ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7

Быкаў Васіль

Шрифт:

— Што ты робіш! Не чапай галля. Газуй!

Шафёр, аднак, добра расчысціў каляіну і не пачаў газаваць, а заглушыў матор і вылез на дарогу.

— Ну чаго спыніўся! — крыкнуў начальнік. — Давай, давай!

— Што давай? — упершыню запярэчыў шафёр. Штурхнуць трэба.

— Гм, штурхнуць. Каму ж штурхнуць?

Але таго, бадай, не ведаў і шафёр. Яны адны сядзелі ў гэтай калдобіне і больш на дарозе не бачна было нікога.

Не сыходзячы са сваёй выспачкі, закурыў і начальнік. Увесь працэс прыкурвання папяросы на ветры і першыя салодкія зацяжкі крыху супакоілі яго. Якраз у гэты час з боку шашы, на дарозе, узніклі дзве невыразныя постаці. Праз колькі хвілін можна было разабраць, што ішлі мужчыны. Задні намнога адстаў ад пярэдняга, высокага і плячыстага, што без асаблівага разбору сігаў па ўзбочыне. Яшчэ праз нейкі час можна было разгледзець падарожнікаў. Абодва былі ў зашмальцаваных чорных ватоўках, пярэдні — з палявой кірзавай сумкай на баку, з якой тырчэлі канцы гаечных ключоў, адкрутак і малаткоў. Відаць, прахожыя належалі да тутэйшых механізатараў і цяпер па нейкай патрэбе ішлі ў РТС.

Начальнік дакурваў папяросу, чакаў прахожых і рыхтаваўся як мага ветлівей запрасіць іх дапамагчы ў ягонай бядзе. Але пярэдні, не чакаючы запрашэння, яшчэ здалёк, відаць, зразумеў усё і з незвычайнай лёгкасцю ў тоне, уласцівай простым і адкрытым людзям, пачаў сам:

— Што, браткі, штурхнуць?

— Ага, крышачку трэ’ было б, — сказаў шафёр і адразу палез у машыну.

— Давай, Міцька, націснем, штурхнём, каб выскачыла, як корак з пляшкі, — на хаду звярнуўся высокі да свайго таварыша.

Ён ухапіўся рукамі за буфер, а побач прымасціўся яго спадарожнік.

— А ну, заводзь! — скамандаваў начальнік, усё не сыходзячы са свайго месца.

Машына загула, мужчыны ямчэй упёрліся, напружыліся і сагнуліся крукам. Колы пасунуліся было ў каляінах, ды праз хвіліну сілы матора і людзей вычарпаліся, і памагатыя выпрасталі спіны.

— Давай, давай! — заўзята крычаў начальнік. — Яшчэ крышачку! Раз — два!

Паспрабавалі яшчэ і раз і два. Нейкага зусім нязначнага намагання не хапала, каб выпхнуць машыну з калдобіны. Твары штурхачоў наліліся чырванню, набраклі жылы на скронях, а начальнік з усяе моцы свайго басу натхняў іх на большыя натугі. Раптам высокі кінуў штурхаць і выпрастаўся.

— Што крычыш? А ну, давай сюды, штурхні, якога д’ябла крычаць!

Надзьмуты на якую хвіліну збянтэжыўся, замігаў вачыма, хацеў сказаць нешта, але высокі другі раз крыкнуў:

— Ну, чаго стаіш, рудавухі!..

Шафёр кінуў газаваць, ад неспадзяванасці разявіў рот і, чакаючы чагосьці, пытальна паглядзеў на свайго седака.

I начальнік, не сказаўшы ні слова, неяк бокам, няспрытна ступаючы ў гразь, падышоў да аўтамабіля, выглядаючы, дзе б зручней прымасціцца.

— Смялей бярыся! — строга загадаў высокі і раптам закрычаў:

— А ну, узялі! Раз — націснем, два… Пайшла, давай, ідзе… Есць!

I машына сапраўды выйшла, адарвалася ад рук людзей і яшчэ нясмела, але папаўзла па дарозе, штораз усё шпарчэй, і, нарэшце, выйшла на сухое месца.

— Ну вось, — сказаў другі, цяжка дыхаючы. — А то раз — два — узялі… А ён стаіць… Арганізатар…

Начальнік раптам пачырванеў, яго надзьмуты і змораны твар наліўся абурэннем.

Высокі спачатку здзівіўся, відаць, не адразу зразумеўшы прычыну злосці чалавека, а потым зарагатаў, аж адкінуўся назад усім целам.

— Арганізатар! — толькі і можна было чуць скрозь рогат. — Арганізатар!.. Ой, браткі, трымайце, разаб’юся…

[1956 г.]

Да родных месц

Неяк глыбокай ноччу Васіль Васільевіч адчуў, што ўжо да раніцы яму заснуць не прыйдзецца. Некалькі гадзін ён варочаўся яшчэ ў ложку, шчыльней туліў вуха да падушкі, але ўладаваць свае думкі, што дачасна адагналі сон, так і не здолеў. Тады ён надзеў на ногі цёплыя тапачкі, апрануў піжаму і выйшаў у пярэднюю.

