Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Радкі і жыццё

Бечык Варлен

Шрифт:

Я быў благі і гідкі, калі разлічваў на нейкія гадзіны ўцехі, а цяпер зноў — няпэўна і няўпэўнена — вяртаюся да трывалай стойкасці і паслядоўнага аскетызму..

Кожны чалавек заслугоўвае найвялікшай увагі, дабраты да яго і шчырасці. Але ж нават лепшым і адораным амаль што не перападае сціплага самага разумен­ия. Вось нават Жэня Янішчыц — мела столькі пахвал за вершы, а хто зразумеў і хоць крыху акрыліў яе душу (акрыляла ея сама і памылялася шмат, знойдзенае —з ёй, але колькі — і якіх —страт!).

10.10.

Сёння ў газетах: А. Салжаніцын — лаўрэат Нобелеўскай прэміі.

Пасля цёмных халадоў, стылай і змрочнай пагоды зніклі аблокі, расхінуліся туманы — прыйшлі дяпло і сонца, раскрыліся вышыня і бязмежная далячынь.

Заняты рэцэнзіяй на «Сотнікава», я вымушаны аддзяліць сябе ад гэтага ўсеагульнага шчасця, ад жыццёвай паўнаты і свабод'ы, але і мне так патрэбен быў гэты дотык — хай толькі беглы — да сіняга неба, да спакойнай ціхай жоўці, да рассеянай надакучанасці гэтага кастрычніцкага цяпла і святла. Як да надзеі, да магчымасці жыць інакш і інакшым...

Учарашняя лёгкасць у філармоніі, дзе чытала засл. арт. рэсп. Давыдава Берггольц, Ахматаву і Цвятаеву. Ад гэтага была тады вечарам вастрыня і прасторнасць думкі, хуткая дакладнасць розных меркаванняў пра паэзію і паэтаў, і я, нязгорблены і годны, багацеў душою.

16.10.

У Саюзе было абмеркаванне творчасці маладых крытыкаў Андраюка, Бечыка і Жураўлёва. Цяжкі груз пахвал. Побач — Толя Кудравец. Рады за сябе і за хлопцаў. Хаця пра ўсіх нас — з відочнымі перабольшаннямі.

Два літоўцы — бацька і сын — захапілі наш самалёт АН-2, забілі сцюардэсу Надзю Курчанка (20 гадоў!), паранілі некалькі чалавек і прымусілі экіпаж пасадзіць самалёт у турэцкім горадзе Трабзоне. Суд першай інстанцыі адмовіў пракурору даць ордэр на арышт гэтых самых Бразінскісаў...

...Днямі — дзіўны стары ў рэдакцыі. Кій з жалязякай. Прасветленая яснасць твару. Старое зімняе нехлямяжнае паліто. Пачынае гаварыць, і знікае ўражанне юродзівасці. Самавук — прапаведнік, багамолец, філосаф са сваімі ўяўленнямі пра старасць, небыццё, праўладу, ісціну і праўду.

Еўтушэнка піша:

Голос мой в залах гремел, как набат.

Площади тряс его мощный раскат,

А дотянуться до этой избушки и

пробудить ее — он слабоват.

Моцна сказаная праўда, але ў нечым праў і Перэдрэяў: аўтар пастаянна помніць, «кто он». А ў мяне яшчэ пытанне: «в залах» — набат?» На сябе пародыя.

25.Х.

...пакуль што толькі ліст Анастасіі Раманаўне Адзінец (пра помнік Паўлу Максімавічу Дубовіку), што сціплы, просты і надзвычай удалы — асабліва кніжка і беларускі надпіс; як гэта добра зроблена — ад беларускіх літар ішло святло нейкай роднасці і добрай прастаты, і гэта так стасуецца да духоўнага аблічча П. М., да яго культуры, што не адрывалася ад роднай мовы і на­рода).

30.X.

Цяжкі і нечаканы быў гэты тыдзень. Тэлеграма вечарам ад Мардуевай: Вера Фамінішна ў бальніцы. I ад­разу стала жыць і цяжка і безвыходна. Паехала мама ў сераду, а я меўся ў панядзелак.

В.Ф., паралізаваная, слухала маму і давала знакі поціскам рукі. Адпусціла маму і тут жа неўзабаве памерла.

Чацвер — чорны, замглёны нейкай агіднай халепай, гнілым надрывістым ветрам, быццам усё стала няісным, што варта жыцця і радасці.

Першыя пахавальныя клопаты — вянок і гарэлка. За імі — клубілася і адкладалася ў душы сапраўднае гора, што і не валіць з ног, але застаецца назаўсёды як горкая віна і шкадаванне. Ішлі, ішлі, і здавалася, што музыка хістала чараты на сажалцы і гусціла пахмурнасць.

Іван Апанасавіч Будай, дырэктар школы, прыняў удзел, сказаў добрыя і дакладныя, нягучныя словы, ска­зала мама і я.

Самае страшнае — думаць, як жыла і чым маркоцілася яна ў апошнія дні гэтай сваёй адзінотнасці.

Сёння я прачытаў у «Ліме» Брыля («Дажджлівы, сонечны поўдзень»): «Разлука з блізкімі, любімымі, раз­лука назаўсёды і туга па іх — гэта таксама адчуванне абавязку. Перад галоўным у жыцці. А разам з тым — і абавязак перад тымі, што нас пакінулі. Паколькі я не ў зямлі, а пакуль што наверсе, у шчасці свядомых дзён і хвілін».

Сам я В. Ф. нёс, сам закопваў. Кідаў капейкі ў магілу — сказалі, так трэба.

Феня і Лена Гарошкі. Многія твары напаўзабытага Гарадка.

Дома позна гаварылі з мамай. В. Ф. выратавала мяне і маму: «Калі б яна не ўзяла цябе (сама прапанавала!), не ўцячы б мне ад паліцыі... Расстралялі б нас разам, сынок». Жонка камісара часоў грамадзянскай вайны. Ездзіла за мужам па франтах. Потым ён быў пракурорам (ці не ў Чавусах). Потым у Гарадку нашым дырэктарам лесазавода. Памёр вясной 41-га: сухоты. Усё жыццё аддаў новаму, сапраўдны камуніст ленінскага гарту... Канчалі гаварыць пра В. Ф. і зноў пачыналі — пра годна пражытае, поўнае прыстойнасці, гонару і дабраты жыццё.

Уепаміналі. У 1944-м. Мама ўжо з намі. Жывём ра­зам усе трое. В. Ф. узяла мяне да сябе пад коўдру, туліла, песціла, прыгаворвала: «Зайчык мой маленькі».

Я. Моркавінка Вы мая! (Моркавінка — самае смачнае тады для мяне.)

Яна. Верабейка ты мой...

Я. Партрэцік Леніна Вы мой...

Пра што б ні ўспамінаў — у памяці той апошні кароткі прыезд летам, спешка. Здавалася, буду бываць часцей...

8. Х I.

Пабрыў (двойчы) на могілкі. Сёння — з мамай. Адзінотнасць здавалася нейкай безнадзейна-заўсёднай. Зманлівы кантраст святочных кампаній заходзіў у душу.

Але душа прасіла не столькі кампаній ці (яшчэ чаго!) кахання, колькі адпачынку і спакою на гэтыя два дні. Такое, здаецца, дасягнута. Я адпачываў, паспаў і, можа, яшчэ змагу і жыць, і пісаць.

Успомніўся — на бакавых сцежках — той хлопец Ц., якога на цаліне мы падазравалі ў прысваенні нашых грошай. Падазрэнне гідкае, ганебнае. Мы былі ўсе ра­зам, вясёлыя сабе і не так ужо натруджаныя, а ён соугаўся адзін па сваіх кухонных справах.

6-га ў «ЛіМе» надрукаваны «На паўмільярдным кіламетры» (пра Куляшова), і дзяўблася ў галаве фраза: «Бо і што такое паэзія, калі не вечная адданасць жыццю і ёй самой — дарога ў акіян чалавечнасці...»

Ренан:

«Чтобы идти в этом мире верным путем, надо жерт­вовать собой до конца. Назначение человека состоит не в том только, чтобы быть счастливым, он приходит в мир не затем только, чтобы быть честным, — он должен открыть для человечества что-то великое, утвердить благородство и преодолеть пошлость, среди которой влачит свою жизнь большинство».

Белинский: в произведениях искусства идея — это не отвлеченное понятие, выраженное догматически, но состояние души.

Поделиться с друзьями: