Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7

Быкаў Васіль

Шрифт:

Стар. 250. …збіраць свой нямудры набытак. — У першых рэдакцыях далей ішло: «Збіраць, уласна кажучы, не было чаго. Што-колечы з бялізны, школьнае карычневае плацце з белым каўнерыкам, старэнькі лыжны касцюм — навагодні падарунак Дзіны Васільеўны. Яшчэ была кніга „Граф Монте Кристо“, якую яна з маленства берагла і перачытала ўжо колькі разоў».

Стар. 251. Яна прыладзілася на заднім сядзенні і маўчала. — У другой рэдакцыі: «Яна прыладзілася на заднім сядзенні, паклаўшы на калені клумак і адчувала, быццам правальваецца ў хмельнае самотнае бяздонне».

Стар. 251. …астудзіўшы прыветную ласкаваць у вачах…

У першай рэдакцыі: «згубіўшы прыветную ласкавасць у пасцюдзянеўшых, але па-ранейшаму прыгожых вачах».

Стар. 251. Тут у нас ванная… — У першай рэдакцыі перад гэтым сказам ішоў наступны: «Ігарок спіць уранку і не любіць, калі што дзе грукае».

Стар. 252. Гэта яна? — У першай рэдакцыі: «О кэй, прывет, крошка. Гэта яна?»

Стар. 252. Спаць будзеш тут, на раскладушцы. — У першай рэдакцыі: «Спаць будзеш вось на гэтай канапе, — паказала яна на тую прыгожую плюшавую канапу ў гасцінай».

Стар. 253. Для хатняй работы… — У першай рэдакцыі перад гэтым сказам ішоў наступны: «Ён празмерна ўстарэў і выйшаў з моды».

Стар. 253. …кітайскі халацік. Хоць ён быў стары і сям-там дзіравы, але ад яго нельга было адвесці вачэй. — У першай рэдакцыі: «кітайскі халацік, які аж свяціўся нейкім унутраным святлом, блішчаў, пераліваўся, ды так ярка, што здавалася, аж кідаў навокал палымяныя блікі. Ён быў цудоўны і, відаць, дарагі гэты халацік…»

Стар. 253. …калі станеш старацца… — У першай рэдакцыі далей ішло: «Гэта Дзіна Васільеўна, вядома, скнара, яна, канешне, не дужа раздарвалася».

Стар. 254. Гэта погляды тваёй Дзіны… — У першай рэдакцыі перад гэтым сказам ішло: «Ты наіўная, як вясковая цётка, — пагардліва чмыхнула Маргарыта Яўгеньеўна, спыніўшыся ў дзвярах».

Стар. 254. …з яе абавязкамі… — У першай рэдакцыі: «з яе абавязкамі, у тым ліку і вымаць раніцай газеты з паштовай скрынкі на дзвярах».

Стар. 254. …так зняважліва адзывалася аб ёй за вочы. — У першай рэдакцыі далей ішло: «Люся асуджала яе, але ў той жа час не магла не змякчэць да гаспадыні за яе падарункі, якія адразу так запаланілі душу дзяўчыны. Праўда, яе ўсё непакоіў той даўгавязы Ігар з сваім недарэчным „окэем“ і самаўпэўненым выглядам у цялячых вачах, але яна старался як-небудзь не думаць аб ім.

Адной ёй стала вельмі вольна і раскошна ў гэтай прасторнай кватэры».

Стар. 255. …прыгожых рэчаў. — У першай рэдакцыі далей ішло: «нават паменшыла варожая насцярожанасць да Ігара, гэтага самаўпэўненага недарэкі».

Стар. 256. …у галлі вераб’і. — У першай рэдакцыі далей ішло: «і адчувала сябе зусім-зусім адзінокай і нешчаслівай».

Стар. 256. — Ігаа-а-а-ар, — засцярожліва праенчыла маці.

У першай рэдакцыі:

«— Ну што ж гэта ты… Не мог узяць дзе з іншага месца, не для цябе было пакладзена, — мякка зазлавала Маргарыта Яўгеньеўна.

Ігар, нічога не адказваючы, пусціў струмень дыму ў напрамку Люсі, якая ўсё стаяла перад акном і калупала падаконнік. Пасля ён, нібы заўважыўшы што, прагугнявіў:

— О кэй! А новай крошцы куды лепей ідзе гэтае плацце. Зусім не тое, што той даўгавязай Любцы.

— Ігаа-а-а-ар, — засцярожліва праенчыла маці.

Люся раптам зразумела ўсё — і тое агіднае здарэнне з грашыма і паганую вартасць гэтага падарунка. Душная хмельная хваля шыбанула ў яе адчуванні, узняла буру нянавісці ў яе строгай дзявочай душы — гэта было нешта звыш таго, што яна магла стрываць».

Стар. 256. Яе душыла вялікая крыўда. — У першай рэдакцыі: «Вусны яе ўвесь час шапталі „як гадка, як гадка“, яна ўжо не магла прымірыцца з сабой за кароткую былую радасць. Дзяўчыну душыла вялікая крыўда».

Стар. 257. …выбегла ў калідор… — У першай рэдакцыі далей ішло: «У апошні момант, нібы скрозь запацелую шыбу, заўважыла яна, як пераламіліся вузкія бровы на дагледжаным твары Маргарыты Яўгеньеўны, пачула недарэчнае Ігарава „О кэй“. Потым ужо ў апошніх дзвярах з гэтай нянавіснай кватэры да яе данёсся злосны лямант гаспадыні, якая бегла па калідору і патрабавала плацце. „Падавіцеся вы вашым плаццем і ўсім, усім гэтым“, — шаптала Люся і цераз двор і пад’езд выбегла на сонечную блішчастую вуліцу. Яна не дужа ўдумвалася, што нарабіла, не ведала, куды ёй падацца далей, яна толькі адчувала кожнай частачкай сваёй душы, што там яна жыць не магла. А куды ісці?.. Што ж, свет не без добрых людзей, знойдзецца месца і для Люсі».

Паядынак (стар. 258)

Упершыню — газ. «Гродзенская праўда», 1959, 6 верас. Друкуецца паводле: зб. «Жураўліны крык». Мн.: Дзяржвыд БССР, 1960. Там жа пазначаны год напісання — 1959. В. Быкаў у 1979 г. пісаў у лісце да І. Дзядкова: «Что же касается „Поединка“, то я сам уже не помню, что я имел в виду в этом довольно слабом рассказе. М. б. лучше вообще не упоминать о нем».

Пры падрыхтоўцы кніжнага выдання твора, верагодна, самім аўтарам у тэкст былі ўнесены невялікія дапаўненні (ці ўзноўлены скарачэнні, якія маглі быць зроблены падчас першай публікацыі ў «Гродзенскай праўдзе», — высветліць гэта пакуль немагчыма, паколькі рукапіс ці машынапіс апавядання не захаваўся) і нязначныя праўкі, сярод якіх вылучаюцца наступныя:

Стар. 261. …і думаў, што трэба будзе памерці па-людску. — У ранейшай рэдакцыі: «і адчуваў, што трэба змагацца».

Стар. 261. …не жадаючы ўступіць гэтаму немцу. — У ранейшай рэдакцыі: «не хочучы ўступіць у гэтай бяззбройнай барацьбе».

Стар. 262. Услед за першымі выскачылі… — У ранейшай рэдакцыі перад гэтым сказам ішоў наступны: «Жудаснае пачыналася».

Стар. 263. …у яго кароткім жыцці. — У ранейшай рэдакцыі: «у яго кароткім няўдалым жыцці».

На ўсходзе сонца (стар. 266)

Упершыню — газ. «Чырвоная змена», 1959, 13 снеж. Друкуецца паводле: Зб. тв.: У 6 т. Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. Т. 6. Там жа пазначаны год напісання — 1959.

Пры падрыхтоўцы кніжнага выдання твора (у кнізе «Жураўліны крык» (1960); менавіта ў гэтай рэдакцыі апавяданне было апублікавана і ў 6-томным Зборы твораў) аўтарам былі ўнесены невялікія дапаўненні (ці ўзноўлены скарачэнні, якія маглі быць зроблены падчас першай публікацыі ў газ. «Чырвоная змена», — высветліць гэта не ўяўляецца магчымым, паколькі рукапіс ці машынапіс апавядання не захаваўся) і невялікія праўкі, сярод якіх вылучаюцца наступныя:

Стар. 267. На ўра атакаваць, і канец. — У ранейшай рэдакцыі: «На ўра атакаваць і кропка».

Стар. 267. …тонкі, як дубец… — У ранейшай рэдакцыі: «тонкі, як хвошч».

Стар. 267. …усім было чамусьці няёмка. — У ранейшай рэдакцыі: «нясцерпна няёмка».

Стар. 267. А то ўсё бедаваў, чым будзеш займацца. — У ранейшай рэдакцыі: «…чым на гражданцы заняцца».

Стар. 269. …незвычайнае і дзівоснае сонца. — У ранейшай рэдакцыі: «незвычайнае і дзівоснае ў гэтую раніцу сонца».

Поделиться с друзьями: