Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7
Шрифт:
Змена назвы з «Праклёну» на «Адну ноч» у нейкім сэнсе была матывавана, паколькі падчас рэдагавання была скарочана канцоўка пазнейшага варыянта твора, якая, зрэшты, і тлумачыла назву «Праклён»: «— Што ж гэта? Чаму так?.. Завошта? Каты! Душагубы!.. Сволачы!.. Будзьце вы навек пракляты…» — гэтых слоў Івана Валокі ў канчатковым варыянце не застанецца.
Наогул, падчас падрыхтоўкі апавядання да публікацыі ў «Маладосці» В. Быкавым былі вымушана зроблены значныя змены і скарачэнні, якія, дарэчы, у пазнейшых выданнях аўтар не ўлічваў — прытрымліваўся ранейшых рэдакцый твора, і таму ў гэтых каментарах яны не разглядаюцца (за выключэннем аднаго прыклада), паколькі мелі, так бы мовіць, часовы характар. Звернемся толькі да тых прыкметных змен, якія былі зроблены падчас падрыхтоўкі апошняга прыжыццёвага выдання:
Стар. 339. Толькі Валока не выпускаў яго, ямчэй прыналёг плячом, ухапіў пяцярнёй горла і ціскануў. — У першай рэдакцыі: «Але Іван не выпускаў яго і душыў. І тады вораг, яшчэ трапятнуўшыся некалькі разоў, неяк злаўчыўся і ўхапіў зубамі яго руку.
Іван не чакаў такога знянацкага болю, які імгненна пранізаў яго да пляча. Пальцы яго не ўтрымалі, немец ураз крутнуўся, вырваўся і адскочыў у цемру.
Змораны да непрытомнасці, Валока ўхапіў ротам паветра і, разлютаваны барацьбой, памкнуўся ў цемру за ворагам».
Стар. 341. …не давялося і душыць… — У абедзвюх ранейшых рэдакцыях: «не давялося душыць гэтую гадасць».
Стар. 342. Што ж рабіць, — як вылезці… — У ранейшых рэдакцыях: «Паволі ў Івана нарастаў устрывожаны клопат як вылезці…»
Стар. 344. Аднак нейкае чалавечае велікадушша штурхнула дапамагчы, бо была ў тым патрэба. — У першай рэдакцыі: «…але ўжо такую меў чалавек натуру, што пры патрэбе пасабляў бліжняму».
Стар. 348. — Навэрх, — грубавата перадражніў Валока. У абедзвюх ранейшых рэдакцыях: «— Дзівак! — бы з малога падзівіўся Валока».
Стар. 353. Во як: не гут! Чаму ж ты гэта не скажаш свайму фюрэру? — У ранейшых рэдакцыях: «Во як: не гут! А дзе ж вы раней былі? У сорак першым? Чаму ж не турнулі пад зад вашага фюрара. Вот і быў бы гут».
Стар. 354. …ажно ўпіўся ў гэта вачмі. — У ранейшых рэдакцыях далей ішло: «вядома, тое жытла не раўна было яго хаце з пазелянелаю ад моху страхою, як-колечы абшалёванай не столькі для прыгоства і ладу, колькі для таго, каб захінуць ад непагоды дзіркі. А была яна ў іх вёсцы не самая горшая, Іван жа мог і падрамантаваць і дагледзець, не тое што ў якіх там удоў ці нягеглых нядбайных гаспадароў».
Стар. 354. …аб сваіх там, дома… — У ранейшых рэдакцыях далей ішло: «— чатырох блазнотках-дзяўчынках, якія цяпер там і аралі і сеялі. Такая малеча з адною маткаю, без яго».
Стар. 354. Унутры ў ім усё запратэставала супраць гэтага абразлівага варожага спачування. — У першых рэдакцыях: «Невядома чаму, але гэта абражала. Яго сапраўднашная беднасць, галодныя гады ў калгасе цяпер невыказнаю прыніжанасцю бянтэжылі Івана, і ўнутры ўсё ў ім запратэставала супраць гэтае беднасці і спачування ворага».
Стар. 355. …нагледзеўся рознага. Але ўсё роўна Валока не хацеў здацца. — У ранейшых рэдакцыях: «нагледзеўся на калгаснае жыццё. Але ўсё роўна Валока не хацеў здацца і ўхапіўся за хлусню, як за паратунак».
Стар. 355. …была ўвасабленнем параўнаўча высокага дастатку. Ва ўсякім разе за гэтыя грошы можна было купіць добрую карову. А гэта было ўжо нямала. — У ранейшых рэдакцыях: «была ўвасабленнем найбольшага з магчымага. Гэтым коштам сяляне яго вёскі мералі самы высокі набытак, марылі пра яго ўсё жыццё, але мелі, толькі прадаўшы самае дарагое з свайго майна — карову».
Што датычыцца значных правак, якія былі зроблены падчас падрыхтоўкі твора да друку ў «Маладосці», прывядзём адзін толькі прыклад. Так, аўтар быў вымушаны скараціць значную частку дыялога Івана Валокі з Фрыцам Хагеманам пра калгасы — да слоў: «Матацыкл? Матацыкл што?». Закрэсліўшы больш за старонку тэкста, В. Быкаў злева зверху коратка дапісаў:
«— Плёхо рус кольхоз. Бедно. Радзіо нет. Крафтрад… Как его… мотоцікль нет. Конь! Но, пошёль, сівка!.. Бедно, — пакруціў галавой немец.
Валока паёрзаў на цэгле.
Што там матацыкл! Глупства гэта адно. У мяне во машына была, што шые — ціх-ціх-ціх… Зінгер звалася. Во!
Зінгер?
Ну.
Немец, зразумеўшы штось, іранічна ўсміхнуўся».
Стар. 360. Неяк ён убачыў сябе ў Брэслау… — У першых рэдакцыях: «Неяк ён убачыў сябе ў Вроцлаве…»
Канцоўка апавядання адрознівалася ўжо ў першых дзвюх рэдакцыях. Так, у самай першай твор заканчваўся наступным чынам:
«Чаргі ён невядома чаму не пачуў, у нейкую долю секунды згледзеў толькі, як апруцянела хіснуўся Фрыц Хагеман, і ў той жа час вышэй ад Валокі, ударыўшыся ў прасценак, аглушальна ірванула граната. Люты нясцерпны боль пранізаў яго цела, свет знік і з ягоных грудзей вырваўся ўжо непадуладны яму енк-стогн…
Валока не бачыў, як у скверыку замітусіліся немцы, як кінуліся яны да руін, на ўскрайку якіх навек выцягся іх салдат Фрыц Хагеман. Абыякавы ўжо да ўсяго ляжаў Іван на цагляным заваллі ў пятнаццаці кроках ад чорнае дзіркі ў склеп, дзе пачалося і гэтак няўдала скончылася іх недарэчнае франтавое братэрства».
У другой рэдакцыі:
«Узрушаны і змардаваны, ён нечага ніяк не мог сцяміць ці, можа, не мог чагосьці ўспомніць — разгарачаным спакутаваным нутром ён только адчуваў, што сталася вялікая, яшчэ не ўсвядомленая да канца несправядлівасць, перад магутнаю сілай якой і ён, і Фрыц Хагеман, і мноства іншых людзей былі не болей чым мошкі. І яму было вельмі пакутна ад таго і хацелася завыць ад усеабдымнага болю, ад свае ашалеласці, ад гора, якое ашчаперыла і душыла, камячыла яго душу. Але плачу не было, бо не было слёз, толькі з глыбіні грудзей ірваўся трудны роспачны, поўны нясцерпнага болю крык.
Што ж гэта? Чаму так?.. Завошта? Каты! Душагубы!.. Сволачы!.. Будзьце вы навек пракляты…».
Стар. 348. Арбайт. — Працаваць (ням.).
Стар. 352. Вайна нікс гут! — Вайна гэта нядобра! (бел. ням.).
Стар. 353. Фюрэр шайзэ! — Правадыр дзярмо! (ням.).
Стар. 353. Фюрэр эйнфахерменш нікс нада. — Такога правадыра не трэба (ням.).
Стар. 353. Фрыц Хагеман нікс нада вайна. Хагеман нада фрыедэн, нада кіндэр аўфцыген, арбайт нада, хаўз нада! — Фрыцу Хагеману не трэба вайны. Хагеману трэба свабоды, трэба дзяцей гадаваць, працаваць трэба, дахаты трэба! (бел. — ням.).
Стар. 354. Драй кіндэр! — Трое дзяцей (ням.).
Стар. 354. Гаўптман гестапа Крафт шрайбен, — фрау, кіндэр ком, ком унд канцлагер. — Гаўптман гестапа Крафт піша, — жонка, дзеці — ідзіце, ідзіце да канцлагера (ням.).
Стар. 355. Рад. — Кола (ням.).
Стар. 359. Трынкен, Іван! Трынкен! — Пі, Іван! Пі! (ням.). Стар. 363. О, Іван, лебенд? Гут, гут. — О, Іван, жывы? Добра, добра (ням.).