Сачыненне на вольную тэму: Вучэб. дапаможнік
Шрифт:
Афарыстычна матывавана паэтава просьба ўзброіць «надзеямі грудзі» герояў («Бо мы твае, зямелька, людзі!»).
Жанр паэмы (яна ліра-эпічная) праз лірычныя і філасофскія адступленні садзейнічае выяўленню аўтарскай думкі, што родная зямля для кожнага чалавека — зямля святая, надзеленая надпрыроднымі сіламі. Гэтая філасофская думка гучыць ужо ў лірычным уступе, якім пачынаецца паэма:
Мой родны кут, як ты мне мілы!.. Забыць цябе не маю сілы! Не раз, утомлены дарогай, Жыццём вясны мае убогай, К табе я ў думках залятаю I там — душою спачываю.Героі паэмы таксама чэрпалі сілы, спачын і лекі для душы менавіта ў родным краі, калі былі ў нялёгкай дарозе да сваёй мэты — да волі.
Лейтматывам волі і новай зямлі прасякнута ўся паэма. Эпічныя раздзелы твора размешчаны так, што паслядоўна паказваюць вытокі мары Міхала, шлях яго і яго сям'і да яе здзяйснення.
Апісанне жыццёвых калізій, што здараюцца з героямі, спрыяе панарамнаму паказу ўсёй Беларусі, а не толькі некаторых яе мясцін. Пярэбары сям'і Міхала ў Парэчча, паездка братоў у Заблонне да Хадыкі («прад імі Случчына ляжала, старонка міла і багата») і дзядзькі Антося ў Вільню — галоўныя моманты знешняга дзеяння. Прыём вандровак, па-майстэрску выкарыстаны паэтам, садзейнічае выяўленню аўтарскай думкі, што дадзеная нам Богам зямля — найбагацейшы край, у якім ёсць выключна ўсё, што неабходна для жыцця чалавеку. Толькі «ўсё гэта — скарбы чужаніцы. магната князя Радзівіла», яго краса і багацце.
Верай у лепшы лес сваёй зямелькі, у якой толькі і можна «пазычыць сілу», у лепшую долю народа на гэтай зямлі прасякнута ўся паэма:
Жыві ж, наш край! Няхай надзея Гарыць у сэрцы і мацнее…
Міхалава ўсведамленне, што «зямля — аснова ўсёй айчыне», што «трэба грунт мець пад нагамі, каб не бадзяцца батракам!», стала ўсведамленнем і мэтай жыцця яго дзяцей. Аднак ім будзе наканавана жыць у «д'ябальскі час і ў д'ябальскім грамадстве», як і мележаўскім Васілю і Ганне, як і быкаўскім Багацькам і Хведару Роўбу. У самыя трагічныя моманты свайго жыцця Хведар Роўба назаве праклятым час, у які яму наканавана было нарадзіцца селянінам.
Селянінам з вялікім дарам хлебароба наканавана было нарадзіцца і мележаўскаму Васілю. Найперш праз гэты вобраз творца паказаў трагедыю беларускага народа ў адзін з самых крытычных момантаў нацыянальнай гісторыі, выявіў сваё разуменяе таго, што спрычынілася з нашым народам у час «карэннага пералому» і ў выніку яго.
У вобразе Васіля ўвасоблены не толькі характар беларуса, але і яго менталітэт. А паняцце ментальнасці намнога шырэйшае за паняцце характару. Менталітэт — гэта своеасаблівы спосаб мыслення, склад розуму асобнага чалавека ці супольнасці людзей. Менталітэт любой нацыі складаецца з мноства элементаў. Спынімся на некаторых, а найперш на вызначальным — на ўсведамленні каштоўнасцей, якія для чалавека і нацыі з'яўляюцца першаснымі, прыярытэтнымі.
Для беларуса такой каштоўнасцю з'яўляецца (хочацца спадзявацца, што ўсё яшчэ з'яўляецца) зямля. I ўдакладнім: зямля не толькі як тэрыторыя жыцця, але (тое засведчана навукоўцамі, даследчыкамі, творцамі ў «адбітку родных з'яў») і як промень волі і свабоды.
«Одной лишь думы власть» ведаў Васіль Дзяцел. Хай ён не апісвае яе фарбамі паэта, але гаворыць аб ёй палка і малітоўна. «Каб той кавалачак зямлі, што за цагельняй!» — дзеліцца ён з Ганнай сваёй самай запаветнай марай. I ён бы ўжо на ёй шчыраваў, ён бы ўжо на ёй разгарнуўся! Яна б не была ў яго недагледжанай і няўдаліцай.
Ментальнасць чалавека і нацыі вызначаецца і шляхамі, сродкамі, якімі яны ідуць да акрэсленай каштоўнасці, дамагаюццаяе. Беларускі шлях — праца, нястомная праца, нечалавечыя высілкі — і ўсё дзеля яе, зямелькі-карміцелькі, бо яна адна «не зменіць і не здрадзіць», «яна дзяцей тваіх не кіне»… У працы выяўляецца ўся сіла і прыгажосць чалавека, рэалізуюцца лепшыя яго якасці і талент, бо працавітасць — сама па сабе ёсць талент чалавека і сведчанне яго жыццястойкасці, нязломнасці, цягавітасці.
Змены ў жыцці, новую ўладу Васіль Дзяцел успрымае як падарунак лёсу: нарэшце здзейсніцца! Але незбылося… Новыя падзеі і абставіны патрабуюць ад героя таго, што яму чужое і дзікае. Ён далёкі ад мітусні і калатнечы, што ўсчаліся навокал. Ён хоча проста жыць і працаваць на сваёй зямлі, шчыра паверыўшы, што савецкая ўлада прыйшла, каб даць зямлю і волю такім, як ён.
Васіль — моцная, выключная, незвычайная асоба, на сіле і незвычайнасці якой пісьменнік неаднаразова акцэнтуе ўвагу чытача. Васіль рана асірацеў і ўжо падлеткам узяў на сябе клопат і адказнасць за ўсю сям'ю, узваліў такую ношу, якую не кожны мужчына адужае. Хлопец цярпліва нясе свой крыж, цвёрда засвоіўшы галоўны ўрок жыцця: цярпі, трывай, хочаш прысесці ад стомы — ідзі, а прысеў — устань і ідзі! Злучнасць пісьменніка са сваім героем настолькі моцная, што ў чытача страчваецца ўсведамленне: выяўленне пачуццяў Васіля ў час касьбы — гэта аўтарская характарыстыка ці ўнутраны маналог героя. Мележ — майстар дэталі. Дэталі ў партрэце Васіля таксама «працуюць» на яго выключнасць: «валасы неаднолькавыя: ззаду цёмныя, а спераду, як у рабога цяляці, і вочы не адзінакія… Адно, як вада светлае, другое, як жалудок».
У жыцці Васіля была вясна з камянямі на дарозе, якія «губяць сілы маладыя», было і «лета-песня, лета-свята», што перайначыла ўсё ў яго душы. Акрамя аднаго: не ўтаймавала неадольнага жадання «разжыцца новай доляй». А новую долю магла даць яму толькі ўласная зямля. Тое, што рабілася ў калгасах, было Васілю не па душы. Здаровы розум і жыццёвая мудрасць гаварылі яму (таму такі неспакой у душы, такі ўнутраны злом), што гэта дабром не кончыцца, што ў такіх калгасах гаспадаром быць нельга.
I. Мележ марыў напісаць пенталогію «Палескай хронікі», але планам яго не суджана было ажыццявіцца. Паводле задумы аўтара, Васіль Дзяцел павінен быў прыйсці да здзяйснення подзвігу ў гады вайны. I гэта не было б фантазіяй пісьменніка, а сведчаннем глыбокага псіхалагізму яго творчасці. Абараніць сваю зямлю, сваё гняздо, сваё каханне, сваё дзіця можа толькі той, хто моцна любіць і сваю зямлю, і блізкіх дарагіх людзей. Любіць так, як Васіль Дзяцел.
Так праз вобраз Васіля I. Мележ паказвае трагедыю нашага народа ў часы «карэннага пералому» і нагадвае пра тыя каштоўнасці, на якіх трымалася наша зямля, доўжылася жыццё. Ментальнасць чалавека і нацыі пад уплывам часу і падзей можа змяняцца: адны яе элементы слабеюць і нават знікаюць, другія ж — наадварот, з'яўляюцца. Трылогія Мележа запрашае нас спыніцца і азірнуцца, падумаць і ўзважыць: ці можна дапусціць знікненне тых каштоўнасцей, якія лічыліся нашымі продкамі першаснымі і святымі? Што будзе з намі, калі мы адрынем гэтыя каштоўнасці і святыні? I асабліва найважнейшую з іх — зямлю як «аснову ўсёй айчыне», як «промень волі і свабоды».
«Занімай, Беларусь маладая мая, свой пачэсны пасад між народамі!» (Янка Купала)
I вось толькі адна поўная дзяржаўная незалежнасць можа даць і праўдзівую свабоду, і багатае існаванне, і добрую славу нашаму народу.
Янка Купала
У зборніку архіўных дакументаў «Перад крутым паваротам» (падзагаловак «Тэндэнцыі ў палітычным і духоўным жыцці Бел ару сі ў 1925–1928 гадах») адлюстравана вялікая і страшная трагедыя беларускага народа, і перадусім — беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі. Адзін з момантаў гэтай трагедыі датычыць творчага лесу Янкі Купалы — генія беларускай літаратуры.
16 лістапада 1926 г. Першы Беларускі драматычны тэатр (БДТІ, цяперашні Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы) паказаў прэм'еру — пастаноўку геніяльнай трагікамедыі Янкі Купалы «Тутэйшыя». Адразу ж пасля першага паказу спектакль быў зняты з рэпертуару і забаронены. Як піша ў каментарыі да адпаведнага дакумента Р. П. Платонаў, гэтая падзея (забарона) «мела надзвычайны характар, бо п'еса належала пяру класіка беларускай літаратуры, год назад уганараванага званнем народнага паэта БССР». 19 лістапада адбылося пашыранае пасяджэнне калегіі аддзела друку ЦК КП(б)Б з парадкам дня: абмеркаванне п'есы Янкі Купалы «Тутэйшыя».