Рэквіем для бензапілы
Шрифт:
Першую пляшку мы выпілі пад знакам маўчання. Унізе, за балюстрадаю, раз-пораз звінелі трамваі, і крыклівая буфетчыца гандлявала на прыпынку бочкавым півам. Бочка была жоўтая, як бярэзінкі ўсцяж трамвайных шляхоў, і на баку ў яе нейкі грамацей прыгожа вывеў блакітнаю фарбай: «Піво».
Я пацягваў віно і разважаў, што можа адбывацца ў душы ў нармальнага саракагадовага мужчыны, які аднойчы выпіў бутэльку гарэлкі, забіў жонку і адседзеў за гэта пяць гадоў. Разважанні заводзілі мяне ў безнадзейны тупік.
Сяргей паклікаў афіцыянтку і замовіў яшчэ пляшку. Колькі кропляў віна расплыліся па белым настольніку, аднак ніякіх рызыкоўных асацыяцыяў у мяне не выклікалі. Я падумаў, што, у адрозненне ад Сяргея, астатнія знаёмыя мне рэстаранныя музыкі любілі не віно, а больш моцныя напоі. Можа, калі б ён у той вечар выпіў заместа гарэлкі вось такога трохгадовага кабернэ, паблізу ад магілаў маіх бацькоў і не з'явілася б новага трафарэтнага помніка з мармуровай крошкі. Пасля гэтае думкі я на ўсялякі выпадак даў сабе слова ніколі не піць нелюбімых напояў.
Ад такога ўзроўню абагульненняў мне зрабілася смешна. Я паспрабаваў выклікаць у памяці Лініна аблічча, але ўспаміналіся адно яе плоскія белыя грудзі і занадта гучны голас, які паведаміў мне, што ў ягонай гаспадыні ніколі не будзе дзяцей, а таму нічога не трэба баяцца. У той душнай кватэры мы пілі цёплае віно, якое чамусьці закусвалі мёдам, і цяпер мне здалося, што ўжо адно гэтае недарэчнае спалучэнне не пакідала нам аніякіх шанцаў на працяг. У дадатак узгадалася яшчэ зялёная сукенка, у якой я неяк сустрэў Ліну з лысаватым, ніжэйшым за яе на цэлую галаву каханкам, якому наканавана было стаць у яе жыцці апошнім.
На пустую тэрасу падняліся з першага паверха дзве дзеўчынёшкі ў аднолькавых эфірных блузачках і аднолькавых скураных намёках на спаднічкі. Яны ўладкаваліся за суседнім столікам і без лішніх цырымоніяў папрасілі закурыць. Сяргей даў ім па цыгарэціне, а я наліў віна. Дзеўчынёшкі пераглянуліся, і адна запыталася, ці мы выпадкова не крутыя. Я засмяяўся, Сяргею ж пытанне з нейкае прычыны вельмі не спадабалася, і ён гучным шэптам сказаў нашым суседкам пару такіх слоў, што праз хвілю пра іх нагадвала толькі недапітае віно.
Пасля другой пляшкі Сяргей расцёр у попелцы недапалак і знячэўку загаварыў. Напэўна, выпіваць на зоне даводзілася нячаста, і ён відавочна захмялеў. Ягоны кароткі маналог атрымаўся блытаным і досыць дзіўным. Ён пачаўся з кошкі, якую Ліна з парады каханка атруціла мыш'яком, але ахвяра ўсё ж выжыла, праўда, страціўшы пры гэтым зрок і слых. Потым я даведаўся пра тое, як у камеры Сяргея хацелі згвалціць блатныя, а яшчэ пра тое, куды зэкі зашываюць металёвыя шарыкі, каб не расчароўваць сваіх абранніц. На заканчэнне Сяргей паведаміў, што на зоне меў трох жанчын.
Я зацікавіўся, як гэта адбываецца там, на зоне, але заміж роспытаў сказаў Сяргею, што ў рэстаране, дзе ён іграў, нядаўна адчынілі вар'етэ, пясля чаго там ужо два разы стралялі. І зноў над сталом запала маўчанне, у якім мне немаведама чаму ўспомнілася школьнае каханне - кругленькая Дзіна, якая прыехала ў наш горад з Архангельска, якая ўмела соладка цалавацца ў пустым класе і якая напрыканцы майго першага ўніверсітэцкага верасня прызналася, што цяжарная ад нейкага Колі.
Трэцюю пляшку мы пілі ўжо з афіцыянткай Ленай, якую Сяргей угаворваў, але так і не ўгаварыў сесці яму на калені. Трамваі ўнізе звінелі часцей і весялей. «Піво» ў жоўтай бочцы скончылася, і ягоныя аматары, маючы на такі выпадак адмысловыя запасы, дружна пацягнуліся ў блізкі лясок.
Насупроць кавярні спыніўся аўтобус, адкуль палезлі грыбнікі з поўнымі кошыкамі апенькаў. Мы ўзялі першую шакаладку і чацвёртую, а магчыма, і пятую, бо тут я не зусім пэўны, пляшку кабернэ і дамовіліся, што заўтра ўранні ўсе разам - я, Сяргей і афіцыянтка Лена - таксама паедзем у грыбы. Я паабяцаў паказаць мясціны, дзе навалам маладых і таўстаногіх, як баравікі, абабкаў, а калі іх раптам не будзе, дык заўсёды можна нарэзаць чорных груздоў.
Тэраса пакрысе запаўнялася публікай, і афіцыянтка Лена ўжо не магла бавіцца з намі. Сяргей абвясціў, што сёння пойдзе да жанчыны, якая да мінулага Новага года пісала яму на зону лісты і слала пасылкі. Пасля гэтых слоў ён выняў з кішэні і падкінуў угору сцізорык. Бяскрыўдны сцізорык вярнуўся ў Сяргееву руку грознаю фінкай. Сяргей склаў яе, паказаў мне кнопку і папрасіў павартаваць «цацку» да раніцы.
Афіцыянтка Лена, як і чакалася, на аўтастанцыю назаўтра не прыйшла, і мы паехалі ў грыбы ўдвух.
Дзень выпаў такі, як і ўчора, - з сонцам, павучынкамі і одумным кружляннем лісцяў над утравелай лесавой дарогаю, што сустрэла нас некранутай расой. На імшыстых купінах у нізавым рэдкаватым ялінніку з дамешкам бярэзінак цярпліва чакалі абабкі. Па вершалінах, спрытна кіруючы пухнатымі хвастамі, шырокімі кругамі доўга лётала над намі пара закаханых вавёрак. Адной ад глыбіні пачуццяў захацелася паразмаўляць са мной, і яна спусцілася зусім нізка.
Спярша мы з Сяргеем часта перагукваліся, але ягоны голас усё аддаляўся і нарэшце заціх. Я трохі пакрычаў і супакоіўся, бо мы ўсё адно павінны былі сустрэцца на недалёкай шашы, якая час ад часу нагадвала пра сябе гулам машын.
На краі балацявіны я нарваўся на цэлую чараду маладых падасінавікаў, і калі, нацешыўшыся гэтым грыбным краявідам, узяўся зразаць першы, спінаю адчуў нечы позірк. Цішыня ўмомант напялася, і трэск сухой галінкі прагучаў, быццам стрэл. Я, прыгнуўшыся, адскочыў убок і, сціскаючы ў руцэ свой кухонны нож, павярнуўся тварам да небяспекі.
За пяць крокаў ад мяне з фінкаю ў адведзенай руцэ стаяў Сяргей. Мяне апякла думка, што ён ведае пра нашае з Лінай адзінае спатканне. Мой труп ён утопіць у балоце, і яго ніколі не знойдуць. Я вырашыў, што без бою не здамся, і пачаў шаптаць малітву. Бясконцую хвіліну мы стаялі насупроць адзін аднаго, а тады ён засмяяўся і, спружыніста крутануўшыся, кінуў фінку ў стаўбур старой яліны. Фінка ўпілася ў дрэва на ўзроўні чалавечага росту і азвалася тонкім вусцішным звонам.
Збіраць грыбы пасля такой прыгоды мне не хацелася, і праз чвэрць гадзіны мы ўжо галасавалі на шашы. Гэта была шаша на Рыгу, якою мы з Дзінай, пакуль яна не зацяжарала ад Колі, дамаўляліся ў першае студэнцкае лета дайсці да мора. Машыны з латвійскімі нумарамі праляталі на крэйсерскай хуткасці. Беларускія грузавікі і легкавушкі ішлі цішэй, аднак не спыняліся. Нейкія «Жыгулі» пачалі былі гамаваць, ды, наблізіўшыся да нас, кіроўца нечакана рвануў наперад. Я ўважліва паглядзеў на стрыжаную Сяргееву галаву і даў яму сваю кепурку. Гэты нескладаны манеўр змяніў сітуацыю, і неўзабаве мы трэсліся ў кабіне спадарожнага «ЗіЛа».
Сяргей папрасіў спыніцца каля могілак. Сонца пякло па-летняму, і на ўзбочыне мы скінулі штармоўкі і швэдры, застаўшыся ў адных кашулях. Сярод крыжоў і помнікаў сям-там мільгалі падазроныя постаці. Хтосьці, не тоячыся, збіраў бутэлькі, хтосьці - зладзеявата - кветкі.
Хрызантэмы на мамінай магіле былі яшчэ цэлыя.
Сяргей няўпэўнена азіраўся, і я адно тады ўцяміў, што ён не ведае, дзе пахавалі Ліну. Я, безумоўна, не ведаў бы таксама, каб яе магіла не была за пяць крокаў ад помнікаў маім бацькам. «Пайшлі», - сказаў я, і Сяргей зразумеў.