Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Разрушыцель

Стурэйка Сцяпан

Шрифт:

“Адстаўныя афіцэры, якія прыехалі сюды немаведама з якой далечыні, прывезлі ў Нёман жонак і дзяцей, дасюль не маюць нармальных жыллёвых умоў. Будаўніцтвам новага жытла для іх савецкая ўлада паказвае сапраўдны клопат аб людзях”, – працытаваў ён аднойчы вытрымку з абласной “Нёманскай праўды”.

Але сумныя калегі нібы не пачулі. Толькі сакратарка Ядвіга Антонаўна, строгая цётачка ў гадах, згодна заківала:

— Дык вядома! Месцічаў, якія дасюль жылі ў мізэрных старых дамах, перасяляюць. “У навюткія ўтульныя кватэры ў новаспраектаваных савецкімі архітэктарамі мікрараёнах, дзе на некалькі тысяч жыхароў ёсць усё неабходнае: крама, кафэ, дзіцячы садок, школа і танц-пля-цоў-ка”. Чаго яшчэ трэба? – дадала яна.

Такім чынам, Нёман паступова выбіраўся з аковаў уласнага мінулага і станавіўся нармальным савецкім населеным пунктам.

3

Наступнай раніцай Данііл Міхайлавіч абудзіўся, як заўсёды, досыць рана, падмацаваўся амлетам, заварыў сабе моцнай гарбаты. Апетыт быў добры. Бадзёры, ён выйшаў насустрач сонечнаму дню.

Звычайны шлях да працы падаваўся зусім кароткім – трэба перайсці невялічкую рачулку, што апантана круцілася па гарадскім цэнтры, абмінуць будынак гістарычнага архіву, ускараскацца на яшчэ адзін мост, што перасякаў усё тую ж рачулку, і вось ён ужо амаль падыходзіў да вялізнага аблвыканкамаўскага гмаху.

— Каб узвесці гэты дзесяціпавярховік прыйшлося разбурыць квартал старых дамкоў, – распавёў некалі Даніілу вахцёр, якому ад нуды не было да каго дачапіцца. Такія дамкі да цяперашняй пары акалялі гэта манструознае ёмішча савецкай выканаўчай улады.

Данііл выйшаў з інтэрната – аўтамабілі праміналі яго на вузкай вуліцы, праносячыся на хуткасці ды зрэдку сігналячы адзін аднаму. Проста над вухам пратарахцеў перапоўнены ранішні аўтобус. Малады чалавек затрымаўся ля шапіка Саюздруку, узяў ранішнюю газету. Ейная перадавіца апісвала заканчэнне сяўбы ды настройвала на вясёла-аптымістычны лад. Дзень абяцаў быць светлым.

На шляху да працы Данііла звычайна цягнула на развагі пра жыццё. Так было і цяпер. Цудоўны вясновы дзень нібыта дазваляў безадказна памарыць аб чымсьці неабавязковым і, можа, не надта сур’ёзным.

Данііл акурат абыходзіў доўгі двухпавярховы архіў, і толькі цяпер заўважыў, што з высокага двускатнага даху дзе-нідзе пачала адвальвацца старая дахоўка. Гістарычны архіў ён яшчэ ані разу не наведаў, але, канешне, збіраўся там пабываць. Да гэтай установы малады чалавек адчуваў вялікі піетэт. Ён прыгадаў, як калісьці марыў паступаць на гістфак, і з адценнем светлай зайздрасці падумаў аб людзях, якія штодня прыходзяць сюды працаваць.

“Галоўнае ў архіве – картатэка”, – прыгадаў ён словы свайго інстытуцкага выкладчыка.

Сапраўды, у архіве кожны дакумент ляжыць на ўласным месцы. Кожны аркуш паперы, што выйшаў з-пад пяра добрага ці кепскага чалавека шмат гадоў таму, пазначае важны факт і мае аграмадную гістарычную вартасць. Ён дастойны захавання для нашчадкаў.

З архівам па значнасці можна параўнаць толькі музей. Музеі Данііл любіў. Гэта таксама вельмі сур’ёзная ўстанова. Усе прадметы там падпісаныя, занатаваныя на ўліковых картках ды занесеныя ў адмысловую кнігу.

“Музей – гэта амаль тое самае, што архіў, толькі на большасці прадметаў няма надпісаў”, – да такой высновы прыйшоў ён аднойчы, разважаючы сам з сабой.

“Так, з-за гэтага музейныя прадметы маюць меншую каштоўнасць, чым архіўныя дакументы. Чаму ж на іх захоўванне дзяржава выдаткоўвае столькі народных сродкаў?” – контраргументаваў ён тады сабе.

“Па-першае, таму што гэта традыцыя, прынятая таксама ў капіталістычных краінах. Па-другое, гэтыя прадметы з’яўляюцца сведкамі падзей, зафіксаваных у архіўных паперах. Можна было б абмежавацца захаваннем фотаздымкаў прадметаў, а ім самім знайсці нейкі лепшы ўжытак, але ж ізноў – традыцыя ёсць традыцыя”, – не прымусіў чакаць адказ.

“І ўсё ж, – падумаў Данііл, – з часам музеі знікнуць”.

Данііл не цікавіўся гісторыяй у яе гуманітарным рэчышчы. Яго не надта натхняла гісторыя мастацтва, адценні эпох, абстрактныя веды пра лад мыслення ў феадальным грамадстве ці раннім капіталізме. Найбольш яго вабіў, так бы мовіць, тэхнічны бок.

Чым, па-сутнасці, з’яўляецца гісторыя? У сухой рэшце гэта даты і падзеі. Больш нічога. Гісторыя – як і геаграфія – вельмі жорсткая дысцыпліна, дзе ўсё разлінавана, раскладзена па паліцах, падзелена на катэгорыі, пазначана ўласнай назвай. Але толькі ў такой навуцы як гісторыя ўсе навуковыя факты магчыма структурыраваць на шкале часу. Кожны, абсалютна кожны факт, кожная падзея, імя, бітва, учынак – усё гэта мела свой час. Сапраўдны гісторык усяго толькі мусіць шукаць і збіраць гэтыя факты, выстрайваючы іх у мудрагелістыя стужкі. А потым мы проста перабіраем гэтыя нізкі. Адна – даўжэзная – гэта гісторыя Савецкага Саюза, іншая – карацейшая – гісторыя братняй Малдовы. З Малдовай гэта прыклад, канешне, але так ёсць!

Вельмі добрая і зручная гісторыя – ваенная. Перасоўванні пазіцый, падбітыя танкі і самалёты, колькасць выпушчаных снарадаў, параненых і, што асабліва трывожна – згінуўшых без вестак. Тут Данііл падумаў, што нават пры апісанні бітваў стогадовай даўніны гісторыкі працягваюць пісаць пра “згінуўшых без вестак”. Няўжо дасюль хтосьці спадзяецца на тое, што людзі адшукаюцца? Але халера з імі! Усё адно захапляе добрая структура і дакладнасць!

І яшчэ адна выдатная думка прыйшла ў галаву, што насамрэч справа канчатковага вывучэння мінулага можа быць завершана не ў такой і далёкай перспектыве. Ён нават прыкінуў, што ўжо праз дваццаць-дваццаць пяць гадоў навукоўцы вырашаць гэту задачу. Савецкія гісторыкі з дапамогай гісторыкаў краін сацыялістычнага свету і не надта рэакцыйных прадстаўнікоў буржуазнага лагеру, седзячы ў архівах, складуць велізарную сусветную храналогію. Гэта будзе такая храналогія мінулага, якая ўключыць у сабе ўсе хоць трошкі важныя падзеі.

Канешне, напрыклад, ягонае ўласнае нараджэнне або дзень бацькоўскага вяселля туды не ўвойдуць. Яны не маюць аніякага значэння ані для нашчадкаў, ані для сучаснікаў. А вось закладка піянерамі роднай Караганды капсулы пад пастаментам новага помніка Уладзіміру Леніну – войдзе!

Пасля завяршэння даследавання храналогію можна будзе толькі дапаўняць новымі падзеямі, ужо не гістарычнымі, а сучаснымі – такімі, якія ўяўлялі б цікавасць для нашчадкаў. Наколькі вялікай можа стаць такая ўсеагульная храналогія Данііл не ведаў, але ўяўляў, што зойме яна памер не меншы за пяцідзясяцітомную “Вялікую савецкую энцыклапедыю”. А можа нават і ў два разы больш. Як жа цікава будзе яе гартаць!

З гэтай думкай ён ужо падняўся на аблвыканкамаўскі ганак.

Сакратарка Ядвіга Антонаўна, жанчына з высокім начосам, з якой ён чамусьці дзяліў кабінет, размаўляла па тэлефоне. Данііл ухапіў толькі апошнюю фразу:

— На памяць аб нашай цудоўнай сустрэчы ён падарыў шкілет ката, які набыў у пляжных гандляроў. Так і стаіць гэты шкілет у мяне на серванце, выклікае цёплыя ўспаміны аб мінулым леце…

Яна палажыла слухаўку, падазрона паглядзела на Данііла і паведаміла, што шэф яшчэ пятнаццаць хвілін таму цікавіўся ці не прыбыў той ужо на працу, і, маўляў, хай хутчэй забягае. Данііл зірнуў на гадзіннік: ён не спазніўся, і пакуль было незразумела чым выкліканы вэрхал. На ўсялякі выпадак ён згроб апошнія справаздачы і пабег да старшыні.

Васілій Іванавіч сядзеў за ўласным сталом без пінжака, у адной светлай у палоску кашулі і нешта вельмі тарапліва пісаў. Ён быў вельмі ветлівым начальнікам. Той жа, хто ведаў старшыню даўжэй, мог за кожнай усмешкай пабачыць прыхаванае жалезнае нутро. Такіх людзей прынята асцерагацца. Праз колькі секунд ён падняў вочы:

— Здарова, Данііл! Як жызнь маладая? Давай, сядай. Што за цякучка зараз?

— Займаюся ў першую чаргу карэкціроўкай плана культурных і патрыятычных мерапрыемстваў на другое паўгоддзе. Відаць, не ўдасца выставу па савецка-кітайскім сяброўстве зладзіць, яе адмяняем. Прапрацоўваю пытанне з рэжысёрам лялечнага тэатра аб пастаноўках на актуальную палітычную тэматыку. Напрыклад, пра падзеі на Бліжнім Усходзе. На мінулым тыдні атрымаў дапрацаваны сцэнар Дня вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Зараз рэдагую як магу. Кіраў не акупавалі, таму мы гэтага свята не мелі на жаль. Цяжка зарыентавацца, зразумець, як будзе выглядаць збоку.

Поделиться с друзьями: