Пялёсткi (апавяданнi на белорусском языке)
Шрифт:
I той бацька, i другi бацька
1
Ён, мой сусед, - каваль. Добры каваль. Асаблiва выдатна ён каваў конi. Самыя наравiстыя, самыя няўрымслiвыя конi ў яго станавiлiся рахманыя, супакойныя, пакорлiвыя.
Паставiў ён сваю ўласную хату, раскарчаваўшы ўсёй сям'ёй вялiзны кавалак тайгi. Але калi ён снедаў або вячэраў, уся сям'я павiнна была толькi глядзець. Нiхто за стол тады не садзiўся. Самыя лепшыя стравы былi яму, кавалю. Абедаў ён у сталовай, дадому не хадзiў. Калi падрос большы сын, стаў каржакаваты, дужы хлопец, вучыўся ў восьмым класе, то пачаў памагаць бацьку, быў у яго за малатабойца. Хадзiлi абедаць разам у сталоўку. Бацька сядзеў ля стала, абедаў, сын - ля сцяны на табурэтцы. Бывала, чаго-небудзь бацька не з'ядаў, адсоўваў на край i коратка даваў загад:
– Даеш!
Сын развiнаў пакуначак, якi яму давала ў кузню мацi, i засёрбваў яго бацькавым недаедкам. Бацька ж каваль, а сын - малатабоец...
Мы пацiкавiлiся, як склалася iхняе жыццё далей. Сын пасля армii дадому не паехаў.
2
У цяжкiя для нашай Айчыны гады, асаблiва ў часе памiж 1918-1922 гадамi, было нялёгка большасцi нашага народа. Пайкi хлебныя малыя, купiць на рынку бадай што не было чаго, а галоўнае - не на што. Але ўсё ж здаралася, што на якi лахман наш бацька нешта выменьваў, прыносiў дадому кавалак хлеба звыш пайковага. Садзiўся ён ля стала, браў у рукi ножык i рэзаў скудны прыдабытак на ўсiх малых, не рэзаў толькi на сябе. Малыя гэта заўважалi i, прымаючы ад яго такi каштоўны дар, як лустачка хлеба, пыталiся:
– Чаму ж ты, тата, не адрэзаў для сябе?
– А вы не ведаеце? Я сваю долю адразу з'еў, калi здабыў, бо, не еўшы, хiба ж я меў бы сiлы прынесцi вам гэта ўсё дадому?
Сцяпан Прохаравiч
Працаваў я ў Сiбiры некалькi гадоў у сталярнай майстэрнi з адным сiбiраком, па паходжанню беларусам. Звалi яго Сцяпан Прохаравiч. Прозвiшча ён меў- Мельнiкаў. Было ў яго адзiнаццаць дзяцей, i з iх толькi адзiн сын. Ды дзяўчаты вясёлыя, прыгожыя, здольныя i да работы i да мастацтва: спяваць, танцаваць. Адна - добры акрабат нават была. А сам бацька якi быў мастак: бондар, саннiк, калёснiк, рымар, паляўнiчы, рыбак, шавец... I зверх усяго музыка, скрыпач. Iграў ён на скрыпцы i сабе i людзям. Прасiлi:
– Прыйдзi, Сцяпане, пайграй.
Хадзiў. А скрыпка - яшчэ бацькоўская, з Беларусi прывезеная...
I вось аднойчы трапiлi мы ўдвух са Сцяпанам Прохаравiчам у аварыю. Працавалi з iм пры невялiчкай цыркулярнай пiле ў сталярнай майстэрнi. А пастаўлена пiла была без афiцыйнага дазволу, на нашу ўласную адказнасць. I вось паадрывалiся нашы прымiтыўныя мацункi, парэзала пiла нам рукi: мне правую, садраўшы мяса з вялiкага пальца, а яму - левую, паадразаўшы па адной фаланзе на пальцах. Заматалi мы свае рукi тым-сiм ды пайшлi да хiрурга. А хiрург, жанчына, - вельмi высокай квалiфiкацыi. Але што найлепшы хiрург зробiць, калi паадразаны кончыкi пальцаў i садраны пазногаць ды мяса да касцi. Ледзь не адняла мне палец зусiм. Сястра медыцынская дапамагла: маладая, дужая, сцягнула мяса з бакоў, а дакторка i прыхапiла iголкай... Так палец i ацалеў.
Сцяпану Прохаравiчу ж i таго няма: зрабiла перавязку, кроў спынiла i ўсё.
– Зарасце, працаваць будзеце. Што для сталяра фаланга або i паўфалангi на левай руцэ? А каб уся рука, лягчэй?
Так яго суцяшала. А ён толькi падтаквае:
– Так,так, вашая праўда.
А калi мы выйшлi з бальнiцы, азiрнуўся ён, нiкога блiзка няма - стаў i... заплакаў...
Я жыў блiжэй ад бальнiцы, чымсьцi ён. Падумаў, што так ад болю ён. Запрашаю:
– Дарагi браце Сцяпане! Пойдзем да мяне, паляжыш, адпачнеш, боль утаймуецца...
– Не, браток, гэты боль не ўтаймуецца навекi. Лепш бы мне пальцы на правай руцэ паабразала, чымсьцi на левай...
Я адразу i не ўцямiў, кажу:
– Ды што ты, Сцяпане! Правая ж рука нам важней!
– Эх ты, брат! Нiяк зразумець не хочаш! Правай рукой я толькi смычок трымаю, а левай жа лады перабiраю. Ды якi ж з мяне скрыпач будзе?
Тады толькi я ўцямiў, што, маючы лiтаральна дваццаць спецыяльнасцяў, якiмi ўладаў, бы прафесар, ён самай галоўнай лiчыў дараваную яму ад прыроды мастацкую, музычную. Яна, значыцца, прыносiла яму i радасць, i адпачынак, i асалоду. А самая вялiкая асалода - свядомасць таго, што ты даеш радасць iншым людзям.
...Прайшло ўжо нямала часу, калi я развiтаўся з тым сваiм сябрам, сiбiрскiм беларусам. Пабачыўшы адну жанчыну з таго далёкага паселiшча, спытаў пра Сцяпана Прохаравiча:
– Як ён маецца, цi iграе на скрыпцы?
Адказала яна, уздыхнуўшы:
– Iграць-то ён iграе, але ўсё нешта не так...
Нездарма тады слёзы пакацiлiся ў яго з вачэй...
Яблынькi
1
Краснаярскi гадавальнiк пладовых дрэваў быў далёка за горадам. Але я не пашкадаваў, што прыехаў, калi зiрнуў на ягоныя багаццi. На кожным кроку, на кожным метры адчувалася, што тут працуюць людзi, закаханыя ў сваю справу. Нiбыта ў нейкай чароўнай казцы, а не на яве разгортвалiся перада мной усё новыя i новыя дзялянкi, адна прыгажэй за другую. Галоўным чынам - яблынi, яблынi i яблынi. Але якiя! Сапраўды думалася, што нейкi ўсемагутны чараўнiк, махнуўшы сваёй чараўнiчай лясачкай, увагнаў у зямлю ствалы дрэваў, пакiнуў на паверхнi адны толькi кроны. Гэтыя кроны распасцерлiся над самай зямлёю. На iх - поўна яблыкаў усялякiх, самых добрых гатункаў, буйных, прыгожых, як у найлепшых нашых беларускiх садах. Для таго каб сашчыкнуць яблык, не трэба падымаць галаву ўгору, браць якую адмысловую жэрдачку, для таго прыстасаваную. Не! Наадварот, трэба, як над гурковай ляхой, прыгнуць галаву, паглядзець на крону i без жаднай жэрдачкi, проста рукамi ўзяць тое, што табе да спадобы... Дзе ж тыя чараўнiкi, што здзейснiлi такое дзiва? Вось яны! Побач са мной! Iмя iм - нашы савецкiя людзi. Яны ж у гадавальнiку стварылi тысячы прышчэпаў для таго, каб сiбiракi маглi мець пры сваiх сядзiбах або ў калгасах чараўнiчыя яблынi...
Я набраў звыш двух дзесяткаў яблынек, трохгадовых прышчэпаў. Мне завiнулi гэтае ўсё адмысловым спосабам, - карэнне паабкручвалi вiльготным мохам, пасля ўсё разам - рагожай. Дарога далёкая. У Сiбiры няма блiзкiх дарог. Самая блiзкая, да райцэнтра, у нас была семдзесят кiламетраў. А я так i не сказаў: навошта такiя яблынькi з нiзенькай кронай. А на тое, каб iх зiмой пазасыпала снегам i не памарозiла.
Выйшаў я са сваiм пакункам на дарогу, спадзеючыся, што на якой-небудзь папутнай машыне даеду да станцыi. I ў гэты час пабачыў, як з неймавернай хуткасцю пачало мяняцца неба: яно ўскоўдрылася нейкай чорна-сiняй хмарай, з гэтай хмары пачалi пучкамi вылятаць блiскавiцы, бiць перуны за якiх вёрст пяць, але так, што было добра чутно i тут. Што ж будзе, калi перуны наблiзяцца да гэтага месца?! I нiдзе блiзка - нiякай будкi, нiякага дрэва. Стаiць толькi пара абшморганых кусточкаў. Як на грэх, усе машыны iдуць з горада. З аднаго боку i зразумела: ранiцой яны iшлi ў горад, там справiлi свае справы i цяпер вяртаюцца назад... Але ж для мяне гэта малая ўцеха! Прайшло, праўда, некалькi машын i ў горад, але яны, уцякаючы ад навальнiцы, якая наступала iм на пяты, нават i не думалi спыняцца. I вось пачалi падаць першыя кроплi дажджу. Кроплi цяжкiя, буйныя. Нават чутно, як яны стукаюць па пяску, нiбыта прабiваючы, пракладваючы дарогу для iншых. Я падумаў ужо, што прыйдзецца пакiнуць мой пакунак на дарозе, а самому ўцякаць, куды вочы глядзяць. Аж раптам iдзе нечая iндывiдуальная аўтамашына, "Пабеда". Падняў я так, для самасуцяшэння, руку. Думаю, што не спынiцца... I раптам машына спыняецца. Прачыняе дзверцы маладзiца, пытаецца:
– Што, дзядуля?
Я паказаў рукой на неба, пасля на свой пак:
– Хоць бы як да першага гарадскога транспарту дабрацца...
– А куды вам наогул трэба?
– О! Мне далёка, аж у Абанскi раён...
– Значыцца, на вакзал?
– Але!
– Сядайце...
Толькi я прычынiў, пагрузiўшыся, дзверцы ў машыне, як пачалася залева. Муж гэтай маладзiцы змушаны быў некалькi разоў спыняць машыну, бо з неба лiлiся проста вадаспады, праз якiя за крок не было нiчога вiдно...
Маладзiца жартуе:
– Пашэнцiла вам, дзядуля! Яшчэ адна хвiлiна, i вы сваiх яблынек адцуралiся б...
Падвезлi яны мяне да самага вакзала. Толькi машьша спынiлася ля вакзала i дождж перастаў. Выглянула сонца. Нiбыта не было на свеце перуноў, блiскавiц, а быў увесь час ясны дзень.
Выявiлася, што мяне вёз сiбiрскi беларус. Я сардэчна падзякаваў iм абаiм i запрасiў каштаваць яблыкi ў сваё паселiшча.
– Магчыма i прыеду калi, - не адмовiўся ён.
– Справа ў тым, што мае бацькi жывуць у суседнiм з вамi раёне, а я час ад часу наведваю iх...
Гэта быў пачатак шляху. Далей пачалiся прыгоды, перад якiмi пачатак стаў зусiм непрыкметны...
2
Чыгуначны шлях да Канска i шаша да Абана праляцелi хутка. Застаўся самы страшны i цяжкi кавалак дарогi, ды не маленькi - семдзесят кiламетраў - ад Абана да ракi Бiрусы. Забягаючы крыху наперад, скажу, што праехалi мы яго на магутным дызельным трактары за чацвёра сутак. Гэта азначае: па семнаццаць васемнаццаць кiламетраў у суткi... Было такое раздарожжа, што па таежных дарогах не хадзiлi больш нiякiя машыны.