Пра вандроўкi вечныя i пра Зямлю (на белорусском языке)

ЖАНРЫ

Поделиться с друзьями:

Пра вандроўкi вечныя i пра Зямлю (на белорусском языке)

Пра вандроўкi вечныя i пра Зямлю (на белорусском языке)
5.00 + -

рейтинг книги

Шрифт:

Рэй Брэдбэры

Пра вандроўкi вечныя i пра Зямлю

Пераклаў Сяргей Мiхальчук

Семдзесят гадоў запар Генры Ўiльям Фiлд пiсаў апавяданнi, якiя нiхто не друкаваў, i вось аднойчы а палове дванаццатай ночы ён падняўся i спалiў дзесяць мiльёнаў слоў. Занёс усе рукапiсы ў падвал свайго змрочнага асабняка, у кацельню, i шпурнуў у печ.

– От i ўсё, - сказаў ён i ў роздуме пра сваю марную працу i загубленае жыццё вярнуўся ў спальню, поўную ўсялякiх дзiвосных i рэдкасных рэчаў, i лёг у пасцель.
– Дарэмна я стараўся паказаць наш вар'яцкi, ашалелы свет, гэта была памылка. Год 2257, ракеты, атамныя цуды, падарожжы да чужых планет i падвойных сонцаў. Каму гэта па сiле! Спрабавалi, праўда, усе. Ды нi ў аднаго сучаснага аўтара нiчога не выйшла.

Космас занадта неабсяжны, думаў ён, мiжзорныя караблi занадта хуткiя, адкрыццi атамнай навукi занадта нечаканыя. Але iншыя сяк-так з грахом папалам усё ж друкавалiся, а ён, багаты, бяздзейны i гультаяваты, усё жыццё патрацiў марна.

Цэлую гадзiну ён мучыўся такiмi думкамi, а пасля паплёўся праз пустыя пакоi ў бiблiятэку i запалiў лiхтар. Сярод кнiг, да якiх паўстагоддзя нiхто не дакранаўся, ён наўздагад выбраў адну. Кнiзе мiнула тры стагоддзi, старонкi пажоўклi ад часу, але ён упiўся ў гэтую кнiгу i прагна чытаў да самага досвiтку...

У дзевяць гадзiн ранiцы Генры Ўiльям Фiлд выбег з бiблiятэкi, гукнуў слуг, выклiкаў па тэлевiзары юрыстаў, сяброў, вучоных, лiтаратараў.

– Прыязджайце зараз жа!
– крычаў ён.

Не мiнула i гадзiны, як у яго сабралася чалавек дванаццаць. Генры Ўiльям Фiлд чакаў у кабiнеце - ускудлачаны, непаголены, аж непрыстойна ўзбударажаны, ахоплены нейкай незразумелай лiхаманкавай весялосцю. Высахлымi рукамi ён сцiскаў тоўстую кнiгу i, калi з iм вiталiся, толькi смяяўся ў адказ.

– Глядзiце, - сказаў ён нарэшце, - вось кнiга, яе напiсаў волат, гiгант, якi нарадзiўся ў Эшвiлi, штат Паўночная Каралiна, у тысяча дзевяцiсотым годзе. Ён ужо даўно спарахнеў, а калiсьцi надрукаваў чатыры вялiзныя раманы. Ён быў як ураган. Ён узнiмаў горы i ўбiраў у сябе вятры. Пятнаццатага верасня тысяча дзевяцьсот трыццаць восьмага года ён памёр у Балтыморы, у бальнiцы Джона Гопкiнса, ад калiсьцi страшнай хваробы - пнеўманii, i пасля яго застаўся чамадан, напакаваны рукапiсамi, - i ўсе напiсаны алоўкам.

Усе, хто сабраўся ў кабiнеце, паглядзелi на кнiгу.

"Азiрнiся на дом, анёл".

Стары Фiлд вылажыў на стол яшчэ тры кнiгi. "Пра час i пра раку", "Павуцiна i скала", "Табе ўжо не вярнуцца дадому".

– Iх напiсаў Томас Вулф, - сказаў ён.
– Тры стагоддзi ён спачывае ў зямлi Паўночнай Каралiны.

– Дык няўжо вы паклiкалi нас толькi для таго, каб паказаць кнiгi нейкага нябожчыка?
здзiвiлiся сябры.

– Не, не толькi! Я паклiкаў вас, бо зразумеў: Том Вулф - вось хто нам трэба! Вось чалавек, якi быў створаны для таго, каб пiсаць пра вялiкае, пра Час i Прастору, пра галактыкi i касмiчную вайну, пра метэоры i планеты. Ён любiў i апiсваў усё нешта такое, велiчнае i грознае. Проста ён нарадзiўся занадта рана. Яму патрэбны быў матэрыял сапраўды грандыёзны, а на Зямлi ён нiчога такога не знайшоў. Яму трэба было нарадзiцца не сто тысяч дзён назад, а сёння.

– А вы, баюся, крыху спазнiлiся, - падкалоў прафесар Боўлтан.

– Ну не!
– абсек яго стары.
– Хто-хто, а я не дам сучаснасцi абакрасцi мяне. Вы, прафесар, ставiце доследы з падарожжамi ў часе. Спадзяюся, вы ўжо ў гэтым месяцы даведзяце да ладу сваю машыну. Вось вам чэк, суму паставiце самi. Калi спатрэбяцца яшчэ грошы, скажыце толькi слова. Вы ж падарожнiчалi ўжо ў мiнулае, праўда?

– Падарожнiчаў, на некалькi гадоў назад, але не на стагоддзi...

– А мы даб'ёмся стагоддзяў! I вы ўсе, - ён абвёў прысутных няўрымслiвым, гарачым позiркам, - будзеце дапамагаць Боўлтану. Мне патрэбен Томас Вулф.

Усе ахнулi.

– Менавiта так, - пацвердзiў стары.
– Вось што я задумаў. Вы даставiце мне Вулфа. Сумесна мы выканаем вялiкую задачу, палёт з Зямлi на Марс будзе апiсаны так, як здольны гэта зрабiць адзiн толькi Томас Вулф!

I ўсе разышлiся, а Фiлд застаўся са сваiмi кнiгамi, ён гартаў старыя старонкi i, кiваючы, мармытаў сам сабе:

– Так, так, вядома! Том - вось хто нам трэба. Том - якраз той самы хлопец для гэтай справы.

Марудна цягнуўся месяц. Днi ўпарта не хацелi развiтвацца з календаром, бясконца доўжылiся тыднi, i Генры Ўiльям Фiлд гатовы быў завыць ад роспачы.

Пад канец месяца ён аднойчы прачнуўся апоўначы. Званiў-надрываўся тэлефон. Фiлд у цемры працягнуў руку.

– Слухаю.

– Гаворыць прафесар Боўлтан.

– Што скажаце?

– Я выпраўляюся праз гадзiну.

– Выпраўляецеся? Куды? Вы што, кiдаеце работу? Гэта немагчыма!

– Даруйце, мiстэр Фiлд. Выпраўляюся - гэта значыць выпраўляюся.

– Дык вы i праўда выпраўляецеся?

– Праз гадзiну.

– У тысяча дзевяцьсот трыццаць восьмы? Пятнаццатае верасня?

– Так.

– Вы дакладна запiсалi дату? Раптам вы з'явiцеся, калi ён ужо будзе мёртвы? Глядзiце, не спазнiцеся! Пастарайцеся трапiць туды загадзя, скажам, за гадзiну да яго смерцi.

– Добра.

– Я так хвалююся, ледзьве трымаю ў руках слухаўку. Шчаслiва, Боўлтан! Дастаўце яго сюды цэлага i жывога.

– Дзякуй, сэр. Да пабачэння.

У слухаўцы пстрыкнула.

Генры Ўiльям Фiлд ляжаў без сну, ноч адлiчвала хвiлiны. Ён думаў пра Тома Вулфа як пра даўно страчанага брата, якога трэба падняць анi не пашкоджаным з-пад халоднага надмагiльнага каменя, вярнуць яму плоць i кроў, палымянасць слова. I кожны раз яго прабiралi дрыжыкi пры ўспамiне пра Боўлтана - пра таго, каго вецер Часу нясе назад, да зусiм iншых календароў, да зусiм iншых людзей.

"Том, - у дрымоце думаў ён з бяссiльнай пяшчотай так стары бацька звяртаецца да любага, даўно страчанага сына, - Том, дзе ты цяпер? Прыходзь, мы табе дапаможам, ты абавязкова павiнен прыйсцi, ты нам гэтак патрэбен! Мне гэта не па сiле, Том, i нiкому з нас, цяперашнiх, не па сiле. Калi я ўжо сам не магу з гэтым справiцца, дык хоць памагу табе. У нас ты можаш жартам забаўляцца з ракетамi, Том, вось табе зоркi - прыгаршчы каляровых шкельцаў. Бяры ўсё, што душа пажадае, у нас усё ёсць. Табе будуць да густу наша гарэнне i нашы вандроўкi - яны створаны для цябе. Мы, цяперашнiя, - нiкчэмныя пiсакi, Том, я ўсiх перачытаў, i нiводзiн не варты цябе. Я адолеў вялiкае мноства iхнiх твораў, Том, i нiдзе нi на момант не адчуў Прасторы - для гэтага нам патрэбен ты! Дай жа старому тое, да чаго ён iмкнуўся ўсё жыццё, бо, Бог таму сведка, я заўсёды чакаў, што або сам я, або хто другi напiша нарэшце сапраўды вялiкую кнiгу пра зоркi, - i чакаў дарэмна. Якi ты нi ёсць сёння ўночы, Том Вулф, пакажы, на што ты здольны. Гэтую кнiгу ты рыхтаваўся стварыць. Крытыкi кажуць - гэтая цудоўная кнiга ўжо склалася ў цябе ў галаве, але тут жыццё тваё абарвалася. I вось трапiўся выпадак, Том, ты ж яго не прапусцiш? Ты ж паслухаешся i прыйдзеш да нас, прыйдзеш сёння ўночы i будзеш тут ранiцай, як я прачнуся? Гэта ж праўда, Том?"

Павекi Фiлда стулiлiся; замоўк язык, якi лiхаманкава лепятаў усё тую ж настойлiвую просьбу-мальбу; заснулi вусны.

Гадзiннiк прабiў чатыры.

Ён абудзiўся ясным цвярозым ранкам i адчуў у грудзях прылiў хвалявання, якое ўсё нарастала i нарастала. Ён баяўся мiргануць - раптам тое, што чакае яго дзесьцi ў доме, кiнецца наўцёкi, грукне дзвярамi i знiкне назаўсёды. Ён прыцiснуў рукi да худых старэчых грудзей.

Удалечынi... крокi...

Адны за другiмi адчынялiся i зачынялiся дзверы. У спальню ўвайшлi двое.

Фiлд чуў iхняе дыханне. I ўжо распазнаваў хаду. У аднаго дробныя акуратныя маленькiя крокi, нiбы ў павука, - гэта Боўлтан. Поступ другога выдае чалавека рослага, мажнага, грузнага.

– Том?
– усклiкнуў стары. Ён яшчэ не расплюшчваў вачэй.

– Гэта я, - пачуў ён нарэшце.

Ледзь толькi Фiлд убачыў Тома Вулфа, вобраз, што быў створаны яго ўяўленнем, лопнуў па ўсiх швах, як занадта цесная апратка на вялiкiм не па ўзросту дзiцяцi.

– Дай я на цябе пагляджу, Том Вулф!
– зноў i зноў паўтараў Фiлд, вылазячы з пасцелi. Яго калацiла.
– Ды падымiце ж шторы, дайце на яго палюбавацца! Том Вулф, няўжо гэта ты?

Комментарии: