ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5

Быкаў Васіль

Шрифт:

Янінка наперадзе адразу ж спынілася.

— Што гэта? Што гэта гудзе? Гэта самалёты?

Так, гэта набліжаліся ў небе самалёты, але ён проста не верыў, што так недарэчна і не ў час можа пачацца тое самае страшнае, што ўсе апошнія дні благім прадчуваннем жыло, мацнела, прыгнятала людзей. Хапаючыся за слабенькую надзею, што, можа, яны памыляюцца, ён душыў у сабе страх і чакаў.

Але памыліцца было немагчыма.

Спалоханая Янінка, быццам шукаючы абароны, кінулася да яго, і толькі ён паспеў яе абняць, як шэраг блізкіх магутных выбухаў кінуў іх на цвёрдае сцебле бульбоўніку. Ранні світанак асвятліўся серыяй вогненна-чорных бліскавак, тугія гарачыя хвалі ўдарылі ім у спіны, густа закідалі бульбоўнік зямлёй…

Як толькі мінуўся першы грымотны грукат, ён падхапіўся, Янінка таксама ўскочыла побач і з паблытанымі на гала-ве валасамі, у запэцканай кофтачцы невядома навошта старалася надзець на брудную нагу свой туфель. Аглушаны выбухамі, ён не адразу пачуў яе надзіва аслабелы голас, якім яна гукала яму:

— На мост бяжы! Хутчэй на мост! Там за касцёлам мост!..

Ну, ведама, яму трэба было на мост, у штаб, ён ужо разумеў, што здарылася, і іначай не мог.

Не азірнуўшыся болей, праз грымотныя ўдары выбухаў, падаючы і ўскокваючы, ён памчаўся на мост, несучы ў збянтэжанай свядомасці ледзьве ўхопленае зрокам аблічча дзяўчыны з чорным бліскучым туфлем у росным бульбоўніку…

12

Яго вырвалі з забыцця стрэлы, якія раптам даляцелі невядома адкуль. Здалося спярша, што гэта стралялі ў вёсцы, але калі, занепакоены, ён прыслухаўся, дык зразумеў, што даносіліся яны з іншага, процілеглага вёсцы боку — менавіта з таго боку, адкуль яны прывалакліся ўночы і куды пайшоў Півавараў. Мярцвеючы ад благога прадчування, Іваноўскі перастаў дыхаць, услухаўся, але ніякага сумнення не заставалася — стралялі недзе за полем.

Напэўна, самыя першыя стрэлы ён прапусціў, не ўчуўшы, ён прахапіўся толькі, калі гулка ўдарыла вінтоўка і ў цішыні працягла пратрашчаў аўтамат. Ну вядома, гэта быў яго аўтамат — нямецкія стралялі інакш, гэта ён ведаў пэўна. Іваноўскі падхапіўся на локаць, але ў грудзях у яго штосьці сціснулася, ад болю заняло дыханне, ён закашляўся, выплюнуў згусцелы крывяны ком і зноў без сілы аблёгся на лаўку. Пакуль ён кашляў, здаецца, усё там скончылася, і колькі ён ні ўслухоўваўся потым, нічога ўжо больш не пачуў.

Ледзьве ўтаймоўваючы хваляванне, лейтэнант намацаў ля лаўкі гадзіннік — было сорак хвілін на восьмую, значыць, Півавараў адсутнічаў каля дзвюх з паловай гадзін. Калі да той вёскі толькі адзін кіламетр, няхай два, дык ён павінен быў бы ўжо вярнуцца. Але калі не вярнуўся — значыць… Значыць, ён прабраўся ў вёску, але, мабыць, няўдала, і яго спасціг той самы лёс, што і ўчора Іваноўскага. Лейтэнант зноў прыўзняўся на локці, услухаўся, паспрабаваў зазірнуць у трошкі яшчэ светлаватае акенца, але не дапяўся да яго і сеў на лаўцы. Яму было моташна, блага, вогненна-чырвоныя плямы плылі ў вачах. Рукой ён намацаў надзіва цяжкую вінтоўку. Але навошта цяпер была тая вінтоўка — у лазні яго пакуль ніхто не трывожыў, паблізу быццам не было нікога. Наўрад ці ён мог што зрабіць, каб аблегчыць лёс Піваварава, які яўна трапіў у бяду, але і нічога не рабіць ён таксама не мог. З вялізнай натугай, увесь час лапаючы па сценах рукамі, ён выйшаў у прылазнік і штурхнуў нагой дзверы.

Была зімовая ноч — як усе ночы ў лістападзе гэтага года — з ветрам, нізкім, захмараным небам, шэрым, завалочаным цемрай прасторам. Але снег ляжаў свежы і чысты, і ў ім выразна было відаць некалькі глыбокіх слядоў Піваварава, якія ішлі паўз сцяну лазні і паварочвалі за вугал.

Задыхаючыся ад налётаў парывістага ветру, Іваноўскі хвіліну счакаў, услухаўся ў глухую ціш ночы. Ні стрэлаў, ні крокаў, ні крыку — нічога не было больш чуваць. Тады, не зачыніўшы дзвярэй, ён апусціўся каля парога, прыхіліўся плячом да сцяны і сядзеў так гадзіну, а можа, і больш. Ён увесь быў ва ўладзе шчымлівага, хваравіта-напружанага чакання, выразна ўсведамляючы, што калі Півавараў у бліжэйшыя хвіліны не прыйдзе, то ён не прыйдзе ніколі.

Але ён не прыйшоў ні ў бліжэйшыя хвіліны, ні ў наступныя затым гадзіны. Калі ўжо чакаць не стала цярпення, Іваноўскі, не ўстаючы, на кукішках дапяўся да кубіка свайго гадзіннічка за парогам — было без дзесяці хвілін дзесяць. Адсутнасць байца на працягу гэткага часу не абяцала нічога добрага.

«Нашто я паслаў яго? Нашто паслаў? — дакараў сябе лейтэнант. — Якія тут лыжы? Які штаб? Толькі загубіў яго ды і сябе таксама…»

Безумоўна, без Піваварава ён нічога ўжо не мог, але калі ён сам быў асуджаны на пагібель, дык трэба было падумаць, каб выратаваць хоць байца. А ён паслаў яго на такую справу, дзе на ўдачу прыпадае адзін шанец з тысячы. Немцы маглі зрабіць засаду, пасадзіць у полі сакрэты і напэўна ўзмацнілі ахову ў вёсцы — не так проста было пралезці да штаба. Калі гэта не ўдалося яму мінулаю ноччу, калі штабісты былі яшчэ не палоханыя, дык як магло ўдасца цяпер.

«Ну а што ж далей? Што?» — тысячны раз пытаўся ў сябе Іваноўскі, седзячы ля дзвярэй лазні.

Зрэшты, ён ужо ведаў што — ён толькі марудзіў, да апошняй магчымасці спадзеючыся, што Півавараў, можа, яшчэ вернецца. Але калі стала ўжо відавочна, што чакаць далей марна, лейтэнант, хапаючыся за сцены, устаў на ногі.

Ён выпрабоўваў сябе, каб ведаць, на што яшчэ здольны або, можа, не здольны ўжо ні на што. Хаця і з цяжкасцю, але трымацца на нагах яму яшчэ ўдаецца, асабліва калі мець пад рукамі нейкую апору. Цяпер апораю яму былі сцены, а ў полі ён будзе абапірацца на прыклад вінтоўкі. Ногі сяк-так падпарадкоўваліся яму, горш было з дыханнем і з галавой таксама. Але ён падумаў, што галава, можа, адыдзе ў полі, а з дыханнем ён ужо неяк справіцца. Калі не спяшацца, памаленьку, з частымі супынкамі, эканомна выдаткоўваючы сілу…

Яго намер цалкам завалодаў ім, і лейтэнант вярнуўся ў лазню, распіхаў у кішэні абоймы з падсумкаў. Рэчмяшок ён не асіліў падняць і пакінуў на лаўцы, затое ён узяў з сабою гранату. Далей ён ужо не мог заставацца тут ні хвіліны і, перабіраючы па сценах рукамі, выйшаў на двор.

Хістка, ледзьве не падаючы, але з упартай, цяжка зразумелай рашучасцю ён прайшоў крокаў дваццаць па глыбокіх слядах Піваварава і спыніўся. Вінтоўка аказалася куды больш цяжкой, чым яму здалося спачатку, але ён абапіраўся на яе, калі гатовы быў ужо ўпасці і асабліва калі спыняўся. Сам бы ён ужо не ўтрымаўся на дрыготкіх ад слабасці сваіх нагах. Аддыхаўшыся, нейкім дзіўным, загнаным позіркам паглядзеў назад. Там сіратліва цямнела на снезе іх лазня, дзе яны ўдачліва перабылі суткі і куды, мяркуючы па ўсім, ужо не вернуцца.

