Сіндбад вяртаецца
Шрифт:
— Ага, сам хочаш чысценькім застацца! Цягні іх да вады. А тут усё павінна быць ціха і чыста.
— Адпусціце мяне, — заскуголіў Селім. — Халід, клянуся алахам, я не ведаў, што тут вы. Гэты, — тыцнуў Селім у бок Хуары, — кажа: знайшоў клад Аруджа… Бажуся, буду маўчаць.
— Абодвух, — прасіпеў Рамдан. — Завяжы ім вочы. А пікне каторы, пакладзі ў рот камень. Чулі, шчанюкі? Павядзём вас да сейіда, ён усыпле вам як след, а потым пасадзіць у чулан, каб помнілі, як цягацца па сутарэннях… Не, я сам іх дастаўлю, а ты, Халід, застанешся тут. Зразумеў?
З завязанымі вачамі хлопцаў паштурхалі ўніз, да мора.
— Ціха, сказана! — час ад часу сіпеў ім у патыліцу канваір. І хаця Хуары вельмі хацелася здзерці з твару павязку і з крыкам рынуцца да шашы, ён цягнуўся туды, куды яго піхала чужая моцная рука. «Каб цябе разарвала! — жадаў канваіру Хуары. — Пратні цябе алах сваім нябачным кап'ём, бандзюга! Хай будзе гора ўсім тваім родзічам!»
Гэтак жа пакорліва ён палез у лодку. «Здраднік», — падумаў ён пра Селіма. І востра, да балючага шчымлення ў грудзях, адчуў, што зусім адзінокі на белым свеце.
31. СЯРОД СКАРПІЁНАЎ
Акенца было маленькае, без шкла, адтуль Вільнаву моцна дзьмула ў спіну. Але адсунуцца некуды — з аднаго боку гэтыя двое, з другога — на каменнай падлозе — скурчыўся стары. «Хутчэй бы ўжо ноч, — думаў Вільнаў, паляпваючы сябе рэбрамі далоняў па сцёгнах, каб не так млелі ногі.— Мы тут, нібы перад сусветным патопам, і чакаем не дачакаемся свайго каўчэга. Хто будзе Ноем? Стары? А раптам гэта Харон і наперадзе Стыкс?» 1 У Вільнава суседзі і будучыя спадарожнікі не выклікаюць ніякага даверу, не падабалася і тое, як яны прымчалі на востраў. Спачатку пажылы, мсье Гедыфі, з гэтым давялося сустракацца па справе, а потым маладзейшы. Яго з'яўленне прыкметна напалохала Гедыфі, нават ніжняя губа адвісла, як у старога вярблюда. Нешта яны там, у горадзе, нарабілі, калі так паспешліва прымчалі сюды. А раптам следам з'явіцца паліцыя? Каб ведаў раней пра гэтую сітуацыю, шукаў бы іншай магчымасці выслізнуць з Алжыра. Але вось гэты самы мсье Гедыфі і запэўніў жа некалі: у яго самы надзейны спосаб перабрацца на той бок граніцы.
1
Ной — у старажытнаяўрэйскай міфалогіі — чалавек, які цудам уратаваўся ў часе сусветнага патопу;
Стыкс — у старажытнагрэчаскай міфалогіі — рака, за якой быццам пачыналася падземнае царства памершых людзей;
Харон — перавозчык памёршых праз гэтую раку.
Вільнаў скасавурыўся на свой невялікі сакваяж.
Падобныя цягаюць з сабой пенсіянеры, калі ідуць пагрэцца на пляж. У яго там таксама зверху ляжаць ручнік, некалькі газет, пачак цыгарэт і старая панамка. Нічога, пачаў ён суцяшаць сябе, засталося пацярпець якія тры-чатыры гадзіны. Надвор'е, здаецца, таксама спрыяе — пляжы пустыя, віхурыць пясок, а калі сцямнее, вецер пераменіць напрамак, з мора пагоніць хвалю — вунь як насоўваюцца хмары з Еўропы. Толькі б не перакулілася лодка, калі гэты Ной павязе іх да шхуны кантрабандыстаў. Яму, Вільнаву, нават паабяцалі, што будзе не шхуна, а невялікая падводная лодка. Так было б, канечне, больш спакойна, каб субмарына. Ну, ды нічога. Некалькі гадзін рызыкі — а там нейтральныя воды. Куды прасцей, чым пераправіць старажытнарымскія манеты з багажом праз таможню. Дый тое, што ў сакваяжы, не пранесці пад выглядам дзіцячых цацак. У гэтых старажытных статуэтках фунтаў сорак чыстага срэбра. Ды яшчэ скрутак з карцінамі Сезана. Барон Прорак будзе задаволены. Да таго як французам давялося падпісаць пагадненне з алжырцамі, мсье барону і ў галаву не прыйшло б, што мясцовыя ўлады перашкодзяць яму нешта вывозіць адсюль. Тым болей рэчы, знойдзеныя ў час раскопак у Абалесе. Ды ён, каб захацеў, мог бы саму грабніцу мадам Цін-Хінан разабраць на камяні і перацягнуць куды ўздумаецца — хоць у Марсель, хоць за Атлантычны акіян. Дарэчы, статуэткі лепей і не паказваць у Еўропе, а адразу пераадрасаваць у Злучаныя Штаты.
Яшчэ Вільнаў быў вельмі незадаволены тым, што на востраў прыцягнулі нейкіх хлапчукоў. Таксама збіраюцца перапраўляць за мяжу? Укралі, ці што? Як заложнікаў? І мсье Гедыфі раззлаваўся, калі іх нейкі тып прывалок з таго берага, уласнаручна запхнуў у пячору, дзе ў гэтага старога склад для рыбы, і дзверы падпёр… «Хутчэй бы ўжо сцямнела ды выбрацца адсюль… Няхай бы самі рашалі свае праблемы», — заключыў Вільнаў, працягваючы, як заведзены, церці сабе ногі.