Начны дрымотны спакой панаваў у кватэры. Часам чуваць было, як за тонкай сцяной нешта сонна мармытала жонка, недзе пад падлогай заварушыліся мышы, моцна задзярэбаўшы вугал, злез з даху кот. Васіль Васільевіч падсунуў бліжэй да грубкі стул і прыемна адчуў, як цяпло ад гладкага кафелю мякка разышлося ў рэўматычнай спіне.

Васіль Васільевіч, чалавек даволі ўжо пажылога веку, нядаўна выйшаў у адстаўку з вайсковай службы і пасяліўся са сваёй старой у небагатым, але ладным доміку ўскрай вялікага горада.

Жыццё ішло ў закат, часцей і часцей дапякалі хваробы, думкі ўходзілі ў мінулае, у цяжкія гады двух войн, у мірныя часы турботнай армейскай службы. Дзеці ўжо павырасталі, выйшлі ў людзі, жылі, працавалі, клопатаў заставалася ўсё менш з кожным годам. Ён пісаў кнігу, каб пакінуць свой багаты вопыт маладзейшым людзям, вайскоўцам. Жылося ўвогуле нядрэнна, ды і не ў глушы дзе-небудзь: усё ж у вялікім горадзе, прыгожым і людным. Дзесьці былі родныя мясціны, землякі, але за апошнія, асабліва пасляваенныя гады неяк адвык зусім Васіль Васільевіч ад тых месц, дзе нарадзіўся, гадаваўся. Жыццё праходзіла здалёк ад іх, былі месцы лепшыя, былі і горшыя, шмат новых людзей зрабіліся блізкімі і дарагімі, старыя сувязі з землякамі змарнелі з часам, з часам прастыла і юнацкая прыхільнасць да такіх прывабных некалі родных мясцін. Кароткія водпускі імкнуўся праводзіць з карысцю для здароўя, ездзіў на поўдзень. У астатні час, заняты службай, не да ўспамінаў было, жыў справамі, штодзённымі клопатамі. Так і думалася, што дзе добра жывецца, дзе ёсць хлеб, там і будзе калі ўжо не шчасце, дык хоць спакой, а што трэба яшчэ пажылому ўжо хвораму чалавек? Гэткія былі думкі і намеры, але на справе нешта атрымлівалася іншае.

Колькі ўжо дзён усё часцей і часцей успамінаўся родны край, тая затуленая лясамі вёсачка, дзе прамільгнула яго басаногае дзяцінства, дзе еў крапіву ў галодныя вёсны, палеткі, на якіх пасвіў скаціну і дапамагаў бацьку, старому чалавеку, дачасу змардаванаму працай і сялянскай нядоляй. Даўно ўжо было тое, шмат часу мінула, цяпер там, вядома, змянілася шмат што, вялікая сіла новых пераўтварэнняў узняла народ да інакшага, лепшага жыцця. Якімі там сталі цяпер людзі, землякі яго, як змяніўся край, гаротны і спакучаны, які спрадвеку гібеў у галечы? I тут Васіль Васільевіч адчуў, што тое, забытае за шмат гадоў, выціснутае з памяці справамі службы, узнялося цяпер у душы і не дае спакою. I, пэўна, не дасць ужо.

Да самага золаку сядзеў Васіль Васільевіч у пярэдняй. Шмат выкурыў папярос, шмат перадумаў, усё пра былое, не заўважыў нават, што ўжо даўно прастыла грубка, а ён усё туліўся да яе хворай спіной. У вокнах пашарэла, пэўна, памацнеў на дварэ вецер, тоненькая галінка бэзу задзярэбала па мокрай шыбе. Нехта з суседзяў, бразгаючы вёдрамі, прайшоў паўз акно да калодзежа. Са спальні выйшла старая, устрывожаная неспакоем мужа.

— Адамаўна, — сказаў Васіль Васільевіч, — збяры мне чамадан: трэба наведацца на пару дзён у Замошша.

Нешта здзіўлялася старая, казала пра восень, сцюжу, пра далёкі шлях, пагражала хваробай. Васіль Васільевіч ведаў пра ўсё гэта, не пярэчыў ёй, але адчуваў, што не паехаць яму нельга, і яго ўсё мацней пачала апаноўваць нецярплівасць рушыць у дарогу.

Непрывычна і некалькі дзіўна прагучала з яго вуснаў даўно забытая назва маленькай станцыі, да якой браў ён білет. Касірша спытала, якой дарогі станцыя, але Васіль Васільевіч ужо не ведаў, якой яна стала цяпер дарогі. Чыгуначніца, незадаволена зірнуўшы на няўцямнага пасажыра, пацягнулася [па] тоўст[ую] кніг[у].

Поделиться с друзьями: