Сіндбад вяртаецца
Шрифт:
Зноў з галавой у ваду — і ўбок. Рука нечакана натыркнулася на жорсткае дно, калені шоргнулі па вострых ракавінах. Добыш ускочыў. Да каменя заставалася крокі чатыры. Гедыфі, які чакаў гэтага моманту, націснуў на спускавы кручок.
— Не вытыркайся, Акліль! — крыкнуў Добыш і тут жа зваліўся — збіла з ног хваля.
Гэта ўратавала яму жыццё. Кулі ўрэзаліся ў жвір крыху вышэй узроўню прыбою, а адна гучна чырканула па камені і са звонам паляцела ў хмызняк. Добыш рыўком кінуўся за камень і ў гэты момант пачуў, як у скроню секанула нешта пякучае. Каля левага вока нібы лопнула, асляпляльна пыхнуўшы аранжавым святлом, электрычная лямпачка.
— Цябе забілі? — пачуў ён крык Акліля над самым вухам.
Па левай скроні лілося нешта гарачае. Добыш правёў далонню па тым месцы і расплюшчыў вочы. Левае рэзала, свет стаў ярка-чырвоным.
— Я жывы, — сказаў Добыш, са здзіўленнем разглядаючы запэцканую крывёю далонь. Ён з прагнасцю дыхаў, нібы спяшаўся надыхацца за тыя хвіліны, што быў пад вадой. — Не вытыркайся, браток, прашу цябе.
Добыш ліхаманкава азіраў пляж. Ён здаваўся неабсяжным. Можа, таму, што глядзеў на яго, прыціснуўшы галаву да пяску і адным вокам? Другое так рэзала, што хацелася як мага хутчэй пацерці пальцамі, як у дзяцінстве, калі ў вока трапляла што-небудзь. Да хмызняку на ўскрайку пляжа, дзе авечымі статкамі ляжалі каменныя россыпы, метраў трыста. Падстрэляць, пакуль дабяжыш. Але што рабіць?
— А Хуары на востраве? — спытаў Акліль.
— Не бачыў,— азваўся Добыш.
«Недзе бадзяюцца са сваёй мінай, — падумаў ён з новай трывогай. — А землячок клікаў на востраў… Во поскудзь. І на скале ляжыць Аіт-Хаммуш. Нажом яго, відаць, бо стрэлу не чуваць было. Трэба тэрмінова паведаміць у паліцыю. А як выбрацца да ночы? А тыя, з вострава, абавязкова дабяруцца і сюды. У іх жа лодка! Ну і ўскочыў я, у самае асінае гняздо. Добра яшчэ — не падстрэлілі Акліля».
— Не вытыркайся! — сказаў ён хлопчыку. — Рабі толькі тое, што я скажу, добра?
Акліль правёў Добышу далонню па твары, нібы малодшаму брату. Ён лёг на спіну, каб убачыць кулю, калі яна будзе блізка ляцець. Колькі разоў чуў посвіст, але самую так ніколі і не заўважыў.
…Аіт-Хаммуш зноў пачуў шапаценне хваляў, але вачэй не расплюшчыў. Наадварот, зажмурыўся мацней, так лягчэй было цярпець боль, які пранізваў яму пазваночнік. Старому здавалася, што ён плыў па вогненных водах, апускаючыся ўсё глыбей і глыбей, туды, дзе ногі чуюць холад. Але душа перасцерагала — з той халоднай краіны Захаду, аб якой марабутам было вядома са старажытных паданняў,— з царства мёртвых няма дарогі назад. Нешта ўтрымлівала старога ў гэтым свеце пякучага болю. І галоўным было тое, што ён не знаходзіў адказу — навошта жыў на гэтым свеце, навошта зараз ляжыць, прыкуты вогненным цвіком да скалы?
А можа, тое, дзеля чаго яму наканавана было нарадзіцца і жыць, даўно прайшло міма, а ён не заўважыў?
…Палоска пляжа, што аддзяляла камень, за якім схаваўся ірум'ен, ад гурбаў камянёў сярод хмызняку з вострава здавалася зусім вузенькай. Таму Гедыфі баяўся нават на імгненне адвесці ад яе вочы.
— Прынясі вінтоўку! — загадаў ён Шабану і тут жа секануў кароткай чаргой па камені — падалося, што з-за яго нехта высунуўся.
«Яшчэ гадзінкі тры — і вечар, — думаў Гедыфі.— З'явіцца памочнік Аіт-Хаммуша. На яхту даставіць нас і адзін, гэта ж не ў шторм».