У другі раз ён не адолеў, напэўна, і дзесятка крокаў, як, пахіснуўшыся, спыніўся ад кашлю. Кашаль мог наклікаць самае горшае ў яго становішчы — глыбінным нутраным болем ён працінаў лейтэнанта да сляпучай цемры ў вачах. Але Півавараў быццам някепска перавязаў яму грудзі, ад прысохлых да ран бінтоў хоць і было балюча, але яны не давалі спаўзці перавязцы, кроў з ран болей не ішла. Калі б толькі не гэта д’ябальская пякотка ўнутры…

Ён імкнуўся ісці як мага хутчэй, і цяпер паказчыкам ягонай хуткасці была лазня. Ледзьве стоячы на нагах, ён зрабіў ужо чатыры або пяць прыпынкаў, кожны раз азіраючыся, але лазня, бы знарок, усё чарнела і чарнела ў прыцемку, з вялікім нежаданнем аддаляючыся ў ноч. Мінула, напэўна, не менш за гадзіну, перш чым шэры паўзмрок канчаткова праглынуў яе.

Навокал быў снег, вецер і поле — і тады ён зразумеў, што быццам бы дасягнуў сярэдзіны шляху, цяпер вярнуцца ён бы ўжо і не здолеў, на гэта ў яго проста не было сілы. Болей ён не азіраўся, ззаду ўжо нічога для яго не было, — усё добрае ці благое чакала яго наперадзе.

Потым ён два разы запар упаў, проста не ўтрымаўся на сваіх аслабелых нагах, уставаў не адразу — спярша аддыхваўся на снезе, трываючы боль у павярэджаных ранах. Другі раз яму не пашчасціла і яшчэ болей — упаў дужа нязручна, спіной; балявы ўдар быў такі моцны, што на нядоўгі час, здаецца, лейтэнант страціў прытомнасць. Пасля ён ачнуўся, але доўга ляжаў на снезе, увесь час адчуваючы пад сабой мулкі кругляк гранаты. Але ўсё ж ён намогся яшчэ, каб падняцца, сесці, пасля, хістаючыся, стаць на ногі і зрабіць некалькі першых, самых няўпэўненых крокаў.

Ён стараўся ні пра што не думаць, ён нават не вельмі глядзеў па баках, усё роўна там няшмат было відаць, затое ён не адрываў позірку ад снегу, на якім цягнуліся глыбокія сляды Піваварава. Яны ішлі ўсё ў адным напрамку; здаецца, баец даволі ўпэўнена памятаў іх шлях з учарашняй вёскі і хутка ішоў да яе. Іваноўскі цяпер болей за ўсё баяўся, каб не збіцца з гэтага следу.

А збіцца было няцяжка, асабліва калі падступала чарговая хваля знямогі і цямнела ўваччу. Але тады ён спыняўся, утыркаў у зямлю вінтоўку, падпіраў сябе яе драўляным прыкладам і чакаў, пакуль пройдзе немач. Апроч таго, яму надта дакучаў вецер — не даваў глядзець наперад, выціскаў з вачэй слёзы; часам яго моцныя парывы так штурхалі Іваноўскага, што той, хістаючыся, ледзьве не падаў долу. Але ён упарта супраціўляўся ветру, уласнай знямозе, болю. Ён разумеў, вядома, што наўрад ці спаткае тут Піваварава, хутчэй за ўсё ён ніколі больш не ўбачыць свайго байца, але ўсё роўна ён павінен быў прайсці той шлях, на які адправіў яго. Ён не мог пакінуць яго немаведама дзе і ратаваць сябе. Безумоўна, ён надта многімі рызыкаваў на гэтай вайне, мабыць, многія па яго волі знайшлі сабе на ёй смерць. Але гэтая яго рызыка мела адрозненне ад усіх папярэдніх — яна была апошняй, і таму Іваноўскі павінен дайсці да канца. Калі ў гэтай д’ябальскай сутычцы са смерцю ён не збярог многіх, дык ён не бярог і сябе, і толькі гэта апраўдвала яго камандзірскае права распараджацца жыццямі іншых. Інакшага права на вайне ён не хацеў прызнаваць. У горшым выпадку, перш чым загінуць самому, ён павінен пераканацца, што дзе-небудзь у гэтым полі не сцякае крывёй яго Піваварчык.

Поделиться с друзьями: