Рэквіем для бензапілы
Шрифт:
Ты, вядома, разумееш, што мне праглася быць шпіёнам выключна і безварыянтна савецкім.
Пэўныя сумневы на гэты конт варухнуцца ў душы толькі праз шмат гадоў у зацішным кутку берлінскага прадмесця, на мастку цераз ручай на мяжы ўсходняга і заходняга сектараў, дзе дзве сістэмы мянялі сваіх выкрытых агентаў.
Вось, бадай, і ўсё. Тое лета, калі я марыў стаць савецкім шпіёнам, было апошнім перад школаю, у якой нашы летуценныя цнатлівыя душы мусілі канчаткова заблытацца ў шырока раскінутым нераце ўжо зацверджаных без нас ідэяў і мараў. Але тут пачынаецца зусім іншая гісторыя. Ты кажаш, у цябе хлопчык. У такім разе можаш лічыць, што калі цяпер ён хоча быць вадалазам, паталагаанатамам альбо шпіёнам, у яго ёсць значныя шанцы зрабіцца беларускім пісьменнікам.
Урэшце, апошнім часам мне зноў заманулася падацца ў шпіёны. Як ты думаеш, да чаго б гэта?
Рыба і іншыя
Ёсць мільён спосабаў пачаць гэты аповед.
Я пачынаю яго так.
Уявіце гарадскую травеньскую раніцу з рэдзенькім туманам, што пахне чаромхаю і хімічнымі злучэннямі. У белай квецені на беразе ракі астатні раз усхліпвае ачмурэлы ад гэтых водараў салавей. Паблізу ягонага схову над аднапавярховымі мяшчанскімі мураванкамі канца мінулага стагоддзя падымаецца абшарпаны белы сабор з іржавымі купаламі, а трохі далей - былая кірха з чырвонае цэглы. Яшчэ вельмі рана, і на прыбярэжнай вуліцы можна ўбачыць хіба што ацеслівую постаць нявыспанага вудаля.
Калісьці па гэтай вуліцы прабягаў з вудаю малы Францішак Скарына. Умасціўшыся на цёплым, як чарэнь бацькавай печы, камені, ён пляваў на чарвяка або проста пляваў у ваду, задуменна гледзячы праз Дзвіну на кляштар бернардзінаў, дзе манахі вучылі яго лаціне. Калісьці недзе тут, перад выправаю ў вялікі свет па навуку, прыціскаў да плота дзяўчат безбароды хлапец, якога потым будуць з пашанотаю называць Сімяонам Полацкім.
Зрэшты, падлетак у зашмальцаваных штанах-дудачках і ў светлым курціку з невыразным партрэтам Джона Ленана, што брыдзе ў ранішняй смузе па пустэльнай вуліцы з зашчэпленымі нанач аканіцамі, не шукае сустрэчы з ценямі продкаў. Сёння ўначы ён не заснуў ні на волас з іншае прычыны. Ягоная рука, што сціскае сцізорык, ужо дрыжыць ад знямогі, а павекі ліпнуць на вочы, як мухі на жоўтую ліпучку ў школьнай сталоўцы, дзе ён аднойчы з'еў у заклад трыццаць пончыкаў, запіўшы іх васемнаццаццю шклянкамі брыдкага шэрага кісялю.
Малюючы гэты ранішні абразок, я прапусціў адну істотную дэталь. Увесь горад абклеены аб'явамі з паведамленнем, што заўтра тут адкрываецца чэмпіянат СССР. Хлапчук са сцізорыкам пачаў свой мудрагелісты маршрут апоўначы і, крадучыся ад аб'явы да аб'явы, абышоў ужо амаль усе вуліцы. У кожнай абвестцы пра чэмпіянат ён акуратна выразае дзве літары.
Нястомная начная праца прытупіла пільнасць, і хлапчук не заўважае, што яго ўжо даўно засеклі. Ён трапіў на вока міліцыі яшчэ каля помніка Леніну, які тады і ў страшным сне не мог прысніць, што здарыцца гадоў праз дваццаць з ягоным носам.
Прачытаўшы першую адрэдагаваную хлапчуком абвестку, двое міліцыянтаў шматзначна пераглянуліся і дазволілі юнаму правапарушальніку дзейнічаць далей. Яны былі ў гуморы: у краіне разгортвалася змаганне з п'янствам, і ўчора ўвечары начальнік гарадской міліцыі даверыў ім ганаровае заданне - завесці на расстрэл у задзвінскі лес два дзесяткі тутэйшых жлукталёў. Міліцыянты вырашылі браць злачынцу на гарачым тады, як «расстраляныя» дабрыдуць да горада. Да таго часу, па іхніх разліках, ён павінен быў ухадзіцца з усімі аб'явамі.
Калі рыбакі выцягнулі першага соннага курмеля, а з таго боку, дзе за ракой, над лесам, тырчэлі трубы мясцовага гіганта нафтахіміі, з'явіўся на мосце бязладны збой «расстраляных» п'янюгаў, у гэтую самую хвілю хлапчук са сцізорыкам бездапаможна таргануўся і павіс на руках у міліцыянтаў каля апошняй апрацаванай афішы. «Укусіш, сука, - урэжу па нырках, - на ўсякі выпадак незласліва сказаў сяржант.
– Усё жыццё юшкай сцаць будзеш».
Праз колькі гадзін у адной з гарадскіх школаў быў скліканы агульны сход.
