, ні на кропачку не навучыла.
— Ты ўжо мудры! Навучыўся за чужыя спіны хавацца!
— Дзе я хаваўся за чужыя спіны? Разумееш, дзе? Ты што, думаеш, у штабе хаханькі? Там што, людзі не гінуць? Кожнаму сваё, браце. Вось маёр Андрэеў загінуў. А я яго ратаваў, цягнуў. Але ж мёртвага я не павалаку. Пры ўсёй маёй павазе да маёра. Разумееш?
Цімошкін змаўчаў. Блішчынскі патупаў яшчэ ля куста, а пасля неахвотна зняў аўтамат і сеў зводдаль. Можа, з якіх-небудзь пазіцый жалезнай логікі ён і меў рацыю. Толькі Цімошкіну недаступна было разуменне такой логікі. Здабудзька не быў яго сябрам, ён наогул мала што значыў у іхнім узводзе, але хлопец таксама не кінуў бы яго гінуць пад носам у немцаў. Тут была нейкая, можа, мяккацелая, але затое чалавечная логіка, нават калі ўрэшце загінуў бы і той, хто ратаваў Здабудзьку, і арыфметыка такім чынам аказалася не ў карысць хлопцаў.
Так яны ляжалі ў цемры, запарушаныя снегам, акалелыя, з трывогай і напружаным чаканнем у сэрцах. Блішчынскі адкінуўся на бок і чакаў так, — змалку знаёмы Цімошкіну чалавек на гэтай чужой, далёкай зямлі. Але дзіўная рэч — хлопец не мог цяпер знайсці ў сабе ні кропелькі пачуцця да яго: ні таварыскасці, ні варожасці. Яго як бы і не было побач. Ад яго Цімошкіну нічога не трэба было. Калі б што здарылася, ён не чакаў бы ад яго дапамогі, калі б загінуў Блішчынскі — ён не ведаў, як паставіўся б сам да таго. Невядома, што адчуваў Блішчынскі ў адносінах да яго, — пэўна, тое ж самае, але знешне яны былі пакуль стрымана-спакойныя. Усё ж іх прыдушыла адною бядой, і з-пад яе яны выбіраліся разам.
I тады ў хлопцава сэрца пачала ўпаўзаць трывога. У іх не было гадзінніка, яны не ведалі, колькі часу ішлі і ці даўно прапаў у цемры Шчарбак, толькі, здавалася, праляжалі яны ў снезе нямала. У Цімошкіна ўжо закалела ўсё ўнутры. Не вытрымаўшы сцюжы, ён устаў і пачаў грэцца, размахваючы рукамі. Вельмі мерзлі астылыя ногі ў адсырэлых ботах, а параненая рука дык зусім ужо адмерзла. Блішчынскі неяк болей цярпліва зносіў холад, з кучай снегу на плячах і на шапцы ён курчыўся ў доле і пазіраў у той бок, дзе знік Шчарбак.
Снег усё ішоў і ішоў, сыпаўся і мёў касымі пасмамі з неба; марудна поўз час, а Шчарбака і Здабудзькі ўсё не было. Цімошкін ужо вытаптаў сцежку пад гэтым адзінокім калючым палявым кустом, праглядзеў, як кажуць, вочы, а ніхто нідзе не з’яўляўся. У голаў ад напружання лезлі розныя нядобрыя здагадкі: ці не трапіў у якую пастку і сам Шчарбак? Ці не нарваўся дзе ён на якую засаду? А можа, не адолее дзе параненага Здабудзьку? Ці мо заблудзіў у цемры? Можа, трэба было ісці шукаць яго, а можа, чакаць тут, дзе ён іх пакінуў? Усё гэта пакутнай няпэўнасцю грызла хлопцава адчуванне, але ён не ведаў, што зрабіць, каб хутчэй дачакаць Шчарбака.