Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў
Шрифт:
– Бе-э-э-э...
І вось, калі скончыў Мішка чарговае прадстаўленне, выступіў адзін з маладых камандзіраў:
– Братцы, артыста мы любім, але ж не клапоцімся аб ім як трэба. Дзе гэта відана, каб артыст босы хадзіў? Дзе гэта відана, каб артыст, даруйце мне, без штаноў гуляў? Як-ніяк блізка восень... Як-ніяк Мішка можа прастудзіцца.
– Амуніцыю Мішку! Штаны Мішку!
– у адзін голас крыкнулі чырвонаармейцы і без усякага лішняга галасавання пастанавілі абмундзіраваць Мішку, надаць яму выгляду баявога. Мішка, канешне, нічога не меў супраць гэтай пастановы, бо асабліва не разбіраўся ў такой тонкай справе, як амуніцыя.
Доўга думалі і гадалі, у якую форму апрануць артыста: у пяхотную, кавалерыйскую або лётніцкую. Але які ж з Мішкі лётчык? Ды яшчэ паспрабуй апрануць яго лётчыкам, ён тады і самалёт захоча, а дзе ты лішніх самалётаў набярэшся на фронце? Кавалерыстам хіба апрануць? Дык тады ж каня патрэбна. А які ж з Мішкі яздок? Спыніліся на пяхотнай форме, бо да пяхотнай справы Мішка быў дужа ж здатны, пешака ўвесь свой век малады прайшоў. А каб адзначыць усе Мішкавы заслугі перад палком, парашылі Мішку абмундзіраваць: боты даць, шаблю даць, мундзір уланскі, штаны з лампасамі залатымі.
Заваляўся-такі мундзірчык у палкавых запасах, з трафеяў, узятых у бойцы пад Баранавічамі. І хоць мундзір уланскі быў кавалерыйскай формы, але доўга не спрачаліся хлопцы - варожая кавалерыйская форма можа і пешака хадзіць.
І прыступілі да справы.
Але тут аказаліся сякія-такія цяжкасці. Калі Мішка даволі абыякава прымаў пастанову аб яго амуніцыі, дык калі справа падышла да яе практычнага вырашэння, Мішка стаў на дыбкі. І тут усе ўбачылі, што Мішка, які меў вялікі спрыт да ежы, нічога не разумеў у адзежы і выступіў супраць яе досыць сурова.
Спачатку ўсё ішло ціха і мірна. Мішка дужа ўпіраўся, соп, крактаў, касавурыў вокам, нават намагаўся на спіну легчы, калі некалькі чырвонаармейцаў прыводзілі яго да баявога выгляду, нацягвалі мундзір і штаны. Нават спрабаваў кусацца, калі пачалі чобаты нацягваць, але, атрымаўшы злёгку па загрыўку, артыст супакоіўся і даўся, каб прывязаць шаблю і прымацаваць шапку. Выгляд у Мішкі быў сапраўды важнецкі - мундзір блішчаў, лампасы блішчалі, а раззлаваны Мішка грозна і сурова пазіраў навокал.
Прыняўшы гэта за надругу над сваёй асобай, Мішка кінуў такі ўзлаваны позірк, што Барадаты, які стаяў побач, сігануў маланкай у кусты, ды і Жук палічыў за лепшае адысціся ад яго падалей. І тут пачалося прадстаўленне, якога яшчэ ніколі не бачылі чырвонаармейцы. Мішка панюхаў лампасы, учапіўся ў іх зубамі і ў адзін міг сарваў іх, як тое лыка з дрэва. Адны чырвонаармейцы ахнулі ад такой неспадзяванай надругі над галіфэ, а другія кінуліся ў рогат, падбадзёрвалі Мішку:
– Так, Мішутка, так! Руйнуй панскую форму!..
Але Мішка нічога не слухаў і, доўга не думаючы, стаў на галаву ды пачаў так старанна дрыгаць заднімі нагамі, што чобаты адзін за адным са свістам пранесліся ў паветры і адзін трапіў на елку, другі - у балота. Дайшла чарга і да штаноў. І праз які міг адна калашына ляцела ў адзін бок, другая - у другі.
Тут ужо некаторыя аж узлаваліся - асабліва ж капцёр, які дужа шкадаваў штаны, бо яны яму вельмі і вельмі падабаліся. Той аж крык падняў:
– Што ты робіш, гад? Гэткую адзежыну сапсуў!
А Мішка тым часам падняўся, стаў на заднія ногі, анучы атрос, скінуў шаблю, бразнуўшы ёю аб хвойку, і з пакрыўджаным выглядам пайшоў панура ў бок ад народу. На ім застаўся адзін толькі мундзір, мундзір без штаноў. Супраць мундзіра Мішка чамусьці нічога не меў, магчыма, таму, што мундзір гэты не замінаў яму асабліва ў хадзьбе. І колькі ні намагаліся потым хлопцы ўладзіць справу з Мішкавымі штанамі, нічога не выходзіла. Чаго, чаго не рабіў ён з імі, з гэтай адзежынай. Тапіў у балоце, хаваў пад корч, і калі намагаліся хлопцы ў чацвёрты раз апрануць артыста, ён зноў урачыста іх скінуў, разадраўшы на дзве палавіны. Але на гэты раз ён не стаў ні хаваць іх, ні тапіць у балоце. З самым суровым выглядам палез Мішка, трымаючы адзежыну ў зубах, на самую высокую хвойку і, прымасціўшыся на самым высокім суку, канчаткова і беспаваротна расправіўся з ненавіснай адзежынай. Парваў штаны на дробныя мэтлухі і, урачыста скінуўшы іх з дрэва, злез і маўкліва прыступіў да выканання сваіх чарговых артыстычных абавязкаў.
– Гм... З характарам Мішка!
– пачціва адазваліся аб ім чырвонаармейцы і больш не прыставалі з амуніцыяй.
Так і хадзіў Мішка ў мундзіры без штаноў, без ботаў, без шапкі. Праўда, і мундзір хутка стаў падобны на адну толькі відзімасць, бо ад частага лазання па дрэвах ад мундзіра засталіся адны толькі лапікі. Але Мішка не прыдаваў гэтаму асаблівага значэння, маючы ад прыроды нахіл да прастаты і скромнасці. Так закончыліся ўсе спробы абмундзіраваць Мішку.
Полк ішоў усё далей і далей. Некаторымі днямі праходзілі больш чым па паўсотні вёрст. Белапалякі адступалі. Часам завязваліся ўпартыя баі, і тады Мішкаў абоз адпачываў. Там пакідалі Мішку з яго артыстамі. Мішка хадзіў з сваімі таварышамі без справы, сумаваў - не было каго весяліць. Якая там, скажам, весялосць з капцёрамі ды з абознікамі. І хадзіў Мішка сам не свой, агрызаўся на Барадатага, намагаўся без дай прычыны Жука пакрыўдзіць і ўсё стараўся наступіць яму лапай на хвост, каб хоць чым-небудзь выказаць сваё нездавальненне. Чырвонаармейцы бачылі такі паганы настрой Мішкі і прымалі меры, каб развесяліць артыста.
– Чаго яму ў абозе ацірацца? З яго баец хоць куды, няйначай прыйдзецца стральбе навучыць...
І пачалі вучыць.
Праўда, справа не клеілася на лад. І калі Мішка яшчэ з поспехам і нават з захапленнем выконваў некаторыя нумары з вінтоўкай: браў на каравул, да нагі, на рамень, на ізгатоўку, - дык калі справа дайшла да стральбы, тут Мішка выказаў самы рашучы пратэст. Не толькі што самому страляць - аб гэтым не магло быць і гаворкі, - але нават і гуку стрэлу Мішка не мог пераносіць. І калі пальнулі пры ім з вінтоўкі, Мішка як дуж кінуўся з усіх ног наўцёкі і зашыўся ў стог саломы, што стаяў каля дарогі. Адны толькі заднія ногі тырчалі з саломы, ды дрыжаў з перапуду Мішкаў куртаты хвосцік. Насілу выцягнулі Мішку са стога за ногі.
– Ай да храбрэц! Саромся, Мішка, чырваней перад Барадатым!
І сапраўды, казёл, даўно звыкнуўшыся са стральбой, не звяртаў на яе аніякае ўвагі і абыякава жаваў жменьку мурожнага сена, скрадзенага з чужога воза. А Жук, той нават вочы ленаваўся расплюшчыць, калі чуў стрэл, і толькі варушыў вушамі, адганяючы імі назойлівых мух. На Мішку ж стрэл падзейнічаў задужа, ён ніяк ачухацца не мог, палахліва пазіраў на вінтоўку, і калі казаць па сакрэце, дык нават жыватом захварэў, і доўга адпойваў яго доктар чарнічным узварам. Так пачалася стралковая вучоба для Мішкі.
Але трэба сказаць, што ў хуткім часе Мішка змяніўся і зрабіўся такім адважным байцом, што Барадаты і Жук пачалі з яго проста дзівіцца. Ці свядомасць была тут прычынай, ці Мішка не хацеў плесціся ў хвасце Барадатага, але праз якія тры-чатыры дні вучобы Мішка спакойна пераносіў не толькі вінтовачныя стрэлы, але мог, не хмурачы вока, стаяць ці ляжаць каля кулямёта і спакойна выслухоўваць самую гарачую стральбу. І нават патроны падносіць навучыўся. Кулямётчыкі страляюць, а Мішка бегае да павозкі і каробкі з кулямётнымі істужкамі падносіць, набярэ цэлую груду пад пахі і нясе, з нагі на нагу перавальваючыся, крэкчучы, сапучы.