Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7
Шрифт:
Хутка навокал загаманілі людзі, нехта падняў Алеся з зямлі. Ён, яшчэ не расплюшчыўшы вачэй, пазнаў змораны Лапатаў голас і, зірнуўшы, заўважыў, што з неба свяціў акрайчык месяца, адна палова вуліцы стулілася ў ценю, а ля другой на відным месцы некалькі цьмяных постацей валтузіліся з бандытам.
Алесь паволі пераступіў з нагі на нагу і, кульгаючы, падаўся да людзей. Патрывожаная начным здарэннем, вуліца ажывала, аднекуль з’яўляліся людзі, у веснічках стаялі здзіўленыя, наспех апранутыя жыхары.
Нарэшце, калі міліцыянер і Лапата звязалі злачынцу рукі, афіцэр міліцыі бліснуў у твар затрыманага кішэнным ліхтарыкам і здзіўлена вымавіў:
— Эге! Ды гэта ж Фараон! Вось як ты трапіў да нас!
Алесь пачуў гэтае знаёмае імя і аж здрыгануўся ад страху. Але палохацца цяпер не было чаго: бандыта моцна трымалі. Наўкола ўзбуджана гаманілі людзі, і з іх гамонкі Алесь дазнаўся, што гэты рэцыдывіст пырнуў нажом нейкага чалавека, які, казалі, наўрад ці выжыве ад раны.
Бандыта павялі, а да Алеся падышоў усхваляваны, змораны Лапата.
— Ну, як ты? — цяжка дыхаючы, запытаў ён. — Не параніў ён цябе?
— Ды не, — адказаў Алесь. Хлопец адразу павесялеў ад чуласці таварыша, а боль і слабасць, здаецца, таксама паменшалі.
— А я аж спалохаўся, калі ты знік. Думаў, можа, забілі цябе.
Яны зноў пайшлі поплеч за натоўпам, які цягнуўся за міліцыянерамі. На заходняй палове неба з усёй моцы свяціў спознены маладзічок і ззялі зоры, а на ўсходняй, ужо разганяючы мігатлівую цемру, плыло іншае святло — там нараджаўся ранак.
У Алеся балела ў баку, балела левая нага, і слабасць знясільвала цела. Піліп цяпер не адыходзіў ад яго і, убачыўшы, што хлопцу цяжка ісці, сказаў:
— А ты абапірайся на мяне.
Алесь паклаў на яго плячо сваю руку і глянуў у твар. У прыцемках ён не ўбачыў Піліпавага позірку, але, бадай, і не трэба было бачыць нічога. Узаемнае добрае імкненне адзін да аднаго яны зразумелі без слоў.
— Што, вельмі баліць нага? — пытаў Піліп. — Давай я цябе паднясу, калі хочаш. Бярыся!
Алесь аж засаромеўся ад гэтай шчырасці і сказаў, што дойдзе сам: нага баліць, толькі не вельмі.
Яны яшчэ памаўчалі, кожны паасобку думаючы аб сваім, і тады ўпершыню ў іх нарадзілася нешта блізкае і цёплае ў адносінах адзін да другога. Потым Піліп сказаў:
— Аднак ты смелы, брат. Ціхі, маўклівы, а нішто…
— I ты таксама… справядлівы.
— А ты не ведаў? — пажартаваў Піліп. — Дык вось мы і спазналіся.
Алесь удзячна зірнуў на яго, іх позіркі сустрэліся, і абодва яны шчасліва засмяяліся.
1956 г.
Арганізатар
Зялёная «Пабеда» звярнула з шашы і накіравалася ў лагчынку. Там яна прыкметна збавіла хуткасць, разы два віхлянулася ў глыбокіх слізкіх каляінах і перад самым мастком стала. Шафёр — малады белабрысы хлапчына ў ватоўцы — высунуўся з дзверцаў і, пазіраючы на заднія колы, даў газ. Але і назад ужо машына не хацела ісці. Шафёр вылез, нібы журавель, выцягваючы з гразі ногі, абышоў машыну, зазірнуў пад ніз і заклапочана ссунуў на бок салдацкую шапку.
— Каб табе трасца! — вымавіў ён са стрыманай злосцю.
Тады расчыніліся другія дзверцы, і на абочыну нязграбна выбраўся сядок, шафёраў начальнік — прысадзісты, надзьмуты чалавек. Ён адразу нагледзеў больш — менш сухое месца ля канавы, сяк — так дабраўся туды і стаў, засунуўшы рукі ў кішэні паліто.
— Ну што? Селі?
Шафёр маўчаў, корпаючыся ля задняга кола. Сядок нецярпліва загадаў:
— Давай назад!
Хлопец сеў на сваё месца і ўключыў газ. Машына пакрыўджана фыркнула клубам шызага дыму, ураз падхопленага хлёсткім асеннім ветрам, уздрыгнула, але з месца не скранулася.
— Давай уперад!
Шафёр паслухмяна даў і ўперад, але дарэмна.
— Цягні вунь тое палена, — загадаў начальнік, паказваючы на нейкі корч, што тырчэў на ўзмежку.
Без лішняй развагі шафёр скочыў цераз канаву, выдзер з зямлі трухлявы корч і прыладзіў яго пад задняе кола.
Пакуль ён рабіў гэта, начальнік усё стаяў на ранейшым месцы і, хілячыся наперад, каб не ступаць у гразь, даваў парады.
— Мацней таўчы… Так, так. Сукам уніз. Во! Наддай абцасам.
Шафёр маўкліва рабіў усё гэта, і, калі корч добра ўладкаваўся пад колам, узяўся за руль. Зноў машына задрыжэла, закалацілася ад моцнага напружання.
— Стой! — крыкнуў начальнік, з хвіліну паназіраўшы дарэмныя намаганні. — Галля трэба! Давай галля!
— Няма сякеры, — упершыню з адзнакай нязгоды вымавіў шафёр.
— А ты рыдлёўкай насячы, — параіў начальнік, убачыўшы, што шафёр думае нешта сваё, закрычаў: — Ну, давай, давай!
Начальнік пачынаў нервавацца. Ён сціскаў вусны, жмурыў вочы і нецярпліва тупаў па сваёй выспачцы. Восеньскі вецер буяніў над шэрымі прасторамі, гнаў і кудлачыў у небе густыя хмары, шматаў кусты за канавай, зрываў жоўтае і чырвонае ссохлае лісце.
Шафёр як-колечы наламаў галля і, паднёсшы да машыны, пачаў пхаць яго пад левае задняе кола. Надзьмуты чакаў, — яму за машынай не відаць было, як корпаўся шафёр, — і нецярпліва пакрыкваў:
— Ну, хутка там?
Нарэшце абодва заднія колы былі добра абкладзены веццем і падпёрты карчамі. Шафёр зноў улез у машыну і ўключыў перадачу. «Пабеда» паторгалася, пафыркала на розных нотах і не кранулася з месца.
— А няхай цябе! — пачынаў злавацца і разам з тым непакоіцца начальнік. Забыўшыся, ён нават памкнуўся падацца да машыны, але, ступіўшы ў гразь, хуценька адскочыў назад.
Шафёр, бадай, стаміўся ўжо ад дарэмных захадаў зрушыць машыну. У безнадзейна спакойнай абыякавасці ён прыхіліўся да кузава і пачаў рыхтаваць закурку.
Ужо бралася на адвячорак. Непрывабная сцюдзёная далячынь хуталася ў тумане. На дарозе ўсё больш рабілася нудна і няўтульна. Вецер мацнеў.
— Ну, што ты там раскурыўся! — не вытрымаў начальнік. — Давай спрабуй!
Шафёр нічога не адказаў, яшчэ разы два зацягнуўся і пайшоў аглядаць заднія колы. Са злосцю выцягнуў з каляіны корч і кінуў яго ў канаву, потым з-пад другога кола выбраў галлё. Надзьмуты ўзлаваўся.