Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5
Шрифт:
Не адолеўшы ў сабе дзіўнага, не ў лад з ягоным жаданнем пачуцця, лейтэнант рэзка перакінуў на разварот здаровую з лыжай нагу.
— Адставіць, Лукашоў!
— Што там адставіць! Нянькацца з ім… бач, прыкідваецца!
— Так, ціха! Ён не прыкідваецца. Півавараў, ану… Пару глыткоў.
Ён зняў з дзягі пляшку, усю дарогу ашчаджаную ім на пасля, на заўтрашні дзень, які, мяркуючы па ўсім, прыйдзецца праседзець у снезе, ды на дарогу назад, якая, зусім магчыма, будзе цяжэй, чым гэта. Нават напэўна будзе. Прынамсі, іх цяпер не праследавалі, іх проста яшчэ не бачылі, ноч і завея надзейна хавалі іх след. А што будзе заўтра? Можа, так здарыцца, што заўтра яны будуць з зайздрасцю ўспамінаць гэтую ўвогуле ціхую ноч. Але як бы там ні было сёння, а калі яны не дойдуць да месца, дык проста не атрымаюць магчымасці на гэта іх заўтра.
Півавараў некалькі разоў глытнуў з пляшкі, пасядзеў яшчэ, нібыта ў роздуме, і аслабела, хістка падняўся.
— Во і добра. Давай сюды вінтоўку. Давай, давай! А рэчмяшок возьме Лукашоў. Вазьміце, сяржант, у яго рэчмяшок. Зусім мала асталося. Самая дробязь. Затое давідна зашыемся ў ельнік, разведаем, выгледзім і вечарам такі тарарам зробім! На ўсю Смаленшчыну. Толькі б Хакімава дацягнуць. Як ён там, дыхае?
— Дыхае, таварыш лейтэнант, — сказаў Краснакуцкі, беручыся за сваю раменную лямку— А можа 6, пакінуць, га, таварыш лейтэнант? Закапалі б у стажок…
— Не! — цвёрда сказаў Іваноўскі. — Не выйдзе. А раптам немцы? Тады што? Нам жыць, а яму прападаць? Што тады генерал скажа? Памятаеце, ён нам наказваў: трымайцеся адзін за аднаго, болей вам не будзе за каго трымацца.
— Яно-то так, — уздыхнуў Краснакуцкі. — Ды каб недарма цягнулі…
Гэта праўда, падумаў Іваноўскі, магчыма, і дарма. Зусім можа быць, што іх намаганні ў адносінах да Хакімава акажуцца марнымі. Хутчэй за ўсё так і будзе. Столькі часу баец у непрытомнасці, ды яшчэ гэтая калатнеча, сцюжа, — закачанее, і ўсё. Верагоднасць такога канца была надта вялікай. Але бяда ў тым, што фізічныя здольнасці параненага, мусіць, кепска дапасоўваліся да сілы байцоў, якія могуць выдыхнуцца раней, і тады ўсім будзе кепска. Іваноўскі, не прызнаючыся нават сабе, пачынаў невыразна адчуваць, што Хакімаў паволі, але, напэўна, воляю франтавога лёсу ператвараецца з харошага байца і таварыша ў міжвольнага іх мучыцеля, калі не больш. Ніхто пра тое яшчэ не сказаў ніводнага слова, але відавочна ўсе яны пачалі адчуваць нешта падобнае ў адносінах да гэтага бедалагі.
Навучаны горкім уласным вопытам, лейтэнант выдатна разумеў, якая гэта бяда — паранены ў групе. I справа тут не толькі ў страце яшчэ аднаго патрэбнага байца. Гэта раненне нязносным фізічным грузам клалася на ўсіх і ставіла пад пагрозу выкананне баявой задачы. Цяпер яны, безумоўна, спозняцца, не здолеюць у цемры перайсці шашу, застануцца ў снезе на полі, дзе на іх проста могуць наткнуцца немцы. Але як ні перажываў Іваноўскі ад усведамлення такой бязрадаснай перспектывы, ён не мог дапусціць і думкі, каб пакінуць параненага. Абавязак камандзіра і чалавека ўладарна дыктаваў яму, што лёс гэтага небаракі, пакуль ён жывы, не можа быць выдзелены з іх агульнага лёсу. Кожны з іх павінен зрабіць для яго ўсё, што зрабіў бы для самога сябе. Гэтае правіла было законам для разведчыкаў Волаха, такім яно застанецца і ў групе Іваноўскага.