«Мы тут, як скарпіёны ў непагадзь. — Шабан сплюшчыў павекі, у вачах рэзала, быццам пяску сыпанулі: ноч жа не спаў.— Вось аблажылі нас! Цяпер спаўзліся ў адну шчыліну. Можа, варта было падацца да мараканскай граніцы? Я мора ніколі не любіў. Толькі дурні ім захапляюцца… І Гедыфі сюды прыпоўз…
Прыціснулі чорнага скарпіёна! Ніяк нам не размінуцца, ну і лёс! Выходзіць, не аднаго мяне аблажылі, калі і ён вырашыў выслізнуць з Алжыра… Хлапчукоў, відаць, загадае ўтапіць. Такога нельга дапусціць. Не хапала, каб яшчэ і гэта легла на маё сумленне… Бывай, Марыям! Але ў спакоі я цябе не пакіну. Ты прыедзеш да мяне ў Францыю. Сродкаў угаварыць цябе зрабіць гэта хапае… Што за крык? Каго яшчэ валачэ шайтан у нашу шчыліну?»
Усе, нібы па камандзе, павярнулі галовы да акенца: з другога боку пратокі, з мацерыка, нехта гукаў. Вільнаў сцепануўся — голас падаўся яму знаёмы.
— Ён ведае мяне! — Шабан прыціснуўся шырокай спінай да гузаватай каменнай сцяны. — Гэта савет.
Кожны раптам адчуў сябе, нібы ў мышалоўцы, і ўсе зірнулі на Аіт-Хаммуша так, быццам вінаваты ў гэтым быў стары.
Шабан падскочыў да дзвярэй, прыадчыніў іх і праз вузкую шчыліну стаў узірацца — што там, на кантыненце.
— Сядзець усім ціха, — загадаў Гедыфі і памацаў аўтамат, які вісеў у яго пад гандурай. — Зачыні дзверы, Шабан!
Той злосна скасавурыўся, але дзверы не зачыніў. Пагукалі зноў. Голас чалавека нібы памацнеў. Раптам пачуўся і крык хлапчука:
— Хуары-ы!
Гедыфі напружана ўглядаўся ў акенца. Руля яго аўтамата вытыркалася з-пад крыса.
— Ён збіраецца сюды плысці! — як пра непазбежнае, паведаміў Шабан. — Няхай бы стары выйшаў ды адгукнуўся.
— Усім сядзець ціха, — паўтарыў Гедыфі.— Ты таксама не сноўдай. Не панясе яго шайтан праз пратоку. Вунь якія хвалі.
Гедыфі гаварыў па-арабску, і Вільнаву падалося, што гэта знарок, каб ён не разумеў, аб чым яны дамаўляюцца. Ён прыўстаў. Карцела ўбачыць, што ўсё-такі адбываецца на тым беразе.
— А калі яны з-за гэтых шчанюкоў? — сказаў Шабан.
— Адкуль ім пра іх ведаць? — запярэчыў са злосцю Гедыфі.— Каб так, дык з'явіліся б з паліцыяй.
Пры слове «паліцыя» Вільнаў міжволі зрабіў крок да дзвярэй, зірнуў у шчыліну і адразу адхіснуўся; пазнаў Добыша.
— Ён жа мяне ведае! — прамовіў Вільнаў тонам абурэння. Ён быў злосны на тых, хто ўзяўся яго абараняць ад усякіх непрыемнасцей, а цяпер дрэнна выконваў абавязкі.
— На месца! — гыркнуў на яго Гедыфі і выпрастаў з-пад гандуры аўтамат.
— Усё, плыве сюды, — спакойным тонам паведаміў Шабан і сеў на лаву.
«Выходзіць, так пажадаў алах», — Аіт-Хаммуш са свайго месца таксама бачыў, як малады савет, сябар і суайчыннік доктара Кійка, саступіў у ваду, прысеў і далонямі агладзіў сябе. Потым паківаў хлапчуку, які стаяў на камені і глядзеў сюды, на востраў.
32. СТРЭЛЫ НА ВОСТРАВЕ
Добыш і не чакаў сустрэць «бондэсантнікаў» ля руін турэцкай крэпасці. Але на ўсякі выпадак вырашыў дадаткова да ўсіх мер перасцярогі папрасіць старога Аіт-Хаммуша, каб той таксама паназіраў за руінамі. Яму ж тут рукой падаць. З гэтымі думкамі ён разам з Аклілем і накіраваўся ў бок вострава Сіндбада, як Добыш пра сябе яго называў.
Прадраўшыся праз калючы хмызняк, яны з Аклілем наўпрасткі спусціліся да пясчанага берага. Ля самай вады ляжаў ладны пляскаты валун. Час ад часу прыбой дасягаў яго, і ў пырсках зіхацела невялічкая вясёлка. Пасля многіх напружаных дзён у пустыні Добыш і хлопчык з аднолькавым захапленнем пазіралі на мора.
Але перш чым акунуцца ў ваду, вырашылі крыху падсілкавацца. Добыш дастаў з сумкі бутэрброд, выцягнуў яго з цэлафанавага мяшэчка і разламаў напалам. Адзін кавалак працягнуў хлопчыку, ад другога адкусіў сам. Акліль еў і ўважліва прыглядаўся да слядоў на беразе. Раптам ён упэўнена заявіў: