Разрушыцель
Шрифт:
— Так то ж вучэбная трывога, каб тонус не губляць! – на ўсе зубы льсціва ўсміхнулася тая.
— Калі ў нас? – шэф сам адкрыў вялікі разлінеены сшытак з запісамі наведвальнікаў, што падала сакратарка. – У дзевяць трыццаць. Літаральна зараз. Гарматы зараджаныя?
— Дык я ж іх і не разраджала! Нічога, калі цяжка будзе, выклічам на падмацаванне асфальтаўкладчыкаў з трэцяга звяна, – яна таксама куснула яблык.
Такую трошкі свавольную атмасферу дазваляў сабе Васілій Іванавіч з падначаленымі.
— Ну і хрэн з табой. Будзем голымі рукамі. Добра хоць я “кацюшу” захапіў, – ён кіўнуў у бок вялікай мапы “План развіцця Нёмана да 2025 года”, і яны з Ядвігай Антонаўнай гучна рассмяяліся.
Дакладна ў прызначаны час у кабінет паскрэбліся. Дзвер нясмела прыадчынілася. Увайшлі трое. З позіркамі, поўнымі мальбы, яны нагадвалі бедных родзічаў з вёскі. Адзін – смялейшы інтэлігент з цыратавым партфелем, выступіў трошкі наперад і залепятаў:
— В-васілій Іванавіч, добры вам дзень. Мы ад грамадскасці прыйшлі. Ёсць пытанне да гарадской культуры, – тройца выглядала вельмі напалохана і выглядам сваім дэманстравала тыповых прадстаўнікоў разумовай працы.
— Слухаю вас уважліва, – адчаканіў шэф.
— Х-хацім звярнуць вашую ўвагу на разбурэнне дома, які мы з поўным правам можам назваць помнікам гісторыі і культуры, каштоўным набыткам нашага горада. Гэта двухпавярховая камяніца былой пякарні Вайцахоўскіх, што на рагу вуліцы Пралятарскай.
— Гэта там, дзе будуецца новы гарадскі калектар, што мусіць канчаткова вырашыць праблемы ачысткі сцёкавых водаў усяго Нёмана. Каб стала прыгожа і чысценька, – удакладніла Ядвіга Антонаўна. – Ці вы не хочаце, каб у нашым горадзе было чысценька?
— Ці мае наогул гэты дом статус помніка? – стрэліў на ўдачу Васілій Іванавіч, і адразу трапіў.
— Н-на жаль, не. Але мы лічым, што ён з поўным правам можа быць уключаны ў спіс спадчыны, якая ахоўваецца дзяржавай. А разборку ўжо сёння належыць прыпыніць, бо літаральна заўтра-паслязаўтра на яго месцы паўстане чарговы пустыр.
— І хто “мы” такія? – нахабна перарваў іх шэф. Гэты стары рытарычны прыёмчык заўсёды быў у арсенале вопытнага палітработніка.
— Х-хто? Грамадскасць…
— А спісачна?
— В-вось мы ўтрох. Але таксама мы правялі тлумачальную працу сярод жыхароў вуліцы Пралятарскай. Вось подпісы яшчэ васямнаццаці чалавек, – няўпэўненасць прадстаўніка грамадскасці прадказальна павялічылася.
— Несанкцыянаваную агітацыю значыць вялі?
— Ш-што вы, мы толькі ў межах асветы працоўных калектываў. Палітпрасвет жа!
— І што гэта, развалюху ў помнікі хочаце запісаць? Паставіць яе ў адзін шэраг з феадальным замкам шаснаццатага стагоддзя і выставіць нас тым самым на пасмешышча перад любой праверкай? Ну вось нават перад замежнымі гасцямі, перад польскімі таварышамі хаця б?
— Ч-чаму ж? Не, чакайце, – у голасе нарэшце дадалося крышку ўпэўненасці. Прадстаўнік грамадскасці дастаў з партфеля рукапісны ліст і стаў тарапліва зачытваць.
“Пякарня Вайцахоўскіх мае выбітныя рысы нёманскага канструктывізму. Пабудаваная незадоўга да вайны на тагачасным гарадскім ускрайку па праграме забеспячэння бяднейшых слаёў насельніцтва мучнымі вырабамі. Сама камяніца ўзведзена на моцным падмурку, другі паверх напалову драўляны. Ваконная фурнітура самая простая, але захавалася выдатна.
Адразу пасля вызвалення з яе зрабілі невялічкі інтэрнат для школьных настаўнікаў, якія аднымі з першых прыбылі ў горад са сталіцы дзеля ліквідацыі непісьменнасці, гэтай ганебнай спадчыны польскага рэжыму. Цікава, што да пякарні так і не была падведзена вада, таму, каб замяшаць цеста, яе двойчы на тыдзень дастаўлялі ў дубовых бочках на коннай падводзе. Здаралася, вады не хапала, бо хлебныя лаўкі рабілі надта вялікую замову, і тады хлапчукі з суседніх дамоў насілі ў пякарню ваду з найбліжэйшай студні вёдрамі на карамыслах за тры злотых у дзень. Рабочыя ў пякарні…”
— Таварыш, спыніцеся! Вы сапраўды лічыце гэта ўсё вартым захавання ды ўвекавечання? Цікава-цікава…
Васілій Іванавіч здагадаўся, што гэты маналог можа зацягнуцца. Краязнаўцы, рыхтуючы візіт, спісалі нямала паперы “неверагоднымі гістарычнымі фактамі”. І да таго ж, кожны прамоўлены факт нібыта раздзмуваў краязнаўцаў, павышаў іх значнасць ва ўласных вачах. Але ён не збіраўся даваць ім вольніцу. Крый божа такім дарвацца да неакрэплых камсамольскіх душаў ды зачараваць іх сваёй ахінеяй…
— Т-так, менавіта. Мы правялі вялікую даследчую працу. Апынулася, што яшчэ жывы адзін з тых хлапчукоў-ваданосаў. Ён перадаў нам на захаванне квіткі па аплаце за ваду і кавалак засушанай булачкі. Усё гэта магло б стаць асновай будучага музея хлебапячэння. Да таго ж на вуліцы Пралятарскай мы запісалі інтэрв’ю з чатырма жыхарамі, якія памятаюць работу пякарні. Дазвольце прывесці яшчэ цытату:
“Булачкі называліся мядовая, гарэхавая, марцыпанавая. Асабліва прыходзілася нам даспадобы цукраная, начынкай да якой быў карычневы трысняговы цукар, што закупаўся панам Вайцяхоўскім у краме каланіяльных тавараў. Зрэшты, калі не было цукраных, гадзіліся любыя іншыя. Усе булачкі былі неверагодна смачныя”.
— Разумееце? Вы пачулі? Гэта голас з мінулага! “Булачкі былі неверагодна смачныя”, – паўтарыў краязнаўца, смакуючы голас з мінулага.
— Так, грамадзяне, таварышы! Я вас прашу супакоіцца. Савецкая ўлада даўно пабарола галечу. І булачкі цяпер – з павідлам і з гарэхамі можна свабодна набыць у любой краме. Ужо што-што, булачкі вам савецкая ўлада гарантуе. А булачкі з цукрам гэта, прабачце, каменны век.
— М-марцыпанавай няма цяпер у продажу, – не здаваўся краязнаўца. Шэфу нават падалося, што той аж занадта расправіў крылы.
— Ах так? Антысаветчыну разводзіце? З цынамонам ешце! – грукнуў ён кулаком па сталу. – Я вам яшчэ раз паўтараю – не перагінайце палку, уйміцеся. Не гнявіце нябёсы! Мы будуем гарадскі калектар! – Васілій Іванавіч паказаў на вялікую мапу. – Вось бачыце чырвоны пункцір? Гэта шлях, якім какашкі з дзіцячых садкоў, школ і бальніц пацякуць прэч з нашага Нёмана. А калі мы будзем кожнае, прабачце, вось такое захоўваць, вы будзеце ў вочы дзецям глядзець? Што вы ім скажаце?!
— М-мы лічым, што гэтая пякарня – помнік працы простага нёманца, якога прыгняталі польскія капіталісты, – выцягнуў краязнаўца свой апошні казыр, без асаблівай, зрэшты, надзеі. – І акрамя таго на чарзе пад знос ідуць таксама даходныя дамы Бжэзоўскага, Хаваньскага ды Гінкеля. А гэта ўжо выклікае суцэльнае абурэнне!
“Эх, хлопцы, ведалі б вы, што ў нас тут плануецца пад знос, наогул абасраліся б”, – падумаў старшыня. Але трэба было хоць неяк загасіць канфлікт.
— Карацей, давайце зробім так: вы мне на разгляд пакідаеце ўсе свае занатоўкі. Я параюся з таварышамі, у тым ліку ў абкаме – што яны скажуць наконт калектара – мо і сапраўды яго пабудову адменім. Паспрабуем вырашыць гэтае пытанне справядліва, з улікам усіх думак. Як кажуць, паэтапна! Чакайце.