ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5

Быкаў Васіль

Шрифт:

Янінка паводзіла сябе з ім лёгка і вольна, так, быццам яны даўно былі знаёмыя, а ён усё адчуваў нейкую невыразную скаванасць, якая не толькі не міналася з часам, але і яшчэ большала. Ігару пачынала здавацца, што, бесцырымонна гукнуўшы яе ў Баранавічах, ён выглядаў перад ёй як чалавек легкадумны, схільны да нікчэмных дарожных прыгод і што яна не магла не заўважыць гэтага. Хоць ніякага легкадумства ў тым не было, была простая дзіцячая гуллівасць, якая, можа, і не зусім дарэчы ў характары дваццацідвухгадовага выпускніка ваеннага вучылішча, нядаўна атэставанага на пасаду камандзіра ўзвода. Тады, на пероне, ён нават і не разгледзеў яе, толькі ўбачыў — разглядаў ён яе цяпер шырока раскрытымі, амаль здзіўленымі вачыма, якія, як ні стараўся, не мог адарваць ад яе прыгожага, усмешлівага твару.

Пад канец дня, пад’язджаючы да Гродна, ён ужо ведаў, што не расстанецца з ёю — яна ўсё больш зачароўвала яго сваёй юнай пекнасцю і вабіла чымсьці загадкавым і таямнічым, для чаго ён проста не знаходзіў назвы, але што адчуваў няспынна. Пра яе дарожнае здарэнне яны не гаварылі, здаецца, яна забылася пра яго і толькі аднойчы заклапочана варухнула броўкамі, калі перастаўляла на паліцы свой чамаданчык.

— I нават бялілы забралі. Татку везла. У нас цяпер бяліл не дастаць.

— А што, бацька — маляр?

— Мастак, — проста сказала Янінка. — А з фарбамі цяпер кепска. Раней мы фарбы з Варшавы выпісвалі.

Нарэшце цягнік прыбыў на станцыю Гродна, і яны, трохі хвалюючыся, сышлі на перон. Янінка са сваім пустым чамаданчыкам у руках павяла іх да штаба арміі, які быў ёй па дарозе. Але ў штабе, апроч дзяжурнага, нікога больш не аказалася, трэба было чакаць да ранку. Пераначаваць можна было тут або ў гарнізоннай гасцініцы, лейтэнанты, аднак не сталі шукаць гасцініцу і прынеслі свае рэчы ў нейкі маленькі, падобны на капцёрку пакойчык з трыма салдацкімі ложкамі каля сцен. Тамолка адразу ж пачаў уладкоўвацца на тым, што стаяў у куце пад нішай, а Ігар, крыху выцершы з ботаў пыл, заспяшаўся на вуліцу, дзе на бліжэйшым рагу пад каштанам яго ўжо чакала Яніна. Яна шчыра ўзрадавалася яго паяўленню і яшчэ болей таму, што ён быў вольны да заўтра, і яны пайшлі па вечаровае вуліцы горада, усё ў якім было для яго незвычайна цікавае.

За тыя пару гадзін, якія яны з Мікалаем прабылі ў штабе, Янінка паспела прыбрацца і цяпер была ў цёмнай ладнай спаднічцы і светлай шаўковай кофтачцы з маленькім белым каўнерыкам каля тонкай шыі, на яе нагах цвёрда пастуквалі высокія абцасікі модных туфляў. Прыбраная, яна здавалася старэйшай за свае юныя гады і вышэйшаю ростам — амаль упоравень з яго плячом. Яны ўсё ішлі вуліцай, і яму было невыказна прыемна, што яе тут многія ведалі і паважна віталіся: мужчыны — пачціва дакранаючыся рукой да капелюша, а жанчыны — ветлівым кіўком галавы з добразычліваю ўсмешкай на лагодных тварах. Яна адказвала з падкрэсленай ветлівасцю, але і з нейкаю няўлоўнай годнасцю і стрымана, напаўголаса апавядала яму пра тое цікавае, што траплялася ім на вуліцы.

— Вось наша Раскоша, так яна раней называлася. Нічога асаблівага, але во царква, пабудаваная ў памяць забітых на руска-японскай вайне. Нізенькая, праўда, але вельмі акуратная цэркаўка. Я там хрысцілася. А далей, бачыце, такія смешныя домікі, вунь цэлы рад, з франтончыкамі накшталт петушыных грабеньчыкаў. Гэта дамы тэкстыльшчыкаў з Ліена. Ага, не здзіўляйцеся. У васемнаццатым стагоддзі Тызенгауз выпісаў з Ліёна ткачоў і пабудаваў для іх такія самыя домікі, як у Францыі. Во стаяць і дагэтуль. А то вунь дом польскай пісьменніцы Элізы Ажэшковай, яна тут жыла і памерла. Ведаеце, цікава пісала.

Гарадок яму сапраўды падабаўся сціплай, але абжытай утульнасцю сваіх брукаваных вулічак з вузенькімі, выкладзенымі пліткамі тратуарамі, якія былі дбайна аздоблены гладкімі каменнымі скосамі. На сценах многіх дамоў кучарава зелянеў вінаград, некаторыя з іх да трэціх паверхаў былі ўвіты яго ўчэпістаю лазой. Але болей за ўсё ён чакаў сустрэчы з расхваленым Янінкай Нёманам, які, як яна сказала, працякаў тут жа, дзелячы горад на дзве няроўныя часткі.

Каля гатычнай грамады касцёла вуліца павяртала ўбок, і яны ціха пайшлі ўздоўж гандлёвых радоў і гарадской ратушы. На рагу пад каштанамі нейкая жанчына гандлявала марожаным, і Янінка, якая ўвесь час ішла поруч, лёгенька дакранулася да яго локця.

— Ігар, можна мне папрасіць вас?..

— Калі ласка, — са шчырай гатоўнасцю выканаць самую яе неверагодную просьбу азваўся ён.

— Ведаеце, я даўно марыла… Ну гэта… Каб мяне хлопец пачаставаў марожаным.

— Ах, марожаным!..

Іваноўскі амаль жахнуўся, падумаўшы, які ж ён вахлак, калі сам не здагадаўся аб гэтым! Але ён, здаецца, і не заўважыў гэтай прадаўшчыцы, так быў захоплены вуліцай, радам каштанаў за агароджай касцёла, яму проста было няўцям, чаго магла пажадаць ягоная багіня.

— Прошэ, паненка! Дзенькую гжэчнэго пана, — падзякавала прадаўшчыца, калі ён адмовіўся ад некалькіх капсек рэшты.

— Дзенькуе, пані Вандзя, — у сваю чаргу цырымонна падзякавала Яніна, прымаючы з рук старой жанчыны вафельныя скрылёчкі з марожаным паміж імі.

У канцы кароценькай вуліцы над ліпамі засвяціўся такі шырокі прасцяг, які можа адкрыцца толькі з вельмі высокага ўзгорка, і яны хутка выйшлі на каменны мост цераз роў. Гэта быў уезд у старажытны, з паўразбуранымі сценамі замак, па другі бок ад якога ў глыбіні парку высіўся раскошны палац за фігурнай рашоткай агароджы.

— Замак караля Польшчы Баторыя, — урачыста аб’явіла Янінка. — А гэта Новы замак. А цяпер зірні вунь туды. Бачыш?

Ён зірнуў цераз каменны, амаль у чалавечы рост парапет і ўнутрана ахнуў ад вышыні, на якой яны апынуліся. Далёка ўнізе па каменных прыступках лесвіцы рухаліся маленькія фігуркі людзей, якія расходзіліся па абодва бакі набярэжнай, што плаўна агінала бераг і дзесьці знікала пад густой навіссю дрэў.

— Ну, бачыш? Як табе падабаецца? — хінучыся да ягонага локця, пыталася Янінка.

Старажытныя, змураваныя з вялізных камянёў сцены замка, гэты цяжкі, аграмадны, перакінуты цераз каменную лесвіцу мост, вялізныя масівы зеляніны на пагорках, высачэзны, уладарны над горадам слуп гарадской каланчы паблізу, вядома, не маглі не спадабацца яму, і ён гатовы быў аглядаць усё гэта да вечара. А вось Нёман з такой вышыні ніяк не ўразіў яго — звычайная, сярэдняй велічыні, заціснутая высокімі берагамі, рака. Помніцца, азёрныя прасторы куды з большаю сілай краналі яго пачуцці. Затое Янінка была ў захапленні менавіта ад Нёмана і нязмоўчна шчабятала ля яго вуха:

— Паглядзі, паглядзі туды. Бачыш, якое цячэнне! Бачыш быстрак! Вунь там, пад вербамі, такія віры! Ого! Толькі сунься — закружыць, панясе, не выберашся.

Яны прайшлі трохі назад і па той самай гранітнай лесвіцы спусціліся да ракі. Не, усё ж рака была цудоўная, мабыць, з вышыні ён проста не ацаніў яе належным чынам. На яе правым беразе зелянела добраўпарадкаваная, абсаджаная дрэвамі набярэжная, справа высіліся вялізныя, пакрэсленыя сцежкамі адхоны з рэштаю крапасных сцен наверсе. Рака плаўным паваротам хавалася за недалёкімі абрывамі, на якіх высіліся суцэльныя шапкі вербаў, там жа канчаўся горад, і далей сінеў хвойны лес, за які садзілася сонца. Яны памалу ішлі ўздоўж Нёмана, і Янінка ўсё гаварыла і гаварыла штось не вельмі абавязковае ў гэтую хвіліну вечаровага хараства, а ён думаў, як усё ж дзіўна ўладкавана жыццё. Да сённяшняй раніцы ён і не падазраваў аб яе існаванні на гэтай зямлі выпадкам убачыў яе ў Баранавічах і звярнуўся з дурным, па сутнасці, жартам, з якім, напэўна, не павінен быў бы звяртацца выхаваны малады чалавек. А цяпер вось, прабыўшы з ёй дзень, ён не ведаў ужо, як быць далей — далейшае жыццё без яе проста траціла для яго ўсю сваю радасць.

Поделиться с друзьями: