Разьвітаньне з Танталам
Шрифт:
Асфальтавы заводзік –
Таемная душа –
Палац любові ўзводзіць
Дзе быў будан сьпярша.
А мэталёвы комін,
Як стрэлка цыфэрблята,
На плоскі дах гаркомін
Паказвае зацята.
Бывае й бас-гітара
Рок-гуртава душа.
Паслалі качагара
Вучыцца ў ВПШ.
Асфальтавыя сьцежкі –
Як зручна карыстацца!
Уздымаецца з разьбежкі
За дымам наша праца.
Наперад з абавязкам:
Пашырыць душаў цір.
Паабяцалі краскам
Рэзэрвацыйны мір.
Пашырыць сьцежкі-ніткі
Да бальшакоў скразных!
Плякат да болю кідкі,
Як рогі ў казы.
Як замак мадэрновы,
Асфальтавы заводзік,
І мроіцца Гановэр,
Які па вулках водзяць
Духмянага гудрону
Нацэдзяць з гладыша.
Віват Дэкамэрону!
Не... чокнемся сьпярша.
ЗМРОК
Пах стамлёнага мэталю,
Шэры воблак, белы дым –
Да бясконцасьці ўздым.
Працы пляміны-лякалы,
За чыгункай горад сьпіць, -
Да дзяньніцы не будзіць.
Гурт рахманых пацукоў
Скача мякка – без падкоў.
Пах стамлёнага мэталю –
На крыжах няма цьвікоў.
Сторублёвая купюра
Менш таемная ад паца.
Людзі сьпяць – ім сьніцца праца,
Ды скарыначка на тацы –
Не да “сюра”.
Шэры воблак, белы дым –
Я ня буду маладым.
Горад ведае, што кажа,
Бо праціўнік сабатажу –
Сьцяг “недркмлющий” над ім.
Усе газэты нахлусілі,
А чыгункі разнасілі,
Што Радзіму не любіць...
Проста... проста горад сьпіць
Я ня ведаю ў твар
Пацука майго ўтрыманьня,
Нечым бавіцца да раньня,
Дзесь паскудзіць тратуар.
За мой кошт жыве, зладзюга,
Як за добрай, ветлай цёткай.
У маім двары калюга –
Я хаваю ў ёй улёткі.
Пах стамлёнага мэталю –
Гарадзкога поту пах.
Зноў загадана вакзалу:
Начаваць па пашпартах.
Ліхтароў сьляпыя вочы,
Шэры воблак, белы дым –
Я ня буду маладым.
Чулі, браце, - не прароча.
Толькі ветах, толькі ветах,
Пазнаю яго па твары,
Ходзіць над усім у кедах
І склікае да пажару.
Ды яго ніхто ня чуе:
За чыгункай горад сьпіць, -
Да дзяньніцы не будзіць.
Мякка скачуць пацукі –
Шум рабіць ім не з рукі.
Маюць блазнавую рацыю:
Ўсе з падковамі – на працу.
А на дне маёй калюгі
Ціха, брудна, ды ня тленна,
Першы промень ад пажару
Ёй памножыцца імгненна.
Ну а сёньня – ноч і горад,
Пацы мякка, мякка скачуць.
Пад падушкай – кволы сорам,
На падушцы – жах, няйначай.
Паспрабуй ад ложка збочыць!
Людзі дрыхнуць без аддышкі,
Іх заплюшчаныя вочы –
Пройгрышы ігры на лыжках.
За чыгункай горад сьпіць, -
Да дзяньніцы не будзіць.
Завітаюць раптам госьці:
Не чутно палёнай поўсьці.
НА ДАХАХ
На дахах жыцьцё для пустэльнікаў
І — традыцыйна — катоў.
Як мала самоты ўдзельнікаў,
А сьведамых — пагатоў!
На дахах спачыну ня ведаюць
Вятрыска залева і сьнег.
Затое ня трызьняць камбедамі,
Затое маўчыць нампацех.
На даху спакоем нязмушаным
Самота душу ахіне...
Узьнімешся — неба парушана,
І вусьцішна, як на вайне.
* * *
Ні штандараў нідзе, ні харугваў,
Не пазнаць: дзе каханьне, дзе жарт.
Аднастайная, доўгая пуга