Шабан вынес вінтоўку. Гедыфі паказаў яму на скурчанага каля старых бочак Вільнава:
— Дай яму, а ў цябе ж пісталет. Абодва ў лодку — і на той бераг. Дэсант. Гэй, француз, як цябе? Бяры вінтоўку!
— Я не ўмею! — замахаў рукамі Вільнаў і таропка падаўся да хаціны Аіт-Хаммуша. Шабан адпіхнуў яго ад дзвярэй, але зброі не даў. Гедыфі гэта заўважыў.
— Дай яму вінтоўку — і ў лодку! — пагрозліва паўтарыў ён.
— Я недзе згубіў пісталет, — прызнаўся Шабан. — Можа, яго ўзяў стары?
— Ну, дык ідзі і забяры! — раз'юшана зароў Гедыфі.— Разява!
Шабан толькі пераступіў з нагі на нагу і тузануў затвор.
— Каму сказана!
Гедыфі павярнуў на яго аўтамат. Шабан разумеў, што ўскінуць вінтоўку не паспее. Ён зірнуў на скалу. Стары так і ляжаў ніц. Шабан павесіў вінтоўку на плячо. Калі ў яго будзе пісталет, з Гедыфі можна ў зручны момант пагутарыць інакш. На яхту ён знойдзе дарогу і сам. А магчыма, гэта тады і не трэба будзе. Такі варыянт неабходна таксама абдумаць. Займець бы толькі пісталет.
Нібы здалёк пачуў Аіт-Хаммуш стрэлы. Гэта прымусіла яго пераадолець боль і засяродзіцца. Нехта набліжаўся. Затым зноў нясцерпны боль і — Аіт-Хаммуш страціў прытомнасць. Гэта Шабан рэзка павярнуў яго на бок і выцягнуў нож, мяркуючы, што той можа спатрэбіцца. Правая рука старога тарганулася. Аіт-Хаммуш расплюшчыў вочы і ўтаропіўся ў Шабана, ягоныя пальцы сутаргава сціснулі рэвальвер. Той збянтэжана замёр. Стары, аказваецца, яшчэ жывы!
— Дай гэтую цацку сюды, прыяцель, — прамовіў Шабан, толькі цяпер зразумеўшы, што безнадзейна ўпусціў момант, калі можна было забраць рэвальвер без усякай рызыкі.— Прыяцель, не…
Паспеў толькі апусціцца на калені, як грымнуў стрэл. «Канец, — Шабан схапіўся рукамі за грудзі і раптам адчуў, які ён кволы і бездапаможны. — Трэба ж… Я не хацеў…»
Ён не паспеў дадумаць, чаго не хацеў, таму што ў наступны момант грымнуўся спінай на камяні і пасунуўся ўніз, да вады.
Стрэл з рэвальвера быў такім нечаканым і для Гедыфі.
— А, стары сабака… — Ён скіраваў аўтамат угору. Кулі пачалі крышыць камень вакол нерухомага цела Аіт-Хаммуша.
— Уцякае! — спалохана закрычаў Вільнаў, паказваючы рукой у бок пляжа. У другой руцэ ён трымаў свой сакваяж з прывязаным да яго скруткам, бо і сам збіраўся ўцякаць з гэтага праклятага месца.
Малады савет, бы дзікі казёл, імчаў да хмызнякоў. Гедыфі таропка даў кароткую чаргу. Уцякач пляснуўся ў лагчыну і ўціснуў галаву ў пясок. Гедыфі стрэліў яшчэ, але дарэмна — кулі ішлі вышэй. На такой адлегласці з аўтамата амаль немагчыма было страляць прыцэльна. Тут трэба вінтоўка.
— Вазьмі вінтоўку! — загадаў ён Вільнаву, паспешліва ўстаўляючы ў аўтамат новы і апошні магазін. — Каму сказана!
Вільнаў, адразу ўспацеўшы, падышоў да Шабана і пачаў выцягваць з-пад яго цяжкага цела вінтоўку.
— Ды піхні ты яго, ёлуп! — зноў закрычаў Гедыфі. — Вось так. А зараз у лодку і на той бераг!
Наліўшыся лютасцю на ўсіх на свеце, Вільнаў, перш чым сесці ў лодку, расставіў ногі і стрэліў у тое месца, дзе залёг гэты пракляты зямляк. «Прынесла ж нячыстая сіла, зблытаў усе карты», — Вільнаў рашуча клацнуў затворам, заганяючы новы патрон, калі са скалы грымнуў стрэл, потым другі…
Вільнаў асеў, працягваючы трымаць вінтоўку, і ашалела закруціў галавой. Ён бачыў, як стары прыўзняўся, каб стрэліць у яго зноў, і таргануўся ад жудасці.