Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў
Шрифт:
– Ціху, ціху ты, хвораму патрэбен спакой, трэці дзень галадуе...
– Хворы! Га-а-аладуе! Паўмяшка цукру змалоў... Гэта ж жартачкі, цэлы мех быў, а цяпер толькі на дне засталося... Злазь з воза, лодар і сімулянт!
А Мішка хоць бы хны! Як знарок, узяў яшчэ кавалачак цукру, за шчаку палажыў, ды пачаў раскусваць, ды пашчоўкваць як тымі арэхамі.
І што было рогату тут ды жартаў! Смяяліся з Мішкавай хваробы, з яго галадоўкі. Спачувалі капцёру і тут жа празвалі яго разявай. Трохі нязручна было доктару. Той пастаяў, пастаяў, падумаў хвіліну і толькі змог вымавіць:
– Дзіўна... Дзіўна... мм... хвароба, так сказаць, набывае псіхалагічны характар... Сі-і-му-у-у-ляцыя... А гэта не ў маёй спецыяльнасці, паколькі сярод маіх пацыентаў гэтае занядужанне не пашырана...
– А як жа ўсё ж такі з лячэннем?
– запытвалі праз смех чырвонаармейцы.
– Адмяніць прапісанае... Даць поўную свабоду жывёліне ды не ставіць паблізу мяшкоў з цукрам...
Увесь полк смяяўся з Мішкавай «сімуляцыі», з капцёра, з лекаў. Нават Жук кінуўся выкідваць свае нумары, бачачы ўсеагульны смех і весялосць. І толькі Барадаты па сваёй несвядомасці ніяк не мог зразумець падзей, усё падыходзіў асцярожна да воза і пачынаў сваю жаласлівую песню:
– Бе-э-э-э...
На яго кідаўся злосны капцёр, замахваўся пустым мяшком.
– Вон, пудзіла барадатае, і ты яшчэ лезеш, назола!
Яго сунімалі, супакойвалі:
– Што ты Бараду крыўдзіш, што ты да яе маеш?
Адным словам, у гэты дзень капцёр парваў усякія дыпламатычныя зносіны з Мішкам, Жукам ды Барадатым і зрабіўся іхнім перакананым ворагам. І хоць было тут багата смеху ды жартаў, аднак скончылася ўсё гэта для Мішкі даволі сумна і з вялікім канфузам. Колькі ні ўпіраўся ён, не выказваючы асаблівых намераў пакінуць абжытае месца на возе, усё ж давялося перасяліцца яму на новую кватэру, на другі воз. Троху ўзлаваў Мішка за ўсялякія непрыемнасці пры перасяленні, а адны непрыемнасці пацягнулі другія. Калі крыху ўсё ўціхамірылася, супакоілася, Мішка ўчыніў дэталёвы агляд сваёй новай кватэры, абнюхаў кожны мяшок, прамацаў кожную скрынку. Нічога выдатнага, тым больш цікавага для сябе, ён там не знайшоў. Вялікая, скажам, карысць для яго ў пачках махоркі, якую намацаў ён у адной са скрынак. Адно гаркацінне, дый годзе. І каб трохі спагнаць сваю злосць за няўдачу, Мішка надумаўся разгрузіць воз, каб ямчэй прымасціцца нанач. Гэтую разгрузку ён наважыўся распачаць з тытуню. Нядоўга думаючы, узяў пачак махоркі і - бац на дарогу. І вось тут здарыліся непрадбачаныя падзеі, якія аказалі значны ўплыў на шчырае сяброўства нашых артыстаў: Мішкі, Барадатага і Жука. Кінуў гэта Мішка пачак махоркі на дарогу. І дзівіцца: адкуль узяўся Барадаты і - цап за махорку. Ідзе за возам, пачак жуе, толькі барада сівая трасецца. І чым больш Мішка глядзеў, тым больш здзіўляўся: у Барадатага ад пачкі толькі бандэроля засталася, і тую старанна аблізваў ласун.
«Ну, і смак! Відаць, па несвядомасці...» - падумаў Мішка пра Барадатага.
А той, адкуль і храбрасці набраўся, падышоў да самага воза ды проста Мішку ў твар:
– Бе-э-э...
«Вось дзівак! Можа ўявіць сабе, што мне гэтага дабра так ужо і шкода», - падумаў Мішка ды новую пачку бац на дарогу Барадатаму... І так кідаў да таго часу, пакуль не заўважыў, што з казлом робіцца нешта няладнае. Пачаў той барадой дарогу пыліць ды ў бакі як п'яны хістацца. Ходзіць як муха тручаная. І голас зусім аслаб, дрыжыць голас, захлібаецца: бе-э, бе-бе... бе...
Тут і Жук умяшаўся ў справу. Убачыў, што з таварышам нешта нялюдскае робіцца. Падскочыў да яго, у пысу нюхнуў, бараду лізнуў. Лізнуў і адскочыў, - чыхаць пачаў. Да таго ж тая барада тытунём смярдзела, не раўнуючы, як піпка палкавога заўхоза. А Барадаты тым часам зусім абязножыў, з голасу сышоў, усё намагаўся на зямлю пакласціся ды вочы на лоб выпінаў. Кінуўся Жук на дапамогу: і так і сяк казла варушыў, бокам падпіраў, за рогі падымаў - нічога не дапамагае. Хіліцца Барадаты на дарогу і - ніякага ратунку. Бачыць Жук, што бяда, і давай каравул крычаць, трывогу ўзнімаць. Такі брэх падняў, што ўсе людзі збегліся. Ведалі, што Жук па-дарэмнаму не брэша. А Мішка, седзячы на возе, прыглядаўся ўсё да падзей і здагадваўся, што адбываецца нешта нядобрае. А калі людзі прыбеглі, кінуў свае доследы над скрынкамі, зашыўся ў мяшкі, ляжыць сабе і не лыс.
Тым часам узяліся за Барадатага. Вадой акацілі, сывараткай напаілі, сяк-так адхаялі Бараду да раніцы, на ногі паставілі.
– Гэта ж жартачкі, так тытуню аб'есціся... Ледзь зусім не атруціўся... І хто б участаваў так?
Шукалі вінаваўцу, а Мішка пазіраў з воза і ў вус не дзьмуў. Але ці сумленне загаварыла, ці надакучылі Мішку ўсе гэтыя нецікавыя мяшкі, дзе не было ні драбочка цукру, кінуў ён свае аперацыі па выгрузцы.
Барадаты ж, нягледзячы на перажытыя хваляванні, пачаў адчуваць да Мішкі вялікую павагу і прыязнь: ніхто і ніколі так багата не частаваў яго махоркай. Недастача махоркі была, канешне, выяўлена, але ніхто не мог западозрыць у гэтым Мішку - навошта яму такое гаркацінне. Ну, а Барадаты не меў прычыны выкрыць сакрэт, мо па несвядомасці, мо па таварыстве. Падзея з тытунём была забыта, ды і сам Мішка пачаў рабіцца больш акуратным і дысцыплінаваным.
К таму ж, каб не было ў Мішкі залішніх спакусаў, перавялі яго на трэці воз, у ружэйна-кулямётны парк. Пры самым уважлівым аглядзе воза Мішка не знайшоў нічога, што магло б быць падобным на ласункі. Паспрабаваў быў на зуб патроны - ніякага смаку не адчуў, ды і зубам клапотна, паламаць яшчэ можна. Сунуў лапу ў ружэйнае масла - лізнуў і доўга чыхаў і моршчыўся, старанна выціраючы язык аб мяшкі, аб салому. На гэтым і закончыў ён свае доследы і прымірыўся з пайком, які акуратна выдаваўся яму штодня.
Галадаваць жа Мішку не даводзілася, хапала пайка. Ды акрамя пайка даставалася. Чым толькі не частавалі палкавога ўлюбёнца: і хлебам, і кавалачкам цукру, і добрай косткай барановай, і квартай свежага малака. Усе любілі яго, усе клапаціліся аб ім - і камандзіры, і чырвонаармейцы.
