ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5

Быкаў Васіль

Шрифт:

— Півавараў, айда! Ціха толькі…

Ухіляючыся ад мерзлага сучча, якое ўвесь час чаплялася за іх капюшоны, яны пайшлі хмызняком уніз, у абход поля. Іваноўскі зноў увесь насцярожыўся, усё ў ім так сцялася, як не сціскалася за ўсю шалёную мінулую ноч. Але наўкола стаяла цішыня, ім ніхто не спаткаўся, і гэта супакойвала. У каторы ўжо раз лейтэнант браўся прыкідваць, як лепш перабрацца за загарадзь — цяпер гэта было, мабыць, самае важнае і самае цяжкое ў ягонай задачы. Вядома, калі штабялі блізка ля дроту, дык можна будзе закідаць іх гранатамі і бутэлькамі з КС, хаця наўрад ці яны будуць размешчаны на такой адлегласці, каб іх можна было дастаць гранатай. Тады прыйдзецца лезці праз дрот. Лепш за ўсё, мабыць, зрабіць гэта аднаму, а астатнім прыкрыць на які выпадак і забяспечыць адход. Хай нават прыняўшы нядоўгі бой з вартавым, — на іх баку раптоўнасць, а хвіліны часу ім, мабыць, хапіла б, каб зрабіць усе, што трэба зрабіць. Горш вось, калі там — сабакі.

Але нават калі і сабакі, аднаму або двум прыйдзецца лезці праз дрот — астатнія павінны будуць падманіць сабак і прыняць на сябе агонь вартавых — іншага не заставалася. Галоўнае — паспець за якія секунды запаліць і ўзарваць як мага больш штабялёў. Астатняе зробяць дэтануючыя выбухі, і ўсё давершыць агонь.

Па хмызняку яны перасеклі лагчыну, краем узлеску абышлі адкрыты ўчастак поля. Паблізу нікога нідзе не было. Ішлі асцярожна, цяпер ужо нетаропка. Часам лейтэнант спыняўся і прыслухоўваўся: наўкола стаяла ветраная зімовая цішыня. Аднойчы вецер прынёс у лагчыну далёкі маторны гул, але, услухаўшыся, Іваноўскі зразумеў, што гэта з шашы. Хвойнік надзіва нема, амаль мёртва маўчаў.

Праз якіх паўгадзіны на іх шляху нечакана паявіўся равок. Крывулісты і голы, з завеянымі снегам бакамі, ён быў відаць на ўсю даўжыню, і лейтэнант не адразу зразумеў, што гэта той самы равок, адкуль Волах выйшаў у завею да загарадзі. Значыць, трэба было зайсці яшчэ далей, па кустоўі абагнуць базу на кіламетр глыбей. Ужо там напэўна можна будзе падысці да яе бліжэй і разгледзець больш падрабязна.

Ён азірнуўся на Піваварава, расчырванелы твар якога напалову закрыты быў мокрым абвіслым капюшонам; хлопец з усяе сілы перабіраў палкамі, іх лыжы па-ранейшаму глыбока правальваліся ў рыхлым снезе. Пераадольваючы ў сабе моцнае нецярпенне ад таго, што хутка бліжэла мэта, Іваноўскі моўчкі даў знак байцу пачакаць, а сам абышоў роў і спыніўся за шырокім разгалістым кустом ляшчынніку.

Голыя, са знятай карой слупы агароджаны былі зусім ужо блізка. Высокія, у рост чалавека, калі не больш, яны прыкметна вылучаліся на снежна-зеленаватым фоне маладых хвоек. Але, дзіўная справа, — за імі ўсё яшчэ нічога не было відаць. Як ён ні напружваў зрок, нідзе не мог згледзець знаёмых штабялёў з жоўтых і зялёных скрынак, якія так выразна стаялі ў яго ў вачах з таго самага моманту, як ён убачыў іх у бінокль. Не было таксама відаць і брызентаў. Гэтая акалічнасць зноў нядобрым прадчуваннем занепакоіла лейтэнанта, і ён махнуў Півавараву — маўляў, сядзь, замры. Той зразумеў сігнал і прысеў на лыжы, а лейтэнант пасля нядоўгага вагання выйшаў з кустоўя.

Напэўна, ён зрабіў неразумна, як камандзіру групы яму не трэба было так рызыкаваць сабой, але Іваноўскі не мог ужо стрымацца. Нядобрае прадчуванне зноў ахапіла яго, штось засела ў горле, ён праглынуў крыўдны камяк і, не адрываючы позірку ад блізкага ўжо ўзлеску, хутка і наўпрост пайшоў на яго.

Цяпер іх раздзяляла ўсяго якіх-небудзь тры сотні метраў, і ўжо ў самым пачатку гэтага шляху лейтэнант зразумеў, што дроту на слупах не было. Дрот, які некалі густа аплятаў базу, цяпер быў зняты, і адсутнасць яго самай вялікай трывогай, амаль спалохам адазвалася ў пачуццях Іваноўскага. Ужо нічога не асцерагаючыся і не звяртаючы ўвагі на тое, што яго маглі лёгка заўважыць у адкрытым полі, ён у некалькі рыўкоў дасягнуў крайніх сасёнак і спыніўся, уражаны, амаль знішчаны тым, што ўбачыў.

База знікла.

У хвойніку на пагорку не было ні вартавых, ні сабак, ні штабялёў з жоўта-зялёных скрынак — пад нагамі роўна ляжаў някратаны снег ды на ўзлеску цягнуўся рад белых слупоў, што адзіна напаміналі цяпер пра базу — іншых яе прыкмет тут не засталося. Дрот быў акуратна зняты са слупоў і адвезены кудысь, мабыць, у іншае, болей патрэбнае месца.

Недаўменне ў свядомасці лейтэнанта хутка мянялася на збянтэжанасць, амаль разгубленасць, ён пастаяў на чыстым, свежым пасля начной мяцеліцы снезе, пасля пайшоў на лыжах да супрацьлеглага боку, туды, дзе некалі быў выезд. Але і тут нічога не засталося, толькі ў гушчары маладога сасонніку пад снегам угадвалася некалькі апусцелых ям-капаніраў ды на краі ўзлеску каля слупоў высілася куча прысыпаных снегам жэрдак, напэўна, былых падкладак з-пад штабялёў. Болей ад базы тут не было нічога. Дарога, адсутнасць якой здзівіла лейтэнанта, белаю пустой паласой ляжала пад снегам — па ёй даўно ўжо не ездзілі.

Зусім і раптам знясілеўшы, Іваноўскі прыхінуўся плячом да шархоткага боку хвоі, уражаны пустэчай і закінутасцю гэтага цяпер нікому ўжо не патрэбнага хвойніку. Базу перамясцілі. Гэта было відавочна, але ён усё не мог у тое паверыць. У яго збянтэжанай свядомасці засела і не хацела знікаць упартая, неадчэпная думка, што гэта прывід, памылка, недарэчнае злое непаразуменне і што патрэбна толькі невялікае намаганне, каб усё гэта знікла. Інакшага ён не мог уявіць сабе, таму што ён не ў стане быў прымірыцца з тым, што і на гэты раз яго спасцігла няўдача, што вялізныя намаганні групы патрачаны ўпустую, што дарма яны смяртэльна рызыкавалі і гублялі людзей, ушчэнт знясілелі самі. Яны спазніліся. Ён не адразу паверыў у гэта, але, пастаяўшы пад хвояй і аддыхаўшыся, усё ж зразумеў, што ніякага прывіду не было. Была жорсткая, злая рэальнасць, яшчэ адна вялізная бяда з усіх бедаў, якія выпалі за гэтую вайну на яго злашчасную долю.

Ледзьве адарваўшы плячо ад хвоі, ён стаў на лыжы і адштурхнуўся палкамі. Лыжы крыху паехалі па шархоткім снезе і спыніліся. Ён не ведаў, што рабіць далей, упершыню за некалькі дзён адпала неабходнасць спяшацца, і ён абапёрся на палкі. На хвойнай галінцы паблізу з’явілася вяртлявая сарока, якая ўвесь час злосна стракатала на яго; пырхнула над галавой і з кароткім піскам знікла ў голлі сінічка. Іваноўскі стаяў зусім абыякавы да натуральнага жыцця лесу і не заўважаў нічога. Нейкае здранцвенне скавала яго аслабелыя мышцы, ён ні пра што не думаў, ён толькі глядзеў у пустэчу падлеску, адчуваючы ў сабе такую знямогу, што адолець яе, здавалася, не было ніякай магчымасці.

Так прадаўжалася нямала часу, але хвойнік па-ранейшаму заставаўся пусты і непатрэбны, і лейтэнант нарэшце вымушаны быў схамянуцца: усё ж яго чакалі байцы. Перш за ўсё — Півавараў. Іваноўскі азірнуўся — баец цярпліва сядзеў за ровам, там, дзе ён і пакінуў яго, і лейтэнант махнуў рукой — давай, маўляў, сюды.

Пакуль Півавараў ішоў па ягоным следзе да хвойніку, Іваноўскі адшпіліў рамяні лыж і сышоў на снег. Напэўна, тут можна было не баяцца, у пустым сасонніку не было нікога. Ён зморана прысеў на невысокі, абсыпаны снегам пянёк, выцягнуў убок нагу. Трэба было рашыць, што рабіць далей. А галоўнае — сцяміць, як гэтую няўдачу растлумачыць байцам. Ён не мог пазбавіцца ад прыкрага адчування нейкай сваёй віны, нібыта ён выдумаў усю гэтую гісторыю з базай і кагось ашукаў. Хоць, калі разабрацца, дык болей за іншых ашуканы быў ён сам.

Хаця, разважыўшы, рабілася ясна, што тут не было ашуканства, а была вайна з яе тысячамі хітрасцяў, тонкасцяў, выпадковасцяў, з усёй рознанакіраванасцю яе фактараў.

Півавараў ціха падышоў па яго лыжні і моўчкі спыніўся насупраць. Баец няўцямна азіраў хвойнік, зрэдку кідаў на лейтэнанта недаўменныя позіркі. Нарэшце ён здагадаўся аб нечым.

— А што… Хіба тут была?

— Вот іменна — была.

— Халеры! Вывезлі, ці што?

— Вывезлі, канечне! — Іваноўскі ўскочыў са свайго пянька. — Пакінулі нас у дурнях!

На здзіўленне лейтэнанта, Півавараў вельмі стрымана адрэагаваў на яго запальчывыя, поўныя гневу словы.

— Відаць, спазніліся.

— Ну. Больш за два тыдні мінула. Было калі.

— А цяпер як жа? Прыйдзецца шукаць.

— Што шукаць?

— Ну, базу. Загад жа…

Вядома, базы не было, але загад знішчыць яе заставаўся. Ці даўно лейтэнант сам дабіваўся ў штабе гэтага загаду, які нарэшце і атрымаў на сваю галаву. «Што ж, цяпер давай выконвай загад, лейтэнант Іваноўскі, шукай сваю базу», — злосна падумаў пра сябе лейтэнант. Аднак тон, з якім Півавараў упамянуў пра загад, усё ж спадабаўся лейтэнанту, і ў душы ён нават узрадаваўся. У выпадку чаго, напэўна, байцам доўга тлумачыць не прыйдзецца — калі гэта зразумеў Півавараў, дык, пэўна, зразумеюць і астатнія.

Поделиться с друзьями: