Пра вандроўкi вечныя i пра Зямлю (на белорусском языке)
Шрифт:
Стары скурчыўся ў крэсле, зрабiўся зусiм маленькi.
– Няўжо вы зараз адбераце яго ў мяне? Ён так цудоўна працуе! Каб вы толькi бачылi, якiя эскiзы ён перадаў усяго гадзiну назад - апавяданнi, накiды. Во, во - гэта пра касмiчныя плынi, а гэта пра метэарыты. А вось пачатак аповесцi пад назвай "Пушынка i полымя"...
– Нiчога не зробiш...
– Але калi мы зараз страцiм яго, можа, вы здолееце даставiць яго сюды яшчэ раз?
– Бязмернае ўмяшанне ў Мiнулае занадта небяспечна.
Стары быццам акамянеў.
– Тады вось што. Зрабiце так, каб Вулф не трацiў часу на ваджанiну з алоўкам i паперай - няхай друкуе на машынцы або дыктуе, адным словам, паклапацiцеся пра якую-небудзь механiзацыю. Абавязкова!
Апарат стракатаў не ведаючы стомы - за поўнач i пасля да свiтання i ўвесь дзень без перадыху. Стары правёў бяссонную ноч; толькi ён змружыць павекi, як апарат зноў ажывае - i ён страпянецца, i зноў касмiчныя прасторы, i вандроўкi, i неабсяжнасць быцця плывуць да яго, пераўтвораныя думкай другога чалавека.
"...бязмежныя зорныя лугi космасу..."
Апарат запнуўся, уздрыгнуў.
– Давай, Том! Пакажы iм!
Стары застыў у чаканнi.
Зазванiў тэлефон.
Голас Боўлтана:
– Мы болей не можам падтрымлiваць сувязь, мiстэр Фiлд. Яшчэ хвiлiна - i кантакт Часу сыдзе на нiшто.
– Зрабiце што-небудзь!
– Не магу.
Тэлетайп уздрыгнуў. Быццам зачараваны, пахаладзелы ад жаху, стары сачыў, як складваюцца чорныя радкi:
"..марсiянскiя гарады - дзiвосныя, непраўдападобныя, быццам камянi, што знесены з горных вяршынь нейкай iмклiвай, неверагоднай лавiнай i застылi нарэшце зiхатлiвымi россыпамi..."
– Том!
– крыкнуў стары.
– Усё, - прагучаў у слухаўцы голас Боўлтана.
Тэлетайп памарудзiў, адстукаў яшчэ слова i змоўк.
– Том!!!
– у роспачы закрычаў Фiлд.
Ён пачаў трэсцi тэлетайп.
– Дарма, - сказаў голас у слухаўцы.
– Ён знiк. Я адключаю Машыну Часу.
– Не-не! Пачакайце!
– Але ж...
– Чулi, што я сказаў? Пачакайце выключаць! Магчыма, ён яшчэ тут.
– Яго больш няма. Гэта дарма, энергiя трацiцца марна.
– Няхай сабе трацiцца!
Фiлд шпурнуў слухаўку.
I павярнуўся да тэлетайпа, вярнуўся да незакончанага сказа.
– Ды ну, Том, не могуць яны вось так ад цябе адкараскацца, не паддавайся, сынку, ану, давай далей! Дакажы iм, Том, ты ж малайчына, ты большы, чым Час i Прастора i ўсе гэтыя праклятыя механiзмы, ты маеш такую сiлу, такую жалезную волю. Том, дакажы iм усiм, не давай адсылаць цябе назад!
Пстрыкнуў клавiш тэлетайпа.
– Том, гэта ты?!
– сам не свой ад здзiўлення замармытаў стары.
– Ты яшчэ можаш пiсаць? Пiшы, Том, не здавайся, пакуль ты не апусцiў рукi, цябе не могуць адаслаць назад, не могуць!!!
"У", - стукнула машына.
– Яшчэ, Том, яшчэ!
"Дыханнi", - адстукала яна.
– Ну, ну?!
"Марса", - надрукавала машына i спынiлася. Кароткая цiшыня. Шчаўчок. I машына пачала зноў, з новага радка:
"У дыханнi Марса адчуваеш водар карыцы i халодных рэзка пахучых вятроў, тых вятроў, што ўзнiмаюць лятучы пыл, i абмываюць нятленныя косцi, i прыносяць пылок даўным-даўно адцвiлых кветак..."
– Том, ты яшчэ жывы!
Замест адказу апарат яшчэ дзесяць гадзiн запар выбухаў лiхаманкавымi прыступамi i адстукаў шэсць раздзелаў "Уцёкаў ад дэманаў".
– Сёння ўжо мiнула паўтара месяца, Боўлтан, цэлыя паўтара месяца, як Том паляцеў на Марс i на астэроiды. Глядзiце, вось рукапiсы. Дзесяць тысяч слоў у дзень, ён не дае сабе перадыху, не ведаю, калi ён спiць, цi паспявае паесцi, ды гэта для мяне ўсё роўна, i для яго таксама, для яго адно важна - дапiсаць, ён жа ведае, што час не чакае.
– Недаступна розуму, незразумела, - сказаў Боўлтан.
– Нашы рэле не вытрымалi, энергiя панiзiлася. Мы зрабiлi для галоўнага канала новыя рэле, якiя забяспечваюць надзейнасць Элемента Часу, але ж на гэта пайшло тры днi - i ўсё-такi Вулф пратрымаўся! Вiдаць, гэта залежыць яшчэ i ад яго асобы, тут дзейнiчае нешта такое, чаго мы не прадугледзелi. Тут, у нашым часе, Вулф жыве - i, аказваецца, Мiнулае не можа так лёгка яго вярнуць. Час не такi падатлiвы, як мы думалi. Мы карысталiся няправiльным параўнаннем. Гэта не гумка. Гэта болей падобна на дыфузiю - узаемапранiкненне вадкiх пластоў. Мiнулае нiбы прасочваецца ў Сучаснае... Але ўсё роўна давядзецца адаслаць яго назад, мы не можам яго пакiнуць тут: у Мiнулым утворыцца пустата: усё перамесцiцца i пераблытаецца. Па сутнасцi, яго зараз утрымлiвае ў нас толькi адно - ён сам, яго страсць, яго работа. Дапiсаўшы кнiгу, ён выслiзне з нашага часу гэтак жа натуральна, як вылiваецца вада са шклянкi.
– Мне напляваць, што, як i чаму, - запярэчыў Фiлд.
– Я ведаю адно: Том заканчвае сваю кнiгу! У яго ўсё той жа талент i натхненне i ёсць штосьцi яшчэ, штосьцi новае, ён шукае каштоўнасцей, якiя вышэй за Прастору i Час. Ён напiсаў псiхалагiчны эцюд пра жанчыну, якая застаецца на Зямлi, калi адважныя касманаўты накiроўваюцца ў Невядомасць, - гэта цудоўна напiсана, праўдзiва i тонка; Том назваў свой эцюд "Дзень ракеты", ён апiсаў усяго толькi адзiн дзень сама звычайнай правiнцыялкi, яна жыве ў сябе дома, як жылi яе прабабкi - вядзе гаспадарку, гадуе дзяцей... небывалы росквiт навукi, грукат касмiчных ракет, а яе жыццё амаль гэтакае ж, якое было ў жанчын у каменным веку. Том праўдзiва, старанна i пранiкнёна апiсаў яе парываннi i расчараваннi. Або во яшчэ рукапiс, называецца "Iндзейцы", тут ён пiша пра марсiян: яны - iндзейцы космасу, iх выцеснiлi i знiшчылi, як даўней iндзейскiя плямёны - чарокаў, iракезаў, чарнаногiх. Выпiце, Боўлтан, выпiце!
На зыходзе другога месяца Том Вулф вярнуўся на Зямлю.
Ён вярнуўся ў полымi, як у полымi i адлятаў, крокамi волата ён перасек космас i ўвайшоў у дом Генры Ўiльяма Фiлда, у бiблiятэку, дзе на падлозе грувасцiлiся стосы жоўтай паперы, скрэмзанай алоўкам або спярэшчанай радкамi машынапiсу; стосы гэтыя трэба было падзялiць на шэсць частак, з iх складаўся шэдэўр, створаны з неймавернай хуткасцю нечалавечай упартай працай, з пастаянным усведамленнем няўмольна мiнаючых хвiлiн.
Том Вулф вярнуўся на Зямлю, ён стаяў у бiблiятэцы Генры Ўiльяма Фiлда i пазiраў на аграмадзiны, што былi спароджаны яго сэрцам i яго рукою.
– Хочаш усё гэта прачытаць, Том?
– спытаў стары.
Але ён пакруцiў масiўнай галавою, шырокай далонню адкiнуў назад грыву цёмных валасоў.
– Не, - сказаў ён.
– Баюся пачынаць. Калi пачну, захочацца ўзяць усё гэта з сабою. А мне ж няможна забраць гэта дадому, праўда?
– Няможна, Том.
– А вельмi хочацца.
– Нiчога не зробiш, нельга. У той год ты не напiсаў новага рамана. Што напiсана тут, павiнна тут i застацца, што напiсана там, павiнна застацца там. Нiчога нельга змянiць.
– Разумею, - Вулф цяжка ўздыхнуў i апусцiўся ў крэсла.
– Стамiўся я. Страшэнна стамiўся. Нялёгка гэта было. Але i здорава! Каторы гэта сёння дзень?
– Шасцiдзесяты.
– Апошнi?
Стары кiўнуў, i нейкi час абодва маўчалi.
– Назад у тысяча дзевяцьсот трыццаць восьмы, на могiлкi, пад камень, сказаў Том Вулф i заплюшчыў вочы.
– Не хочацца мне. Лепей бы я пра гэта не ведаў, страшна ведаць такое...
Голас яго замёр, ён уткнуўся тварам у шырокiя далонi, ды так i застыў.