Аставалася нявырашанай пакуль што справа з яго абмундзіраваннем, з Мішкавай амуніцыяй. Але аб гэтым далей.
На адным з прывалаў, калі адпачывалі і весяліліся чырвонаармейцы, Мішка выкідваў свае чарговыя нумары. Як артыст, ён набываў з кожным днём усё большую кваліфікацыю, і яго «спектаклі» рабіліся ўсё больш разнастайнымі і цікавымі. І калі ў першыя дні Мішка мог выконваць толькі самыя звычайныя фокусы - станавіцца на галаву, хадзіць на пярэдніх лапах, - дык цяпер мог паказаць, як аблізваецца Антанта, гледзячы на савецкую зямлю. Як фанабэрыцца польскі пан і точыць зубы на нас. Як паны мужыкоў бізунамі частуюць. Як рабочы пану галаву звярнуў. Шмат чаго навучыўся паказваць Мішка, і ў яго артыстычнай справе актыўна дапамагалі Барадаты і Жук. Жук звычайна падносіў у зубах Мішку якія-небудзь артыстычныя рэчы: палку, капялюш альбо барабан. Падносіў і, пачціва вільнуўшы хвастом, адыходзіў і скромна пазіраў на «прадстаўленне», падымаючы ў патрэбную хвіліну гучны або ціхі брэх. Гэта былі своеасаблівыя Жукавы апладысменты. Барадаты ж сам павінен быў выконваць з Мішкам некаторыя нумары. Асабліва не падабалася яму адна сцэнка, дзе даводзілася пакутаваць яго барадзе. І як толькі Барадаты чуў каманду: «Ану, Мішуха, патрасі-тка сусветнага буржуя, сусветную гідру за бараду», - ён кідаўся звычайна куды-небудзь наўцёкі. Але ўцякаў толькі для прыліку. Яго хутка лавілі і прыводзілі сілком да Мішкі. Давалі зноў каманду, і Мішка паважна браўся абедзвюма лапамі за казлову бараду і даволі энергічна трос яе злева направа, торгаў уніз, прыгінаючы Барадатага да самай зямлі, ставячы яго на каленкі. Трос датуль, пакуль «сусветная гідра» не пачынала прасіць паратунку, не зусім мілагучна выводзячы на ўсе галасы сваё нязменнае:
– Бе-э-э-э...
– Асцярожна, Мішка, асцярожна! Трасі ды не растрасай, не лезь глыбока ў ролю!
– папярэджвалі Мішку, і ён, падняўшы казла за рогі, пакідаў яго ў спакоі і важна раскланьваўся з публікай. Барадаты, атросшыся ад пылу, хуценька бег да чырвонаармейцаў, каб раней Мішкі перахапіць адпаведную плату за прадстаўленне.
«Вось ненасытны, ніколі не нажарэцца!» - думаў Мішка пра казла і за гэта крыху яго недалюбліваў.
У заключным нумары Мішка выступаў адзін. Хто-небудзь з чырвонаармейцаў урачыста аддаваў каманду:
– Ану, Міша, слаўны артыст яго вялікасці народу ўсяго трэцяга батальёна і ўсяго непераможнага стралковага палка, пакажы ворагам на страх і нам на забаву, як канае пад чырвоным штыком сусветная гідра контррэвалюцыі.
Мішка станавіўся на заднія лапы, хапаўся з жахам за бакі, валіўся на зямлю, пераварочваўся на хрыбет і дрыгаў куртатымі нагамі ў паветры, старанна высунуўшы язык. Мішка з такой дасціпнасцю выконваў гэты нумар, што ўсе хапаліся за жываты ад смеху. І да чаго быў скромны і ціхі Жук - і той паддаваўся агульнай весялосці і кідаўся бегаць з усіх ног, казла дражніў, брахаў на ўсіх. І нават Барадаты кідаў сваю заўсягдашнюю жвачку - заўсёды ў зубах сцяблінка якая, саломінка - і глядзеў не мігаючы вокам на Мішку, адабральна трос барадой ды ціхенька праз зубы выцэджваў: