Пялёсткi (апавяданнi на белорусском языке)
Шрифт:
Прытамiўся, пiць хочацца. Вазьму жменьку снегу, скамячу ды ў рот. Растане, праглыну - зноў пiць хочацца.
З'явiлiся ўжо вялiзныя купы дрэў - падыходжу да самай тайгi. Сцямнелася. Толькi святла - ад снегу. А я iду...
I бачу леваруч - агеньчыкi зазiхацелi. Я ўсцешыўся: хоць прыцемна, але ж дайшоў да сваёй сённяшняй мэты! Спынiўся, глянуў. Нешта не тое мне прыдалося: агеньчыкi вёскi з'яўляюцца раптоўна проста перад дарогай, калi спусцiшся ў роў ды з яго выберашся. А тут агеньчыкi менавiта леваруч, там, дзе стаяў вадзяны млын. Самае ж галоўнае, што яны пераходзяць з месца на месца, як жывыя. "Э! Дык жа гэта воўчае вяселле! Проста на iхнi пiр трапляю".
Пастаяў я, пастаяў - аж агеньчыкi пасунулiся на Апана-Ключы полем. А вецер у мой бок, ваўкi нюхам мяне i не выкрылi. Пайшло тое вяселле сваiм шляхам. А я iду сваiм... Дайшоў да таго рова, спусцiўся, зноў узняўся. Вось ён i Байкан. Агнi гараць ва ўсiх вокнах, але ад газнiц. Электрычнасцi ў iх тады не было. А самае галоўнае, ведаў я пра гэта добра, сёлетнi год для людзей быў дужа цяжкi: рана стукнуў мароз, памерзла ўся чыста бульба. Якiя атожылкi нараслi, ды добрага плёну не далi. Жыта было павымакала, а рэшту градам пабiла. Нейкая карысць i падтрымка была ад аднаго-адзiнага гароху. Ды яшчэ ад тайгi - грыбоў бралi, ягад... А ў звязку з такiмi акалiчнасцямi народ быў сярдзiты. Свае са сваiмi сварылiся. Старая беларуская прыказка кажа, што калi на гумне не малоцiцца, тады ў хаце калоцяцца. А гэтая вёска была на дзевяноста дзевяць працэнтаў заселена беларусамi, якiя выехалi сюды яшчэ перад рэвалюцыяй.
Падыходжу я да "дагаварной хаты", у якую павiнны прымаць на начлег. Стукаю ў акно.
– Хто там?
– Начаваць да вас!
– Заўтра ў мяне свята, я мыю падлогу, нiкога не пушчаю.
– А дзе ж мне начаваць?
– Дзе хочаш! Бывай здароў!
Калi не хочуць размаўляць у той хаце, гаспадынi якой плацiлi грошы, дык што ж мне маглi сказаць у суседнiх!
I надумаў я iсцi ўсю ноч да свайго жытла. Прыблiзна на сярэдзiне вёскi якраз паварот на тайгу. Падыходжу я да гэтага павароту i бачу каля яго хату. Хата вялiкая, тыпова сiбiрская, але нейкая дужа заняпалая. На ёй не тое каб страхi, але i крокваў нават няма. А так i комiн стаiць, i вокны зашклёныя. Дай, думаю, яшчэ раз паспрабую. Стукаю ў акенца. Жаночы голас пытаецца:
– Што вам трэба?
Я тлумачу. Жанчына адказвае:
– У мяне дужа бедная хата. Iдзiце куды ў лепшую.
Зноў тлумачу:
– Я шукаю не багацця, а дзе б мне ноч перасядзець. Гэта ж мароз - градусаў сорак...
– Заходзьце, калi ласка! Толькi не крыўдуйце...
Адчынiла яна дзверы. Зайшоў. Якая б хата нi была, а пасля такога марозу рай! Мiж iншым, у хаце чыста, падлога аж зiхацiць, нашоркана венiкам з пясочкам.
Павiтаўся я. Распрануўся ды пытаюся:
– Цi няма ў вас трохi гатаванай вады, хоць кубачак.
Яна адказвае, што ў печы - поўны чыгун. Хочаш пi, хочаш мыйся.
Я такi папарыў свае ногi, пасля налiў кубачак вады, дастаў з рукзака буханку хлеба i чую, што мяне нiбыта голкамi нешта коле. Узнiмаю вочы ўгору, а там, на палатках, дзецi гэтай гаспадынi, чацвёра. Ведаючы, як у iх кепска справа з харчаваннем, я запытаўся:
– А цi няма ў вас яшчэ кубачкаў?
Гаспадыня мая здзiвiлася:
– А што вы з iмi будзеце рабiць? Кубачкi ёсць, зразумела.
Паставiла яна яшчэ пяць кубачкаў. Налiў я ў iх гарачай вады, парэзаў на шэсць кавалкаў сваю буханку хлеба i на кожную лусту паклаў падушачак.
– Справа ў тым, дарагая гаспадыня, што я чалавек сямейны. У нас заведзена так, каб усе садзiлiся за стол разам, а нiхто адзiн аднаму ў рот не заглядваў.
Яна пачала пярэчыць, што мне яшчэ дзень iсцi. Я адказаў, маўляў, мне лягчэй стане iсцi, калi на сэрцы будзе лёгка...
Пакуль мы з ёй размаўлялi, дзецi самi пазлазiлi, селi ля стала, i мы ўсе разам павячэралi.
Ранiцой, аддзякаваўшы ёй за начлег, пайшоў я ў свой апошнi перагон i ўжо цёмна-цёмна з'явiўся дадому...
I смех, i грэх...
Заўтра - Пятро, як дзяды нашы казалi. Нават i ў Сiбiры настала лета. Мы пазаносiлi на вышкi розныя накрыўкi, iмi накрывалi лехi гурковыя, таматы ды наогул усю гароднiну, якая не мае дружбы з замаразкамi. Але па старой звычцы кожны вечар, кладучыся спаць, я выходзiў на ганак i глядзеў, колькi градусаў на надворным тармометры.
Пайшоў i ў той вечар, адзiнаццатага лiпеня. На тэрмометры было два з паловай градусы цяпла. Калi я сказаў пра гэта жонцы, яна не паверыла i дала раду:
– Пасвяцi электрычным лiхтарыкам, трэба ведаць вельмi дакладна.
Пры электрычным святле - усё роўна два з паловай градусы. У маленстве я чытаў апавяданне аднаго фiнскага пiсьменнiка, як стары, сiвы i ў дадатак сляпы дзядуля выйшаў ранiцай на панадворак, памацаў рукой зямлю i пасля гэтага закрычаў у роспачы: "Дзеткi, уставайце! Уся наша праца загiнула!". Каб пасля бяды не галасiць дарэмна, не мацаць ранiцай прымарожаную гароднiну, мая гаспадыня дала параду:
– Пастаў будзiльнiк на першую гадзiну ночы. Тады пабачым. Калi знiзiцца яшчэ, пойдзем накрываць.
Зрабiўшы так, я паскiдваў, на ўсякi выпадак, усе накрыўкi з вышак, сабраў у адно месца старыя газеты i пасля таго заснуў. Неўзабаве зазванiў гадзiннiк. Я да градуснiка: паўтара градуса марозу. Значыцца, перад свiтаннем будуць усе шэсць. Не бавячы часу, мы занялiся ратаваць сваю працу. У нас была яшчэ аўчарка, дык яна, паддаўшыся нашаму настрою, больш паловы накрывак перацягала ў гарод. Накрываць мы накрываем, а нашы суседзi спяць, нiчога не чуюць. Падбег я да аднаго акна, стукнуў:
– Мароз, накрывайце гароднiну.
Маладая гаспадыня выскачыла босая, аж гвалт закрычала:
– Зiмна!
– Пабегла яна, абулася ды за працу.
Падышоў я да другое хаты, стукнуў таварышу, з якiм разам у майстэрнi адной працавалi:
– Пятро! Мароз! Мы гарод накрываем!
А ён мне адказвае:
– Сусед дарагi! Заўтра мае iмянiны, нiякiх маразоў не павiнна быць. А што вы накрываеце - накрывайце, у вар'яцкiм доме яшчэ весялейшыя фокусы бываюць...
Падзякаваў я за такi прыгожы камплiмент ды зноў на свой гарод. Панакрывалi мы ўсё, нават фасоль i тую газетамi пазасцiлалi. Апрача таго, поўныя бочкi, якiя для палiву стаялi, вадой дапоўнiў. Глянулi на градуснiк - шэсць градусаў марозу.
Ранiцай, як толькi сонейка ўзышло, паднялося, пайшлi мы ўсе накрыўкi скiдаць ды гароднiну вадой з палiвачак палiваць. У нас - не змерзла нiводнага калiва, а ў беднага iмянiннiка нават бульбоўнiк увесь счарнеў.
Днём у майстэрнi смеху было немаведама колькi. А гэты самы Пятро мне прэтэнзiю даў:
– Чаму вы мяне не ўгаварылi? Я тады, можа б, устаў i таксама пазакрываў сваю гароднiну.
Саратаўскi беларус
Прыехалi мы з жонкай у Беларусь. У адну маленькую вёсачку, дзе нiколi ў жыццi не былi, нiкога з людзей да таго не бачылi i не ведалi. Вёсачка дужа прыемная, прыгожая. Нават вулiца i тая асаблiвая, не падобная да iншых: зялёная, спарышнiкам уся зарасла, як зялёным дываном пакрыта. А з бакоў, апрача садоў i кветнiкаў, рабiнамi абсаджана. Ходзiм мы на возера купацца, ходзiм у лес грыбы збiраем, на памежках некаторыя лекавыя раслiны бяром ды сушым: святаяннiк, насенне трыпутнiку, мяту. Адначасна, калi бывае ў людзей вольны час, слухаем, як яны гавораць, якая ў iх сама вымова, якi лексiчны запас. Iдучы вулiчкай, да нас на лаўку перад домам садзяцца калi, хоць на кароткi час, суседзi, пытаюцца, расказваюць...