Як і ўсе ў групе, яе камандзір амаль выбіўся з сілы за гэтую надзвычай цяжкую ноч. З натугай пераадольваючы не моцны, але несціханы боль, ён ледзьве варушыў параненай нагой. Тым не менш, утаіўшы ад астатніх сваё раненне, ён заставаўся ў вачах байцоў роўны з усімі ў сваіх фізічных магчымасцях, і гэта без скідкі накладвала на яго роўныя з іншымі абавязкі. З нейкага часу ён пачаў адчуваць у сабе некаторую няёмкасць за тое, што, вымушаючы іншых на звышчалавечыя намаганні, сам ішоў улегцы, узяўшы ў якасці дадатковай нагрузкі толькі вінтоўку Піваварава. Ён не мог многага, але абавязак таварыскасці патрабаваў сумленна падзяліць з астатнімі ўсе іх дарожныя нагрузкі.
Яны абышлі хвойны ўзлесак і зноў рухаліся ўздоўж рэчышча, якое здавалася Іваноўскаму адносна бяспечным участкам шляху. На карце тут значыліся толькі лугі, хмызнякі і балоты, вёсак паблізу не было, і сустрэча з немцамі меркавалася найменш верагоднай. Дзве перамеценыя снегам дарогі яны перайшлі ўдала, нікога на іх не сустрэўшы. Цяпер заставалася апошняя — вялікая і, вядома, па-тылавому ажыўленая шаша, перайсці якую можна толькі ўначы. Але да шашы было яшчэ кіламетраў пяць — сем, і лейтэнант, хістаючыся ад знямогі, пачакаў Краснакуцкага.
— Ну як?
— Ды во, хутка выцягнуся. Далі б глыкнуць, ці што?
Лейтэнант даў яму пляшку, той зрабіў некалькі зацяжных глыткоў.
— Ну, лепш?
— Нібыта. Хутка зашабашым?
— Хутка, хутка. Давайце памалу. Удвох пацягнем.
— Ну якое ўдвох! Толькі тузацца будзем. Ужо сам як-небудзь… Быццам буран сціхае?
Лейтэнант азірнуўся і, на здзіўленне сваё, убачыў, што завея сапраўды амаль сціхла. Чорнае неба прыўзнялося, аддзялілася ад зямлі, унізе ляжала надзіва спакойнае белае поле, нібыта прыпухлае ад сакавітай начной белізны. Па баках зноў паявілася шэрая блытаніна хмызняку з рэдкімі плямамі маладых елачак. Мабыць, набліжаўся ранак. Ацяжэлай рукой лейтэнант дастаў з кішэні гадзіннік — было чвэрць на сёмую.
— Ого! Яшчэ адзін рывок — і канец. Прывал да самага вечара.
Новы непакой на нядоўгі час надаў сілы, і лейтэнант энергічна заслізгаў лыжамі. З’явілася новая прыкрасць ад таго, што так не ў час сціхла завея, якая цяпер была б куды як дарэчы. Без завеі перайсці шашу будзе трудней, тым больш калі яны спозняцца. Здаецца, ім не хопіць якой гадзіны цёмнага часу, і гэтая гадзіна можа вырашыць усё. Генерал у кароткім наказе перад выхадам настойліва раіў максімальна выкарыстаць цемнату — толькі ноч абяцала ім нейкую надзею на поспех, удзень, згледзеўшы іх, немцы, вядома, пастараюцца знішчыць усіх да апошняга. Што гэта іменна так, лейтэнант выдатна разумеў без доказаў, і ўсё ж ён быў удзячны генералу за яго клопат і добрую параду, у якой адчувалася нешта зусім не генеральскае, а болей бацькоўскае ў адносінах да ўсіх і да лейтэнанта таксама. Вядома, яны разумелі, што на іх ускладвалася і што з гэтай ночы рабіліся поўнымі ўладарамі ўласнага лёсу, бо ў трудную хвіліну дапамагчы ім не зможа ніхто — ні генерал, ні сам Бог. Але ўсю дарогу ў гэтай шалёнай ночы лейтэнант нёс у сабе ціхенькую іскрынку ўдзячнасці генералу за яго зусім не генеральскае стаўленне да іхняга лёсу. Гэтая іскрынка грэла яго, вяла і таіла ў сабе маленькую жаданую надзею на поспех.
