Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5
Шрифт:
Лейтэнант узняў вочы ад карты і зірнуў на Дзюбіна. Парэзаны заўчаснымі зморшчынамі, цёмны ад сцюжы твар старшыны быў спакойны, погляд з-пад маленькага казырка чырваназорнай будзёнаўкі спакойна, без патрабавальнасці чакаў чагось і нібыта гаварыў цяпер: возьмеш — добра, а не возьмеш — таксама напрошвацца не стану. I лейтэнанту амаль захацелася ўзяць з сабой старшыну, напэўна лепшага напарніка тут знайсці было немагчыма. Але тады старшым над групай ён павінен назначыць Лукашова, а ён чамусьці не хацеў гэтага. Лукашова ён трохі ўведаў ужо ў гэтай дарозе, і ў душы камандзіра з’явілася ўстойлівая непрыязь да яго.
Значыць, з групай павінен застацца Дзюбін.
Іх вельмі мала вярталася назад, і ім быў давераны трудны Хакімаў, іх новы шлях наўрад ці будзе лягчэйшы за іх дарогу сюды, а лейтэнанту вельмі хацелася, каб яны па магчымасці шчасліва дабраліся да сваіх. У гэтым сэнсе разумней за ўсё было даверыцца вопытнаму, ураўнаважанаму старшыне Дзюбіну.
— Не, старшына, — сказаў лейтэнант пасля працяглае паўзы. — Паведзіцё групу. Са мной застанецца… Півавараў.
Усе з некаторым здзіўленнем павярнулі галовы ў бок прылёгшага на баку Піваварава, які пры гэтых словах камандзіра быццам засаромеўся і сеў раўней.
— Так, Півавараў?
— Ну, — проста адказаў той, зачырванеўшыся і міргнуўшы белымі вейкамі.
— Ну і лады, — сказаў лейтэнант, задаволены тым, што ўсё так хутка ўладзілася.
(Пасля ён не адзін раз будзе пытацца ў сябе: чаму яго такі важны выбар нечакана для самога, амаль бессвядома выпаў на гэтага маладога байца? Чаму б у памочнікі сабе не ўзяць сапёра Судніка або рослага, дужага Краснакуцкага? Няўжо бяскрыўдная пакорлівасць слабасільнага вясковага хлопчыка толькі і вызначыла яго рашэнне? Або тут зрабіў сваю справу іх сумесны сённяшні пераход цераз шашу, дзе яны ўдвух перажылі небяспеку і першае для абодвух расчараванне?)
Тым не менш выбар быў зроблены, Півавараў неяк ураз падабраўся, пасур’ёзнеў і ціха сядзеў у патаптанай ботамі снегавой гурбе.
— Што ж, вашае права, — сказаў Дзюбін. — Дык як там перадаць, у штабе?
— Я напішу, — падумаўшы, сказаў Іваноўскі.
Паперы, аднак, у яго не знайшлося, быў толькі трафейны аловак, давялося старшыне выдраць лісток са свайго замусоленага блакнота, на якім лейтэнант, нядоўга падумаўшы, напісаў: «Аб’екта на месцы не аказалася. Група панесла страты, адпраўляю яе назад. Сам з байцом прадаўжаю пошукі. Праз двое сутак вярнуся. Іваноўскі. 29.11.41 г.».
— Вось. Перадайце начальніку штаба.
— Гэта самае, гранаты возьмеце?
— Ага. Гранату і пару бутэлек. Півавараў, вазьміце ў Судніка бутэлькі з КС. Гранату дайце сюды.
Старшына зняў з пояса супрацьтанкавую гранату, якую лейтэнант тут жа падвязаў кавалкам бінта да дзягі.
— I харчамі б запасціся трэба.
— Харчамі таксама. Дайце сухароў. Кансерваў пару бляшанак. Самі ж, напэўна, у АХЧ снедаць будзеце…
— Дай божа, каб у АХЧ, — з надзеяй уздыхнуў Краснакуцкі.
— Толькі глядзіце пры пераходзе. Як бы зноў не напароліся. Не шкадуйце жыватоў, галовы цалейшыя будуць.
— Гэта так, — ціха пагадзіўся Дзюбін.
— Ну, здаецца, цямнее, можаце рушыць. А мы тут яшчэ пасядзім. Як там на шашы, Заяц?
— Нейкая з фарамі коціць. Адна ці болей — добра не відаць.
Старшына завязаў рэчмяшок, Півавараў складваў у свой сухары і дзве вялікія, загорнутыя ў анучу бутэлькі з КС. Лукашоў і Краснакуцкі, не чакаючы каманды, падступіліся да абсыпанага снегавым пылам Хакімава.
— Глядзіце Хакімава, — сказаў лейтэнант Дзюбіну. — Можа, яшчэ дажыве да ранку.
— Пра што гаварыць!
— Тады ўсё. Топайце!
— Што ж, шчасліва, лейтэнант, — павярнуўся Дзюбін і тут жа закамандаваў байцам: — Ану, узялі! За лыжы, за лыжы бярыце! Паднімайце вышэй! Вышэй, яшчэ вышэй! Во так…
Яны паднялі Хакімава і як-колечы выбраліся з рова. З насыпу Дзюбін яшчэ азірнуўся — развітанне атрымалася таропкае, невыразнае, і Іваноўскі махнуў рукой.
— Шчасліва!
Калі яны схаваліся ў полі і апошні за насыпам знік высокі капюшон старшыны, Іваноўскі сеў на снег. Ён адчуў асаблівае задавальненне ад таго, што Дзюбін не прапаў, дагнаў групу і цяпер з тымі, хто вяртаўся, будзе талковы і чалавечны камандзір, які павінен іх вывесці да сваіх. А яны тут неяк абыдуцца ўдвух з Піваваравым, які ўсё яшчэ стаяў у рове, пазіраючы цераз край высокага насыпу. Каб неяк зменшыць няёмкасць, выкліканую гэтым расстаннем, лейтэнант сказаў з неўласцівай яму жартоўнасцю:
— Сядай, Піваварчык. Скора і мы патопаем. Цябе як завуць?
— Пётра.
— Пецька, значыць. А мяне Ігар. Ну што ж, можа, нам яшчэ пашанцуе. Як думаеш?
— Можа, і пашанцуе, — няпэўна сказаў Півавараў, тручы ложа вінтоўкі, і ўздыхнуў — ціхенька і парывіста.
— Ладна. Няма чаго ныць — яшчэ не ўсё страчана. Яшчэ мы з імі схопімся. Хоць нас двое, але і гэта — сіла. А цяпер пакуль ёсць час, давай падрубаем, менш несці прыйдзецца, — сказаў Іваноўскі і пачаў развязваць свой рэчмяшок.
9
Праз якія паўгадзіны, калі добра ўцямнела, яны выбраліся са свайго снежнага сховішча. Абодва скалелі, надта азяблі ногі, хацелася адразу прыпусціць на лыжах, каб як сагрэцца. Але перш трэба было агледзецца. Уночы рух на шашы паменшаў, ішлі адзіночныя машыны, некаторыя слаба свяцілі падфарнікамі. Навокал было ціха і пуста, снежную далячынь з хмызняком зацягнула вечаровай імглой, хмарнае неба без зор нізка навісла над цьмяным начным прасторам. Іваноўскі рашыў ісці на ўсход уздоўж шашы, далёка не адхіляючыся ад яе, каб бачыць увесь на ёй рух. Ён думаў, што як і той раз, увосень, базу павінны выдаць машыны.
Яны хутка спусціліся са свайго пагорка, па рыхлым снезе перайшлі лагчыну. Дваццаці хвілін хапіла на тое, каб добра ўгрэцца і нават замарыцца. Што ні кажы, а напамінала аб сабе мінулая ноч. Да таго ж, у адрозненне ад учарашняга, Іваноўскі адразу адчуў пры хадзе больш моцны боль у хворай назе, міжвольна ён ступаў ёю асцярожней, болей налягаючы на здаровую. Праўда, ён стараўся прывыкнуць да гэтага свайго болю, думаў, як-небудзь абыдзецца, разыдзецца, авось рана яму не пашкодзіць. Але, падняўшыся на чарговы пагорак, лейтэнант адчуў, што трэба адпачыць. Тады ён трохі расслабіў нагу, цяжар цела перанёс на здаровую і, каб Півавараў, які падыходзіў следам, не заўважыў нічога, зрабіў выгляд, што аглядаецца, хоць аглядацца не было чаго. Шаша была побач, яна ляжала пустая; наперадзе не шмат было ўгледзець, моцны ўсходні вецер пругка дзьмуў у твар, ад яго слязіліся вочы.
— Ну як, Піваварчык? — знарок жартаўлівым голасам запытаўся лейтэнант.
— Нічога.
— Угрэўся?
— Упарыўся нават.
— Ну, давай далей.
Азіраючыся па баках, яны прайшлі яшчэ, мабыць, з гадзіну, зводдаль абышлі край якогась ляска, хвойнік, нейкія будынкі ля дарогі — пасля ўчарашняга абстрэлу з хутара Іваноўскі стараўся трымацца ад будынін далей. Шаша амаль скрозь ішла прама, без паваротаў, гэта аблягчала арыенціроўку, і лейтэнант толькі зрэдку пазіраў на компас — правяраў напрамак.