Герой мінулае ночы сядзеў на першым радзе побач з маладжавай кабетаю ў форме. Гэта была добра вядомая ў наваколлі інспектарка дзіцячага пакоя міліцыі Луіза Сцяпанаўна. Днямі яна выступала перад старшакласнікамі з лекцыяй аб прафілактыцы правапарушэнняў, і вучань дзевятага класа Валодзя Паповіч падняў руку і запытаўся, ці перадаецца трыпер праз пацалунак, за што быў неадкладна пастаўлены на міліцэйскі ўлік.
Цёплыя сонечныя промні падаюць на наглядную агітацыю з поснымі тварамі будаўнікоў камунізму. Па шэрагах піянераў і школьнікаў лётае туды-сюды навіна: «Рыбу павязлі». За што - ніхто яшчэ дакладна не ведае. Адны кажуць, што Рыба - а менавіта з такой мянушкаю ходзіць па зямлі начны ліхадзей - напісаў на помніку Леніну кароткае мацернае слова, другія гатовыя прысягнуць, што гэта ён на мінулым тыдні павесіў на таполі пад вокнамі дырэктарскага кабінета ката з прымацаванай да хваста абвесткаю: «Он помогал партизанам». Сам Рыба важыць носам табаку. Яго вялікая, стрыжаная пад канадку галава падае на грудзі. З курціка пазірае на залу пераведзены праз трафарэтку пеўневы профіль Д. Ленана. «Хто гэта такі?» - злавіўшы Рыбу на лесвіцы за вуха, запытаўся неяк дырэктар. «Ленан», - лаканічна адказаў Рыба. «Нешта ён на Ўладзіміра Ільіча не падобны», - засумняваўся дырэктар, але чалавек з пэўнай фантазіяй мог убачыць на выцвілым партрэце не тое што Леніна, а нават Мао Цзэ-дуна, і дырэктар адпусціў Рыбава вуха на волю.
Тым часам педагогам удаецца ўгамаваць залю, і ў дзвярах з'яўляецца дырэктар школы Івановіч.
У ягоных бацькоў было іншае прозвішча. Іншае прозвішча меў да нядаўняга часу і сам дырэктар, але пасля апошняе вайны на Блізкім Усходзе ён напісаў куды трэба заяву, што не хоча мець з агрэсіўнымі адзінакроўцамі анічога агульнага, нават імя.
Той, хто разглядаў заяву, літасціва дазволіў Кіпервасару зрабіцца Івановічам, а вось з імем атрымалася замінка. Магчыма, магутныя людзі, што накладалі на такія заявы рэзалюцыі, проста ўсёй сваёй асмяглай душою паважалі старога Ізю, які яшчэ летась наліваў каля рынку піва ў шчарбатыя кухлі і які ў далёкія дваццатыя назваў сына Абрамам. А магчыма, яны, гэтыя магутныя людзі, мудра разважылі, што ўчарашняга Кіпервасара небяспечна выпускаць у агульную сажалку з астатнімі Івановічамі, Івановымі ды Іваноўскімі, а таму трэба яго, так бы мовіць, акальцаваць, каб у патрэбны момант доўга не важдацца з сачком. Вось вам, маўляў, Івановіч, але - Абрам.
Абрам Ізрайлевіч ідзе па праходзе, трымаючыся за сэрца, і на хаду кідае завучу загадкавыя фразы: «Ну хоць бы чэмпіянат вобласці, ну рэспублікі... Але СССР...»
Напіўшыся нейкіх пігулак, дырэктар выходзіць на сцэну. Ягоны заўсёдны інстытуцкі ромбік на мышыным гарнітуры ад хвалявання перакасіўся. У руках у Абрама Ізрайлевіча скручаная ў трубку вялікая паперына. На высокім дырэктаравым ілбе, які неўпрыкмет пераходзіць у шыкоўны плех, застылі тры глыбокія зморшчыны, падобныя да трох чаек, што ўзлятаюць дакладна адна над адною.
– У мяне няма слоў, - пасля трагічна цяглай пярэрвы пачынае дырэктар.
Луіза Сцяпанаўна папраўляе фрызуру, торгае Рыбу за рукаў, і той няўцямна лыпае вачыма, як выцягнуты з дупла на сонца пугач.
– Слухай, зараза!
– гучна шэпча інспектарка.
– У мяне няма слоў, - паўтарае Абрам Ізрайлевіч.
Але словы ў яго ўсё ж знаходзяцца.
– Сёння ноччу міліцыя арыштавала вучня нашай школы Рыбчынскага, - грасуючы, гаворыць дырэктар.
– Яго ўзялі на месцы злачынства. Справа набывае палітычную афарбоўку.
Абрам Ізрайлевіч падымае таямнічую папяровую трубку да сіняга выгаленага падбароддзя і паволі разгортвае яе. Заля замірае. Чайкі на дырэктаравым ілбе журботна апускаюць крылы.
– Ну і што тут такога?
– чуецца ў вусцішы здзіўлены галасок прымадонны школьнага драматычнага гуртка Нінкі Мароз.
Колькі наступных хвілінаў заля калоціцца ад дзікага рогату. Настаўнік фізкультуры Міхаіл Карпавіч Эпштэйн за вуха цягне да выхаду Валодзю Паповіча. У дзвярах вырастае школьны вартаўнік Харытонавіч, што за сталінскім часам працаваў кіроўцам на «варанку» і, кажуць, аднойчы назаўсёды завёз у НКВД уласнага бацьку.