А ўсяго тры дні назад, аціраючыся пры штабе пасля выхаду з нямецкага тылу, Іваноўскі болей за ўсё баяўся трапіць на вочы менавіта гэтаму прыдзірліваму, строгаму і ўладарнаму генералу — начальніку штаба. Ды і не толькі ён — многія ў ціхай лясной вёсцы, дзе размясціўся штаб, з таропкай баязлівасцю праходзілі міма яго высокага, з блакітнымі аканіцамі, дома. Генерал быў бязлітасна строгі да ўсіх сваіх падначаленых, а тут, вядома, усе, апроч хіба самога камандуючага, былі ў яго прамым падначаленні. Аднаму Богу было вядома, за што ён мог кожную хвіліну прыдрацца: генерал не дараваў, калі кагось заставаў без справы, спаганяў за парушэнне формы адзення і маскіроўкі, лаяў тых, хто, на яго думку, недастаткова хутка выконваў загады, — ці мала за што можа прыдрацца да падначаленага строгі начальнік у арміі? Неяк міжвольна Іваноўскі зрабіўся сведкам, як генерал лаяў аднаго палкоўніка за адсутнасць нейкіх дадзеных на ўчастку левага фланга і як пасля гэтага палкоўнік, у сваю чаргу, разносіў камандзіра разведкі, дзве разведгрупы якога не вярталіся з-за лініі фронту, хоць мінулі ўсе тэрміны іх вяртання.
Іваноўскі тут быў выпадковым, чужым чалавекам. За час сваёй не надта вялікай армейскай службы яму не даводзілася бываць нідзе вышэй штаба дывізіі, і цяпер ёя з цікавасцю назіраў жыццё гэтай тылавой установы. Разы два, зрэшты, у вёсцы паднімаўся перапалох, калі наляталі «юнкерсы», скінутыя імі бомбы, аднак, не ўчынілі асаблівай шкоды, апроч таго, што разбурылі пусты хляўчук ды забілі на вуліцы асядланую гнядую жаробку. У астатнім усё тут ішло мірна і роўна, хіба што часам па аддзелах пачынаў свой абход начальнік штаба, і тады ўсе палкоўнікі, капітаны і ўвішныя пісары ненадоўга перажывалі трывогу. Але неўзабаве, каму зрабіўшы вымову, а на каго проста накрычаўшы, генерал знікаў, і зноў у вёсцы ўсё ішло, як заўсёды.
Пасля пераходу лініі фронту лейтэнант Іваноўскі паявіўся тут з двума ўцалелымі разведчыкамі, бо пасля смерці капітана Волаха палічыў сваім абавязкам далажыць аб усім, што здарылася за два тыдні іх блукання па нямецкіх тылах. Але заклапочаныя сваімі справамі штабныя начальнікі аднесліся да яго без асаблівай увагі, і гэта яго пакрыўдзіла. Надта свежым быў у яго памяці боль нядаўніх страт, смерць Волаха, усе іх неймаверныя перажыванні там, у нямецкім тыле, каб ён так проста мог прымірыцца з гэтай няўвагай. Ён прыйшоў у хату разведаддзела да бялявага маладога палкоўніка і з ходу пачаў выкладаць яму сутнасць справы, але той доўга і невідушча глядзеў на яго, яўна думаючы пра нешта іншае. Пасля палкоўнік абарваў ягоны расказ і загадаў усё падаць у пісьмовай форме. Нібы між іншым, ён запытаўся, ці прайшоў лейтэнант праверку ў Дольцаве, дзе знаходзіўся зборны армейскі пункт. Іваноўскі пакрыўдзіўся. Ён сказаў бяляваму, з прыгожа ўкладзенымі валасамі палкоўніку, што ў Дольцава ён паспее, а вось да нямецкага склада боепрыпасаў можна спазніцца і тады ўсе іх намаганні і ўсе страты, у тым ліку і смерць выдатнага армейскага разведчыка капітана Волаха, могуць аказацца дарэмнымі.